Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов 7 стр.


Палкоўнік доўга глядзеў на святара, а тады сказаў:

 Ведаеце, змесціва вашай галавы мне нашмат цікавейшае за змесціва вашых кішэняў. Мая дачка з вашых прыхаджанаў, і вось апошнім часам яна  ён замоўк.

 Апошнім часам,  выкрыкнуў стары Фішэр,  яна адчыніла дзверы бацькоўскага дома галаварэзу-сацыялісту, які адкрыта хваліцца, што ў багацейшага чалавека скраў бы што хочаш. А вось вам і вынік! Вось вам багацейшы чалавек, які сёння не пабагацеў.

 Змесціва маёй галавы я ад вас таксама не хаваю,  крыху стомлена адказаў айцец Браўн.  А чаго яно вартае, вырашыце самі. Вось першае, што я выцягну з гэтай падзапамятаванай кішэні: хто збіраецца скрасці дыяменты, той не стане ўслых хваліць сацыялізм. Вось асуджаць,  рахмана дадаў ён,  гэта магчыма.

Абодва астатнія тузануліся, а святар працягваў:

 Разумееце, мы ж іх больш-менш ведаем. Гэты сацыяліст не болей здатны скрасці дыяменты, чым егіпецкую піраміду. Нам бы пахутчэй зірнуць на адзінага незнаёмага. На таго, што граў паліцэйскага, на Фларыяна. Ведаць бы, дзе ён цяпер.

Панталонэ падхапіўся і вялікімі крокамі выйшаў з пакоя. Пасля была інтэрлюдыя, цягам якой мільянер углядаўся ў святара, а святар у брэвіярый. Тады Панталонэ вярнуўся й змрочна і адрывіста сказаў:

 Паліцэйскі так і ляжыць на сцэне. Заслону ўжо шэсць разоў паднялі ды апусцілі, а ён усё ляжыць.

Айцец Браўн упусціў з рук кнігу і ўтаропіўся перад сабою раптоўна спусцелым позіркам. Патроху ў ягоных шэрых вачах ізноў зацяплілася святло, і ён вымавіў не дужа чаканае пытанне:

 Даруйце, палкоўнік, але калі памерла вашая жонка?

 Жонка?  здзіўлена адгукнуўся вайсковец.  Два месяцы мінула. Джэймс, яе брат, усяго на тыдзень спазніўся яе пабачыць.

Караценькі святар падскочыў, як падстрэлены трусік.

 Хутчэй!  усклікнуў ён з нечаканым хваляваннем.  Хутчэй! Трэба зірнуць на паліцэйскага.

Яны рынуліся да схаванай заслонаю сцэны, ледзь не наляцеўшы на Каламбіну ды клоўна, якія вельмі ціхамірна пра нешта шапталіся, і айцец Браўн схіліўся над бязрушным комікам-палісменам.

 Хлараформ,  сказаў ён, выпрастаўшыся.  Чаму я раней не здагадаўся!

Была разгубленая цішыня, а тады палкоўнік павольна прагаварыў:

 Калі ласка, растлумачце як ёсць, што ўсё гэта значыць?

Айцец Браўн раптоўна разрагатаўся, пасля спыніўся, але гаварыў не без цяжкасці, змагаючыся з новымі прыпадкамі смеху.

 Джэнтльмены,  выціснуў ён,  часу тлумачыць няма. Мне трэба даганяць злачынцу. Але гэты вялікі французскі актор, які граў палісмена, гэты пераканаўчы мярцвяк, якога Арлекін кружыў, гайдаў ды шпуляў туды й сюды гэта быў тут голас ізноў адмовіўся яму служыць, і ён бегма кінуўся прэч.

 Гэта быў?..  запытальна гукнуў яму наўздагон Фішэр.

 Сапраўдны палісмен,  адказаў айцец Браўн і знік у цемры.

У дальнім закуце густога саду хаваліся зацішныя альтанкі, а неўміручая зелень лаўраў пад шафіравым небам і срэбным месяцам нават цяпер, пасярод зімы, ззяла цёплымі адценнямі поўдня. Яркія трапяткія лісты, пурпуровая начная сінь і месяц нібы велічэзны крышталь рамантычная карціна, амаль легкадумная. А між верхніх галінаў дрэваў караскаецца дзіўная фігура не настолькі рамантычная, наколькі неймаверная. Яна мігаціць з галавы да ног, нібы апранутая ў тысячу месяцаў, а сапраўдны месяц ловіць кожны яе рух і запальвае на ёй новы агеньчык. Вось яна перабіраецца, зіхоткая ды жвавая, з нізкага дрэва ў гэтым садзе на высокае ды разлапістае ў суседнім, і таму толькі спыняецца, што пад меншае дрэва слізгае якісь цень і беспамылкова гукае па імені.

 Што ж, Фламбо,  кажа гэты цень,  вы і сапраўды выглядаеце Лятучай Зоркай. А пра лятучую зорку гавораць яшчэ так: зорка падае.

Срэбная зіхоткая фігура ўверсе, здаецца, нахіляецца з галіны лаўра і, пэўная ў бяспецы ўцёкаў, слухае малую фігурку ўнізе.

 Вы ніколі шчэ не кралі так прыгожа, Фламбо. Што за кемлівая выдумка: прыехаць з Канады (з білетам ад Парыжу, мяркую) усяго праз тыдзень пасля смерці місіс Адамс, калі ўсім не да пытанняў. А хіба мала кемлівасці ў тым, як вы высачылі Лятучыя Зоркі і вызналі дзень прыезду Фішэра? Але тое, што было далей,  гэта ўжо не кемліва, а папросту геніяльна. Скрасці камяні, мяркую, вам было зусім проста. Калі б і не прыдумалі чапляць той асліны хвост да Фішэравага фрака, дык знайшлі б сотню іншых спосабаў. Але ў астатнім вы зацьмілі самога сябе.

Зіхоткі чалавек сярод зялёнага лісця не рухаецца, нібы загіпнатызаваны, хаця ўцёкам нішто не замінае. Ён глядзіць на чалавека ўнізе.

Зіхоткі чалавек сярод зялёнага лісця не рухаецца, нібы загіпнатызаваны, хаця ўцёкам нішто не замінае. Ён глядзіць на чалавека ўнізе.

 Так, так,  кажа чалавек унізе.  Я ўсё ведаю. Ведаю, што вы і падбухторылі ўсіх на пантаміму, і здабылі з яе дзве карысці разам. Вы збіраліся скрасці камяні цішком, але прыйшла навіна ад суўдзельніка: вас ужо падазраюць, і здольны паліцэйскі збіраецца спыніць вас у гэты самы вечар. Звычайны злодзей быў бы ўдзячны за папярэджанне і ўцёк бы. Але вы паэт. Задума схаваць дыяменты сярод бляску маскарадных аздобаў прыйшла першаю. А тады вы ўцямілі, што калі апранецеся Арлекінам, то і з'яўленне палісмена будзе зусім дарэчы. Годны прадстаўнік уладаў выйшаў з паліцэйскага ўчастка ў Путні з намерам вас схапіць і трапіў у найдзівачнейшую пастку ў цэлым свеце. Дзверы адчыніліся і ён увайшоў проста на сцэну каляднай пантамімы, дзе весялун-Арлекін мог лупцаваць яго, і пхаць, і аглушыць, і ўсыпіць, і ўсё гэта пад грамавы рогат найвялебнейшых людзей у цэлым Путні. Не, лепшага вам і самому не выдумаць. А цяпер, між іншым, можаце і аддаць мне дыяменты.

Зялёная галіна, на якой гайдалася бліскучая фігура, зашалахцела, нібы ў здзіўленні, а голас працягваў:

 Я хачу, каб вы іх вярнулі, Фламбо, і хачу, каб вы кінулі такое жыццё. У вас ёсць яшчэ маладосць, і гонар, і гумар. Не марце, што захаваеце іх пры такім рамястве. Чалавеку па сілах больш-менш трымацца на адным узроўні дабра, але ніхто яшчэ не ўтрымаўся на адным узроўні зла. Гэтая дарога вядзе пад ухіл. Лагодны п'е і робіцца жорсткім. Праўдзівы забівае і адгэтуль змушаны хлусіць. Я ведаў шмат людзей, што пачалі, як вы, разбойнікамі з сумленнем, вясёлымі рабаўнікамі багацеяў, а скончылі па горла ў брудзе. Морыс Блум пачынаў перакананым анархістам, бацькам бедакоў, а скончыў гідкім шпіёнам і выказчыкам, якім абодва бакі карысталіся і грэбавалі. Калі Гары Бёрк заснаваў свой рух за вызваленне багацця, ён быў досыць шчыры, а цяпер бясконца цягне грошы на выпіўку са згалелай галоднай сястры. Лорд Эмбер шукаў таварыства беззаконнікаў з пэўнага рыцарства; а цяпер плаціць і плаціць апошнім вылюдкам сярод лонданскіх шантажыстаў. Капітан Барыён быў калісьці знакаміты джэнтльмен-апаш, вы ўжо не чулі аб ім. Ён памёр у вар'ятні, енчачы ад жаху перад шныпарамі і перакупшчыкамі, якія здрадзілі яму й цкавалі яго. Я ведаю, Фламбо, гушчары за вамі выглядаюць такімі вольнымі. Я ведаю, вы можаце ўраз у іх знікнуць, нібы малпа. Але аднойчы вы будзеце старою, сівою малпаю, Фламбо. І вы будзеце сядзець у сваім вольным гушчары, з холадам у сэрцы, са смерцю за плячыма, і на дрэвах вакол не будзе ні лісточка.

Нічога не зварухнулася. Чалавечак унізе нібыта трымаў таго, у вецці, на доўгім нябачным ланцужку. І ён працягваў:

 Вы ўжо зрабілі крок пад ухіл. Вы заўжды хваліліся, што не робіце нічога нізкага, а сёння ўчынілі нізасць. Вы пакідаеце падазрэнні на сумленным хлопцу, якога і так многія не любяць. Вы разлучаеце яго з дзяўчынаю, якую ён кахае і якая кахае яго. Але вы зробіце шмат і ніжэйшага, перш чым памерці.

Тры зіхоткія дыяменты ўпалі з дрэва на дзірван. Маленькі чалавечак нахіліўся іх падняць, а калі зноў зірнуў уверх, зялёная клетка галля ўжо спусцела, а срэбная птушка знікла.

Пасля вяртання дыяментаў (іх выпадкова знайшоў хто б мог падумаць!  айцец Браўн) вечар завяршыўся ў нямоўчнай радасці. А сэр Леапольд, ззяючы добрым настроем, нават сказаў святару, што хоць сам і трымаецца шырэйшых поглядаў, але здольны паважаць тых, ад каго вера патрабуе жыць замкнёна і зусім нічога не ведаць аб свеце.

З ангельскай мовы пераклаў Антон Францішак Брыль

Жалоба маркіза Марна

Сполах маланкі выбеліў шэры лес, не абмінуўшы ў маршчыністай лістоце ніводнага скручанага лісціка, быццам выгравіяваў ці срэбнай іголкай прарысаваў кожную дэталь. Той жа дзіўны трук, якім маланка нібыта за адно імгненне выпісала мільёны драбніц, паказаў усё: ад элегантнага хаосу разгорнутага пад вязам пікніка да бледнай стужкі звілістай дарогі, у канцы якой людзей чакала белае аўто. На адлегласці стаяў меланхалічны асабняк з чатырма замкавымі вежамі. У шэрым змроку ён быў проста далёкім і невыразным нагрувашчаннем муроў, няйначай раздзёртая ветрам хмарына, а цяпер нібыта выскачыў на пярэдні план і ўзнёс над наваколлем свой умацаваны дах і пільныя пустыя вокны. Ад гэтага сполах набываў рысы адкрыцця. Бо для часткі кампаніі, якая сабралася пад дрэвам, гэты замак і напраўду быў нечым зніклым і амаль забытым, а ў хуткім часе мусіў давесці, што здольны зноў выйсці ў іх жыцці на пярэдні план.

Назад Дальше