Янік паціснуў плячамі.
А я ведаю! не чакаючы адказу, сказаў музейнік. Будзе тваё цела існаваць па частках, рукі-ногі, пакуль не згніе, а сам ты бесцялесным духам будзеш блукаць у прасторы, напаўжывы Пакуль цябе не спаймае які-небудзь малады вучоны ды не закатуе, як тваю русалку-юніверсалку.
Міраслаў асушыў кубак, выцер вусны рукавом і прамовіў:
Дарэчы, яна ўчора была тут. Сядзела вунь на той бярозцы, у храм не ўвайшла ну канешне, куды ёй, закладной! Мілата не пусціць. Чакала, пакуль я выйду сам і без крыжа. Скардзілася на вас. Аб табе казала, што прыйдзеш.
Янік дастаў з кішэні грэбень і працягнуў музейніку.
Міраслаў выцер кубак крысом і паставіў на месца. Потым ён адчыніў вялікую скрыню, што стаяла каля алтара. Скрыня амаль даверху была напоўненая грэбнямі жалезнымі, срэбнымі, меднымі. Музейнік паклаў русалчын грэбень у скрыню і закрыў яе.
Потым Міраслаў прайшоўся каля стэнда з крыжамі, уважліва разглядаючы іх, і, нарэшце, выняў з-пад шкла адзін маленькі, на залатым ланцужку. Музейнік пакруціў яго ў руках, павярнуўся да хлопца і спытаўся:
Ты мне скажы: будзеш яе берагчы? Бо нашто істоту ачалавечваць, калі яна нікому не патрэбная?
Буду берагчы! адказаў Янік.
Як хочаш, каб яе звалі? Можа, Марыяй?
Можна і Марыяй. Прыгожа.
Святар усміхнуўся:
Вось і добра! Развучым цябе і яе займацца забойствамі, навучым дарыць жыццё А сына твайго першага ахрысцім Міраславам!
Глобус Еўропы
Ці ёсць у вас глобус Еўропы? спытаўся хлопчык у прадаўца.
Хлопчык быў маленькі і канапаты, а прадавец вялікі і барадаты.
Не, хлопчык. Няма. Учора прадаў апошні, а новую партыю яшчэ не прывезлі, з усмешкай адказаў прадавец, пагладзіўшы рукой бараду.
Шкада, расчаравана прамовіў хлопчык і скіраваўся да выхаду.
Пачакай, хлопчык! паклікаў прадавец. Нашто табе Еўропа? Яна такая мізэрная! Вазьмі лепш Ганімед.
Мужчына зняў з паліцы глобус Ганімеда і ўключыў яго ў сетку. Глобус, падсвечаны знутры, закруціўся вакол сваёй восі, і з яго загучала модная песенька.
Вось, паглядзі: і глобус, і лямпа, і радыёпрымальнік тры ў адным! І сам Ганімед не тое, што Еўропа, ён вялікі і жалезны, сапраўдны мужчына! Ты ж хочаш вырасці сапраўдным мужчынам?
Хлопчык кіўнуў.
Тады Ганімед тое, што табе трэба! А ведаеш, хто такі Ганімед? О, я раскажу табе! Гэта быў сын траянскага цара Троса! Царэвіч, вось хто! І сам Юпітэр, ператварыўшыся ў арла, знёс яго на спіне ў свае нябесныя апартаменты, да багоў. Ну як? Бярэш?
Не, сказаў хлопчык. Мне трэба Еўропа.
Прадавец паставіў Ганімед на прылавак і ўзяў з паліцы іншы глобус жоўта-залаты, увесь пакрыты кратарамі.
Можа быць, табе спадабаецца Ія? спытаўся мужчына ў хлопчыка. Яна ўся жоўтая, таму што на ёй многа серы. Толькі зірні, якая яна гарачая, колькі тут вулканаў! На ёй можна гатаваць ежу!
Прадавец уключыў глобус, і той пачаў разагравацца, як электрычная плітка.
Ія была жрыцай багіні Геры, такой прыгожай, што Юпітэр закахаўся ў яе і спакусіў. Ставіш на яе рашотку, зверху рондалік, і варыш што табе хочацца! Асцярожна, не апячы пальцы. Ну што запакоўваць?
Не, пакруціў галавой хлопчык.
Прадавец агледзеў вітрыны і, крыху паразважаўшы, выцягнуў з шафы, што стаяла ў кутку, яшчэ адзін глобус вялікі і цяжкі. Ён змахнуў з яго пыл і паставіў перад хлопчыкам.
Вось. Гэта Каліста. Мала чым адрозніваецца ад Еўропы, толькі на ёй менш ільду і больш скалаў. Каліста была німфай. Юпітэр і яе спакусіў. Юпітэр той яшчэ быў шалапутнік! А што?
Багам можна ўсё. Ну што? Спадабалася?
Не. Я хачу Еўропу, сказаў хлопчык.
Які ўпёрты. Нашто яна табе? пацікавіўся прадавец, хаваючы Ганімеда з Іяй пад прылавак.
У мяне там жыве бацька, адказаў хлопчык. І я хачу паляцець да яго. Шкада, што ў вас няма Еўропы.
Ён выцер нос рукавом і выйшаў з астранамічнай крамы.
Сёння ў хлопчыка быў восьмы дзень нараджэння. Восем гадоў хлопчык жыў без бацькі. І калі ён пытаўся ў маці, дзе ягоны тата, жанчына адказвала: «Ён жыве на Еўропе».
Еўропа, адзін з Галілеевых спадарожнікаў Юпітэра, лётала вакол газавага гіганта за шэсцьсот мільёнаў кіламетраў ад Зямлі. Вядома, што пераадолець такую адлегласць для чалавека было няпроста нават на самай хуткай ракеце: за мільёны кіламетраў туды-сюды дужа не налётаешся. Але хлопчык не расстройваўся: ён цвёрда вырашыў, што калі вырасце, сам адправіцца на Еўропу на касмалёце, пастукаецца ў дзверы татавага дома і абдыме свайго бацьку.
За некалькі тыдняў да чарговага дня нараджэння сына маці пачала раз-пораз пытацца ў хлопчыка, які падарунак яму хацелася б атрымаць. Хлопчык маўчаў, яго не цікавілі цацкі, гульні і мульцікі. Нарэшце маці не вытрымала. У святочны дзень раніцай яна ўручыла хлопчыку канверт і сказала:
З днём нараджэння, зайчык. Ты ўжо зусім дарослы, а таму вось табе грошы. Ты можаш пайсці і купіць на іх тое, што захочаш.
І хлопчык накіраваўся ў астранамічную краму ў надзеі, што набудзе глобус Еўропы, прынясе дадому, і маці пакажа яму месца на спадарожніку, дзе стаіць дом яго бацькі.
Цяпер, выйшаўшы з крамы на вуліцу, хлопчык разгубіўся. Ён не ведаў, дзе яшчэ прадаюцца глобусы, і таму стаяў, заціснуўшы грошы ў руцэ, і аглядаўся ў пошуках шыльды або ўказальніка.
Пакуль хлопчык нерашуча перамінаўся з нагі на нагу, на купюры ў яго руках знайшліся іншыя ахвотнікі. Падлеткі, якія трымалі ў страху ўвесь раён, адчулі лёгкую нажыву і пачалі набліжацца да хлопчыка, як драпежнікі ў час палявання.
Калі ў хлопчыка былі адрэзаныя ўсе шляхі да адступлення, камандзір шайкі падлетак па мянушцы Выдзер загасіў недакурак аб падэшву свайго стаптанага чаравіка.
Гэй, ты! сказаў ён.
Я? хлопчык азірнуўся, падумаўшы, што той звяртаецца не да яго.
Ты-ты! кіўнуў Выдзер. Што гэта ў цябе? О-о, грошы! А нашто табе аднаму столькі грошай? Хіба ты не ведаеш, што трэба дзяліцца? Вось паглядзі на Зуба!
Хлопчыку нахабна ўсміхнуўся падлетак, у якога ў роце быў толькі адзін зуб астатнія ён згубіў у бойках.
Зуб тры дні не еў! Ён, увогуле, мала есць, бо яму няёмка. А гэта Лёка ён ужо з тыдзень не піў нічога, акром вады з лужын!
Патлаты Лёка расціраў кулакі.
А гэта Барабайка у яго такія дзіравыя парткі, што бачна ўвесь сорам!
Барабайка павярнуўся да хлопчыка і паказаў яму голы азадак. Падлеткі заржалі.
Ты, чысценькі і сыценькі, давай сюды свае грошыкі, а то я табе валасы выдзеру.
Не дам, сказаў хлопчык і прыціснуў грошы да грудзей.
Што ты сказаў? Вы чулі, што ён сказаў? «Не дам» сказаў! Выдзер зарагатаў, і разам з ім зарагаталі астатнія падлеткі. Аддавай па-добраму, калі хочаш застацца цэлым.
Хлопчык азірнуўся. Міма праходзілі людзі, але ўсе рабілі выгляд, што не адбываецца нічога асаблівага: ніхто не хацеў звязвацца з Выдзерам і ягонай кампашкай. Папрасіць дапамогі не было ў каго.
Лёка працягнуў руку да хлопчыкавых грошай. Хлопчык пачаў адбівацца. Ён укусіў Лёку за палец і падрапаў кіпцямі Барабайкаў голы «сорам», а калі Барабайка ўхапіў хлопчыка папярок тулава, той брыкнуўся ды патрапіў нагой проста ў Зубаву сківіцу. Падлетак сплюнуў апошні зуб і прашапялявіў:
Выдзер, яно дрыгаецца!
Выдзер падышоў да хлопчыка і ўдарыў яго ў жывот. Хлопчык скруціўся ад болю, выпусціўшы з рукі грошы.
Я казаў: аддавай па-добраму, сказаў Выдзер, падняў грошы, падфутболіў нагой зуб, што валяўся на асфальце, і пайшоў у піўную краму. За ім пацягнуліся ягоныя падзельнікі.
Калі падлеткі зніклі, з астранамічнай крамы выбег прадавец. Ён падышоў да хлопчыка, што сядзеў на тратуары.
Хлопчык, ты як? Вось бандзюкі! пагразіў мужчына ў бок нябачнай банды Выдзера.
Хлопчык усхліпнуў.
Табе баліць? спытаўся прадавец.
Не. Ужо не баліць. Ён не моцна ўдарыў.
Тады чаму ты румзаеш? Ты можаш сабой ганарыцца: уся вуліца баіцца Выдзера. Яны мне ўжо тройчы білі вітрыны за тое, што я заступаўся за іх ахвяр. Ты адзіны, хто адважыўся ўвязацца з імі ў бойку. Ты вельмі смелы!
Але хлопчык пачаў церці вочы.
Я не магу, сказаў ён, вярнуцца дадому без грошай і без падарунка. Што я скажу маме?
А што, сёння нейкае свята? пацікавіўся прадавец і сеў побач з хлопчыкам.
У мяне дзень нараджэння, адказаў той і расплакаўся.
Прадавец крыху падумаў, а потым сказаў:
Вось што. Глобуса, які табе трэба, у мяне няма, а грошы проста так я табе не дам. Але ў мяне ёсць ідэя.
Прадавец устаў і пайшоў у сваю краму, а калі вярнуўся, то ў яго руках было вядро. Ён працягнуў вядро хлопчыку.
Трымай. Яно, канешне, не новае, але яшчэ крэпкае. Я табе яго дару. На дзень нараджэння.
Можаш мне паверыць: з любой рэчы, калі яе правільна скарыстаць, можна азалаціцца. Як ты надзенеш гэтае вядро на галаву або сядзеш у яго будзе мала карысці. А калі ты набярэш у яго ваду і вымыеш вітрыны ў маёй краме, я з табой за гэта добра разлічуся. Згодны?
Згодны, усхліпнуў хлопчык і дадаў, падарыце мне, калі ласка, яшчэ якую-небудзь анучку.