8
Коратка, наколькі магчыма: грошы на публікацыю кніжкі дало Міністэрства Культуры і Мастацтва ў Варшаве. У гэтым самым годзе мае знаёмыя і адначасова кіраўнікі гандлёвай фірмы Omega ў Бельску, Валянцін Сельвясюк і Міраслаў Целушэцкі, успамаглі мяне фінансава, даючы на дзевяць месяцаў фіктыўнае працаўладкаваньне і грошы, каб я ня мусіў шукаць дадатковага занятку да свае журналісцкае зарплаты ў Ніве і меў больш часу для Джойса. Вялікае ім дзякуй яшчэ раз. Кніжка мелася выйсьці пад грыфам Беларускага Літаратурнага Абяднаньня Белавежа, якое пад старшынствам паэта Яна Чыквіна якраз перажывала пік свае выдавецкае дзейнасьці (так званая бібліятэчка пад рэдакцыяй Яна Чыквіна). Без майго ведама і згоды старшыня залічыў і Ўліса ў лік сваіх рэдактарскіх дасягненьняў і пазначыў гэты факт наркамаўкай на адваротнай бачыне тытульнага ліста. Мой пратэст знайшоў разуменьне ў іншых сяброў Белавежы, і ў друкарні ORTHDRUK выразалі пад 1000 лістоў ды ўклеілі новыя, на якіх гэтым разам Я. Чыквін выключыў кніжку ўвогуле з выданьняў Белавежы. Я ўжо ня стаў пратэставаць, але з таго часу мае адносіны зь Белавежай і яе шэфам значна ахалодалі. Магчыма, нейкі дзясятак асобнікаў Уліса застаўся кружыць зь нявыразаным наркамаўскім надпісам (своеасаблівы выдавецкі рарытэт).
9
Carl Gustav Jung, Ulysses, Europдische Review, September 1932.
10
У верасьні 1993 у Вільні, пасьля заканчэньня рэдактуры перакладу, С. Шупа кінуў наступную заўвагу (цытую з памяці, а сьведкаў пры тым не было ніякіх): Ты павінен надрукаваць пераклад, балазе далі грошы, але потым закапаць увесь тыраж у скрыні ў зямлю і пачакаць гадоў дзесяць, аж падрастуць чытачы. (Пра ягоную трактоўку скрыні глядзі: S. Schuppo, Hausklamotten als Dinge an und fьr Sich, Vцlkische Weltanschauung in WeiЯrutenischen Mдrchen, Forschungen nach dem Wunderbaren, Band 35, Gцttingen, 1995.) Лепшага часу ў наступным тысячагодзьдзі чакаюць яшчэ недзе пад 400 асобнікаў перакладу.
11
Але выняткі, на шчасьце, заўсёды магчымыя. Дамавікамэрон А. Глёбуса (1994) бадай ці ня першы ўвянчаны посьпехам прыклад чытальнай прозы, якая праграмна і пасьлядоўна скарыстоўвае для сваіх мэтаў два пласты нарацыі: галівудзкі натуралізм і беларускую дэманалёгію.
12
Тут і далей у квадратных дужках пазначаны нумары бачынак беластоцкага выданьня 1993 г.: Джэймс Джойс, Уліс, І.
13
Маецца на ўвазе ангельскі паэт Элджэрнан Суінбэрн (18371909), які ўжыў у адносінах да мора выслоўе вялікая ласкавая маці (great sweet mother) у The Triumph of Time (1866).
14
Вежа Мартэла над Дублінскім залівам, пабудаваная ангельцамі ў 1804 годзе для абароны перад францускім нападам з мора ў часе напалеонаўскіх войнаў. Цяпер у ёй музэй Джойса. Джойс жыў у ёй з Гогарты і ангельцам Трэнчам (прататыпам Хэйнса) у верасьні 1904. Вежу наняў у Міністэрства Вайсковых Справаў Гогарты. Для патрэбаў рамана Джойс перанёс час пражываньня на чэрвень і папрасіў у Гогарты дазволу зрабіць сваю асобу (гэта значыць, Стывэна) наймальнікам вежы.
15
Наша супольная зь Сяргеем Шупам знаходка для перакладу абразьлівага ангельцам слова Sassenach, ужыванага кельцкімі жыхарамі Брытанскіх астравоў.
16
Паводле: Don Gifford with Robert J. Seidman, Ulysses Annotated, University of California Press, 1988.
17
Беларускія паралелі тут непазьбежныя. Таксама прыходзіць на думку які-небудзь Някрасаў зь ягоным фальклёрным спачуваньнем паляшуцкаму ідыятызму.
18
Баюся, што ўбогая традыцыя беларускамоўнай царкоўнай літаратуры галоўная прычына, з-за якой бальшыня маіх перакладчыцкіх натугаў у гэтым эпізодзе застанецца недаацэненай. Прыкладам, колькі чытачоў магло скумекаць, што на першы погляд ідыёцкая показка Малігана І выйшаўшы вонкі, балакаў на пазадворкузьяўляецца пэрыфразай радка з Новага Запавету І выйшаўшы вонкі, плакаў горка (Мацьвей, 2675).
19
Так анансаваная тэорыя будзе разгорнутая Стывэнам у дзявятым эпізодзе, Сцыла і Харыбда.
20
Джойс цытуе толькі тры страфы з аўтэнтычнага верша Алівэра Сэнт-Джона Гогарты The Ballad of Joking Jesus.
21
The cracked looking-glass of a servant выслоўе, пазычанае Джойсам у Оскара Ўайлда.
22
Калі б ня гэты зьбег акалічнасьцяў, дублінская Адысэя была б немагчымая (Стывэну трэба было б заставацца на пасьляабеднія заняткі).
22
Калі б ня гэты зьбег акалічнасьцяў, дублінская Адысэя была б немагчымая (Стывэну трэба было б заставацца на пасьляабеднія заняткі).
23
Прыкладам, трынаццаты і чатырнаццаты эпізоды, Наўзыкая і Быкі Сонца.
24
Спасылкі на Шэксьпіра ў тэксьце Ўліса ня менш рэдкія за спасылкі на Гамэра. Сьціпленькі беларускі запас перакладаў Шэксьпіра не заўсёды дазволіў пакарыстацца ўжо гатовымі цытатамі, паколькі яны не заўсёды пасавалі да кантэксту Ўліса. Так, у дадзеным выпадку, бледнае зьбірай грошы ў перакладзе Ю. Гаўрука ня вельмі стасуецца да Шэксьпіравага выслоўя Put but money in thy purse, ужытага містэрам Дызі.
25
Галасаваньне за унію ірляндзкі інтэграцыйны рэфэрэндум 1800 г. (падкуплены і сфальшаваны), які распусьціў ірляндзкі парлямант і перанёс палітычны цэнтар кіраваньня Ірляндыяй з Дубліну ў Лёндан. Скасаваньне гэтага ўніяцкага акту было адным з цэнтральных палітычных пытаньняў Ірляндыі ў ХІХ стагодзьдзі.
26
Яшчур выбраны Джойсам, вядома ж, невыпадкова. Праз коней і быкоў узмацняецца сувязь натуралістычнага пласта нарацыі з гамэраўскім. Нэстар характарызуецца ў Гамэра як утаймавальнік коней. Палац Нэстара ў Пілясе стаяў пры вусьці ракі Альфэй (Alpheus), якую Геракл завярнуў, каб вычысьціць аўгіевы стайні. Сэміцкія літары алеф, ламэд і пэ ўтвараюць корань слова бык. Літара альфа выводзіць паходжаньне ад спрошчанага малюнка бычынай галавы. Безумоўна, звыкламу чытачу не да такіх тонкасьцяў, але над Улісам пагарбеў легіён дасьледнікаў і крытыкаў, мазалём якіх мы сёньня можам пакарыстацца адволі. Адзначым яшчэ, што сымбаль быка адзін з найважнейшых у рамане, якому адведзена цэнтральнае месца ў эпізодзе Быкі Сонца.
27
Зачаткі тэхнікі ўнутранага маналёгу выступаюць напрыклад у Талстоя. Сам Джойс гонар вынаходніка прызнаваў за францускім пісьменьнікам-сымбалістам Эдуардам Дзюжардэнам, у рамане якога Les lauriers sont coupйs ён упершыню сустрэўся з падобным спосабам аповеду.
28
У Гамэра з марскім богам Пратэем змагаецца Мэнэлай, якому дачка бога, Эйдафэя, адкрыла сакрэт, як можна ейнага бацьку схапіць і прымусіць гаварыць. Пратэй, які перакідваецца ў розныя постаці, урэшце здаецца і адкрывае Мэнэлаю, як яму выплысьці ў мора, а таксама распавядае пра лёс ягоных таварышаў па зброі, у прыватнасьці, пра Адысэя. У адзінай клясычнай Адысэі, якую я маю ў сваёй падручнай бібліятэчцы, у расейскім перакладзе В. А. Жукоўскага, змаганьне апісанае наступным чынам: Кинувшись с криком на сонного, сильной рукою все вместе / Мы обхватили его; но старик не забыл чародейства; / Вдруг он в свирепого с гривой огромного льва обратился; / После предстал нам драконом, пантерою, вепрем великим, / Быстротекущей водою и деревом густовершинным; / Мы, не робея, тем крепче его, тем упорней держали (Песьня чацьвертая, 454459).
29
Гамлет (акт І, сцэна IV); Гарацыё перасьцерагае Гамлета, каб не набліжаўся да прывіда. Гэтым разам амаль дакладна паводле Ю. Гаўрука: А калі ён укіне вас у мора / Альбо ўзьвядзе на стромкую скалу, / Што грозна па-над хвалямі навісла, / І там, прыняўшы новы страшны выгляд, / Паўстане раптам і кране ваш розум, / Угоніць у варяцтва што тады?
30
Акрамя шчодрага выкарыстаньня іншамоўных цытатаў (італьянскіх, францускіх, нямецкіх, лацінскіх) Джойс стараецца дапасоўваць іншамоўныя словы да ангельскае правапісна-граматычнае нормы. Напрыклад, з францускага прыметніка lourd (цяжкі) Джойс стварае прыслоўе lourdly (гэты барбарызм перакладаю як ценжка). Дзеясловы schleppen, traоner, trascinare, якія абазначаюць валачы (цягнуць) у нямецкай, францускай, італьянскай мовах адпаведна, Джойс ужывае ў ангельскай форме цяперашняга часу. Моўныя гульні гэтага эпізоду як быццам прадвяшчаюць ягоны творчы мэтад у Finnegans Wake, дзе на базе ангельскай мовы ён стварыў адмысловы лінгвістычны амальгамат з усіх вядомых яму моваў.
31
Пэрыфраза заўвагі, якую Джон Драйдэн зрабіў Джанатану Суіфту: Сваяк Суіфт, вы ніколі ня будзеце сьвятым.
32
Сярэднявечны эпітэт Ірляндыі, якая пасьля барбарскіх набегаў і падзеньня Рыму нанава хрысьціла Эўропу.
33
Гамлет, акт І, сцэна 2.
34
Дарэчы будзе нагадаць, што Стывэн герой аўтабіяграфічнага рамана Джойса Партрэт маладога мастака (A Portrait of the Artist as a Young Man). Партрэт заканчваецца якраз перад выездам Стывэна ў Парыж. Настрой у маладога чалавека ўзьнёслы. Ён піша ў сваім дзёньніку: Вітай, О жыцьцё! Я вырушаю мільённы раз на спатканьне жыцьцёвага досьведу, каб выкаваць у кузьні душы яшчэ не народжаную сьвядомасьць свае расы.