Праўда, усяго гэтага мы ўжо не бачылі. Мы ішлі прэч, дакладней, гэта я ішла прэч і амаль сілком цягнула за сабой хлопца, які па-ранейшаму нічога не разумеў. І ўсё спрабаваў азірнуцца, кінуць, так сказаць, развітальны погляд на сваіх (дакладней, на нашых з ім) нядаўніх крыўдзіцеляў. А потым раптам спытаўся:
А яны там не пазабіваюць адзін аднаго?
Не ведаю! адказала я шчыра і абыякава, потым падумала крыху і яшчэ больш абыякава дадала: Не павінны, здаецца
Хапаць адзін аднаго за горла, біць пальцамі ў вочы альбо прымяняць хоць-якую зброю (нажы, кастэты, нават камяні) мярзотнікі не мелі права (дзейнічала самае жорсткае табу, накладзенае мной). Але ж кулаком таксама можна забіць, тым больш, такім здаравенным так што я і на самай справе не ведала, чым у іх там справа скончыцца
Але, чым бы яна не скончылася, я магла са спакойным сумленнем сказаць: «Кодэкса не парушыла! Ні адзінага нават пункта! А тое, што прайшла па самай мяжы паміж уяўным парушэннем і простым перавышэннем паўнамоцтваў гэта нічога! Не я першая»
Куды больш непакоіў мяне ў дадзены канкрэтны момант мой нечаканы выратавальнік. Вунь з якой падазронасцю на мяне пазірае. І на свае джынсы таксама. Напэўна, спрабуе зразумець, куды гэта кроў з іх падзелася. Ці, можа, і не было там аніякай крыві?
Як жа хацелася мне адкрыцца гэтаму смеламу і сімпатычнаму хлопцу, выкласці яму ўсю праўду пра сябе (ці, хаця б, частку гэтай праўды), і ў той жа час выкласці яму гэтую самую праўду я ніяк не магла! Па-першае, не факт, што паверыць, а па-другое, калі нават і паверыць
Нельга!
Права такога не маю!
Вось таму, першаму (які Дзімка, і якога выбрала наша паважаная камісія пасля стараннага вывучэння ўсіх ягоных антрапалагічных дадзеных), вось яму я не толькі магла расказаць аб усім, але і проста абавязана была гэта зрабіць. Увесці, так сказаць, у курс спраў, калі б ён
Калі б ён прайшоў адбор, дакладней, гэтую, самую першую, ягоную стадыю
Якую ён праваліў, і праваліў з трэскам!
Ты хто?
Што?
Паглыбленая ў невясёлы свой роздум, я і не зразумела адразу, што гэта да мяне звяртаюцца.
Маё імя Ксенія! прагаварыла я абыякава. А ты як, дарэчы, тваё імя?
Калі шчыра, мне было глыбока напляваць, як завуць гэтага хлопца, тым больш што я і так ведала ўжо ягонае імя: Канстанцін. Але ж ён быў самым звычайным чалавекам і таму зусім не падыходзіў на ролю кандыдата, а ўсё астатняе
Усё астатняе проста не мела аніякага значэння
Запамятай! рэзка (магчыма, занадта рэзка) прагаварыла я. Нічога гэтага не было!
І, павярнуўшыся, не пайшла нават, пабегла прэч. І заплакала, упершыню за апошнія некалькі гадоў. Бегла і плакала, плакала і бегла І праклінала ў душы гэтую дурную сістэму адбору
Тамара Бунта
І чакана, і гадана
«А яшчэ раскажу табе пра адно дзіва: Люська абявілася! паведамляла маці ў апошніх радках свайго пісьма. Прыслала Ленцы паштоўку да дня нараджэння ажно з Фінляндыі, а потым грашовы перавод на тысячу долараў! Успомніла мамачка пра дачушку, калі старасць прыйшла. Напэўна, хутка сама заявіцца»
Я адклала ўбок ліст, спісаны прыгожым настаўніцкім почыркам. Калісьці ў педвучылішчах будучых настаўніц малодшых класаў вучылі каліграфіі, каб умелі прыгожа пісаць на дошцы і ў вучнёўскіх сшытках, і гэта ўменне яны захавалі на ўсё жыццё. Почырк ім не сапсавалі нават шарыкавыя ручкі. Мая мама заўсёды пісала і лісты, і кароткія запіскі прыгожа і акуратна. Мама наогул любіла эпісталярны жанр. Нават цяпер, калі лягчэй і хутчэй было б звязацца са мной, хай сабе не па інтэрнэце, а хаця б па тэлефоне, яна штотыдзень пісала мне лісты, дзе падрабязна паведамляла пра ўсе апошнія навіны, якія адбываліся ў нашым райцэнтры. І якая радасць была мне атрымліваць тыя белыя канверцікі!..
Люська абявілася сапраўды дзіва! Мы ўжо і думаць-гадаць пра яе забыліся, жывая ці не, а яна, бач ты, не толькі жывая-здаровая, дык яшчэ і за мяжой, і, мусіць, някепска ўладкавалася!
Люська зявілася на нашым завулку дзесьці напрыканцы шасцідзясятых і нарабіла пярэпалаху. Мы, тады яшчэ малыя дзеці, бегалі за ёю, бы за нейкай цыркачкай-камедыянткай. Яшчэ б дзеўка ў штанах!.. Такога дзікунства насельніцтва завулка раней не бачыла, а тэлевізараў у нашых хатах тады амаль не было. Штаны на ёй былі шырачэзныя ўнізе, «клёшы», так іх называлі, і Люська, ідучы, расстаўляла ногі шырока, бы матрос на палубе, але ўсё роўна заграбала імі пясок на дарозе. Да таго ж на галаве ў Люські былі неверагодна кудлатыя, нібы ў лялькі, светлыя валасы. Я ўпершыню тады пачула новае слова парык.
Люську прывёз з арміі наш сусед Шурка. Шурка служыў у Рызе, у марфлоце, ажно тры гады. Маці яго, Міроніха, вельмі чакала хлопца з арміі дзве ж дачкі яшчэ падрасталі. Спадзявалася, што сынок вернецца, пойдзе працаваць і дапаможа сясцёр вывучыць і аддаць замуж. А ён жонку з малым дзіцем прывёз! Ды такую, што ні да чаго не здатная!.. Ні кашулю мужу памыць, ні падлогу падмесці, ні нават кашу свайму дзіцяці зварыць. «Што ты зробіш не было яе каму навучыць: дзетдомаўская», перадавалі бабы адна адной ля калонкі, дзе бралі ваду, і скрушліва ківалі галовамі. Ужо ж была ў іх радасць пагаварыць! Мы, малыя, круціліся побач і чулі: «Маці не пісаў прызнацца баяўся, што ў арміі жаніўся. А Міроніха ж так на яго спадзявалася, так спадзявалася!..» «Ды не Можа, і не збіраўся ён з жонкай вяртацца. Тонька-пашпартыстка гаварыла, што ў іх шлюб за чатыры месяцы да нараджэння дзіцяці аформлены» «Ой, малое ляжыць плача, а маладая мамачка спіць! Міроніха цярпіць-цярпіць, а потым бутэльку з малаком сама грэе» «Ага, а Шурка сам пялюшкі мые!.. А калі дзіця прачнецца, Люська яго пад пахамі, бы палена, носіць»
Міроніха гэтыя размовы не падтрымлівала, маўчала. Ці то дзеля спакою сына смецце з сямі не хацела выносіць, ці то шкадавала нявестку-сірату, а можа, яшчэ спадзявалася па-мацярынску яе ўсяму навучыць. Але не спраўдзіліся надзеі: Люська збегла! Год дзіцяці споўніўся, дэкрэтны водпуск скончыўся, і паехала яна ў Рыгу з працы звальняцца. Раілі людзі: «Заказным лістом заяву адашлі!» Дык не, маўляў, праехацца хачу, развеяцца ад вашай дзярэўні. Паехала і след яе развеяўся. Чакалі-чакалі, на працу ў Рыгу напісалі, адтуль адказалі: звольнілася. У міліцыю звярнуліся, а дзе шукаць?.. Люська ж тут, у райцэнтры, была прапісаная. Так і не выпісалася сама, пакуль праз пэўны час, ужо пасля разводу з Шуркам, свякроў яе не выпісала. Хутка пра яе амаль забыліся, нават думаць сталі, мо, сапраўды, дзе загінула, але аднойчы
Прайшло гадоў дзесяць, як Люська прапала. Аленка, дачка яе, так і расла ў бабы. Шурка яшчэ раз паспрабаваў ажаніцца, нават сын нарадзіўся, але і ў другім шлюбе, у прымах у Мінску, шчасця не знайшоў, зноў вярнуўся дадому. Стаў выпіваць і з часам ператварыўся ў аднаго з тых ціхіх алкаголікаў-развядзёнаў, якія жывуць пры старой жаласлівай матцы. Дачкой Шурка амаль не займаўся, ды гэта і не трэба было. Дзяўчынка, дзякуй богу, пайшла не па маці. Дома руплівіца, у школе выдатніца, з сяброўкамі весялуха, ва ўсіх справах завадатарка, як гавораць сёння, лідар. Міроніха, аддаўшы сваіх дзвюх дачок замуж, расціла ўнучку, як родную, трэцюю, дачку у любові і строгасці.
Быў перыяд, у гадоў пяць-шэсць, калі Аленка стала прыставаць да родных з пытаннем: «А дзе мая мамка?» Бацька ў адказ толькі крыўдліва соп і сыходзіў з хаты. Міроніха адразу пачынала сварыцца на малую і прымушала збіраць цацкі або кніжкі ці пасылала да суседскіх дзяўчатак гуляць. А адна з родных цётак дзяўчынкі, Галіна, вельмі злая на швагерку-шлёндру і за адзінокага няшчаснага брата, і за маці, якой на старасці гадоў трэба яшчэ гадаваць унучку, і за пляменніцу, што расце паўсіратой, аднойчы не вытрываўшы, сказала дзяўчынцы: «Твая мамка сабакам сена косіць!..» Малая і паверыла. Суседзі не раз дзеля смеху перапытвалі дзяўчо: «Аленка, а дзе твая мамка?» «Мая мамка сабакам сена косіць!» старанна тлумачыла ўсім наіўнае дзіця, пакуль Міроніха не пачула гэта і на суседак не насварылася.
Потым, гады праз трычатыры, ужо ў школе, стала Аленка перапорваць кардонныя каробкі з фотаздымкамі, што захоўваліся ў бабінай хаце, прыглядаючыся ўважліва да кожнай картачкі. Асабліва да маленькіх на пашпарт. У Міроніхі сэрца зашчаміла. Зразумела дзяўчынка матчына фота шукае!.. Вось як: колькі дзіця ні кармі, колькі ні пестуй усё роўна для яго благая мамка будзе лепей за добрую бабулю.
А калі дзяўчынка перайшла ў пяты клас, якраз падчас канікул, з ёй здарыўся цуд яна выйграла ў «Спортлато» 10 рублёў! Сама выйграла, на свае грошы тыя, што ёй падарылі на дзень нараджэння. Вось было радасці!.. А тут якраз цётка Галіна ў турпаездку сабралася у Рыгу. І дачку сваю, Таньку, крыху меншую за Аленку, вырашыла з сабою ўзяць. Чаму ж не катацца было паездкі ад прафсаюза тады вельмі танна абыходзіліся. Тая якраз 10 рублёў і каштавала. Аленка, як пачула пра турпаездку, адразу плач учыніла: «І мяне, цётка Галя, вазьмі, і я хачу ў Рыгу зездзіць!.. У мяне і грошы на паездку ёсць!..» І паклала на стол свае 10 рублёў, у латарэю выйграныя. Ну, што было рабіць?.. Вырашылі хай едзе! Стала дзяўчынка ў дарогу збірацца, а ў самой сэрца заходзіцца: яна ўжо ведала, што маці яе шмат гадоў назад зехала ў Рыгу і там прапала. Пазней, стаўшы дарослай, Алена прызнавалася мне, што ў ноч перад паездкай спаць не магла кідалася па гарачай падушцы, уяўляючы сабе адну і тую ж карціну: вось прыедуць яны ў Рыгу, пойдуць па галоўнай вуліцы, падыдуць да галоўнага магазіна, і ім насустрач будзе ісці мама. І яны сустрэнуцца! Кінуцца адна да адной, абдымуцца, пацалуюцца і будуць доўга-доўга стаяць у абдымках А вакол збяруцца людзі і будуць пытацца: «Што здарылася?.. Што здарылася?..» А цётка Галя, выціраючы слёзы, скажа: «Маці знайшла сваё дзіця!..» І ўсе пачнуць плакаць ад радасці