Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов 4 стр.


 Што ж рабіць будзем?  занепакоена спытаўся ў князя сотнік.  У адкрытым баі доўга нам не пратрымацца. Амаль у дзесяць разоў перавага ў мячах у крыжакоў. Накінуцца з усіх бакоў, змяшаюць нашы рады. Мо папросіш сваю госцю,  хітнуў ён галавой у бок вайдэлоткі, якая сядзела на белым кані непадалёк ад Светавара Няхай сваімі заклёнамі яшчэ раз паспрабуе наслаць з неба на ворага вогненныя стрэлы.

Дзяўчына, падобна, пачула словы сотніка, бо спрытна саскочыла з каня.

 Я паспрабую,  нягучна мовіла яна і, ступіўшы наперад, працягнула да неба свае вытанчаныя рукі.

З дзявочых вуснаў паляцелі ўжо знаёмыя князю Светавару ўмольныя словы да нябеснай багіні Аўштры і ейнага мужа Перуна. Вайдэлотка паўтарыла сваю шчырую просьбу двойчы, але нябёсы заставаліся раўнадушнымі да ейных гарачых прызываў. Аніякіх чорных хмараў, толькі рэдкія белыя аблокі паволі праплывалі па блакітнай нябеснай тканіне.

 Нябесныя багі больш не адклікаюцца на мае ўмольныя просьбы.  Павярнуўшыся да знатных ваяроў, сумна апусціла рукі вайдэлотка.  Я парушыла зарок нявіннасці і, як відаць, найсвятлейшая Аўштра за гэта пакрыўдзілася на мяне.

 Што ж,  уздыхнуў князь Светавар,  будзем тады стаяць тут на пагорку і біцца з ворагам да апошняга воя. У палон да крыжакоў не пойдзем! Лепш смерць у баі, чым ганебнае рабства ў ворага!  рашуча дадаў ён і раптам убачыў, як, выхапіўшы меч з ножан воя, што дапамагаў Міруце сесці ў сядло, дзяўчына віхурай панеслася на крыжакоў.

 Hexe! Hexe! Sehen Sie, die Hexe![10] данёсся з нізіны перапалох нямецкіх райтараў.

 Усе за мной!  рашуча ўзняў меч князь Светавар і падсцябнуў наперад каня.

Ліцвінская сотня ўдарыла ў самое сэрца варожых радоў туды, дзе стаяў пад значкамі і сцягамі сам доблесны крыжацкі камандор. Вораг не чакаў падобнага спрыту ад нешматлікага праціўніка. Ягоныя рады дрыгнулі, змяшаліся, падаліся ў бакі. І ліцвінам пасля кароткай жорсткай сутычкі з лівонцамі ўдалося прабіць сабе дарогу да выратавальнага лесу, што цямнеўся зялёнай паласой на даляглядзе. Сотнік Міхайла да таго ж заарканіў і паланіў варожага правадыра.

На мяжы пералеску Светавар прыпыніў злёгку каня, у хваляванні агледзеўся. Воі веерам услед за ім дасягалі выратавальнай зацені дрэваў. Страт сярод іх амаль не было. Але дзе ж Мірута? Апошні раз ён бачыў дзяўчыну, калі яна, дасягнуўшы крыжакоў, бы той віхор, уторкнулася ў цёмную варожую сцяну. Потым у гарачцы бою ён страціў вайдэлотку з поля зроку. Няўжо не ацалела? У сэрцы мужнага ваяра варухнуліся трывожныя струны.

 Глянь, светлы князь! Ці не твая чараўніца?!  Падскакаўшы да правадыра, хітнуў галавой сотнік на прагал сярод высокіх соснаў, што раслі наперадзе.  Агонь, а не дзяўчына! Так адважна рынулася ў варожую гушчу, што тая проста здранцвела!

Князь Светавар зірнуў у падказаным напрамку, і з душы яго нібы ўпаў цяжкі камень. На залітай сонечнымі промнямі паляне бялеў лёгкі сарафан Міруты. Прытрымліваючы белую кабылу, вайдэлотка задорна махала яму захопленым у крыжакоў палотнішчам сцяга.

«Сапраўдная вядзьмарка!» весела падумаў знатны ваяр і гарэзліва паскакаў насустрач сваёй новай дзівоснай, чароўнай абранніцы

Ад аўтара

Праз колькі летаў былая вайдэлотка падаравала князю аж дзесяць спадчыннікаў! У тым ліку і сына, які ў сталым узросце зрабіўся вялікім ваяром Літвы

Ганна Атрошчанка

Сямейныя ветразі лёгкімі не бываюць!

1

Цэлую ночаньку танчыла і жахліва падвывала на вуліцы завіруха. Разюшаны вецер нахабна стукаўся ў дзверы і вокны. І стваралася такое ўражанне: быццам позні вандроўнік прасіўся на начлег у цёплую хату. Снегу насыпала з коптарам. Марыйка з цяжкасцю адчыніла дзверы, каб выйсці ў двор. Узброіўшыся драўлянай рыдлёўкай, зрабіла сцежку да хлява, склепа Здзіўлена азірнулася і прыкмеціла: атрымаўся сапраўдны тунэль са снегу. Глыбокі і халодны. Снежань выдаўся шчодрым. А што будзе далей? Год пражыць не торбу пашыць. Адзін толькі Бог ведае, што чакаецца наперадзе. Недарэмна ж людцы кажуць: жадаеш рассмяшыць Госпада, скажы, што заўтра мяркуеш рабіць!

А наперадзе яшчэ студзень, люты Ды й і ў сакавіку не заўсёды зловіш сонейка ў руку! Бывае і такое, калі так замяце шляхі, што не прайсці, не праехаць. Прырода непрадказальная, як і сам чалавек.

Змахнуўшы з павек сняжынкі, заклапочана азірнулася ў бок старэнькай хаты, якая зусім схавалася пад белым палатном снегу. Уваходныя дзверы таксама завуаліравала завея. Нечакана захвалявалася. І было ад чаго! У той жа хаціне жыла адзінокая Агата. Родная цётачка Уладзіка, які трагічна загінуў дзесяць год таму. І ўжо не надта маладая: восьмы дзясятак паскакаў па жыццёвай сцежцы А Уладзік першае яе каханне. Самотнае і незваротнае.

Прайшоў ужо добры дзясятак гадоў, але памяць да драбніц усё старанна гартае старонкі мінулага. І чамусьці не адпускае, захоўвае. Ад горкіх успамінкаў баліць душа. І няма тады спакою. Да гэтага часу мароз па скуры ходарам ходзіць Колькі за гэты час было перадумана, выплакана слёз? Не злічыць! Вось каб не паехалі яны ў той зімовы вечар у горад купляць да свайго вяселля патрэбны абутак, усё было б цудоўна. Хіба ж хтосьці ведае, дзе ляжаць камяні, аб якія потым спатыкнешся? Нібы на крылах, успамінкі зноўку паляцелі ў той гаротны вечар

2

Як на тое ліха, у вясковай краме маладыя тады нічога па сваім гусце не знайшлі. Вось і вырашылі пракаціцца ў горад. А гэта усяго дваццаць нейкіх кіламетраў. Лічы, зусім побач. За рулём сядзеў сам Уладзік. Шчаслівы, закаханы, вясёлы. Бацька даўно даверыў сыну руль. Дзесьці ў дзясятым класе хлопец атрымаў пасведчанне вадзіцеля, смела руліў. І не меў ніякіх заўваг з боку даішнікаў.

Юнак нядаўна вярнуўся з войска. Прыгожы. Дарослы. Самастойны. І адразу вырашыў ажаніцца. Бо з першага позірку ўпадабаў вабную, блакітнавокую Марыську. Таму ўсяляк імкнуўся заваяваць сэрца вабнай дзяўчыны, якая ў той час ужо лічылася студэнткай прэстыжнай ВНУ.

Васямнаццацігадовая Марыйка таксама была да яго неабыякавай. Як не закахацца ў такога рослага прыгажунчыка! Далікатнага, ветлівага, разумнага. Вось так і пачаліся вячэрнія спатканні. Блукалі ў лузе, у полі. Збіралі кветкі, шчаўе, спявалі і марылі. Колькі было добрых маладых задумак на будучыню! Мноства пяшчотных словак выказана! Нават не злічыць. Рэгулярныя сустрэчы не прайшлі безвынікова: дзяўчына зацяжарыла.

Уладзік, як сапраўдны, прыстойны мужчына, адразу павёў нявесту ў сельскі выканкам, каб напісаць заяву. Рэгістрацыю шлюбу прызначылі праз тыдзень. Для таго, каб маладыя змаглі набыць адпаведную атрыбуцыю, зрабіць заказ у мясцовай кавярні.

Шлях тады ўзімку зіхацеў, бы тое шкло. Галалёд для шафёра не лепшы сябар. І ехалі ж на невялікай хуткасці: шэсцьдзясят кiламетраў у гадзiну. На павароце машыну нечакана так крутанула, што яна ўрэзалася ў бетонны слуп. І менавіта тым бокам, дзе сядзеў за рулём Уладзік. Марыйка засталася без адзінай драпінкі, а вось каханаму не пашанцавала

Праз некалькі месяцаў нарадзіўся сынок Алесік. Кучаравы, русагаловы. І такі прыгожы, нiбыта лялька. Сапраўдная копія бацькі. Душэўны боль паступова заціхаў, жыццё працягвалася. Меркавала: што з воза ўпала, тое прапала! Жывы думае пра жывое! Трэба было жыць, гадаваць дзіцятка.

Дзесьці праз два гады на Марыйку звярнуў увагу Антон, які працаваў на будоўлі новай вуліцы. Доўга заляцаўся, быццам з торбы сыпаў падарункі і салодкія абяцанкі. Паразважаўшы, Марыйка вырашыла крута змяніць накірунак свайго лёсу. І пагадзілася ўзяць шлюб з гаваркім будаўніком.

Кажуць, час лечыць. Але памяць застаецца. Назаўсёды. У каторы раз потым папракала сябе, што паверыла гэтаму чалавеку. Бо памылілася. Семянін атрымаўся з яго дрэнны. І не надта прыстойны. У галаве гэтага гулякі яшчэ свістаў адзін толькі вецер. Ды й зазіраў у чарку, на чужых жанчын

3

Падняўшыся на дыбачкі, маладзічка заўважыла: з трубы віецца шызы дымок. Слава табе, Госпадзі. Уздыхнула з палёгкай. Цётачка, мусіць, ужо гатуе сабе сняданак альбо абед. А вось слядоў да хаты няма. Зусім. Трэба хутчэй ратаваць Агату! І хутчэй вызваляць са снежнага палону. Дрэнна тое, што старая тэлефона не мае. І мабільнік чамусьці яшчэ не займела. Даўно ўжо трэба было прыдбаць. Нават самы танны. Усё ўпарціцца, лічыць, што ў гэтай трубцы Люцыфер сядзіць! Ніяк не ўцяміць старая, што сучасная мабілка для кожнага чалавека неабходная рэч! Без якой ужо нават часам і нязручна

Марыя яшчэ раз азірнулася. Але ўжо на хату-палац дзябёлага Яўхіма Шумпяка. Відаць, прачнуўся рана. Бо літаральна пратараніў сабе шырокую сцежку ад брамы, адкапаўся, як крот! Гэтага вузкавокага, цыбатага і худога, бы тая жэрдка, суседа яна інтуітыўна не ўспрымала. Ды й чамусьці не шанавала.

Пра такіх у вёсцы кажуць: ад яйца адалье. Пра гэты факт сведчыць нават высокая трохметровая агароджа з масіўнай брамай, у якой умацаваны своеасаблівы «перагаворны пункт». Ды яшчэ з відэакамерай. Цяпер у гэты двор ніякі чужынец не пройдзе. Нават муха не праляціць без дазволу! Скупаваты і ганарлівы чалавек. Самае цікавае, што вельмі ласы на бясплатныя каўбасы.

Неяк на пакроўскае свята Яўхім напіўся ў Рыгора Дзюбкіна. Дык мужыкам давялося, як вялізны сноп, цягнуць яго ў хату Сама бачыла, як нагамі сцежку сусед скародзіў. Толькі тады падзівілася. Гэта ж трэба было так нарэзацца бясплатнай гарэлкі, што не змог нават самастойна ўзняцца з-за святочнага стала! А потым смела хадзіў па вёсцы, трымаў нос дудой. Быццам нічога такога і не здарылася.

Назад Дальше