Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов 12 стр.


Раптам, зусім нечакана для сябе, карабель захацеў вярнуцца дадому і расказаць усім, як гераічна каманда змагалася і загінула. Ён захацеў зноў стаць у строй, адпомсціць за свой экіпаж і выгадаваць новых герояў.

А кветка, пачуўшы знаёмыя галасы, заплакала.

 Адвязіце мяне да людзей,  папрасіла яна.  Да жывых людзей

Карабель уключыў лакатары, разгарнуў і выпрастаў усе антэны, адкрыў зорныя карты і пачаў сканіраваць прастору. Ён атрымаў загад і шукаў у космасе борт або планету з людзьмі.

І ён знайшоў яе тую самую, што была месцам яго нараджэння.

Карабель змог вызначыць каардынаты свайго знаходжання і зарыентавацца ў прасторы. Ён мог бы сабой ганарыцца, калі б умеў! Цяпер ён ведаў, куды ляцець. І ведаў, навошта.

 Рыхтуюся да гіперскачка,  папярэдзіў карабель.

 І я рыхтуюся,  сказала кветка. Яна разумела, што будзе балюча, але была згодна патрываць, каб толькі хутчэй выбрацца з гэтага бяздоннага, пустога, чорнага космасу. Нумар Пяць затрымала дыханне

Карабель пракалоў прастору і ўвайшоў у населеную зорную сістэму. Яна была такая знаёмая, утульная, абжытая, поўная касмічных станцый і радыёсігналаў! Па адной з арбіт у поясе жыцця лятала планета, у доках якой і быў сабраны карабель. Планета была невялікая, рудая, з белай шапачкай лёду на полюсе прыгожая, як дзяўчынка. На ёй жылі людзі. Але ўсё гэта спадарожнікі, станцыі, сігналы і людзі было, як за шчытом, надзейна схавана за шырокім воблакам астэроідаў і камет.

 Увага! Наперадзе пояс астэроідаў. Паўтараю: наперадзе пояс астэроідаў. Падрыхтавацца да манеўраў!  абвясціў карабель і бясстрашна нырнуў у каламесу каменных абломкаў.

Карабель спяшаўся выканаць загад. Ён лавіраваў паміж камянёў, танцаваў, ухіляўся ад іх вострых краёў. З кветкі абсыпаліся пырскі вады.

Раптам пачуўся глухі ўдар і трэск парванай абшыўкі. З прабоіны на кветку дыхнуў ледзяны Сусвет. Нумар Пяць вохнула ад рэзкага болю.

Карабель выйшаў з пояса астэроідаў.

 Планета па курсе,  абвясціў ён.  Дазвольце перайсці ў дрэйф. Нумар Пяць, чакаю загад.

Кветка маўчала.

 Нумар Пяць, чакаю загад,  паўтарыў карабель.

Нумар Пяць не адгукалася.

 Разгерметызацыя адсека,  абвясціла сістэма бяспекі.

Карабель актывізаваў сістэму распазнавання жыцця. Сістэма паказала адсутнасць жывых арганізмаў на борце: космас, які ўварваўся ў каюту штурмана, ператварыў пеларгонію ў крохкі лёд.

Карабель вельмі хацеў вярнуцца да людзей. Але, апроч сябе, цяпер яму не было каго вяртаць, а вяртацца аднаму было забаронена гэта ганьба для любога салдата.

І карабель аддаў каманду «Самазнішчэнне». Потым яшчэ раз. І яшчэ. І зноў.

Сэрца карабля не ўзрывалася. Астэроід не проста ўскрыў абшыўку ён пашкодзіў сістэму самаліквідацыі, і на борце не было нікога, хто б мог яе наладзіць.

Карабель знайшоў выйсце. Ён яшчэ мог накіравацца да зоркі і згарэць на падлёце да яе, а мог упасці на адну з незаселеных планет або сутыкнуцца з астэроідам, каб ад удару рассыпацца на маленькія кавалачкі. Але карабель вельмі хацеў зноў вярнуцца дадому, на сваю маленькую рудую планету і выбраў для сустрэчы пустынную мясцовасць на яе паверхні, дзе ніколі не жылі людзі.

Міма праляталі спадарожнікі, эфір напаўняўся гукамі, музыкай, галасамі, пазыўнымі пасажырскіх і грузавых караблёў. Карабель набліжаўся да планеты, дзе яго даўно лічылі страчаным назаўсёды. Ён купаўся ў радыёхвалях і зноў, як многа разоў дагэтуль, радаваўся свайму вяртанню, хоць гэтым разам яно і было для яго апошнім.

Карабель увайшоў у атмасферу планеты. Яму стала цёпла ці тое ад таго, што ён вярнуўся дадому, ці таму, што супраціўленне паветра раскаляла яго абшыўку ён не ведаў. Ён ужо быў гатовы сустрэцца з зямлёй і з гонарам прыняць смерць, але раптам сістэма бяспекі залямантавала:

 Прама па курсе чалавек! Прама па курсе чалавек!

Далёка ўнізе, на самым дне атмасфернага акіяна, у той кропцы, куды падаў карабель, знаходзіўся чалавек.

Карабель пачаў тармажэнне і спыніўся ў некалькіх метрах ад паверхні планеты проста над чалавекам. Гэта была маленькая дзяўчынка. Яна збірала кветкі сярод вялікага зялёнага поля. Карабель завіс над ёй, як гіганцкая залатапёрая птушка.

Дзяўчынка падняла галаву і шырока раскрыла вочы:

 Ого! Я падумала, што гэта воблака закрыла мне сонейка, а гэта зусім не воблака! Хто ты?

 Борт В-114, ваенны знішчальнік-перахватчык, пазыўны «Маладзік»,  прадставіўся карабель.

 Борт В-114, ваенны знішчальнік-перахватчык, пазыўны «Маладзік»,  прадставіўся карабель.

 Нічога сабе! Той самы «Маладзік»? Ты не маніш?

Ад карабля патыхала гарачынёй, ён хоць і быў крыху пакамечаны ды з дзвюма прабоінамі па баках, але выглядаў вельмі салідна.

Дзяўчынка пералічыла зорачкі на борце карабля:

 Сорак!

 Трэба дадаць яшчэ тры,  заўважыў карабель.

Дзяўчынка пляснула ў ладкі:

 Ты ж увесь пабіты! Паглядзела б я на пілота, які вырабляў з табой такія штукі!

 Экіпаж загінуў, паведаміў карабель.

 Ты вярнуўся дадому адзін?  дзяўчынка вельмі здзівілася.  Які ты смелы! Я б, напэўна, вельмі разгубілася і доўга плакала, і не знайшла б дарогу сама! Я і тут, бывае, блукаю. Мы нядаўна пераехалі. Раней тут была пустыня, а цяпер зялёная зона! Суседзяў у нас пакуль вельмі мала Слухай, а ты можаш пакатаць мяне? Я ніколі не бывала там, высока-высока, дзе заўсёды ноч!

Карабель бясшумна апусціўся ў траву і паслухмяна адкрыў люкі. Дзяўчынка выратавала яго ад смерці. Цяпер яна была новым камандзірам борта.

 А што ты ўмееш рабіць?  спыталася маленькая камандзірша, калі заняла месца на мосціку.

 Страляць!  адказаў карабель.

 Не трэба страляць! Давай лепш давай будзем спяваць? Я ведаю песню пра цябе! Я цябе навучу!

Карабель плыў над сваёй планетай. Зверху зіхацелі зоркі, унізе серабрыліся воблакі, а ў капітанскім крэсле сядзела дзяўчынка і спявала:

Маладзік па небе ходзіць,
Зоркі за сабою водзіць,
Хто схавацца не паспеў,
Той, як зорачка, згарэў!

Зашыпелі дынамікі. З іх данеслася:

 «Маладзік», гэта вы? Неверагодна! «Маладзік», як чуеце? Прыём!

І маленькая камандзірша адказала:

 Я «Маладзік»! Чую вас добра! Я вярнуўся!

Дзіця зямлі

 Любы я хачу нарадзіць табе дзіця!  сказала Леда і пагладзіла Ікара па крыле.

Раніцай муж і жонка накіраваліся ў Цэнтр генетычных паслуг. «Замак Жыцця» значылася на ўказальніку. Вялікі белы будынак без акон, стэрыльны знутры і звонку, пакрыты сонечнымі антэнамі, як луской, быў больш падобны да месца, дзе жыццё знаходзіць свой апошні прытулак але ніяк не да месца, дзе яно можа зараджацца. Вакол Цэнтра пахла навальніцай: будынак быў заключаны ў ахоўны купал, па паверхні якога, сінтэзіруючы азон, бегалі кароткія ружовыя маланкі.

Ікар склаў крылы за спінай і прыкрыў іх плашчом, каб не абпаліць пер е аб наэлектрызаваны купал. Леда зрабіла крок пад азон. На яе доўгіх, цяжкіх валасах зазіхацелі, як святочныя гірлянды, нізкі іскраў. Леда правяла рукой па галаве, іскры ссыпаліся на мармуровыя прыступкі, разбіліся аб іх і зніклі.

Уваход у будынак перакрывалі цяжкія металічныя дзверы. Некалькі тысяч рыцараў у булатных даспехах не змаглі б узяць гэтыя дзверы «на таран»: «Замак Жыцця» надзейна аберагаў свае сакрэты. «Жыццю тут няма ні выхаду, ні ўвахода»,  падумала Леда, але раптам мнагатонныя створкі мякка разехаліся ўбакі, запрашаючы новых гасцей завітаць унутр.

Леда ўзяла Ікара за руку. Калі яна трымала любага за руку, то рабілася абсалютна ўпэўненай у тым, што ўсё будзе добра.

Некалькі хвілін на рэсэпшане з ветлівай адміністратаркай: зверка пластыкавых «дакументаў здароўя» з дзяржаўнай базай, абавязковае кампютарнае анкетаванне і Леда з Ікарам атрымалі першы, кансультацыйны пропуск да спецыяліста па генетычнай селекцыі.

Генетычная селекцыя і мадыфікацыя былі абсалютнай неабходнасцю для нармальнага існавання і развіцця цывілізацыі.

Насельніцтва планеты падзялялася на Дзяцей Неба і Дзяцей Мора. Дзеці Неба нараджаліся з птушынымі крыламі і ў дзень паўналецця у пятнаццаць гадоў атрымлівалі «Пасведчанне арнітара» і афіцыйны дазвол на самастойныя палёты.

Дзеці Мора людзі-амфібіі пры нараджэнні мелі і лёгкія, і жабры, таму маглі доўгі час знаходзіца пад вадой, іншым разам да тыдня.

Маладыя пары самі маглі выбіраць, якім народзіцца іх дзіця. Для гэтага паўсюдна ствараліся Цэнтры генетычных паслуг, дзе за адносна невялікія грошы спецыялісты праводзілі маніпуляцыі з ДНК і працэдуры па штучным апладатварэнні жанчын. Кожная храмасома некалькі разоў правяралася, каб выключыць нежаданыя генетычныя збоі. З гэтай жа нагоды жанчынам забаранялася нараджаць дзяцей, зачатых натуральным шляхам: шлюбы паміж Дзецьмі Неба і Дзецьмі Мора здараліся даволі часта, бескантрольнае размнажэнне магло прывесці да распаўсюджвання ўстойлівых мутацый і поўнага вынішчэння чалавека як віду.

Назад Дальше