Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Іванаўна Рублеўская 7 стр.


 Ведаеце, гэта, напэўна, цікава, але я не захапляюся ролевымі гульнямі.

 Позна,  твар Вячкі перакрывіўся не самай лагоднай усмешкай.  Ты ўжо ў гульні. Думаеш, я да цябе выпадкова прыйшоў?

Побач ізноў прагуў-праляскаў ліфт. Вячка адкрыў рукапіс на пачатку і зачытаў спалатнелай Асі ўрывак:

 «Яна моўчкі глядзела на твар намаляванай дзяўчыны, і ёй здавалася, што яна глядзіць на самую сябе. Можа, нехта са знаёмых па студэнцкім юнацтве мастакоў намаляваў яе па памяці ў старажытным строі? Але выратавальную думку адпрэчыла шыльдачка пад партрэтам: «Графіня К., ХІХ стагоддзе, мастак невядомы». Гэты высокі белы лоб, расчасаныя на прабор гладкія, як шоўк, валасы, вялікія цёмныя вочы Незвычайны для нашага часу выраз рахманасці і чысціні. А яшчэ яна адчула, што шалёна ненавідзіць намаляваную дзяўчыну і не разумее, чаму»

 Выходзіць, вы пісалі пра мяне?  прагаварыла Ася. Вячка раздражнёна ссунуў бровы, як настаўнік над вучнем, што ніяк не можа скласці два і два.

 Я пісаў раман. Я ўсё гэта ўявіў на архіўных матэрыялах пра род Корб-Варановічаў. Напачатку дзеянне адбывалася толькі ў першай палове дваццатага стагоддзя. А тады я зразумеў, што яно павінна працягнуцца ў сучаснасць. І ў рэальнасць Мусіць жа быць кропка сыходу, з якой усё пачнецца? І вось учора ўвечары мастак Андрусь Камароўскі, сябра мой, распавёў, што на прэзентацыі бачыў партрэт, страшэнна падобны да адной дзяўчыны, да якой калісьці прабач, ён назваў гэта «клеіўся». І дзяўчына, трэба ж, робіць у будынку, дзе і галерэя. Шкада, не прыйшла. Цікава было б пабачыць яе каля партрэта. Бо на прэзентацыі, хто з «Сокала-прынта» быў, усе гэта абмяркоўвалі ці сваячка Ася Вяжэвіч графам Корб-Варановічам І я зразумеў гэтак жа ясна, як поўху гэта і ёсць мой шанец Ты.

Светла-зялёныя вочы Вячкі гарэлі драпежным энтузіязмам, і ён яшчэ больш, чым заўсёды, нагадваў Асі ваўка у якога ніколі не будзе сваёй зграі.

 А што там далей, у кнізе?  асцярожна папыталася Ася. Вячка адвёў позірк.

 Думаю, лепей, калі ты не будзеш пра гэта ведаць. Я пачну раскрываць сюжэт паступова.

 І наручнікі там маюцца?  не стрымалася Арсенія, каб не выплюхнуць даўнюю крыўду.

 А што, ты супраць?  раздражнёна прагаварыў Вячка.  Твая сяброўка дык не супраць была. Ведаеш,  стваральнік фэнтэзі глядзеў некуды ўбок,  я табе доўга дараваць гэтага не мог цяпер можна сказаць, калі ўсё забылася. Я ж успрыняў напачатку наша знаёмства надта сурёзна. А як пабачыў, што ты прывяла гэтую дурную журналістачку, ды на мяне нацкавала, а сама побач стаяла і пасміхалася Ну, зразумеў, якога дурня зваляў. Цяпер усё, не бойся. Ніякай эротыкі. Ну, што табе губляць? Такое ўжо цікавае жыццё ў цябе?

Ася захінула твар рукамі. Варяцтва. А яшчэ ўсведамленне, што два гады таму ўсё магло атрымацца Калі б не гэтая Волька Калі б Ася насмелілася сама загаварыць з вялікім і жахлівым Вячкам, які, аказваецца, зусім не такі ўпэўнены ў сваёй пераможнасці, здольны збянтэжыцца і пакрыўдзіцца Каб яна выявіла сваю зацікаўленасць ну хоць на пялёстак незабудкі

Позна.

 Я не ваша гераіня. У мяне не цёмныя, а попельныя валасы. У мяне праца.

Скрыніч пераможна ўсміхнуўся.

 Валасы пафарбуем. Імя зменім. З працы звольнімся  І, пабачыўшы жах суразмоўцы, паспешліва дадаў: Ды жартую я, жартую Гэта ўсё насамрэч не мае значэння. Дэталі, антураж Галоўнае сэнс Мэсэдж.  І прагаварыў ціха і сурёзна, узважыўшы рукапіс у руках.  Гэта лепшы мой раман. І ён дужа цікавы. І апошні. Павер, ты не пашкадуеш. Ну, Аліса, ты гатовая сягнуць у Залюстрэчча?

Вячка ўстаў урачыста, як камандзір атрада перад бітвай. Ася таксама павольна паднялася галава кружылася Праца тэчкі кабінет пазыка кватэра туга-туга-туга І прамовіла, страсаючы з сябе рэшткі былога жыцця:

 Я згодная.

Раздзел 3. Паляванне на дацэнта

 Ганьба! Ганьба! Далоў!  Алесь на чале студэнтаў літаратурнага аддзялення педфака ўварваўся ў аўдыторыю. Нянавісць пульсавала ў скронях, змушала голас зрывацца Пыльнае святло працэджвалася скрозь шыбы і заставалася ляжаць на паркетнай падлозе ромбамі, падзеленымі цёмнымі крыжамі, якраз месца для ахвяры

Той, хто быў прычынай нянавісці, стаяў на ўзвышэнні ля новенькай, лакаванай кафедры, якую не паспелі шчэ абцерхаць тэчкі з дакладамі выкладчыкаў. Вось такіх, як гэты, панскае адроддзе, Апанас Іванавіч Корб-Варановіч. Інтэлігентнага выгляду, высокі, плячысты, гадоў пад сорак. Цёмныя вусікі, акуратная кароткая прычоска, шэры касцюмчык з гальштукам Выпісаны з Ленінграда дацэнт. А як відаць, у прафесары цэліць. Нават цяпер, твар у твар з разюшаным натоўпам,  паважны, фанабэрысты Ні свярбіць, ні баліць. Халодны пагляд шэрых вачэй з чорнымі вейкамі з-за круглых шкельцаў акуляраў, і так і ўяўляецца над высокім упартым ілбом лаўровы вянок.

 Мы адмаўляемся здаваць вам залік!

З-за спіны Алеся азваўся дружны хор ухвалы.

 Мы не будзем слухаць лекцыі чарнасоценца і шавініста! Студэнты загарлалі, пад столь аўдыторыі пачалі ўзлятаць сшыткі, губляючы лісты, нібыта нехта хацеў ажывіць мёртвых птушак.

 І чаго вы дабіваецеся, Вяжэвіч?  дацэнт стараўся гаварыць дастаткова гучна, каб яго было чуваць, але не зрывацца на ганебны крык.  Гэта дэмагогія! Вам проста лянота вучыць славянскія мовы

 Мы хочам вучыцца!  Алесь аж віраваў ад нянавісці, здавалася, яна, як вецер, кудлачыць ягоныя валасы.  Але не ў вас! Вы чужы! Прыехалі з Расіі, беларускай мовы не ведаеце

 Не вам дзяліць на чужых і сваіх!  холадна сказаў Корб-Варановіч.  Калі вам не вядома, я родам з Беларусі, як і ўсе мае продкі. Беларуская мова мая родная мова, і я яе люблю не менш за вас. Так, люблю!  дацэнт павысіў голас, каб заглушыць насмешны гуд.  Не мая віна, што я нарадзіўся, калі не было беларускага ўніверсітэта, і змушаны быў вучыцца ў Санкт-Пецярбургу і пісаць свае працы на расейскай.

 Вось і пішыце пра расейскую! Няма чаго прывязваць да яе нашу старажытную мову Скарыны і Літоўскіх статутаў!  гэта азваўся студэнт Аўтух Папара, які ўжо выдаў паэтычны зборнік, на які напісаў стрымана-ўхвальную рэцэнзію сам Лукаш Бэндэ.

 Я вучань Шахматава, Бадуэна дэ Куртэнэ і Яўхіма Карскага. Спадзяюся, вам хоць нешта кажуць гэтыя імёны. І я ніколі не здраджу акадэмічнай навуцы, дзеля якой мяне і запрасілі на Беларусь,  вусны Корб-Варановіча крывіліся ад пагарды да невукаў. Як навуковец, я маю справу з фактамі, а не з эмоцыямі. І раблю высновы не з таго, што мне заманецца. І не вы будзеце вызначаць тэмы маіх даследаванняў. Мова нашая зусім не вывучаная, яе паходжанне, яе развіццё Сёння і цяпер ствараюцца яе літаратурныя нормы. А тут непазбежныя дыскусіі. Кожны вучоны мае права на сваё меркаванне, калі здольны навукова яго абгрунтаваць.

 Мы ведаем вашае меркаванне: беларусы павінны гаварыць «ліцература, цеатр, гасударства, аўгуст, срэдства» Падвучыце мову, дацэнт!  выкрыкнуў з-за спіны Алеся ягоны сябар, Хведар Пянкоў, як заўсёды, жывапісна жэстыкулюючы, за што яго празвалі на курсе «ветраком».  Такіх, як вы, гнаць трэба! Хопіць з нас Ілавайскіх!

 А вам больш падабаецца казаць, як прапаноўвае ваш улюбёны самавук-акадэмік Лёсік, «узярытованы, верадаваць, урымсціць, удыгаць, платэ, жанке, абразэ» і гэтак далей? От дзе «сапраўдная» літаратурная мова!  ноздры дацэнта пачалі драпежна раздзімацца.  А вучыць мяне будзеце тады, калі напішаце хаця б адно філалагічнае даследаванне, якое нешта дадасць да беларускай лінгвістыкі. А наконт славянафіла Ілавайскага дык я вам скажу, што калі б ён прачытаў зборнік маіх лекцый, дык нападаў бы на мяне з гэткім жа шалёным імпэтам, што і вы, толькі з іншага боку. І ўсвядомце ніводзін сумленны выкладчык у вас залік замест мяне не прыме!

Цяпер Корб-Варановіч ледзь стрымліваўся, акадэмічная раўнавага з яго зляцела, як і не было, рукі сціскаліся ў кулакі. Выдатніца Вераніка Манцэвіч, высокая прыгажуня з залатой касой, схаванай пад чырвонай хусткай, і абуральна блакітнымі вачыма, весела закрычала:

 У такім выпадку нам згодзяцца і «несумленныя»! Такія, як Язэп Лёсік!

Алесь кінуў хуткі позірк на Вераніку:

 Правільна, Вераніка! Лёсік у турме за беларушчыну сядзеў, калі гэты філолаг у расейскіх імперыялістаў вучыўся!

Але агонь абурэння вакол суцішваўся: ісці на дацэнта з кулакамі ніхто не збіраўся, а той, глядзіш, вось-вось сарвецца Шляхцюк недарэзаны Аж вусны тузаюцца, а акуляры ледзь не сонечныя зайчыкі пускаюць.

Што можа быць прыемней сэрцу бунтоўнага студэнта, чым сузіранне нервовых канвульсій выкладчыка? Вяжэвіч адчуў, што аднакурснікі цягнуць ззаду за пінжак, ляпаюць па плячы Хопіць, маўляў, пайшлі

 Мы не будзем здаваць вам залік!

 Што за мітынг?  пагрозны крык змусіў студэнтаў суцішыцца. Дэкан педфака Міхал Уладзіміравіч, які ніколі голасу не падвышаў і ўвогуле быў чалавекам выключнай далікатнасці, прабіраўся ў аўдыторыю, ягоны твар быў чырвоны ад гневу.  Прашу разысціся! Гэта ўніверсітэт, а не карчма! Усе дыспуты выключна цывілізаваным шляхам! У наступны аўторак чарговае пасяджэнне Рады педфака, вось, калі ласка, і прысылайце на яе сваіх дэлегатаў. А зараз папрашу вызваліць аўдыторыю.

Студэнты, насупіўшыся, пачалі пакідаць пакой, незадаволеныя, як гледачы Калізея, якім абвясцілі, што гладыятары скончыліся і баёў сёння больш не адбудзецца. Алесь выскачыў адным з першых, расштурхаўшы таварышаў Ды што ж гэта! Кругавая парука буржуйскіх кадраў! Ясная рэч, на камісіі зноў скажуць, што дацэнт Корб-Варановіч «уладае як юрыдыцыяй, гэтак і мэтадалогіяй мовазнаўства», пачнуць згадваць ягоныя даследаванні па мове Скарынінскіх выданняў, працу над Гістарычным слоўнікам беларускай мовы, артыкулы па вывучэнні беларускіх гаворак, шматлікія экспедыцыі Але Хведар Пянкоў мае рацыю якое ўся гэтая лінгвістыка мае значэнне, калі робіцца чалавекам, што па прыродзе сваёй не можа раздзяліць гарачую любоў Алеся і ягоных таварышаў да Беларусі! Ён тут чужы! Ён мусіць зехаць! Але з гэнага гада ўсё як з воску вада

Назад Дальше