Кажу вам, слова даю, што з таго моманту я над сабой не ўладарыў: калі ўспамінаю усё туманным сном падаецца. Апошнім часам я піў шмат, а тут ад усяго разам і ашалеў. Мне ў скроні і цяпер нібыта докерскім малатком бюць, а тае раніцы, здаецца, цэлая Ніягара ў вушах шумела і гула.
Я павярнуўся і кінуўся за кэбам. Пры сабе ў мяне была цяжкая дубовая палка, і кажу вам: я адразу стаў як шалёны. Але пакуль бег, вырашыў схітрыць і крыху запаволіўся, каб я мог іх бачыць, а яны мяне не. Кэб спыніўся на вакзале. Ля касаў быў ладны такі натоўп, і я лёгка ў ім схаваўся. Яны купілі білеты да Нью-Брайтана, ну і я купіў, толькі сеў на тры вагоны далей. Па прыездзе яны пайшлі наперад, а я за імі на адлегласці не больш чым у сто ярдаў. Яны нанялі лодку і паплылі было ж вельмі горача, і яны спадзяваліся, што на вадзе лягчэй.
Цяпер іх нібыта хтосьці аддаў у мае рукі. Стаяў невялікі туман, і бачнасць была не большаю за пару сотняў ярдаў. Я таксама ўзяў лодку і паплыў за імі. Іх чаўнок цьмяна віднеўся наперадзе, але яны веславалі прыкладна гэтак жа, як я, таму адплылі ад берага на добрую мілю, перш чым я іх дагнаў. Дымка атачала нас як завеса, а мы трое былі пасярод яе. Божа мой, ці змагу я хоць калі забыць іхныя твары, калі яны ўбачылі хто плыве ў суседняй лодцы? Яна закрычала. Ён пачаў шалёна лаяцца і тыкаць у мяне вяслом мабыць, убачыў сваю смерць у маіх вачах. Я ўхіліўся і ўдарыў яго той палкай. Яго галава раскалолася, нібы яйка. Можа, над ёй бы я злітаваўся, забыўшы сваё шаленства, але яна пацягнулася да яго, плачучы, і паклікала: «Алек». І я ўдарыў зноў, і яна ўпала побач з ім. А я ператварыўся ў дзікага звера, што адчуў пах крыві. Калі б там была Сара, клянуся, яна б адправілася ўслед за імі. Я дастаў нож і не, хопіць. Я адчуваў нейкую жорсткую радасць, уяўляючы, што будзе з Сарай, калі яна ўбачыць гэта і зразумее, да чаго давяло яе ўмяшанне. Потым прывязаў целы да лодкі, прабіў дошку і пачакаў, пакуль яны патонуць. Я ведаў, што гаспадар падумае, нібыта яны згубілі кірунак у гэтым тумане і іх знесла ў мора. Прывёў сябе ў парадак, вярнуўся на бераг, адплыў на сваім параходзе, і ні адна жывая душа не западозрыла, што адбылося. Той ноччу я падрыхтаваў пасылку для Сары, а назаўтра адправіў яе з Белфаста.
Вось вы і ведаеце ўсё. Можаце павесіць, можаце што хочаце, але вы не здолееце мяне пакараць больш, чым я пакараны ўжо. Вачэй не магу заплюшчыць, каб не бачыць двух твараў, што глядзяць на мяне глядзяць як тады, калі мая лодка вынырнула з туману. Я забіў іх хутка, а яны забіваюць мяне павольна. Яшчэ адна такая ноч і я ці зваряцею, ці не дажыву да раніцы. Вы ж не пасадзіце мяне ў адзіночку, сэр? Злітуйцеся, малю вас, і няхай у смяротную гадзіну нехта абыдзецца з вамі гэтак жа, як вы са мной цяпер».
Дзеля чаго гэта ўсё, Ўотсан? сумна прамовіў Холмс, адклаўшы паперы. Які сэнс у гэтым кругавароце пакутаў, жорсткасці і страху? У гэтага ж мусіць быць нейкая мэта, іначай нашым сусветам кіруе выпадак, а гэта неверагодна. Але якая мэта? Вось вечнае пытанне, на якое чалавечы розум так і не знайшоў адказу.
Пераклала Кацярына МаціеўскаяЖоўты твар
Публікуючы гэтыя нарысы, заснаваныя на шматлікіх выпадках, калі выбітны талент майго таварыша зрабіў нас гледачамі, а часам нават акторамі нейкай дзіўнай песы, натуральна, я апавядаю хутчэй пра яго поспехі, чым пра няўдачы. І гэта не столькі дзеля падтрымання яго рэпутацыі бо, наадварот, калі ён заходзіў у тупік, энергія і рознабаковасць ягонай асобы ўражвалі найбольш, але таму, што калі ён цярпеў паразу, зазвычай ніхто іншы таксама не спраўляўся, і гісторыя заставалася без фіналу. Аднак бывала, што нават калі ён памыляўся, праўда ўсё адно выходзіла на паверхню. Я занатаваў недзе з паўтузіна такіх гісторый. Найцікавейшыя з іх «Рытуал Масгрэйваў» і тая, што я апавяду зараз.
Шэрлак Холмс рэдка займаўся практыкаваннямі дзеля практыкаванняў. Але мала хто быў здольны на большыя фізічныя высілкі, і, бясспрэчна, ён быў адным з найлепшых баксёраў сваёй вагавай катэгорыі прынамсі, сярод тых, каго я бачыў. Але нагрузкі без мэты ён разглядаў як марнаванне энергіі, і разварушыць яго магла толькі нейкая новая справа. Тады ён быў абсалютна нястомным і няўрымслівым. Пры гэтым, як ні дзіўна, ён заўсёды трымаў сябе ў форме, дый харчаваўся вельмі ўмерана, а ў побыце быў амаль аскетам. Калі не лічыць ужывання раз-пораз какаіну, у яго не было заганаў, а да наркотыку ён звяртаўся толькі на знак пратэсту супраць аднастайнасці быцця, калі справы былі мізэрнымі, а газеты нецікавымі.
Аднойчы ранняй вясной ён да таго разбэсціўся, што пайшоў са мной на шпацыр у Гайд-Парк, дзе на вязах прабіваліся першыя кволыя парасткі зеляніны, а на каштанах толькі-толькі пачыналі покацца ліпкія копі-пупышкі, ператвараючыся ў пяціканцовыя лісткі. Мы гулялі дзве гадзіны, у асноўным моўчкі, як гэта бывае з людзьмі, што добра ведаюць адно аднаго. Калі мы вярнуліся на Бэйкер-стрыт, было каля пятай вечара.
Прашу прабачэння, сэр, сказаў хлопчык-служка, як толькі мы адчынілі дзверы. Прыходзіў нейкі джэнтльмен і пытаўся пра вас, сэр.
Холмс зірнуў на мяне з дакорам:
Вось табе і пагулялі ў абед! сказаў ён. Гэты джэнтльмен ужо сышоў?
Так, сэр.
Ты запрасіў яго зайсці?
Запрасіў, сэр. Ён зайшоў.
І колькі чакаў?
Паўгадзіны, сэр. Надта неспакойны джэнтльмен, сэр, хадзіў увесь час туды-сюды, шчэ й нагамі прытупваў. Я стаяў за дзвярыма, сэр, і ўсё чуў. А потым наогул выйшаў у вітальню і як гаркне: «Дык прыйдзе ён ці не?» Так і сказаў, сэр. А я яму кажу: «Пачакайце, калі ласка, яшчэ крыху». А ён такі: «Тады я пачакаю на вуліцы, бо тут я задыхаюся. Хутка вярнуся». З гэтымі словамі ён узяў і пайшоў, я і так, і гэтак, але не здолеў яго затрымаць.
Ладна, ладна, ты зрабіў што мог, сказаў Холмс, увайшоўшы ў пакой. Усё ж такі вельмі прыкра, Ўотсан. Мне вельмі патрэбная справа, а раз мужчына быў так занепакоены, то, здаецца, гэта нешта важнае. О! Гэта ж не вашая люлька на стале. Відаць, ён забыўся. Добрая старая брыяравая люлька* з доўгім цыбуком, гандляры тытунём называюць такія бурштынавымі. Цікава, колькі муштукоў з сапраўднага бурштыну ёсць у Лондане? Некаторыя лічаць, што ў сапраўдным бурштыне ўсярэдзіне заўжды ёсць якая-небудзь мушка. Што ж, відаць, ён сапраўды вельмі ўзрушаны, калі забыў тут люльку, якую відавочна вельмі беражэ.
Адкуль вы ведаеце, што ён яе вельмі беражэ? спытаў я.
Ну, новая такая люлька каштуе сем з паловай шылінгаў. Цяпер глядзіце: яна двойчы рамантавалася раз драўляная частка, раз муштук. Абодва разы, як бачыце, яна была змацаваная срэбным колцам а гэта даражэй, чым проста купіць новую люльку. Гаспадар вельмі яе шануе, калі аддае ў рамонт, замест таго каб купіць новую за тыя ж грошы.
Што-небудзь яшчэ? спытаў я, бо Холмс круціў у руках люльку, задуменна яе разглядаючы, як заўсёды ў такіх выпадках.
Ён падняў люльку і пастукаў па ёй доўгім указальным пальцам, як прафесар, калі чытае лекцыю пра косткі.
Люлькі рэч надзвычай цікавая, сказаў ён. Нішто не мае ў сабе столькі індывідуальнасці, магчыма, апрача гадзіннікаў і матузкоў. Аднак тут прыкметы не вельмі выразныя і не вельмі значныя. Уладальнік відавочна мускулісты чалавек, ляўшун, з выдатнымі зубамі, бесклапотны ў сваіх звычках і не мае патрэбы ашчаджаць грошы.
Мой сябар кінуў гэтую інфармацыю быццам ненаўмысна, але я заўважыў, што ён падняў на мяне вочы праверыць, ці сачу я за яго разважаннямі.
Вы думаеце, што ў чалавека справы ідуць добра, калі ён курыць сямішылінгавую люльку, сказаў я.
Гэта гросвенарская сумесь* па восем пенсаў за унцыю, адказаў Холмс, пастукаўшы па люльцы, каб высыпаць крыху тытуню сабе на далонь. А ён мог купіць выдатнае курыва за паўцаны, значыць, яму не трэба эканоміць.
А іншыя пункты?
У яго ёсць звычка прыкурваць люльку ад лямпаў і газавых гарэлак. Можна ўбачыць, што яна абвугленая знізу з аднаго боку. Вядома, запалка такога зрабіць не магла. Навошта трымаць запалку збоку ад люлькі? Але немагчыма запаліць люльку ад лямпы, не абвугліўшы галоўкі. І ўсё гэта з правага боку люлькі. Адсюль я раблю выснову, што яе ўладальнік ляўшун. Паднясіце люльку да лямпы, і вы ўбачыце, як натуральна вы, праўшун, трымаеце яе з левага боку ад полымя. Вы можаце запаліць аднойчы іншым бокам, але ніяк не пастаянна. Тут жа заўсёды запальвалі адным чынам. Далей: ён пракусіў бурштынавы муштук. Гэта можа зрабіць моцны, энергічны мужчына з добрымі зубамі. Але калі не памыляюся, я чую яго на лесвіцы, так што зараз у нас будзе нешта цікавейшае для аналізу, чым ягоная люлька.
Праз імгненне дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшоў высокі малады чалавек. Ён быў у добрым, але някідкім цёмна-шэрым касцюме і трымаў у руцэ карычневы фетравы капялюш з шырокімі брылямі. Я даў бы яму каля трыццаці гадоў, хаця, відаць, насамрэч ён быў крыху старэйшы.
Я прашу прабачэння, ён нібы трохі саромеўся, відаць, я мусіў пастукаць. Вядома, я мусіў пастукаць. Проста я крыху не ў гуморы, і вы, мабыць, асудзіце мяне, ён правёў рукой па ілбе, як ледзь прытомны чалавек, і хутчэй упаў, чым сеў на крэсла.