Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) - Конан-Дойль Артур 4 стр.


 Я дапускаў такое.

Холмс па чарзе павыцягваў абутак з торбы, параўноўваючы малюнак падэшваў з адбіткамі ў брудзе*. Потым вылез з яміны і пачаў поўзаць у папараці і хмызах.

 Баюся, што слядоў болей няма,  сказаў інспектар.  Я вельмі пільна праверыў грунт вакол у радыюсе ста ярдаў.

 Вашая праўда!  сказаў Холмс, падымаючыся.  Было б дзёрзкасцю рабіць гэта зноў пасля таго, што вы сказалі. Але мне хацелася б прагуляцца па тарфяніках да змяркання, каб ведаць, што рабіць заўтра, і бадай я пакладу ў кішэню гэтую падкову на ўдачу.

Палкоўнік Рос, які выказваў пэўнае нецярпенне, калі мой кампаньён маўкліва і сістэматычна даследаваў месца забойства, паглядзеў на гадзіннік.

 Я запрашаю вас вярнуцца разам са мною, інспектар,  сказаў ён.  Ёсць штосьці, пра што я хацеў параіцца з вамі, асабліва наконт таго, ці не змушае нас абавязак перад публікай прыбраць імя каня са спіса прэтэндэнтаў на кубак.

 Ні ў якім разе,  рашуча запярэчыў Холмс.  Лічу, што яго трэба пакінуць у спісе.

Палкоўнік кіўнуў.

 Я вельмі рады пачуць вашае меркаванне, сэр,  сказаў ён.  Пасля шпацыру вы знойдзеце нас у доме спачылага Стрэйкера, і мы можам разам паехаць у Тавісток.

Яны з інспектарам павярнулі назад, а мы з Холмсам марудна пайшлі паўз тарфянікі. Сонца ўжо сядала за стайнямі Мэйплтана, і разлеглую пакацістую раўніну перад намі вечаровае святло фарбавала ў залаты колер, які пераходзіў у глыбокі ружова-буры там, дзе промні краналі выцвілую папараць і цярноўнік. Але ўрачыстая маляўнічасць пейзажу не займала майго кампаньёна, заглыбленага ў думкі.

 Можна зрабіць і так, Ўотсан,  сказаў ён нарэшце.  Мы пакуль пакінем пытанне пра тое, хто забіў Джона Стрэйкера, і засяродзімся на тым, што здарылася з канём. Калі ўявіць, што ён вырваўся падчас альбо пасля трагедыі, куды ён мог падзецца? Конь стаднае стварэнне. Калі б ён застаўся адзін, інстынкты падштурхнулі б яго альбо вярнуцца ў Кінгс-Пайланд, альбо пайсці ў Мэйплтан. Як ён можа бадзяцца па тарфяніках? Яго дакладна заўважылі б да гэтага часу. І чаму яго мусілі выкрадаць цыгане? Гэтыя людзі заўжды трымаюцца як найдалей ад непрыемнасцяў, бо не хочуць, каб да іх дачапілася паліцыя. Няма і спадзеву, што яны змаглі б прадаць такога каня. Гэта вельмі рызыкоўна, і нічога б яны за яго не атрымалі. Гэта абсалютна відавочна.

 Тады дзе ён?

 Я ўжо казаў, што ён, мусіць, пайшоў у Кінгс-Пайланд альбо Мэйплтан. Ён не ў Кінгс-Пайландзе, адпаведна, ён у Мэйплтане. Давайце возьмем гэта за працоўную гіпотэзу і паглядзім, куды яна нас прывядзе. Тут тарфянікі, як адзначаў інспектар, вельмі цвёрдыя і сухія. Але бліжэй да Мэйплтана яны паніжаюцца. Вы можаце бачыць адсюль, што там ідзе працяглая лагчына, у якой мусіла быць вельмі мокра ў панядзелак ноччу. Калі нашыя развагі правільныя, конь там праходзіў, і менавіта там нам трэба пашукаць ягоны след.

Падчас гэтай гутаркі мы ішлі даволі бадзёра і праз колькі хвілін ужо дабраліся да згаданай лагчыны. На просьбу Холмса я пакрочыў правым яе берагам, а Холмс левым, але не паспеў я прайсці і пяцідзесяці крокаў, як пачуў ягоны вокліч і ўбачыў, як ён мне махае. У мяккай глебе перад ім быў вельмі добра бачны след каня, і ён дакладна супадаў з падковай, выцягнутай з кішэні.

 Вось яна, моц уяўлення ў дзеянні, сказаў Холмс.  Гэта адзіная якасць, якой бракуе Грэгары. Мы ўявілі, як маглі б развівацца падзеі, дзейнічалі адпаведна сваёй версіі і ўрэшце атрымалі ёй пацверджанне*. Давайце ж працягнем.

Мы перайшлі багністае дно і яшчэ прыкладна чвэрць мілі крочылі па сухім цвёрдым торфе. Калі зямля чарговым разам пайшла ўніз, мы зноў натрапілі на сляды. Потым яшчэ раз згубілі іх, каб знайсці наступныя даволі блізка ад Мэйплтана. Першы іх убачыў Холмс, і калі ён паказваў туды, ягоны твар быў азораны трыюмфам. Побач з адбіткам конскага капыта ішоў чалавечы след.

 Раней конь быў адзін!  усклікнуў я.

 Менавіта. Раней ён быў адзін. Ага, а што гэта? Двайны след рэзка павярнуў у кірунку Кінгс-Пайланда. Холмс прысвіснуў, і мы абодва скіраваліся назад. Увага Холмса цалкам была занятая следам, калі раптам я, кінуўшы выпадковы позірк убок, на сваё здзіўленне ўбачыў той самы двайны след, які ішоў у адваротным напрамку.

 Бал на ваш рахунак, Ўотсан,  сказаў Холмс, калі я паказаў яму гэта.  Вы скарацілі нашую дарогу, а то давялося б ісці назад па ўласных слядах. Давайце пройдзем гэтым адваротным следам.

І нам не давялося ісці доўга. След скончыўся асфальтавым пакрыццём, якое прывяло нас да стайняў Мэйплтана. Калі мы падышлі, нам насустрач выбег грум.

 Гэй, нам не трэба, каб тут бадзяліся ўсякія!  гыркнуў ён.

 У мяне толькі адно пытанне,  сказаў Холмс, засунуўшы ўказальны і вялікі пальцы ў кішэню камізэлькі. Ці не будзе зарана, калі я зайду да вашага начальніка Сайласа Браўна заўтра а пятай раніцы?

 Барані вас Божа, сэр, натуральна, у гэты час ён будзе на працы, бо прачынаецца раней за ўсіх. Але вунь ён ідзе, сэр, і сам зможа адказаць на вашыя пытанні. Не, сэр, не, калі ён пабачыць, што я бяру ў вас грошы, гэта будзе каштаваць мне месца. З вашай ласкі, пазней.

Шэрлак Холмс схаваў назад паўкроны, выцягнутыя з кішэні, а з брамы выйшаў пажылы і злосны на выгляд мужчына з бізуном у руцэ.

 Гэта што такое, Даўсан?!  крыкнуў ён.  Ніякіх плётак! Ідзі займіся справай! А вы хто такія? Якой халеры вам трэба?

 Дзесяціхвіліннай размовы з вамі, мой дарагі сэр,  сказаў Холмс найлагоднейшым голасам.

 Мне няма часу разводзіць антымоніі з рознымі лайдакамі. Нам тут прыхадняў не трэба. Ідзіце пакуль цэлыя, а не дык вашыя пяткі паспытаюць зубоў нашага сабакі.

Холмс нахіліўся і нешта шапнуў трэнеру на вуха. Той скалануўся і пабарвавеў да макаўкі.

 Хлусня!  зароў ён.  Несусветная хлусня!

 Вельмі добра. Мы будзем спрачацца пра гэта тут, каб усе чулі, ці пагаворым у вашай гасцёўні?

 О, заходзьце, калі хочаце. Холмс усміхнуўся.

 Вам не давядзецца чакаць болей за некалькі хвілін, Ўотсан,  сказаў ён.  Містэр Браўн, цяпер я цалкам у вашым распараджэнні.

Прайшло дваццаць хвілін. Чырвань паблякла, і ўсё агарнулася шэрасцю, калі Холмс і трэнер зявіліся зноў. Ніколі не бачыў я ў чалавеку такой перамены, якая адбылася з Сайласам Браўнам за такі кароткі час. Ягоны твар зрабіўся попельна-белым, на ілбе блішчэлі кроплі поту, а рукі трэсліся, ад чаго бізун хадзіў ходырам, быццам галінка на ветры. Ягоныя грубасць і хамства зніклі, і ён трусіў за маім кампаньёнам, нібы сабака за гаспадаром.

 Усё будзе зроблена так, як вы сказалі. Я ўсё зраблю,  пераконваў ён.

 Памылак быць не мусіць,  адказаў Холмс, азірнуўшыся на яго.

Той здрыгануўся, прачытаўшы пагрозу ў вачах майго сябра.

 О не, памылак не будзе. Я дастаўлю яго туды. Выгляд вярнуць ранейшы?

Холмс крыху падумаў і разрагатаўся.

 Не, не трэба,  сказаў ён.  Я вам напішу. І ніякіх фокусаў, бо вы ведаеце

 О, вы можаце разлічваць на мяне, сэр, я не падвяду!

 Пэўна, што не. Добра, заўтра я звяжуся з вамі. Холмс павярнуўся да яго спінай, не зважаючы на пададзеную дрыготкую руку, і мы рушылі назад у КінгсПайланд.

 Рэдка даводзіцца сустракаць настолькі арганічнае спалучэнне грубіяна, баязліўца і шэльмы, як гэты распарадчык Сайлас Браўн,  заўважыў Холмс па дарозе.

 Дык конь у яго?

 Ён спрабаваў вырашыць справу пагрозамі, але я так дакладна апісаў яму ягоныя дзеянні той раніцай, што ён падумаў, нібыта я назіраў за ім. Вы ж прыкмецілі, што мыскі ягоных ботаў дакладна такія ж квадратныя, як у адбіткаў на зямлі. І зноў жа, ніхто з ягоных падначаленых не адважыўся б пайсці на такую справу. Я расказаў яму, як, згодна са сваёй завядзёнкай, ён прачнуўся самы першы на золку і сустрэў чужога каня, што ішоў па тарфяніках. Як, наблізіўшыся, быў агаломшаны тым, што гэта Срэбны Месяц ён пазнаў яго па белым лобе, праз які той і атрымаў сваю мянушку. Лёс прывёў у ягоныя рукі фаварыта, адзінага, хто мог абскакаць каня, на якога Сайлас Браўн паставіў усе свае грошы. Потым я апісаў, што першым ягоным парывам было адвесці каня назад у Кінгс-Пайланд, але дябал нашаптаў яму на вуха, што жывёліну можна схаваць да канца спаборніцтваў, і ён павёў яго да сябе ў Мэйплтан і дагэтуль трымае там. Пасля майго расказу ён ужо думаў толькі пра тое, як уратаваць сваю скуру.

 Але ж стайні абшукалі!

 О, такі стары знаўца коней і махляр ведаў, як замесці сляды.

 Але хіба вы не баіцеся пакідаць каня тут, ведаючы, што ў інтарэсах Сайласа Браўна як-небудзь нашкодзіць яму?

 Мой дарагі сябра, ён будзе берагчы каня як зрэнку вока. Бо ведае, што гэта ягоны адзіны шанец на літасць.

 Палкоўнік Рос не падаўся мне чалавекам, здольным на літасць.

 Ад палкоўніка Роса тут нічога не залежыць. Я датрымліваюся ўласных метадаў і кажу так многа ці так мала, як пажадаю. У гэтым перавагі неафіцыйнай працы. Не ведаю, ці заўважылі вы, Ўотсан, але палкоўнік трымаўся са мной, мякка кажучы, пагардліва. І я збіраюся крыху пазабавіцца за ягоны рахунак. Нічога не кажыце яму пра каня.

 Безумоўна, толькі з вашай згоды.

Назад Дальше