Помнік вялізны
Так. З валуна ў 15 тон атрымаўся кот вагой у 10 тон, яго вышыня 2,7 метра, шырыня 1,5, таўшчыня 1,5 метра. Мае на спіне 13 паскаў. На вялікі жаль, вандалы час ад часу спісваюць гэту скульптуру. Яе ўжо адмывалі некалькі разоў. Але ёсць людзі, якія падыходзяць і гладзяць фігуру ката.
Вільня, Aguonų g. Вельмі сумны і самотны выгляд у гэтага ката ён плача, бо гэта кот, у якога памерла гаспадыня.
Хто рабіў скульптуру?
Аўтарка сульптуры Ksenija Jaroševaitė. А сквер называецца скверам Jurgi Ivanauskaitė. А ката вырашылі не падпісваць, бо каты гуляюць самі па сабе. Ён і выглядае так, быццам выйшаў пагуляць.
А дзе ўзялі вялізны валун?
Валун знойдены амаль на другім канцы Літвы, у Келмскім раёне (Kelmė), ля вёскі Pašiaušė.
А пра што творы Юргі?
У двух словах цяжка пераказаць. Сюжэты складаныя, з жыцця мастацкай і калямастацкай багемы, рок-музыкаў і г. д. У цэнтры самага вядомага рамана «Вядзьмарка і дождж» гісторыя кахання дзяўчыны і ксяндза. Апроч усяго, Юрга напісала дакументальную трылогію пра Тыбет. Зрэшты, Тыбетам і будызмам прасякнуты ўсе яе творы.
«Бывайце, жывіце свабоднымі!» жадае мне Хрысціна.
Чэрвеньверасень 2014 года, ВільняМінскАдэсаГульні з морам
Восень у Адэсе на беразе мора. Я фатаграфавала, але не ўсё. Распавяду пра тое, што не фатаграфавала. Медуз дакладна не фатаграфавала, бо яны былі ўжо нежывыя, хаця і ў мёртвым стане захоўвалі прыгожосць.
Медузы, шмат медуз, вялікіх, дарослых і нават старых, з прыкметамі былой дасканаласці і свабоды, якую мелі ў глыбіні мора.
Спачатку не адрознівала мёртвае ад жывога спрабавала закідваць, вяртаць у мора медуз, якія захавалі, яшчэ не страцілі колер блакітны і фіялетавы. Не дапамагала, яны ўжо не плылі. Пасля зразумела: вялікая дарослая медуза на беразе ужо нежывая. Хвалі марскія, хвалі жыцця забілі яе. А можа, яна спакойна памерла ў моры і хвалі толькі выкінулі яе на бераг, канстатуючы канец жыцця, завяршаючы цыкл?
Марскі вецер выносіць рэальна выносіць з галавы рэшткі ілюзій, рэшткі шматгадовых падманаў і самападманаў. Разумееш: можна жыць і з кракадзілам у ваннай, галоўнае кантраляваць сітуацыю самой, каб не кракадзіл дыктаваў умовы.
Мора пасля начной навальніцы мутнае, адступіла, і дзеці збіраюць мідыі і рапанаў. Варона дзяўбе ракавіну малюска, выцягвае мяккае цела.
Мора адступіла, і я пагуляла па дне марскім. Упершыню ў жыцці знайшла на пяску ракавіну рапана, ружовую ўсярэдзіне. Раней іх толькі ў акварыумах бачыла і ў наборах, што прадаюцца, каб пасля прыкладаць да вуха і «чуць шум мора». І яшчэ некалькі знайшла жывых рапанаў кінула ў мора.
Вучылася рабіць надпісы на пяску і разлічваць інтэрвалы паміж хвалямі паспяваць напісаць так, каб хваля прыгожа злізала тэкст. Зрабіць надпіс перад хваляй не заўсёды паспяваеш.
І зноў думала пра ілюзіі: яны дапамагаюць жыць на пэўны час, але пасля псуюцца, як малюскі-рапаны ў сваіх ружовых ракавінах, выкінутыя на бераг. Сапсаваныя ілюзіі харч для варон.
Бераг мора памежжа стыхіяў.
Ішла ў закатаных джынсах ды ў цяльняшцы па краі мора, і пара мужчына і жанчына з фотапаратам, відаць, вырашылі, што я мясцовая, запыталіся:
Чаму так шмат мёртвых медуз?
Час іх прыйшоў. Можа быць, так Я не ўпэўненая.
Ці можа медуза ўратавацца? Ці можа не ляжаць нежывой, разлезлай на пяску, а працягваць плаваць, жыць? Ці гэта лёс, прадвызначанасць?
Ну, і Google у дапамогу:
Медуза ад старажытнагрэцкага Μέδουσα «абаронца, валадарка». Жыццёвы поспех медуз у тым, што імі ніхто не харчуецца. Само слова «медуза» паходзіць ад імя старажытнагрэцкай міфічнай істоты гаргоны Медузы, валасы якой былі пучком змей. Медуза дыхае ўсім целам. У празрыстым целе медузы 24 вокі. Рот медузы прызначаны і для ўжывання ежы, і для яе вывядзення. Медуза ў асноўным складаецца з вады, яе жыццё на сушы немагчымае. Калі медузу выкідвае на бераг, яна гіне, высыхае на сонцы.
Не фатаграфавала мёртвых медуз.
Не фатаграфавала і людзей, якія жылі ў хмызах абляпіхі за цэлафанавай заслонай. Праходзіла, адводзячы позірк, але штосьці ўсё адно назірала. Там былі два мужчыны адзін паранены ў нагу, другі ў плячо. Яны выходзілі, калі на беразе мора амаль нікога не было. Адзін з іх высокі, лысаваты, немалады, з вайсковай выпраўкай. Я разгледзела яго, калі ён нёс прэсную ваду ў пластыкавых бутлях. Другі быў маладзейшы. Спачатку іх раны былі ў бінтах, пасля бінты змяніла медыцынская сетка. Пасля шторму яны зніклі. На месцы іх жытла засталася занесеная пяском чырвоная куртка.
Калі я распавяла пра іх сваёй прыяцельцы з Адэсы, яна спытала толькі адно:
Цікава: яны нашыя альбо з ДНР?
І я яшчэ адно прыдумала, пакуль хадзіла па беразе: каб не стаць старой медузай, выкінутай на бераг, трэба быць медузай Гаргонай. Медузай, якая выжыла і стала моцнай, і ўсе камянеюць ад яе позірку.
А калі глядзіш па карце на Адэсу бачыш, што яна патрэбная расейцам. І гэта палохае, трывожыць.
Верасень 2014 года, АдэсаЛюстэркі
Сяброўкі, якіх выбіраем мы, сяброўкі, якія выбіраюць нас, сяброўкі, якіх для нас выбірае жыццё ці лёс.
Ёсць такія, якія ўвесь час «дастаюць», чапляюцца, лезуць, падстаўляюць эмацыйныя падножкі. Ёсць сярод іх і «змагары за праўду з мяшчанскім ухілам» (была такая фармулёўка ў 60-я гады). Гэта штосьці накшталт хатняга пракурора ці злоснага следчага.
Абвінавачваюць, вядуць бясконцыя блытаныя маналогі. Гнеўныя шукальніцы праўды. Гаварыць можна ўсё, што заўгодна. Галоўнае зрабіць балюча. Ступень блізкасці і сяброўства вымяраецца болем. У адказ на шчырасць сама вінаватая і таму будзеш пакараная. Бязлітасныя Эрыніі дэманы помсты на крылах кажана, з пугаю ды паходняй у руках. Такія «дзеля праўды» могуць лёгка патэлефанаць мужу сяброўкі і распавесці пра яе каханкаў Бязлітасныя, носяцца ў цемры і асвятляюць сабе шлях паходнямі, каб ніхто не схаваўся. Яны жахліва крычаць, пераследуюць і караюць іншых, тых, хто не такі, як усе. Яны прагнуць зрабіць усіх аднолькавымі. Пачвары. З іх доўгіх языкоў кроплямі падае кроў ахвяраў. Бясконца абвінавачваюць усіх ва ўсім. Ім патрэбныя гледачы і ўвага, і яшчэ як мага больш людзей уцягнуць у сваю варяцкую гульню і пакараць.
І вось што падказалі мне разумныя людзі: спыніць гэтыя гульні можа толькі высвятленне крыніцы ўласнага мазахізму. «Крыніца мазахізму» паэтычна гучыць. Ды як яе шукаюць?
Але ёсць іншы варыянт, ёсць іншыя сяброўкі, якіх бачыш, можа, не так часта, але да якіх можна звярнуцца з любым пытаннем і не адчуць сябе не адчуць сябе кепска пасля гэтага.
Хачу распавесці пра Кацю. Каця нашчадак вядомага доктара-фізіёлага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі за 1904 год у сферы медыцыны, стваральніка тэорыі пра вышэйшую нервовую дзейнасць.
З Кацяй пазнаёміліся ў Адэсе ў кватэры яе бабулі. Я зайшла і адразу ўбачыла люстэрка. Вялізнае, высокае, пад столь, а столь у кватэры таксама высокая. Пра такія кватэры можна прачытаць толькі ў кнігах пра дарэвалюцыйнае дзяцінства прафесарскіх дзяцей. Я прайшла з вітальні ў вялікі пакой, а там яшчэ адно люстэрка. Ручкі на дзвярах старыя, медныя, на вокнах таксама медныя ручкі. У вялікім пакоі ля сцяны стаяў ровар, ён губляўся ў вялікай кватэры, здаваўся зусім маленькім.
Прайшло пару гадоў. Мы сустрэліся з Кацяй у Крыме на пляжы, недалёка ад руін старажытнага Херсанеса. Пачатак кастрычніка. Бліскучае, блакітнае, празрыстае і спакойнае мора і такое сама блакітнае і ціхае неба. Сонца грэе, мы ляжым на драўляных насцілах і гаворым.
Кажуць, каб супакоіцца, трэба ўявіць сябе на беразе мора, пачуць шэпт хваляў. Музыка для рэлаксацыі піяніна, шум мора, чайкі. Не трэба нам піяніна. Не трэба напружвацца і нешта прыдумляць. Мы і так на беразе мора, мы адчуваем і яго пах, і лёгкі ветрык, і восеньскі холад, які прабіваецца праз сонечнае цяпло.
Скажы, ты ў магію верыш?.. У такую, народную, што можна сурочыць і праклясці чалавека ці дом? пытаюся я ў Каці.
Канечне, веру.
Ды ты што?!
А што? Не мушу?
Ты ж нашчадак вялікага доктара-матэрыяліста. Таму раз ты верыш, значыць, праўда, ёсць яно.
Так і што? Усе вялікія навукоўцы ўпіраліся ў містыку, розум чалавека абмежаваны.
А як з гэтым змагаюцца? Напрыклад, калі ў доме жыць цяжка.
Наколькі я ведаю, ёсць розныя шляхі. Першы рэлігійны: дом асвяціць, гэта як чалавека пахрысціць, новае жыццё ў дома пачынаецца. Але калі ты пра свой дом, пытанне ў тым, у што ты верыш. Мая сяброўка пры цяжкіх адчуваннях, альбо калі ўсе пачынаюць хварэць, прыбірае ў хаце, мые падлогу з зёлкамі. Я веру, што ў кожнага чалавека ёсць магія, і, калі ты сама сабе рытуал прыдумаеш, які цябе абароніць і чужыя ўплывы прагоніць, ён можа спрацаваць. Ці ёсць у доме старыя рэчы, напрыклад, люстэркі?
Не надта старыя Саракавыя-пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя.
Я адчуваю энергетыку ад рэчаў, таму, калі мне ад бабулі кватэра засталася, я найперш люстэркі прадала: яны энергетыку вельмі добра захоўваюць. Перад тым як кватэру прадаць, я спачатку рэчы прадавала, а то ў мяне было адчуванне, што бабуля з кватэры не сышла і што яна б не дала мне кватэру прадаць.