Прагуляемся крыху, устала дзяўчына з каменя. Люблю глядзець на мора. Калі на сэрцы нуда ці трывога, яно заўсёды заспакойвае.
Яны паволі рушылі ўздоўж залацістай берагавой стужкі. Пры бачанні поруч вытанчанага дзявочага стана знатны ваяр адчуваў нясмеласць і нейкае незразумелае дрыготкае трымценне ў грудзях.
Не разумею, як у чароўнай вяшчункі атрымалася гэткае дзіва падпарадкаваць сваёй волі нябесныя маланкі? абы не маўчаць, спытаўся князь.
Гэта воля наймагутнага Пяркунаса і дзівоснай Аўштры! хутка адказала Мірута. Добры ж кунігас сам, нягледзячы на тое, што пакланяецца цяпер іншаму богу, пакінуў у сваім вялікім паселішчы капішча волата грому.
Светавар хацеў быў запярэчыць сваёй чароўнай спадарожніцы, што Бог на нябёсах адзіны, але стрымаўся. Відаць, не зразумее тое паганская вяшчунка.
А хто чакае слаўнага ваяра дома ў Троках? раптам пацікавілася спадарожніца.
Ды, акрамя служак, ніхто, нягучна вымавіў Светавар, змоўчыўшы пра сваю маладую княгіню, што летаў з тры таму памерла ад раптоўнай хваробы, не пакінуўшы яму спадчыннікаў. Гэту цяжкую страту валадар Трокаў перажываў доўга. У сваім палацы, дзе ўсе сцены нема сведчылі аб пайшоўшай любай, амаль не затрымліваўся. Шукаў забыцця ў баявых паходах і бітвах з ворагамі. І вось сустрэча з гэтай надзвычай прыгожай маладой жамойткай растапіла лёд у сэрцы знатнага ваяра.
Ну, мне ўжо час ісці. Патрэбна гатавацца да вечаровага служэння Аўштры. Прыпынілася дзяўчына ля сцяжыны, якая вяла ад мора да жытла вайдэлотак.
Колькі імгненняў яна задуменна ўзіралася ў пахмурны нябесны блакіт.
Як я разумею, заўтра знатны кунігас адязджае дамоў? ціха спыталася Мірута.
Так, нам пара вяртацца на радзіму, хутка кінуў Светавар. Загасціліся мы ўжо ў вашым закутку. Ледзь не наклікалі на яго бяду.
Што ж, жадаю слаўнаму кунігасу гладкай дарогі, адчуўся ў голасе вайдэлоткі сум. Як у нас кажуць: Bon voyage![8]
Яна павярнулася і таропка, не азіраючыся, пайшла па сцяжыне. Князь Светавар узрушана праводзіў яе позіркам. Няўжо вось так усё скончыцца дзяўчына схаваецца ў бары, і ён больш ніколі не пабачыць ейных дзівосных светлых зорак?
У паселішча ён вярнуўся пад вечар і адразу рашуча скіраваўся да дома старэйшыны. Кушніс запрасіў знатнага госця адвячэраць. Уважыўшы сівога правадыра, Светавар адведаў стравы з марской рыбы, папіў гарачага траўнага напою. І звярнуўся да старога з тымі думкамі, якія валодалі ягоным сэрцам.
Моцна падабаецца мне, мудры Кушніс, адна ваша дзяўчына. Усе думкі і днём і ноччу мае адбірае, шчыра мовіў ён да мясцовага правадыра. Аддай за мяне замуж Міруту. Як вярнуся ў свой кут, вышлю табе за яе багатыя дары!
Твар сівога жамойта пашарэў.
Што ты, слаўны кунігас, спалохана вымавіў ён. Мірута ж вайдэлотка! Яна давала зарок нявіннасці і вернасці нябеснай Аўштры! Калі мы па ўласным жаданні парушым гэты запавет, багі ўгневаюцца і пашлюць на наш гаротны народ свае страшныя нябесныя кары! Таму прабач, добры кунігас, не ў маёй волі дапамагчы тваёй шчырай сардэчнай просьбе, цяжка ўздыхнуў старэйшына.
Князь Светавар змрочны і расхваляваны пайшоў у сваю спачывальню. Ноччу доўга не мог заснуць ад тужлівых думак
На золку ліцвінская сотня пакідала гасціннае жамойцкае паселішча. Праводзіць хаўруснікаў у дарогу выйшлі амаль усе ягоныя жыхары. Шчыра абняўшыся на развітанне са старэйшынай Кушнісам, які даў на колькі дзён ім прытулак, князь Светавар ускочыў на баявога каня і не стрымаўся, міжволі пашукаў вачыма сярод натоўпу Міруту. Але маладой вайдэлоткі сярод жанчын, што жадалі ліцвінам шчаслівай дарогі, не прыкмеціў.
«Развіталася з табой учора. Таму і не прыйшла», няпэўна разважыў ваяр і скіраваўся ўслед за сваімі воямі.
Апынуўшыся ўжо за брамай пасялення, ён прыпыніў на імгненне каня, азірнуўся на той кут лесу, дзе знаходзілася жыллё вайдэлотак. Выразныя вочы прыгожай жрыцы раптам паўсталі перад ім, бы тыя далёкія вечаровыя бліскучыя зоркі. Няўжо ён вось так проста адедзе і больш ніколі іх не пабачыць? Ад гэтай невыноснай думкі ў сэрца ваяра нібы ўпілася вострая стрэмка.
«Вядзьмарка!» у адчаі падумаў ён пра вайдэлотку.
І раптам у галаве князя маланкай пранесліся выратавальныя думкі.
«Чакай, як гэта казаў учора старэйшына наконт Міруты? Здаецца так калі мы па ўласным жаданні парушым ейны зарок, то багі ўгневаюцца на нас. А калі не па сваёй волі?.. Калі ён проста выкрадзе вайдэлотку Што тады? Паганскія багі разгневаюцца толькі на яго, Светавара!»
«Чакай, як гэта казаў учора старэйшына наконт Міруты? Здаецца так калі мы па ўласным жаданні парушым ейны зарок, то багі ўгневаюцца на нас. А калі не па сваёй волі?.. Калі ён проста выкрадзе вайдэлотку Што тады? Паганскія багі разгневаюцца толькі на яго, Светавара!»
Я хутка! кінуў князь шыракаплечаму сотніку, які ехаў непадалёк, і таропка завярнуў каня ў бок паганскага капішча.
Жрыцу ён знайшоў непадалёк ад спакойных сіняватых водаў мора. У доўгім светлым сарафане яна стаяла на невысокім пагорку і, працягнуўшы рукі да ранішняй зары, нешта ў суме пранікліва сабе нашэптвала. Ледзь Светавар, асадзіўшы каня, саскочыў поруч з ёй на зямлю, дзяўчына страпянулася, рэзка павярнула галаву.
Dangiškieji dievai![9] Ты, мужны кунігас? Навошта вярнуўся! Мы ж учора назаўжды развіталіся! пачуўся ўзрушаны дзявочы голас. Я толькі што прасіла вялікую Аўштру, каб яна зберагала цябе ў дарозе.
Я не ведаю, хто ты, з хваляваннем дакрануўся рукой ваяр да тонкіх плеч вайдэлоткі, багіня нябесная ці ж зямная дзяўчына? Толькі моцна кранула ты маё сэрца. Дзе б ні быў, куды б ні ехаў, што ні рабіў усе мае думкі толькі аб табе Калі ты дзяўчына, будзь маёй жонкай. Я знатны валадар, але з гэтага моманту буду табе верным слугой і ўскладу да тваіх ног усе кветкі маёй зямлі!
Мірута ціха прыхінула хвалю сваіх бялявых валос да грудзей статнага ваяра.
Пра што ты, добры кунігас, усхвалявана шапталі ейныя вусны. Ці не ведаеш, хто я? Я ж вайдэлотка! Нават калі б жадала быць тваёй абранніцай, усё роўна не змагла б выканаць тваю волю. Бо дала нябесным багам зарок захоўваць нявіннасць і чысціню да скону свайго. Таму сядай на каня, скачы ад мяне да сваіх вояў, слаўны кунігас! Рашуча адняла ад грудзей ваяра дзяўчына галаву. І забудзь пра мяне. Назаўжды забудзь!
Павярнуўшыся, Мірута таропка пайшла ў бок жытла вайдэлотак.
«Бог адзіны! І хай даруе мне тое, што зараз учыню!» узрушана падумаў Светавар і, ускочыўшы на каня, хутка дагнаў на сцяжыне вайдэлотку, падхапіўшы яе, паклаў упоперак сядла
На адпачынак нанач ліцвінская сотня спынілася пасярод лугу на пакатым пагорку. Былі разбіты захопленыя ў крыжакоў шатры і выстаўлена варта.
Неба на ўсходзе пачынала ўжо прабіваць бляклае перадсвітальнае марыва. Князь Светавар адплюшчыў вочы, ласкава пакасіў позірк на Міруту, якая ляжала поруч на мяккім подсціле, утыркнуўшыся пышнай галавой у ягонае аголенае плячо. Дзяўчына, да грудзей захінутая лёгкай паходнай коўдрай, таксама ўжо не спала. Позірк ейных задуменных воч адсутна прабягаў па шэраму шоўку шатра.
Ну і што цяпер са мной будзе, слаўны кунігас? ціха мовіла яна, адчуўшы далікатны рух мускулістай рукі ваяра. Я парушыла зарок, які давала нябесным багам. Цяпер мяне засунуць у мяшок разам з сабакамі і катамі і скінуць з высокага абрыву ў мора.
Ты ніколі ўжо не вернешся ў сваё пасяленне. Па прыездзе ў Трокі будзеш вялікай княгіняй. І потым, не па ўласнай волі ты апынулася ў мяне я ж выкраў цябе, мякка дакрануўся пальцамі Светавар да аголеных дзявочых плеч.
Выкраў бы ты мяне, светлы кунігас, каб гэтага я сама тайна ў сэрцы не жадала, ціха запярэчыла Мірута. Мы, вайдэлоткі, калі што, здольныя сябе абараніць
Шолах ля шатра прымусіў маладых людзей спыніць размову.
Светлы князь! Дазволь увайсці! Зявілася ў прыадкрытым праёме шатра каранастая фігура сотніка Міхайлы.
Слухаю цябе, падаў голас Светавар.
Прабач, добры князь, што вымушаны патрывожыць твой спакойны сон, таропка прамовіў воін. Але варта змеціла бліз нашага стана крыжакоў!
Падымай, сотнік, стан. Усім воям неадкладны збор! гучна загадаў князь Светавар і, па адыходзе памочніка, узняўся з подсцілу.
Ледзь ранішнія залацістыя промні сонца асвяцілі лог, ліцвінская сотня пры поўным узбраенні выстраілася ланцугом на пагорку. Князь Светавар пільна азірнуў наваколле. Усе бліжэйшыя подступы да іх стана займала ашчаціненая дзідамі і мячамі шматлікая крыжацкая конніца. Ліцвіны былі ўзятыя ў шчыльнае кальцо.
Добрыя тры харугвы будзе, прыкінуў на вока сілы праціўніка сотнік Міхайла, што сядзеў на рослым кані побач з правадыром. Не вырвацца нам з іх моцных ціскоў!
Схітрыў крыжацкі камандор, мовіў у роздуме князь Светавар. Ля пасялення ўцёкі толькі паказаў. На самай жа справе пайшоў лісой за намі, выследзіў і акружыў у зручным месцы.
Што ж рабіць будзем? занепакоена спытаўся ў князя сотнік. У адкрытым баі доўга нам не пратрымацца. Амаль у дзесяць разоў перавага ў мячах у крыжакоў. Накінуцца з усіх бакоў, змяшаюць нашы рады. Мо папросіш сваю госцю, хітнуў ён галавой у бок вайдэлоткі, якая сядзела на белым кані непадалёк ад Светавара Няхай сваімі заклёнамі яшчэ раз паспрабуе наслаць з неба на ворага вогненныя стрэлы.