Можаш мне паверыць: з любой рэчы, калі яе правільна скарыстаць, можна азалаціцца. Як ты надзенеш гэтае вядро на галаву або сядзеш у яго будзе мала карысці. А калі ты набярэш у яго ваду і вымыеш вітрыны ў маёй краме, я з табой за гэта добра разлічуся. Згодны?
Згодны, усхліпнуў хлопчык і дадаў, падарыце мне, калі ласка, яшчэ якую-небудзь анучку.
Прадавец не падмануў: ён шчодра разлічыўся з хлопчыкам за вымытыя вітрыны. Канешне, гэтых грошай не хапіла б на глобус, не хапіла б нават на ножку ад глобуса, але ўсё роўна гэта была чэсная аплата за працу.
Калі хлопчык выліў ваду з вядра пад вулічную рашотку, прадавец выйшаў на прыступкі крамы, паглядзеў на неба і задумліва сказаў:
Ноччу ішоў дождж. Сёння ў горадзе слата. Аўтамабілі ездзяць па лужынах дужа брудныя!
Прамовіўшы гэта, мужчына паглядзеў на хлопчыка, увайшоў у краму і закрыў яе на абед.
Хлопчык зірнуў на праезджую частку. Ён убачыў мноства машын аднолькавага, брудна-шэрага колеру, якія, абганяючы адна адну, дымілі выхлапнымі газамі ды запырсквалі пешаходаў. Хлопчык набраў з калонкі ў вядро чыстае вады і адправіўся на бліжэйшую паркоўку каля гандлёвага цэнтра. Паркоўка была шчыльна застаўлена аўтамабілямі, а ў іх сядзелі мужчыны ды цярпліва чакалі, пакуль іх жанкі стомяцца гуляць па пяціпавярховай краме і вернуцца з пакупкамі.
Хлопчык падышоў да самага крайняга аўтамабіля, дастаў з вядра анучку і паглядзеў на мужчыну, які сядзеў за рулём і чытаў навіны ў інтэрнэце. Мужчына адарваў позірк ад экрана відэафона, заўважыў хлопчыка і кіўнуў, даючы дазвол на тое, каб памыць машыну.
Хлопчык вымыў гэтую машыну, за ёй яшчэ адну, і яшчэ Ён змываў з аўтамабіляў пясок, пыл і сажу, і шэрыя машыны пераўтвараліся ў чырвоныя, белыя, сінія, зялёныя Хлопчык нават знайшоў у сваім новым занятку пэўную прыгажосць і сэнс: яму падабалася рабіць свет чыстым і рознакаляровым. І ў кожнага, хто быў за рулём аўтамабіля, хлопчык пытаўся:
Вы, часам, не ведаеце, дзе можна набыць глобус Еўропы?
Аўтамабілісты адмоўна круцілі галовамі: яны не цікавіліся ні астраноміяй, ні геаграфіяй. Толькі адзін мужчына, апусціўшы шкло, адказаў:
На тым беразе, у Верхнім горадзе, стаіць вялікая астранамічная крама. Там ёсць усё аб космасе. Трэба перайсці мост, звярнуць направа, і праз чатыры кварталы ты дойдзеш да яе. Я якраз еду ў той бок. Я б цябе падвёз, але ў мяне светлы салон, а ты ўвесь чорны ад бруду, так што выбачай.
Шкло паднялося, аўтамабіль зароў і з ехаў з паркоўкі, а пасля знік за паваротам.
Хутка ў хлопчыка былі поўныя кішэні грошай. Іх было дастаткова, каб купіць жаданы падарунак. Хлопчык апаласнуў вядро і, павесіўшы яго на руку, скіраваўся ў бок Верхняга горада. Ён хацеў хутчэй патрапіць у вялікую астранамічную краму.
Хлопчык узышоў на мост. З кожным крокам ён набліжаўся да сваёй мары.
«Я скажу, думаў хлопчык, дайце мне самы вялікі, самы дакладны глобус Еўропы! Каб на ім былі бачныя ўсе будынкі, усе дамы! Цікава, з чаго яны зробленыя? На Еўропе многа льду, то, напэўна, там усё будуюць з яго!»
Вядро біла хлопчыка па каленцы і гучна бразгала.
«Я скажу: дайце такую Еўропу, каб яна ўся зіхацела і круцілася! І яшчэ каб на ёй паказваўся час такі самы, які на сапраўднай Еўропе. Каб я ведаў, што ў майго таты зараз дзень ці ноч».
Але, не дайшоўшы нават да сярэдзіны моста, што звязваў яго з марай, хлопчык пачуў крык. Ён агледзеўся, аднак на мосце не было пешаходаў, толькі аўтамабілі праносіліся міма, пакідаючы за сабой пах бензіну.
Хлопчык падышоў да краю моста і паглядзеў уніз. У рацэ плёскалася дзяўчынка. Яна сыходзіла пад ваду і зноў з яўлялася на паверхні, спуджана глытала паветра і цягнула рукі ўгару.
«Яна ж тоне!» падумаў хлопчык. Ён ў адзін момант збег з моста да вады, паставіў вядро, скінуў чаравікі і, не задумваючыся, плюхнуўся ў ваду. Хлопчык плаваў, як дэльфін, таму праз некалькі імгненняў ужо быў каля дзяўчынкі. Ён падхапіў яе і пацягнуў да берага, дзе сабраліся людзі: яны жахліва заломвалі рукі, здымалі здарэнне на мабільныя відэафоны, але ў ваду не ішлі.
Дзяўчынка! перагаворваліся яны. Яна ўпусціла ляльку ў ваду, пацягнулася за ёй, паслізнулася і ўпала з таго пагорка, а цячэнне ўхапіла яе і аднесла ад берага!
Як толькі дзяўчынка аказалася на пяску, людзі зашапталіся: «Дачка мэра! Гэта ж дачка мэра!» Усе адступілі яшчэ далей назад, каб, у выпадку чаго, не апынуцца вінаватымі.
Праз натоўп прарвалася жонка мэра. Яна падбегла да дачкі і схапіла яе на рукі. Дзяўчынка, спалоханая, але жывая, адкашлялася і заплакала.
Праз натоўп прарвалася жонка мэра. Яна падбегла да дачкі і схапіла яе на рукі. Дзяўчынка, спалоханая, але жывая, адкашлялася і заплакала.
Донечка! Мая донечка! Усё добра, ты са мной, зараз мы паедзем дадому
Кола людзей сашчапілася вакол шчаслівай мэравай жонкі з дзіцем. Хлопчык застаўся на пяску адзін.
Ён падцягнуў да сябе вядро і сунуў рукі ў кішэні. Кішэні былі пустыя вада вымыла з іх грашовыя паперкі. Цячэнне адцягнула ўвесь заробак хлопчыка на сярэдзіну ракі, і купюры пярэстымі караблікамі павольна сплывалі да мора, а недзе ў астранамічнай краме блішчэла белымі бакамі прыгажуня Еўропа, да якой ізноў былі мільёны кіламетраў.
Хлопчык пачаў замярзаць. Ён уцягнуў шыю ў мокры каўнер і азірнуўся, шукаючы, дзе б можна было сагрэцца.
Раптам пачулася:
Хлопчык? Дзе той хлопчык, што выцягнуў маю дачку?
Натоўп расступіўся, і жонка мэра падбегла да хлопчыка.
Вось ты дзе! Дзякуй табе. Калі б не ты тут жанчына павярнулася да людзей і закрычала: Гэты хлопчык сапраўдны герой! Ён выратаваў маю донечку! Чаму ўсе стаяць? Дзе паліцыя? Дзе «хуткая дапамога»? Яго трэба сагрэць і ўзнагародзіць!
Людзі заапладзіравалі. Апладысменты атрымаліся ціхімі: гледачы не пераставалі здымаць свае відэаролікі, таму хлопалі вольнымі далонямі па сцёгнах. Чыесьці моцныя рукі падхапілі хлопчыка і панеслі ад ракі наверх туды, дзе ўжо чулася скавытанне сірэны «хуткай дапамогі».
Дарогу маленькаму герою! крычалі вакол.
Хлопчык трымаў сваё вядро і думаў: «Мама будзе хвалявацца, чаму мяне так доўга няма»
Хлопчыку надзелі бліскучы медаль на шыю і ўручылі вялікі, у рост самога героя, букет кветак. Мэр горада паціснуў «Юнаму выратавальніку на вадзе» руку і сказаў, звяртаючыся да тэлекамер:
Сёння ты герой. Гераізм такая рэдкая зява ў нашы дні Героі маюць права выбіраць сабе ўзнагароду, а мы не маем права быць скупымі. Хочаш, я адвяду цябе ў самы буйны магазін цацак, і ты возьмеш там усё, што табе захочацца?
Не
Так-так, я ведаю. Напэўна, ты хочаш скіравацца ў магазін спартыўных тавараў?
Не. Спадар мэр, я хачу ў вялікую встранамічную краму, сказаў хлопчык і пачырванеў.
Ты захапляешся астраноміяй? Які неверагодны хлопчык! Што ж, гэта твой выбар! Хай будзе так! абвясціў мэр, і рэпарцёры зашчоўкалі фотаапаратамі.
Мэр пасадзіў хлопчыка ў свой аўтамабіль. Хлопчык ехаў, як сапраўдны прынц, кветкі казыталі яму шчокі і шыю, і ўсе жыхары горада паказвалі на машыну ды казалі: «Гэта той самы хлопчык, які выратаваў дачку мэра!»
Вялікая астранамічная крама была такая ж неабсяжная, як космас. Чаго ў ёй толькі не было! Папяровыя і электронныя энцыклапедыі, праектары Млечнага Шляху, зорныя карты, тэлескопы ад самых маленькіх да такіх агромністых, што з імі ў камплекце прадаваліся лесвіцы! Тут можна было набыць кавалкі метэарытаў і астэроідаў, лунны грунт і меркурыянскія камяні (модніцы ўстаўлялі іх у пярсцёнкі), паветра з Венеры ў вакуумных шкляных тубах, скафандры, кансервы «Сняданак касманаўта», макеты ракет і касмічных караблёў, агурковую расаду, прарошчаную ва ўмовах бязважкасці і, канешне, глобусы ўсіх планет і іх спадарожнікаў зямнога тыпу, розных фасонаў і мадыфікацый, ад нерухомых да такіх, якія ўмелі размаўляць на некалькіх мовах.
Крама пералівалася, свяцілася, міргала агеньчыкамі, з розных аддзелаў чулася музыка, размовы і «белы шум», праз які ледзьве заўважна прабіваліся сігналы з самых далёкіх куткоў Галактыкі.
У краме было поўна народу, і сам дырэктар ужо чакаў мэра і хлопчыка на першым паверсе, у цэнтры залы. Убачыўшы важных гасцей, дырэктар пакланіўся мэру і падскочыў да хлопчыка:
Прывітанне! Выбірайце, выбірайце ўсё, што вам хочацца!
Хлопчык агледзеўся. Вочы мружыліся ад святла і асартыменту. «Абяры мяне!» прасілі радары, навігатары і канструктары марсаходаў.
Я хачу глобус Еўропы, збянтэжана сказаў маленькі герой.
Нечаканы выбар! здзівіўся дырэктар і пляснуў у ладкі. Прынясіце сюды самую новую Еўропу!
Праз хвіліну ў зале з явіліся асістэнты з падарункам. Вялікі, электронны, з блакітным унутраным падсвятленнем і падрабязным рэльефам ільдзяной, перарэзанай шнарамі ад метэарытаў, паверхні, зіхоткі, як дыямент, глобус Еўропы цяжка апусціўся ў рукі хлопчыка.
Паглядзіце! Маленькі герой атрымаў сваю ўзнагароду! ахнула зала ў захапленні. Мэр звярнуўся да хлопчыка гучна, каб чулі ўсе прысутныя: