Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов 4 стр.


 Усё, мне трэба ісці, пакуль,  ледзь выціскаю з сябе.

Яна мяне адпускае, я амаль ужо выходжу за дзверы банка і чую: так адчайна малая крычыць мне ўслед:

 Пака-а-а!

Паварочваюся: стаіць, махае сваімі маленькімі вясёлкавымі ручкамі і пасылае мне паветраны пацалунак.

Я ішла па вуліцы, усміхалася і думала: вось цуд, бывае ж такое! Тады да мяне прыйшло ўсведамленне, што няма на свеце нічога больш важнага за ўвагу дзіцяці. Больш шчырага дакладна няма. І я ўспомніла сябе.

Калі мне было дзевяць гадоў, я адзіны раз у сваім жыцці пабывала за мяжою. У мяне бабуля працавала ў школьнай сталоўцы, і ў гэтую школу кожны год раней прыязджалі ірландцы з нейкай місіяй кшталту «Дапамага дзецям Чарнобыля», прывозілі гуманітарку і розныя карысныя рэчы. Гэтыя ірландцы па нейкай дамове бралі беларускіх дзяцей да сябе на аздараўленне. І мая бабуля, я не ведаю, чаго ёй гэта каштавала, дамовілася, каб мяне (а навучалася я ў іншай школе) узялі ў гэтую групу. Так я на 24 дні апынулася ў Ірландыі. Дзевяцігадовае саплівае дзяўчо ўпершыню ляцела ў самалёце ды ўбачыла свет, называецца. Найбольш яскравы ўспамін адтуль гэта зялёныя-зялёныя палі. У іх там усё зялёнае.

Я трапіла ў вельмі заможную сям ю. У іх быў свой вялізны дом на тры паверхі. Спачатку гэта падавалася мне дзівам, нейкай казкай, аб якой я і марыць не магла. Так атрымалася яшчэ, што я трапіла туды са сваёй аднакласніцай, у якой таксама былі нейкія сувязі. Мы жылі з ёй у адным пакоі.

Нас апраналі аднолькава. Гэта было першае, што зрабілі нашы гаспадары: цалкам памянялі нам гардэроб. Кармілі кожны дзень нас толькі ў «МакДональдсе». Гаспадыня ніколі не гатавала нічога дома, акрамя тостаў, і тое гэта былі рэдкія выпадкі. Я дагэтуль памятаю стандартнае меню: «картошка-фры», «чыкен макнагетс» (як іх зараз называюць) і кола. Гэтых рэчаў я не ела, напэўна, гадоў дванаццаць пасля Ірландыі, калі не болей. Паспрабавала я іх зноў адносна нядаўна, і гэта былі неперадаваемыя пачуцці: той самы смак з далёкага казачнага дзяцінства.

Я часам была драпежная, таму што мне вельмі не падабаўся сын гаспадароў, ён быў тоўсты такі, руды і падобны да свінні. І я яго часта біла, а ён да мяне заляцаўся і, калі я яго крыўдзіла, скардзіўся гаспадыні. Я не разумела ні слова з іх гаворкі, бо не ведала мовы. Мы размаўлялі часцей за ўсё пры дапамозе жэстаў, але я разумела, што мне «ну-ну-ну» выгаворваюць.

У гэтай сям і была шматгадовая традыцыя коннага спорту. Гаспадары трымалі сваю ферму і некалькі коней. Мне нават давялося тады адзіны раз у жыцці пакатацца на кані. У доме было шмат усялякіх кубкаў, медалёў напэўна, дзякуючы гэтаму яны і сталі такімі заможнымі.

Грошы ў іх, асабліва дробныя манеты, валяліся паўсюль, па ўсім доме. Мне вельмі падабалася іх збіраць і прыносіць гаспадыні. Рабіла я гэта не таму, што было цікава лазіць паўсюль, а таму, што, мажліва, мне ўвагі не хапала. Я збірала манеткі, гаспадыня мяне хваліла, і я адчувала сябе патрэбнай.

З часам атрымалася так, што я пазбірала ўсе грошы, якія толькі валяліся ў доме. На нашым паверсе знаходзіўся пакой старэйшага сына, які там не жыў, быў, можа, дзесьці ў іншым горадзе, але пакой яго заставаўся, і нам з маёй аднакласніцай заўсёды было цікава там важдацца. Мы знайшлі ноўтбук, толькі так яго і не ўключылі, бо не ведалі як. Упершыню ў жыцці мы пабачылі тады ноўтбук. У нас жа яшчэ такога не было, што камп'ютары сустракаюцца на кожным кроку.

Неяк у адным пакоі мы натрапілі на цэлы слоік з манетамі. Прынеслі яго ў свой пакой, раскідалі тыя манеты па падлозе і сталі лічыць. І не тое, каб мы хацелі сабе іх забраць. Я пазбірала манеты па ўсіх магчымых закутках, хваліць ужо не было за што, а мне хацелася гэтага, хацелася, каб мяне заўважалі. Я ўявіла сабе, як жа абрадуецца гаспадыня, калі я ёй цэлы слоік прыцягну гэтых манет!

І вось у той самы момант, калі мы разглядалі грошы на падлозе, у пакой зайшла гаспадыня. Я не знайшла нічога лепшага, як легчы спінаю на гэтыя манеты. Але было позна: гаспадыня ўжо заўважыла іх. Яна ўсё спрабавала мяне падняць, а я не паднімалася, плакала, прасіла адпусціць. Прычым аднакласніца адразу «саскочыла»: яна тут ні пры чым, быццам нічога не ведае. А гаспадыня вырашыла, што я гэтыя грошы хацела ўкрасці.

Яна расказвала ўсім сваім сябрам, хто бачыў нас і хто не бачыў, пра тое, што яны запрасілі да сябе з Беларусі, так бы мовіць, злачынцу. Прычым гэтыя размовы часта адбываліся пры мне, я сядзела і назірала за тым, як незнаёмыя людзі пазіраюць, тыкаюць у мяне пальцамі, нешта кажуць на незразумелай мне мове.

Яна расказвала ўсім сваім сябрам, хто бачыў нас і хто не бачыў, пра тое, што яны запрасілі да сябе з Беларусі, так бы мовіць, злачынцу. Прычым гэтыя размовы часта адбываліся пры мне, я сядзела і назірала за тым, як незнаёмыя людзі пазіраюць, тыкаюць у мяне пальцамі, нешта кажуць на незразумелай мне мове.

На наступны год мяне не запрасілі. Запрасілі маю аднакласніцу, а мяне не. І я ні тады, ні пасля не магла патлумачыць, што я не злачынца, таму што не разумела, што гэта няпраўда. Дарослыя сказалі, значыць, так яно і ёсць. Мне было сорамна і крыўдна адначасова настолькі, што я доўгія гады насіла гэты сорам у сабе, баючыся каму-небудзь сказаць.

Яшчэ я памятаю, што, як і ўсе іншыя рэчы, нам аднойчы купілі аднолькавыя плэеры, а гаспадыня запісала спецыяльна дзеля нас аднолькавыя песні Брытні Спірс. І я гэты плэер па неасцярожнасці згубіла ў нейкім парку атракцыёнаў пасля здарэння з манетамі. Памятаю, як я тады плакала, бо было страшна і крыўдна, з мяне смяялася аднакласніца, а гаспадыні было ўсё роўна. Новы плэер купляць мне яна не стала. Дзевяцігадовых злачынцаў не шкада.

У апошні вечар перад вылетам у Беларусь, калі я збірала рэчы, да мяне прыйшоў сябар сямі гаспадароў вельмі добры дзядзька, які мне падабаўся. Звалі яго Майкл. Спачатку ён дапамог мне закрыць мае сумкі, цэлыя тры штукі, цалкам забітых адзеннем. Я везла рэчы ўсім: і маме, якая суткамі прападала на працы, і бацьку, якога не бачыла з паўгода пасля чарговага скандалу, і малому брату яго бацька забраў з сабою, калі сыходзіў з хаты. Сябе, канешне, не абдзяліла таксама.

А потым Майкл дастаў з-за спіны плэер. Ён купіў новы, ад сябе. Як зараз памятаю, чорны з моднымі навушкамі нашмат круцейшы, чым той, што я згубіла. Зайздрасці маёй аднакласніцы не было мяжы. А я была такая шчаслівая! Зараз ужо не памятаю, ні як звалі гаспадыню, ні яе сына, з цяжкасцю ўспомніла гаспадара, але Майкл ледзь не адзіны мужчына ва ўсім маім свядомым жыцці, якога я ўспамінаю з пяшчотай.

Чалавечая памяць даволі пераборлівая на ўспаміны. Мне хацелася б памятаць добрае, але яно заўжды хаваецца пад пластамі пылу і бруду. У вачах незнаёмага дзіцяці я ўбачыла тое, што ніколі больш не вернецца да мяне самой: сваю наіўнасць, казачныя мары, жаданне сапраўднага, цёплага, светлага. А галоўнае у гэтых вачах я ўбачыла веру. Веру ў дарослага адзінага бога для гэтых маленькіх цудаў. Мне хацелася б застацца добрым успамінам у памяці маёй маленькай незнаёмкі але ці здольныя мы ісці супраць жыцця?

Дождж з прысмакам кавы

Тыдзень таму мне пазваніў былы шэф і запрасіў папрацаваць на вакацыях. Праз дзве з паловай гадзіны цягнік прывязе мяне ў мясціны майго дзяцінства.

Я цудоўна памятаю, з якім жаданнем і ўпартасцю ў апошнім класе шукала працу летам. Не столькі спакушала магчымасць зарабіць грошай, колькі мяне вымушала рабіць гэта патрэба ні ад каго не залежаць. Пошукі мае цягнуліся доўга, таму што пачаліся занадта позна для сезона. Каб незнаёмыя, якія замовілі за мяне слова перад будучым шэфам, зараз я наўрад ці вярнулася б сюды.

Першае ў маім жыцці працоўнае лета запомнілася мне вельмі добра. Чамусьці менавіта яно найбольш яскрава бачыцца мне зараз. Я прадавала людзям успаміны, як мне казалі, марозіва «як у Савецкім Саюзе». Рабіла я яго сама: даводзілася па тры-чатыры разы на дзень бегаць у кафэ гатаваць сумесь, бо народ разбіраў ражкі з пламбірам так, што я ледзь паспявала рабіць новыя порцыі. Гандляваць летам пламбірам рэч не вельмі бяспечная з боку розных там санстанцый, і бывала ўсялякае, але мой шэф мяне цаніў, бо толькі я магла знайсці «агульную мову» з маразільным апаратам, які ніяк не жадаў нармальна працаваць і вельмі часта ламаўся, таму што быў перакуплены ў кагосьці з рук. У такія моманты я малілася ўсім багам, каб толькі не прыехала якая-небудзь чарговая праверка.

Майго шэфа ў горадзе не любілі. Не сказаць, каб ён быў дрэнным. Наадварот, як па мне, дык ён добры кіраўнік, дый як чалавек не благі. Уся справа ў тым, што гарадок наш маленькі, усе адзін аднаго ведаюць з падгузнікаў. Таму многім вельмі коле вочы, калі хтосьці, каго бачылі яшчэ нядаўна ў калысцы са сліняўчыкам, раптам прыязджае на бялюткай «Аўдзі Кю 8» і кіруе «парадам» намётаў з марозівам, цукровай ватай і ўсялякай рознай драбязой, на якіх, дарэчы, і зарабіў сабе гэтую самую «Аўдзі». Сам. І на кожны такі «парад» намётаў у якое-небудзь свята ён абавязкова ўласна працуе ў адным з іх. Ад званка да званка. Вось таму, нягледзячы на такую напружаную і часам проста ідыёцкую працу, якая з'ядае ўсе нервы, я з задавальненнем пагаджаюся, калі ён мяне запрашае.

Назад Дальше