Ды ні каліўца, крыкнуў Блаўнт, ужо дужа захоплены. Прасцей за арлекінаду мы нічога і не надумаем, і на тое дзве прычыны! Па-першае, вярзці можна ўсё, што ў галаву прыйдзе, а па-другое, спатрэбіцца толькі тое, што ў любым доме і так ёсць сталы, вешалы, кашы для бялізны ды іншае падобнае.
А і праўда, Крук з захапленнем заківаў і захадзіў па пакоі. Але дзе ж узяць паліцэйскую форму? Я апошнім часам аніводнага палісмена не забіў.
Блаўнт у задуменні нахмурыўся, але тут жа ляпнуў сябе па сцягне.
Знойдзецца! усклікнуў ён. Фларыянаў тэлефон тут ёсць, а Фларыян у Лондане ўсіх касцюмераў ведае. Зараз пазваню яму ды й папрашу захапіць сюды паліцэйскую форму, і ён рынуўся да тэлефона.
Хіба не цудоўна, хросны? ледзь не скакала ад радасці Рубі. Я буду Каламбінай, а вы Панталонэ.
Мільянер ні на хвілю не страціў паганскай велічнай непахіснасці.
Думаю, мая мілая, адказаў ён, што вам трэба знайсці іншага Панталонэ.
Калі хочаш, я буду Панталонэ, першы і апошні раз умяшаўся ў размову палкоўнік Адамс, дастаўшы з рота цыгару.
Вам помнік трэба паставіць! усклікнуў канадзец, які акурат вярнуўся, ззяючы, ад тэлефона. Ну вось усіх і знайшлі! Містэр Крук будзе клоунам ён журналіст і ведае ўсе найстарэйшыя жарты. Я магу быць Арлекінам, для гэтага толькі і трэба, што мець даўгія ногі ды жвава скакаць. А мой сябар Фларыян кажа, што прыхопіць касцюм палісмена і дарогаю пераапранецца. Зладзім усё ў гэтым самым холе, вунь там на прыступках рассадзім гледачоў у некалькі шэрагаў. А дзверы будуць выдатным заднікам, хоць зачыненыя, хоць расчыненыя. Зачыніш вось табе ангельскі пакой, расчыніш вось табе сад у месяцавым святле. Выдатна ўсё атрымліваецца, нібы начараваў хто.
Ён выцягнуў з кішэні кавалак крэйды, што заставаўся там з апошняй гульні ў більярд, і доўгаю рысаю раздзяліў пакой на дзве часткі: адну, з дзвярыма, для сцэны, а другую, са ступенямі, для публікі.
Як яны змаглі за тыя кароткія гадзіны падрыхтаваць спектакль, хоць бы і такі ёлупскі, суцэльная загадка. Але яны ўзяліся за справу з сумессю няўрымслівасці й руплівасці, якая прыходзіць, калі ў доме жыве маладосць. А ў доме ў той вечар жыла маладосць, хоць, можа, і не ўсе адгадалі два твары й два сэрцы, дзе яна гарэла. Як звычайна, задума рабілася ўсё дзічэйшаю й дзічэйшаю праз тыя самыя будзённыя звыкласці, з якіх даводзілася ствараць патрэбнае. Незвычайная спадніца чароўнай Каламбіны дзіўна нагадвала вялікі абажур з гасцінай. Клоўн і Панталонэ выбеліліся мукою, узятаю ў кухара, ды начырвонілі шчокі румянамі, падаўца якіх застаўся (як усе праўдзівыя хрысціянскія дабрадзеі) невядомым. Арлекіна, які апрануўся ўжо ў срэбную паперу з цыгарных скрыняў, ледзьве здолелі утрымаць, калі ён прымерваўся разбіць старую віктарыянскую люстру ды аздобіцца зіхоткімі крышталямі. Ён абавязкова давёў бы справу да канца, калі б толькі Рубі не адкапала дзесьці ўзамен фальшывыя дыяменты ад даўняга маскараднага касцюма Дамы Звонкаў. Увогуле, з яе дзядзькам, Джэймсам Блаўнтам, ніякага зладу не было: у захапленні ён гарэзнічаў, нібы школьнік. Ён знянацку насунуў папяровую асліную галаву на айца Браўна, які цярпліва гэта стрываў і нават вынайшаў нейкі спосаб варушыць яе вушамі. А асліны хвост жартаўнік узнамерыўся прычапіць ажно да фрака сэра Леапольда Фішэра, але пад хмурным позіркам фінансіста гэтая задума згасла.
Нешта дзядзька ўжо праз меру дурэе, усклікнула Рубі, з сур'ёзным выглядам чапляючы каралі з сасісак на шыю Круку. Што гэта з ім?
Ён Арлекін у пáру вашай Каламбіне, сказаў Крук. А я толькі клоўн са старымі жартамі.
Лепей бы вы былі Арлекінам! адказала дзяўчына, і сасісачныя каралі павіслі ў Крука на плячах.
Айцец Браўн, які ведаў усё да драбнічкі пра гэтую падрыхтоўку і ўжо нават атрымаў сваю долю апладысментаў, ператварыўшы падушку у бутафорскае немаўлятка, сеў, тым не менш, сярод публікі і ўрачыста чакаў пачатку, нібы хлопчык, упершыню прыведзены ў тэатр. Гледачоў было няшмат: сваякі, некалькі добрых суседзяў ды слугі. Сэр Леапольд рассеўся наперадзе, і ягоная грузная фігура, дагэтуль у футравым каўняры, амаль зусім закрыла сцэну ад караценькага святара. Але тэатральным крытыкам так і невядома, ці шмат святар ад гэтага страціў. Пантаміма была суцэльным вэрхалам, але не безнадзейным: яе пранізвала шаленства імправізацыі, якая паходзіла галоўным чынам ад клоуна Крука. Ён быў здольным наогул чалавекам, а ў гэты вечар яго ахінула дзікая ўсёведнасць, бязглуздасць, мудрэйшая за мудрасць свету, што прыходзіць да юнака, які прыкмеціў на імгненне пэўны выраз на пэўным твары. Паводле задумы ён граў клоуна, а на справе быў яшчэ амаль усім астатнім аўтарам (наколькі там увогуле быў аўтар), суфлёрам, дэкаратарам, работнікам сцэны і, самае галоўнае, аркестрам. Калі ў заліхвацкай весялосці наступаў раптам няўдалы перапынак, клоун як ёсць, у ёлупскім строі кідаўся да фартэпіяна ды вытарабаньваў на ім папулярныя песенькі, адначасова недарэчныя і цалкам прыдатныя да моманту.
І, як кульмінацыя гэтага шаленства, ды і ўсяго наогул, дзверы ў глыбі сцэны раптам шырока расчыніліся, і адкрыўся сад у месяцавым святле, а на фоне саду іх знакаміты госць, вялікі Фларыян, апрануты палісменам. Клоун зайграў хор паліцэйскіх з Піратаў Пензанса, але музыка патанула ў аглушальным плясканні гледачоў, бо паставу і манеры сапраўдных палісменаў вялікі комік пераймаў хоць і стрымана, але да дробязяў бездакорна. Арлекін падскочыў да яго ды грукнуў па шлеме, піяніст тарабаніў песеньку Гэта што ў цябе за шапка, а Фларыян азіраўся па баках у надзвычай пераканаўчым здзіўленні. А тады непаседлівы Арлекін стукнуў яго яшчэ (піяніст найграў кавалачак з прыпеўкі І пасля яшчэ разочак). А тады Арлекін кінуўся ў абдымкі да палісмена й паваліў яго на падлогу пад гром апладысментаў. Вось тады заезджы актор і паказаў тую знакамітую клаунаду з удаваннем мерцвяка, пра якую дагэтуль не сціхла слава ў ваколіцах Путні. Ледзь магчыма было паверыць, што жывы чалавек можа гэтак абмякнуць.
Дужы Арлекін гайдаў яго туды й сюды, як мех, круціў ды падкідваў, бы жанглёрскі дручок, і ўсё гэта пад зухаватыя бязглуздыя гукі піяніна. Калі Арлекін не без цяжкасці адарваў канстэбля-коміка ад падлогі, клоун граў Я ўстаю ад сноў пра мілую, калі ўзваліў на спіну, загрымела Рушу з клункам за плячыма, а калі ўпусціў нарэшце палісмена на дол з вельмі пераканаўчым грукам, шаленец за інструментам затарабаніў звонкую песеньку тую самую, як дагэтуль лічыцца, песеньку, з якою дзеці ў гульні кідаюць на падлогу насоўку: Напісаў я мілай ліст, але згубіў на вуліцы.
І вось недзе падчас гэтага найвышэйшага свавольства айцец Браўн зусім перастаў бачыць, што робіцца на сцэне, бо магнат з Сіці, які сядзеў перад ім, падняўся ў поўны рост і пачаў апантана рыцца ў кішэнях. Тады нервова сеў, не пакідаючы сваіх пошукаў, а тады зноў падскочыў. Спачатку ён нібыта хацеў неадкладна ўварвацца на сцэну, пасля ўтаропіў злы позірк у клоўна, а пасля, нічога не сказаўшы, кінуўся прэч з пакоя.
Айцец Браўн толькі і паспеў некалькі хвілін паназіраць за бязглуздым, але не пазбаўленым зграбнасці танцам Арлекіна-аматара над захапляльна бязрушным супраціўнікам. З праўдзівым, хоць і грубым, мастацтвам Арлекін упрыскок спінаю наперад выбраўся праз дзверы ў сад, поўны месяцавым святлом і цішынёю. Арлекін танцаваў усё далей, і самаробны касцюм з бліскучай паперы й маскарадных аздобаў, задужа зіхоткі ў святле рампы, у ззянні месяца рабіўся ўсё срэбнейшым і ўсё чароўнейшым. Гледачы грымнулі апладысментамі і кінуліся бліжэй да дзвярэй, і тут нехта крануў айца Браўна за рукаў і шэптам папрасіў прайсці ў кабінет палкоўніка.
Святар пайшоў следам за слугою, узмацняючыся ў благіх прадчуваннях, і зусім не супакоіўся ад урачыста-камічнай карціны, што адкрылася яму ў кабінеце. Там сядзеў палкоўнік Адамс, па-ранейшаму ў касцюме Панталонэ, і ківаў рогам з кітовага вуса, але ў яго старых вачах было досыць тугі, каб ацвярозіць любую пагулянку. Сэр Леапольд Фішэр абаперся на камін і цяжка дыхаў у напышлівым перапудзе.
Здарылася вельмі вялікая непрыемнасць, айцец Браўн, сказаў Адамс. Разумееце, выглядае, што тыя дыяменты, якія мы ўсе сёння бачылі, зніклі з кішэні фрака майго сябра. І паколькі вы
Паколькі я, працягнуў айцец Браўн, разусміхаўшыся, сядзеў акурат за ім
Нічога падобнага ніхто і ніколі не скажа, запярэчыў палкоўнік Адамс і ва ўпор паглядзеў на Фішэра, выдаўшы тым самым, што нешта падобнае ўсё ж было ўжо сказана. Я толькі прашу вас, як прасіў бы любога джэнтльмена, аказаць мне дапамогу.
Іншымі словамі, вывернуць кішэні, адказаў айцец Браўн і не адкладаючы так і зрабіў, паклаўшы перад суразмоўцамі сем шылінгаў, шэсць пенсаў, зваротны білет, маленькае срэбнае ўкрыжаванне, невялікі брэвіярый ды плітку шакаладу.
Палкоўнік доўга глядзеў на святара, а тады сказаў:
Ведаеце, змесціва вашай галавы мне нашмат цікавейшае за змесціва вашых кішэняў. Мая дачка з вашых прыхаджанаў, і вось апошнім часам яна ён замоўк.
Апошнім часам, выкрыкнуў стары Фішэр, яна адчыніла дзверы бацькоўскага дома галаварэзу-сацыялісту, які адкрыта хваліцца, што ў багацейшага чалавека скраў бы што хочаш. А вось вам і вынік! Вось вам багацейшы чалавек, які сёння не пабагацеў.
Змесціва маёй галавы я ад вас таксама не хаваю, крыху стомлена адказаў айцец Браўн. А чаго яно вартае, вырашыце самі. Вось першае, што я выцягну з гэтай падзапамятаванай кішэні: хто збіраецца скрасці дыяменты, той не стане ўслых хваліць сацыялізм. Вось асуджаць, рахмана дадаў ён, гэта магчыма.