Я прашу прабачэння, ён нібы трохі саромеўся, відаць, я мусіў пастукаць. Вядома, я мусіў пастукаць. Проста я крыху не ў гуморы, і вы, мабыць, асудзіце мяне, ён правёў рукой па ілбе, як ледзь прытомны чалавек, і хутчэй упаў, чым сеў на крэсла.
Бачу, вы не спалі ноч ці нават дзве, сказаў Холмс у сваёй простай і геніяльнай манеры. Гэта забірае больш нерваў, чым праца, і яшчэ больш, чым забавы. Дазвольце спытаць, чым я магу вам дапамагчы.
Я хацеў папрасіць вашай парады, сэр. Я не ведаю, што рабіць, і здаецца, усё маё жыццё развальваецца на кавалкі.
Вы хочаце наняць мяне як дэтэктыва-кансультанта?
Не толькі. Я хачу пачуць вашае меркаванне як разважлівага чалавека, як чалавека, які ведае свет і людзей. Я хачу ведаць, што мне рабіць далей. Спадзяюся, вы зможаце мне нешта параіць.
Ён гаварыў кароткімі, вострымі, адрывістымі фразамівыбухамі, і было адчуванне, што ад кожнага слова яму балюча і ён толькі праз сілу прымушае сябе гаварыць.
Гэта вельмі далікатная справа, сказаў ён. Цяжка расказваць пра сямейнае жыццё чужым людзям. Жудасна абмяркоўваць паводзіны жонкі з людзьмі, якіх дагэтуль ніколі не бачыў. І гэта жахліва, што даводзіцца такое рабіць. Але я ўжо дайшоў да мяжы, і мне вельмі патрэбная парада.
Шаноўны містэр Грант Манро пачаў Холмс. Наш госць падскочыў з крэсла.
Як? ускрыкнуў ён. Вы ведаеце маё імя?
Калі вы хочаце заставацца інкогніта, сказаў Холмс з усмешкай, я б вам параіў не пісаць сваё імя на падкладцы капелюша або прынамсі трымаць яго верхам да суразмоўцы. Я збіраўся сказаць, што мой сябар і я чулі процьму дзіўных сакрэтаў у гэтым пакоі, і нам пашчасціла прыносіць спакой у многія ўстурбаваныя душы. Я думаю, мы здолеем дапамагчы і вам. Магу я вас папрасіць неадкладна пазнаёміць мяне з фактамі справы? Бо час можа гуляць супраць нас.
Наш госць ізноў правёў рукой па ілбе, нібыта яму здавалася, што яго чакае нешта надта складанае. Па яго жэстах і міміцы я мог зразумець, што ён быў стрыманым, негаваркім чалавекам, з пачуццём гонару такі хутчэй будзе хаваць уласныя раны, чым выстаўляць іх напаказ. Затым ён раптоўна зрабіў энергічны жэст рукой, нібы адмёўшы стрыманасць, і пачаў:
Справа такая, містэр Холмс, сказаў ён. Я жанаты, ужо тры гады. Увесь гэты час мы з жонкай моцна кахалі адно аднаго і жылі шчасліва, як ніхто іншы. Мы не разыходзіліся ў думках і ўчынках. Але раптам, з мінулага панядзелка, паміж намі нібы вырасла сцяна, і я думаю, у яе жыцці зявілася нешта, што цяпер я ведаю пра яе так мала, нібыта яна просты мінак на вуліцы. Мы аддаліліся, і я хачу ведаць, чаму.
Я хачу падкрэсліць адно, містэр Холмс, пакуль не пачаў далей: Эфі кахае мяне. У гэтым не можа быць сумневу. Яна кахае мяне ўсім сэрцам і душой і ніколі не кахала больш, чым цяпер. Я ведаю гэта. Я адчуваю гэта. Я не хачу спрачацца пра гэта. Мужчына заўжды ведае дакладна, ці кахае яго жанчына. Але паміж намі ёсць таямніца, і ўсё не можа быць як раней, пакуль я не даведаюся, што за яна.
Містэр Манро, калі ласка, факты, толькі факты, крыху нецярпліва сказаў Холмс.
Я раскажу вам, што я ведаю пра гісторыю Эфі. Калі я сустрэў яе, яна была ўдавой, хоць і вельмі маладой усяго дваццаць пяць. Яе звалі місіс Хэбран. Дзяўчынай яна зехала ў Амерыку і жыла там у Атланце, дзе і выйшла за гэтага Хэбрана, які быў паспяховым юрыстам. У іх нарадзілася дзіця, але ў тых мясцінах успыхнула эпідэмія жоўтай ліхаманкі, і яе муж і дзіця памерлі. Я бачыў яго пасведчанне аб смерці. Гэта адвярнула яе ад Амерыкі, і яна вярнулася ў Мідлсэкс, каб жыць са сваёй незамужняй цёткай у горадзе Пінэры. Я мушу згадаць, што муж пакінуў яе даволі забяспечанай, у яе быў капітал каля чатырох з паловай тысяч фунтаў, які ён уклаў так добра, што яна атрымлівала каля сямі працэнтаў. Калі мы пазнаёміліся, яна правяла ў Пінэры ўсяго паўгоду. Мы закахаліся і праз некалькі тыдняў ажаніліся.
Я гандлюю хмелем і атрымліваю сем-восем тысяч даходу здаецца, мы жывем няблага і здымаем прыгожую вілу ў Норберы за восемдзесят фунтаў на год. У нас там усё як у вёсцы, хоць гэта і блізка ад горада. Недалёка ёсць гатэль, і два дамы, і асобны катэдж з іншага боку поля, што перад нашым домам, і апрача гэтага, больш ніякіх дамоў да палавіны дарогі на станцыю. Цягам году мне даводзіцца часта ездзіць па справах у мястэчка, але ўлетку працы менш, і ў нашым доме мы з жонкай жылі так шчасліва, як можна толькі марыць. Паверце, ніколі нічога не азмрочвала нашых стасункаў, пакуль не пачалася гэтая праклятая гісторыя.
Перш чым працягнуць, я мушу сказаць адну рэч. Калі мы пажаніліся, Эфі перапісала ўсю сваю маёмасць на мяне хутчэй супраць маёй волі, бо я разумею, як няёмка было б, калі б мае справы пагоршыліся. Аднак яна настойвала, і так і сталася.
Ну і недзе паўтара месяца таму яна прыйшла да мяне.
«Джэк, гаворыць, калі ты ўзяў мае грошы, ты сказаў, што як толькі яны мне спатрэбяцца, я павінная толькі сказаць». «Вядома, адказваю я, гэта ўсё тваё». «Тады, кажа яна, мне трэба сто фунтаў». Відаць, гэта падаецца дзіўным, але тады я падумаў, што гэта ўсяго толькі новая сукенка ці нешта такое. «А навошта табе?» спытаў я. «О, сказала яна ў сваёй гуллівай манеры, ты ж сказаў, што ты проста мой банкір, а банкіры ніколі не задаюць пытанняў, ты ж ведаеш». Калі табе сапраўды трэба, то канечне, бяры грошы», адказаў я. «Так, мне сапраўды трэба». «І ты не хочаш мне сказаць, навошта?» «Аднойчы, магчыма, я скажу, але не цяпер».
Я мусіў гэтым задаволіцца, хаця яна ўпершыню нешта ад мяне схавала. Я выпісаў чэк і больш пра гэта не думаў. Гэта была дробязь у параўнанні з тым, што здарылася пазней, але я думаю, яе варта было згадаць.
Я толькі што казаў, што недалёка ад нашага дома стаіць катэдж. Нас раздзяляе поле, але каб трапіць туды, трэба прайсці ўздоўж дарогі, а пасля звярнуць на сцяжыну. Адразу за ім прыемны сасоннік, і я вельмі любіў хадзіць туды на шпацыр, сярод дрэваў заўжды добра.
Апошнія восем месяцаў дом стаяў пусты на жаль, бо гэта прыгожы двухпавярховы будынак, са старасвецкім ганкам і кустамі бружмелю побач. Шмат разоў я стаяў там і думаў, якая мілая сядзіба магла б атрымацца.
Дык вось, у мінулы панядзелак, увечары, я гуляў па гэтай дарозе, як раптам сустрэў пусты фургон, які зварочваў на тую сцяжыну, і ўбачыў вязанку дываноў і іншыя рэчы, што ляжалі на газоне перад ганкам. Я прайшоў міма, бо мне было цікава, што за людзі будуць нашымі суседзямі. І як толькі зірнуў, то зразумеў, што нейкі твар глядзіць на мяне з аднаго з верхніх вокнаў.
Не ведаю, што не так было з гэтым тварам, містэр Холмс, але ў мяне ад яго прабег мароз па скуры. Я стаяў далекавата і не мог разгледзець рысаў, але было ў ім нешта ненатуральнае і нечалавечае. Такое ў мяне было ўражанне, таму я тут жа падышоў бліжэй, каб лепей разгледзець чалавека, які пазіраў на мяне. Але як толькі я гэта зрабіў, твар раптоўна знік так раптоўна, нібыта нехта зацягнуў яго ў цемру пакоя. Я прастаяў хвілін пяць, разважаючы і спрабуючы прааналізаваць свае ўражанні. Я не мог сказаць, жанчына гэта ці мужчына, надта далёка ён быў. Але больш за ўсё мяне ўразіў ягоны колер. Твар быў быццам васковы і нейкі бяскроўны, нерухомы, жахліва ненатуральны. Я так усхваляваўся, што вырашыў даведацца болей пра новых жыхароў. Падышоў і пагрукаў у дзверы. Іх тут жа адчыніла высокая хударлявая жанчына з суворым непрыемным позіркам.
«Чаго вам нада?» спытала яна з паўночным акцэнтам. «Я ваш сусед, жыву вунь там, адказаў я і паказаў на свой дом. Бачу, вы толькі засяліліся, таму я падумаў, што, магчыма, вам патрэбная дапамога з» «Як патрэбная будзе пазавем», сказала яна і бразнула дзвярыма ў мяне перад носам.
Засмучаны гэтай грубай і катэгарычнай адмовай, я вярнуўся дадому. Увесь вечар, хоць я і намагаўся забыць, мае думкі круціліся вакол таго прывіду ў акне і грубай жанчыны. Я вырашыў нічога не гаварыць жонцы пра здарэнне, бо яна і так вельмі нервовая і ўзрушаная жанчына, і ў мяне зусім не было жадання, каб яна перажывала разам са мной. Аднак перад тым як заснуць, я мімаходзь згадаў, што ў доме нехта пасяліўся, але яна на гэта нічога не адказала.
Звычайна я сплю вельмі добра. З мяне пастаянна жартавалі, што мне хоць у звон бі. Але чамусьці акурат той ноччу не ведаю, таму, што я быў крыху ўсхваляваны сваёй невялікай прыгодай, ці не але я спаў больш чуйна, чым звычайна. Дрэмлючы, я праз сон зразумеў, што ў пакоі нешта адбываецца, і паступова ўсвядоміў, што жонка адзелася і ўжо накідвае паліто і капялюш. Соннымі вуснамі я прамармытаў нешта са здзіўленнем і пратэстам супраць такіх няўчасных збораў, як раптам мае напаўрасплюшчаныя вочы заўважылі яе твар, асветлены полымем свечкі, і я анямеў ад здзіўлення. Такога выразу на яе твары я не бачыў ніколі ў жыцці я нават не ўяўляў, што яна можа так выглядаць. Смяротна бледная, яна хутка дыхала, крадком пазіраючы на ложак, пакуль зашпільвала паліто, каб упэўніцца, што не пабудзіла мяне. Затым, думаючы, што я ўсё яшчэ сплю, яна бясшумна выслізнула з пакоя, і праз імгненне я пачуў рэзкі характэрны скрып так рыпяць толькі петлі на ўваходных дзвярах. Я сеў на ложку і стукнуў касцяшкамі пальцаў па яго перакладзіне, каб упэўніцца, што сапраўды прачнуўся. Потым дастаў з-пад падушкі гадзіннік. Было тры гадзіны ночы. Якой трасцы рабіла мая жонка на вясковай дарозе а трэцяй ночы?