Самі генетыкі, з нагоды іх асаблівага статусу ў грамадстве, атрымалі права ствараць сабе нашчадкаў, якія нічым не адрозніваліся ад звычайных людзей, акрамя шасціпаласці. Іх дзеці пераймалі прафесію бацькоў і самі станавіліся генетыкамі тэарэтыкамі або практыкамі.
Існаваў яшчэ трэці, самы вузкі, клас насельніцтва Эліта, або Дзеці Зямлі. Манархі і тыя, у кім цякла кроў каралеўскіх дынастый, мелі прывілеяванае права нараджаць дзяцей без генетычных мутацый. Дакладней, гэта было не права, а жорсткі абавязак, прапісаны ў законах: Эліта павінна была зберагаць прыродную чысціню чалавечага віду. Дзеці Зямлі не мелі ніякай перавагі перад арнітарамі і амфібіямі ні абёмістых лёгкіх, ні шырокіх плячэй, ні загарэлай скуры, ні звышвытрымкі. Там, дзе не хапае фізічнай сілы, на дапамогу прыходзіць інтэлект. Менавіта Дзеці Зямлі рухалі прагрэс наперад, вынаходзячы новыя тэхналогіі для абслугоўвання сваіх слабых целаў.
Леда не была мутантам. Яна з явілася на свет у сям і герцага. Яшчэ да нараджэння дзяўчынцы прызначылі будучага мужа.
З самага дзяцінства Леду акружалі Дзеці Зямлі і людзі-амфібіі: Эліта, прымаючы ў свае дамы прыслугу, аддавала перавагу Дзецям Мора, таму што тыя не маглі паднімацца ў паветра. Шляхціцы не любілі, калі нехта знаходзіўся вышэй за іхнія светласці.
Леда жыла на сотым паверсе герцагскага радавога палаца. Дзяўчынку вучылі матэматыцы, мовам, сальфеджыа, геаграфіі, астралогіі і «прыемным адносінам» мастацтву віртуознай ліслівасці і хлусні, якой прадстаўнікі Эліты павінны былі валодаць у дасканаласці. Леда не ўмела маніць, таму, як ні стараліся яе гувернёры, «прыемныя адносіны» дзяўчынцы не даваліся. Дачка Зямлі ўпарта пазбягала свецкіх раўтаў ды іншых чапурных элітарных забаў, на якіх жанчыны ацэньваліся па кошце надзетых упрыгажэнняў, велічыні маёмасці сваіх бацькоў і колькасці навуковых адкрыццяў, зробленых іх мужамі.
У Леды было ўсё, аб чым толькі можа марыць дзяўчынка: лепшыя кнігі і лялькі, стылісты і вадзіцель, і нават сапраўдны комін, у якім восеньскімі і зімовымі вечарамі служкі разводзілі агонь. Каляднай ноччу праз комін спускаўся Санта Клаус з падарункамі ў вялікім мяху. Так, у Леды было ўсё акрамя свабоды. Строга рэгламентаванае, абмежаванае этыкетам і нормамі, запісанымі ў трохтомным «Кодэксе паводзін Дачкі Зямлі», элітарнае існаванне не дазваляла сюрпрызаў, вольнасцей і самадзейнасці. Яна не магла сама вырашаць: ні ў што апрануцца, ні чым павячэраць, ні з кім сябраваць, ні куды накіравацца. Кожны крок, жэст і слова «працавалі» на рэпутацыю, і нават рэзкія рухі былі для дзяўчынкі недапушчальнымі. Ледзе катэгарычна забаранялася займацца спортам: яе лона бераглі для выношвання каралеўскага нашчадка.
Па начах Леда глядзела на зоркі і шкадавала, што ў яе няма крылаў. Яна хацела зляцець прэч з палаца, з гэтай сваёй пажыццёвай дыяментавай турмы. Праўда, у турмах хаця б жылі пацукі, а ў госці да Леды не заляталі нават камары: так высока ад зямлі знаходзіліся яе вокны. І нават вокны Леда не магла адкрываць самастойна: гэта рабіла служка-амфібія ў той час, калі юная герцагіня адсутнічала.
Ікар працаваў мыйшчыкам акон. Яму было васямнаццаць.
Той ноччу ён падняўся ў паветра, каб вымыць вокны ў пакоях сямнаццацігадовай герцагіні. Леда не спала: яна, як звычайна, глядзела на зоркі. Калі арнітар прысеў на падваконне, Леда падумала, што ён спусціўся з Месяца. Упершыню яна сама адчыніла акно і ўпусціла ў пакой зорны вецер, Ікара і каханне.
Ікар расказаў Ледзе пра вятры, аб якія ламаюцца крылы птушак, пра паўночнае ззянне, якое можна лашчыць пальцамі, і вільготныя воблакі, што пакорліва расступаюцца перад Дзецьмі Неба, калі тыя ўздымаюцца ў стратасферу, каб першымі сустрэць узыход сонца. Леда слухала маладога арнітара і думала, што яна нічога не ведае аб шчасці. Калі Ікар дакрануўся да рукі Дачкі Зямлі, яна адчула ў сабе сэрца.
Наступнай ноччу Леда таксама адчыніла акно. Ікар асцярожна абхапіў Леду за стан, і яна зрабіла крок у паветра. Пругкая вышыня паслухмяна разаслалася перад ёй, і гэта было зусім не тое, што глухнуць ад шуму ў верталётах або трэсціся ў зонах турбулентнасці на авіялайнерах. У Леды перахапіла дыханне ад захаплення. Цяпер яна чакала начэй як выратавання ад адзіноты.
Леда з Ікарам лёталі нядоўга. Служка знайшла на падушцы маладой гаспадыні пяро. Пяро было прадстаўлена герцагу.
Вышэйшае распараджэнне наступнічала адразу ж. Ахове было загадана «спаймаць лятучага мярзотніка і ўпячы ў турму, а калі будзе рыпацца абрэзаць крылы». На вокнах Леды зявіліся чугунныя рашоткі, а каля дзвярэй сямёра мускулістых ахоўнікаў.
Вышэйшае распараджэнне наступнічала адразу ж. Ахове было загадана «спаймаць лятучага мярзотніка і ўпячы ў турму, а калі будзе рыпацца абрэзаць крылы». На вокнах Леды зявіліся чугунныя рашоткі, а каля дзвярэй сямёра мускулістых ахоўнікаў.
Ніякая рашотка не ўтрымае каханне, калі яно вялікае, як неба, і крылатае, як вецер. Леда з Ікарам вылецелі праз комін. Ахоўнікі расцягнулі над імі вялікую сетку, але Ікар прарваў яе крыламі. Герцагу і герцагіні прад явілі яе рэшткі.
Гэта вы не ўпільнавалі сваю дачку! сказаў герцаг жонцы.
Ваша светласць мы з вамі не ведаем, што такое каханне! мякка адказала герцагіня.
Затое мы добра ведаем, што такое пагарда Свету. Знайдзіце яе, загадаў герцаг і скончыў размову.
Герцагіня распачала пошукі. Яна адпраўляла лепшых агентаў у неба і ў мора, у вялікія гарады, дзе так лёгка растварыцца ў натоўпе, і ў маленькія селішчы, дзе чалавек хутка робіцца часткай пейзажу. Уцекачоў шукалі на зямлі і пад зямлёй, але пошукі так нічога і не далі. Праз год герцагіня апусціла рукі і паведаміла герцагу, што праследаванне дачкі абыходзіцца сям і вельмі дорага.
Прыніжаны герцаг загадаў спыніць пошукі, забараніў узгадваць імя дачкі, пазбавіў яе спадчыны і выкрэсліў з сэрца.
Калі Ікар прынёс Ледзе газету з гэтай навіной, ніводзін мускул не напружыўся на яе твары. Яна высцеліла газетай дно чамадана, а зверху акуратна склала іх небагатае дабро. Назаўтра яны спусціліся па схіле непрыступнай гары назад да людзей, а праз тыдзень павянчаліся. На Ледзе былі паркалёвая сукенка, мяккі, як воблака, вэлюм і вянок з эдэльвейсаў.
Спецыяліст па генетычнай селекцыі прапанаваў Ледзе з Ікарам сесці. Вялікі, у два чалавечыя росты, экран уключыўся пасярод белай сцяны. Гэта быў не дарагі сучасны шык, а неад'емная частка кансультацыйнага працэсу. Ні адна дзелавая размова, ніводная прэзентацыя цяпер не маглі абысціся без экрана: у людзей, прывучаных да таго, каб разглядаць малюнкі, амаль поўнасцю атрафіравалася фантазія. Хіба што адзінкі маглі ўспрымаць інфармацыю «на слых», а надрукаваныя тэксты, і ўвогуле, маглі асіліць толькі прадстаўнікі Эліты, таму што амфібіі і арнітары даўно згубілі здольнасць да такой сур'ёзнай канцэнтрацыі ўвагі.
Генетык не стаў гартаць паперы, якія Ікар і Леда прынеслі з сабой з рэсэпшана. Ён абапёрся локцямі аб закрытую папку і спытаў у Леды:
Наколькі я разумею, вы прыйшлі па дзіця?
Леда кіўнула.
Колькі вы хочаце адно, два? Тры?
Адно, адказала Леда. Пакуль што адно.
Жадаеце хлопчыка або дзяўчынку?
Першынец павінен быць хлопчыкам, сказала Леда; так было запісана ў «Кодэксе паводзін Дачкі Зямлі».
Ваш партнёр арнітар. Можа, будзе разумна, калі ў вас народзіцца Дзіця Неба? Вы зможаце выбраць яму любыя крылы: арліныя, сакаліныя, грыфавыя! Генетык націснуў кнопку на пульце, і на экране замільгалі малюнкі. Глядзіце: тысячы варыянтаў, любыя колеры, любая форма!
Ён будзе імклівым, як сонечны прамень, і лёгкім, як кашміравы ветразь! А яшчэ ён будзе дыхаць крыштальна чыстым паветрам і гэта, можаце мне паверыць, самы вялікі падарунак, які вы можаце зрабіць свайму будучаму сыну.
Генетык зірнуў на Леду. Леда не сачыла за выявамі на экране. Яна думала. Так, у Дзяцей Неба была відавочная перавага перад Дзецьмі Мора: яны маглі дыхаць чыстым паветрам. На вышынях, куды яны даляталі, не было цяжкіх металаў, пылу і шкодных бактэрый. Найбольш прадпрымальныя арнітары гандлявалі паветрам з розных слаёў атмасферы, і гэта быў добры бізнес: чыстае паветра патрабавалася ў шпіталях, на шкодных вытворчасцях, пры падводных і падлёдных экспедыцыях, а разрэджанае стратасфернае паветра злёту раскупалася амфібіямі-спартсменамі яны выкарыстоўвалі яго для трэніровак. Эліта некалькі разоў спрабавала зрабіць атмасферу дзяржаўнай маёмасцю, але было проста немагчыма ўсачыць за кожным арнітарам, які ўзнімаецца ў стратасферу з пустым балонам. Таму, у абмен на магчымасць вольна гандляваць паветрам, для Дзяцей Неба быў уведзены строгі абавязак. Кожны арнітар быў павінен раз на год прымаць удзел у работах па аднаўленні азонавага слоя і падтрымцы ў працоўным стане электрамагнітных шчытоў, што ўберагалі планету ад удараў метэарытаў. Там крылатых людзей чакала сурёзная небяспека сонечная радыяцыя. Дзеці Неба рэдка дажывалі да сарака гадоў. Большасць з іх гінула ад прамянёвай хваробы. Леда гэта ведала.
Дачка Зямлі паглядзела на Ікара. Ён добра ведаў, з чым іх сыну давядзецца сутыкнуцца, нарадзіся той крылатым.