Скарыны з першых вершаваных зборнікаў «Кастры Купалля» і «Палявая пошта»), і іншыя творцы. У 1982 і 1983 гадах была выдадзена ўкладзеная В. Рагойшам і Я. Раманоўскай кніга Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», дзе разам былі сабраны больш за 80 перакладаў славутага купалаўскага верша, напісанага ў 19051907 гг. У тым ліку і пераклад на рускую мову Максіма Горкага (упершыню надрукаваны ў 1911 г. ў альманаху «Современный мир»). Як прыклад, можна згадаць кнігу Тараса Шаўчэнкі «Заповіт мовамі народів світу» (Кіеў, 1989), у якой змешчаны пераклады праграмнага верша Вялікага Кабзара на 147 (!) моў свету. Беларускі пераклад належыць Янку Купалу «Запаведзь»:
Як памру я, пахавайце
На Ўкрайне мілай,
Сярод стэпу на кургане,
Дзе продкаў магіла:
Каб нязмеранае поле,
Дняпро і абрывы
Было відна было
чутна, Як раве бурлівы!
У Туркменістане яшчэ ў сярэдзіне 1980-х выдалі невялікую кніжачку Махтумкулі «Лёс туркмена» на мовах народаў СССР. Дарэчы, беларускі пераклад гэтага верша зрабіў Уладзімір Караткевіч.
Які ж тэкст Францыска Скарыны прапануецца да перакладу?.. Вось як ён гучыць на сучаснай беларускай мове:
Як звяры,
што блукаюць у пушчы,
ад нараджэння
ведаюць сховы свае,
як птушкі,
што лётаюць у паветры,
помняць
гнёзды свае,
як рыбы,
што плаваюць у моры і ў
рэках, чуюць
віры свае
і як пчолы
бароняць вуллі свае
гэтак і людзі,
да месца, дзе
нарадзіліся і
ўзгадаваны ў Бозе,
вялікую ласку маюць.
Тэма Радзімы, суладдзя і згоды, адвечнай паяднанасці з роднай старонкай, пачуццё адказнасці і асэнсаванне абавязку перад бацькоўскім краем вось лейтматыў выказанага першадрукаром і асветнікам. Куды б цябе, чалавеча, не закінуў лёс, памятай, што ёсць тая мясціна, куды ты наяве ці ў думках павінен вярнуцца. Яна, родная старонка, яшчэ і сімвал еднасці з блізкімі людзьмі, суадносіны зробленага, здзейсненага ў жыцці з ацэнкай грамадою, землякамі.
І ў гэтых радках Скарына, відавочна, сугучны часу, актуальна-публіцыстычны.
Тэкст мае пераклады на рускую, англійскую, польскую (па-польску прачытаў, асэнсаваў скарынаўскія словы Анатоль Клышка), балгарскую мовы. Ужо ў апошнія паўтара-два гады быў зварот да паэтаў розных краін перакласці радкі Францыска Скарыны на мовы іх народаў. Стасункам з перакладчыкамі, нягледзячы на ўсе складанасці, спрыяў і той факт, што, пачынаючы з 2007 г., Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюзам пісьменнікаў Беларусі і РВУ «Літаратура і Мастацтва» (цяпер выдавецкі дом «Звязда») праводзіўся «круглы стол» па пытаннях міжнародных, міжнацыянальных літаратурных сувязей з удзелам замежных пісьменнікаў. За гады работы «круглага стала» ў Беларусь прыязджалі паэты і празаікі з Расіі (не толькі з Масквы, але і з рэгіёнаў Татарстана, Удмурціі, Свярдлоўскай вобласці і іншых куточкаў), Таджыкістана, Азербайджана, Літвы, Польшчы, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Украіны, Казахстана Як вынік, дзякуючы іх дапамозе ці стасункам, праз іх і зявіліся пераклады Скарыны на іншыя мовы. На удмурцкую пераклалі Сяргей Мацвееў з Іжэўска і Вячаслаў Ар-Сяргі. На таджыкскую народны паэт Таджыкістана Саідалі Мамур. Дарэчы, у яго з Беларуссю повязь трывалая. Саідалі Мамур аўтар цыкла вершаў пра Хатынь, якія на беларускую пераўвасобіў Мікола Аўрамчык. Саідалі Мамур пераклаў на таджыкскую мову зборнік вершаў Рыгора Барадуліна.
Да перакладу Скарыны спрычыніліся: на кітайскую Гао Ман, на ветнамскую Тхуі Таанг, на туркменскую Агагельды Аланазараў. Усе яны добра ведаюць беларускую літаратуру. Ветнамец Тхуі Таанг і перакладчык верша «А хто там ідзе?». Адрасаваныя дзецям, двойчы выходзілі ў Мінску па-беларуску кнігі Агагельды Аланазарава. Нядаўна Віктар Гардзей пераклаў на беларускую мову яго «Вясёлую азбуку», якая выйшла ў выдавецкім доме «Звязда» ў 2013 г. Гао Ман перакладчык на кітайскую мову кнігі вершаў Максіма Танка (сумесна працаваў над перакладам зборніка яшчэ напрыканцы 1950-х г. з Гэ Баоцюанем). Але ж варта задумацца і над тым, што ў Кітаі літаратура ствараецца на некалькіх мовах. Варта зазірнуць хаця б у Вікіпедыю, каб зразумець, што маглі б да народаў Кітая прыйсці пераклады легендарнага верша на кыргыскай мове, татарскай мове, ды іншых. Так, у Кітаі ідзе ўніфікацыя агульнанацыянальнай мовы. Але ж ёсць, напрыклад, рух за стварэнне літаратуры размоўнага характару. Таму і на байхуа (а не толькі на вэньяні) выдаюцца кнігі, перыядычныя выданні.
Выключны па прыгажосці, адценнях усяе палітры слова пераклад здзейсніў на сербскую мову доктар філалагічных навук, знаны даследчык і глыбокі, чуйны мастацкі перакладчык Іван Аляксеевіч Чарота.
Уражлівую падтрымку ў зборы перакладаў скарынаўскіх вершаў аказаў літаратуразнаўца і пісьменнік з Махачкалы Марат Гаджыеў. Дзякуючы яго арганізацыйнай руплівасці, удалося пазнаёміцца з дастаткова вядомымі паэтамі розных народаў Дагестана. У выніку атрыманы пераклады на аварскую (пераклала Тубхат Зургалава), агульскую (пераклаў доктар філалагічных навук Замір Тарланаў), даргінскую (за гэта трэба быць удзячнымі даследчыцы даргінскага фальклора і перакладчыцы Аляксандра Блока Амінат Алімханавай), кумыкскую (аўтар перакладу галоўны рэдактар кумыкскага дзіцячага часопіса Шэйіт-Ханум Алішава), лакскую (а гэты пераклад здзейсніў народны паэт Дагестана Сугуры Увайсаў), лязгінскую (перакладчык рэдактар часопіса Саюза пісьменнікаў Дагестана «Самур» Зульфікар Кафланаў), нагайскую (пераклаў Анварбек Култаеў), рутульскую (пераўвасобіла скарынаўскае слова літаратуразнаўца і паэт Фаціма Ібрагімава), табасаранскую (перакладчык Фіруза Султанава), цахурскую (пераклаў Валех Гамзат паэт, перакладчык, добры знаўца англійскай, французскай моў), эстонскую (гэтую працу здзейсніў Арно Валт), мову комі (пераклаў Аляксей Папоў), літоўскую (пераклад даслаў з Вільні Вітаўтас Жэймантас).
Збіранне кнігі аднаго верша Францыска Скарыны на мовах свету працягваецца. Мажліва, хтосьці з перакладчыкаў, даследчыкаў сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых краін падкажа яшчэ нешта і пэўны «скарынаўскі мост» з іншым светам наладзіць.
Скарыны голас пачуе самы шырокі свет!..
Расія
Звалі яго Іван Фёдараў Масквіцін
Персанальныя энцыклапедыі заўсёды выклікаюць асаблівую цікавасць у чытача, які праяўляе ўвагу да персанажа даследавання. Сам факт зяўлення выдання падобнага кшталту становіцца прадметам абмеркавання, пошуку адказаў на наступныя пытанні: «А ці ўсе тэмы разгледжаны ў персанальнай энцыклапедыі? Ці ўсе даследаванні ўлічаны? А можа быць, і не энцыклапедыя той ёмісты том, а ўсяго толькі энцыклапедычны даведнік?..». У Маскве ў выдавецтве «Энциклопедия» пабачыла свет энцыклапедыя «Іван Фёдараў і яго эпоха». Аўтар у фаліянта, агульны абём якога 912 старонак фармату 84×108/16, ці 100,5 улікова-выдавецкіх аркушаў, адзін Яўген Львовіч Неміроўскі (нарадзіўся ў 1915 г. у Кіраваградзе, ва Украіне). Яго ўнікальны ўнёсак у славянскае, сусветнае кнігазнаўства іначай як подзвігам даследчыка і не назавеш!
Пачатак сённяшняму плёну ў выглядзе энцыклапедыі пакладзены быў яшчэ ў 1958 г., калі вучоны знайшоў у Львове невядомыя дагэтуль дакументы пра Івана Фёдарава. У 1964 г. пабачыла свет манаграфія Я. Неміроўскага «Узнікненне кнігадрукавання ў Маскве. Іван Фёдараў». Затым былі выдадзены манаграфіі «Пачаткі кнігадрукавання ва Украіне. Іван Фёдараў» (1974) і «Іван Фёдараў у Беларусі» (1979). Усяго Яўген Львовіч напісаў больш за 1800 артыкулаў, прысвечаных вытокам кнігадрукавання на Русі і Івану Фёдараву.
Многія старонкі ўнікальнай па абсягах вырашаных кнігазнаўчых задач энцыклапедыі прысвечаны Беларусі, беларускім тэмам. Дарэчы, змешчаны і артыкул пра Ф. Скарыну, напрыканцы якога аўтар зазначае: «выданні С [карыны] былі вядомыя ў Маск. Русі, аднак не ўхваляліся афіцыйным праваслаўем і ў літургічнай практыцы не ўжываліся». Я. Неміроўскі развенчвае і некаторыя вымыслы, звязаныя са Скарынам, Пятром Мсціслаўцам, лёсам іх кніг. У артыкуле ж пра Івана Фёдарава, якім адкрываецца энцыклапедыя, аўтар звяртае ўвагу на повязь біяграфіі друкара з Беларуссю. Цяпер зноў пачало шырыцца версіфікатарства пра тое, што Іван Фёдараў нарадзіўся ў Беларусі, нават і адрас, месца ўказваюцца паблізу Вілейкі. А вось што чытаеш у кнізе Я. Неміроўскага: «В Вел. княжестве Литовском существовал известный шляхетский род Фёдоровичей. И. И. Левицкий относил И. Ф. к этому роду и внёс сведения о нём в Библиографию Фёдоровичей. Однако роду Фёдоровичей принадлежал герб Огинец, а гербом Шренява, который ставил на своих изданиях И. Ф., этот род никогда не пользовался.
Впоследствии, находясь в Польско-Литовском гос-ве, И. Ф. стал прибавлять к своему имени фамильное прозвище Москвитин. Это прозвище встречается впервые в предисловии гетмана Г. А. Ходкевича к Учительному Евангелию 1569, где он сообщает, что нашёл в том деле друкарском людей наученных, Ивана Фёдоровича Москвитина да Петра Тимофеевича Мстиславца. <> Фамильное прозвище Москвитин совсем не обязательно указывает на происхождение его владельца из Москвы. Оно может восходить не к географическому наименованию, а к имени собственному или прозвищу Москва. <> Москвитины в XVIXVII вв. были достаточно широко распространены как в Моск. гос-ве, так и в Вел. княжестве Литовском. Тупиков указывает, что в XVI в. проживал крестьянин Иван Андреев сын Москвитин, на берегу Нёмана белорус. помещик Сидор Москвитин, <> (сохранилась архивная запись о том, что в ун-т поступил Иван сын Фёдора из Петковиц)». На Беларусі некалькі вёсак з назвай Пітковічы ёсць у Баранавіцкім, Дзяржынскім раёне Дык, можа быць, усё ж існуюць падставы для «беларускасці» Івана Фёдарава?.. Дарэчы, трэція Пітковічы за 8 вёрст ад Радашковіч. З усіх гэтых мясцін паходзілі шляхецкія прозвішчы Рагоз і Анфоравых, якія таксама карысталіся гербам «Шрэнява», падобным на выдавецкі знак І. Фёдарава. Калі атаясамліваць друкара з Іванам, сынам Фёдара з Пітковіч, то трэба, відаць, і пагадзіцца з беларускім паходжаннем Івана Фёдарава.