Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Конан-Дойль Артур 5 стр.


 І праўда, дзе?

 Непадобна, што яна носіць яго пры сабе. Кабінетны фармат занадта вялікі, каб лёгка схаваць яго ў жаночым плацці. Да таго ж Ірэн ведае, што кароль можа адправіць людзей, якія яе падпільнуюць і абшукаюць. Дзве такія спробы ўжо рабіліся. А значыць, мы можам лічыць, што з сабой яна фотаздымак не носіць.

 І дзе тады яна яго трымае?

 У свайго банкіра ці адваката. Абодва варыянты магчымыя, але ў абодвух я сумняюся. Жанчыны ад прыроды скрытныя і любяць атачаць сябе атмасферай таямнічасці. Навошта ёй аддаваць камусьці фотаздымак? Яна можа даверыцца толькі свайму ўласнаму ўменню захоўваць сакрэты, бо не ўпэўненая, ці зможа яе давераная асоба супрацьстаяць якому-небудзь палітычнаму ці іншаму ўплыву. І, дарэчы, успомніце, што яна плануе найбліжэйшымі днямі выкарыстаць здымак. Значыць, ён мусіць быць пад рукой. І значыць, ён ляжыць у яе дома.

 Але яго два разы абшуквалі!

 Ды глупства! Яны не ведалі, як трэба шукаць.

 Але як будзеце шукаць вы?

 Я не буду яго шукаць.

 А што тады?

 Я зраблю так, што яна сама мне яго пакажа.

 Яна адмовіцца.

 Яна не зможа. Але я чую грукат колаў. Гэта яе экіпаж. Цяпер дакладна трымайцеся маіх указанняў.

Пры гэтых словах на павароце паказалася святло бакавых ліхтароў карэты. Прыгожае маленькае ландо шумна падкаціла да дзвярэй Браяні-Лодж. Як толькі яно спынілася, адзін з абадранцаў, што гультаявалі на рагу, падскочыў да дзверцаў, спадзеючыся адчыніць іх і атрымаць за гэта мядзяк, але яго адапхнуў другі абадранец, што акурат падаспеў з тым самым намерам. Успыхнула жорсткая сварка, да якой хутка далучыліся абодва гвардзейцы, што ўзялі бок аднаго з бадзягаў, і тачыльшчык, які з не меншым палам заступіўся за другога. Потым хтосьці кагосьці ўдарыў, і праз імгненне лэдзі, якая выйшла з экіпажа, апынулася ў самым цэнтры бойкі, аточаная распаленымі задзірамі, што люта малацілі адзін аднаго кулакамі і палкамі. Холмс кінуўся ў гэтую бойку, каб абараніць лэдзі, але, дабраўшыся да яе, закрычаў і паваліўся на зямлю з залітым крывёй тварам. Калі ён зваліўся, гвардзейцы кінуліся ў адзін бок, абадранцы у другі, тым часам як усе астатнія, прыстойна апранутыя людзі, што назіралі за сутычкай не ўмешваючыся, сабраліся вакол лэдзі, каб абараніць яе і дапамагчы параненаму. Ірэн Адлер, як я буду па-ранейшаму называць яе, узбегла па прыступках і цяпер стаяла перад дзвярыма, азіраючы вуліцу. Яе раскошны сілуэт вымалёўваўся на фоне асветленай вітальні.

 Бедны джэнтльмен моцна пацярпеў?

 Ён мёртвы,  адказала некалькі галасоў.

 Не, не, ён яшчэ жывы!  запярэчыў іншы.  Але памрэ яшчэ да таго, як вы адвезяце яго ў лякарню.

 А ён мужны чалавек,  сказала нейкая жанчына.  Калі б не ён, у лэдзі адабралі б кашалёк і гадзіннік.

Гэта сапраўдная хеўра і да таго ж вельмі жорсткая. Ах, ён пачаў дыхаць!

 Ён не можа так ляжаць на вуліцы. Можна занесці яго ў ваш дом, мадам?

 Канечне. Пакладзіце яго ў гасцёўні. Там вельмі зручная сафа. Калі ласка, сюды.

Марудна і ўрачыста Холмса занеслі ў Браяні-Лодж і паклалі ў гасцёўні. Я тым часам назіраў за ім са свайго паста ля акна. Запаліліся лямпы, але гардзіны яшчэ не былі апушчаныя, таму я цудоўна бачыў Холмса, які ляжаў на канапе. Не ведаю, ці мучыла яго ў той момант сумленне за адыграную ролю, але мне ніколі ў жыцці не было яшчэ так сорамна, як у хвіліны, калі я назіраў за прыўкрасным стварэннем, якому мы ладзілі пастку і якое з такой далікатнасцю і дабрынёй даглядала параненага. Але кінуць справу, давераную мне Холмсам, было б найчарнейшай здрадай. А таму я загартаваў сэрца і дастаў з-пад ольстэра* дымавую ракету. «Самае важнае,  думаў я,  гэта тое, што ёй самой нічога не пагражае. Мы проста перашкодзім ёй пагражаць іншаму чалавеку».

Холмс сеў на канапе, і я ўбачыў, што ён пачаў рабіць сутаргавыя рухі як чалавек, якому не хапае паветра. Служанка кінулася да акна і расчыніла яго. У тое ж імгненне я заўважыў, што ён падняў руку, і з крыкам «Пажар!» закінуў ракету ў пакой. Ледзь паспела гэтае слова вылецець з майго рота, як увесь натоўп гледачоў апранутых добра і дрэнна, джэнтльменаў, конюхаў і служанак падхапіў мой крык. У пакоі клубіўся густы дым і вырываўся праз адчыненае акно. Мімаходзь я заўважыў фігуры, што насіліся ў пакоі, і праз імгненне пачуў голас Холмса, які ўпэўніваў, што трывога была беспадстаўнай. Праслізнуўшы праз натоўп, які ніяк не супакойваўся, я скіраваўся да рога, праз дзесяць хвілін радасна адчуў поціск рукі майго сябра і з палёгкай пакінуў разам з ім месца бурных падзеяў. Некалькі хвілін Холмс ішоў паспешліва і маўкліва, пакуль мы не завярнулі на адну са спакойных вулак, што вяла на Эджвер-роўд.

 Вы цудоўна справіліся, доктар,  зазначыў Холмс.  Лепшага нельга і жадаць. Усё прайшло проста цудоўна.

 Фотаздымак у вас?

 Я ведаю, дзе ён.

 Як вы пра гэта даведаліся?

 Як я і чакаў, яна сама мне паказала.

 Я ўсё яшчэ нічога не разумею.

 Я не збіраюся рабіць з гэтага таямніцы,  сказаў Холмс смеючыся.  Усё вельмі проста. Вы, безумоўна, зразумелі, што ўсе людзі на вуліцы былі маімі хаўруснікамі. Усіх іх я наняў на гэты вечар.

 Так я і думаў.

 Калі завязалася бойка, я трымаў у далоні напагатове трошкі вільготнай чырвонай фарбы. Кінуўшыся ў натоўп і зваліўшыся на зямлю, я выпацкаў фарбай твар, каб выглядаць пацярпелым. Такі вось стары хітрык.

 Я здагадаўся.

 Мяне занеслі ў дом. Яна была вымушаная дазволіць гэта. Што ёй яшчэ заставалася? Прычым занеслі менавіта ў гасцёўню, самы падазроны, як на мяне, пакой. Я вагаўся паміж гасцёўняй і спальняй і вырашыў дакладна разабрацца. Мяне паклалі на канапу, я зрабіў выгляд, што задыхаюся, прымусіўшы іх тым самым адчыніць акно і даць вам мажлівасць выканаць заданне.

 І як гэта дапамагло вам?

 Гэта ўсё і вырашыла. Калі жанчына думае, што яе дом загарэўся, яна інстынктыўна кідаецца да самай дарагой для яе рэчы. Гэты парыў неадольны, і я не раз ім карыстаўся. Ён дапамог мне ў звязаным з падменаю дарлінгтанскім скандале, а таксама ў справе з арнсварцкім замкам. Замужняя жанчына ратуе дзіця, незамужняя куфэрак з каштоўнасцямі. Зразумела, што на сённяшні дзень для нашай лэдзі ў доме няма нічога даражэйшага, чым тое, што мы шукаем. Яна кінулася ратаваць фотаздымак. Пажарная трывога была проста выдатная. Дыму і крыкаў хапіла, каб пахіснуць нават яе сталёвыя нервы. Адрэагавала яна проста цудоўна. Фотаздымак схаваны ў патайніку за высоўнай панэллю над правым шнурком для званка. Яна ўміг падскочыла да яго, і я паспеў заўважыць, як яна напалову выцягнула сваю каштоўнасць. Калі я закрычаў, што трывога была беспадстаўнай, яна вярнула фотаздымак на месца, зірнула на шашку, выскачыла з пакоя і больш не зяўлялася. Я падняўся і, выбачаючыся, пакінуў дом. Я вагаўся, ці не паспрабаваць адразу ж забраць фотаздымак, але ў пакой зайшоў фурман. Ён так пільна ўзіраўся ў мяне, што бяспечней было пачакаць. Празмерная паспешлівасць можа ўсё сапсаваць.

 І што цяпер?  спытаў я.

 Справа амаль зробленая. Заўтра мы зойдзем да яе з каралём і з вамі, калі вы захочаце скласці нам кампанію. Нас папросяць пачакаць лэдзі ў гасцёўні, але цалкам верагодна, што калі яна ўвойдзе туды, то не знойдзе ні нас, ні фотаздымка. Яго вялікасці будзе прыемна ўласнымі рукамі вярнуць здымак.

 І калі вы да яе зойдзеце?

 Ранкам а восьмай. Яна яшчэ будзе ў ложку, і мы займеем час для манеўраў. Але трэба спяшацца, бо жаніцьба можа цалкам змяніць і яе жыццё, і звычкі. Трэба не марудзячы напісаць каралю.

Мы дайшлі да Бэйкер-стрыт і спыніліся ля дзвярэй. Холмс шукаў у кішэнях ключы, калі нейкі мінак прамовіў:

 Дабранач, містэр Шэрлак Холмс!

На ходніках у гэты час было некалькі чалавек, але павітаў нас, відаць, хударлявы, апрануты ў ольстэр юнак, які хутка прайшоў міма.

 Гэты голас я ўжо дзесьці чуў, сказаў Холмс, узіраючыся ў цьмяна асветленую вуліцу.  Хацеў бы я, чорт дзяры, ведаць, хто гэта.

3

У гэтую ноч я спаў на Бэйкер-стрыт. Калі мы разбіраліся з кавай і грэнкамі, у пакой заляцеў кароль Багеміі.

 Вы і праўда здабылі яго?  ускрыкнуў ён, хапаючы Шэрлака Холмса за плечы і прагна ўзіраючыся ў яго твар.

 Пакуль не.

 Але надзея ёсць?

 Ёсць.

 Тады хадзем. Я згараю ад нецярпення.

 Трэба злавіць кэб.

 Мой экіпаж нас чакае.

 Гэта спрашчае задачу.

Мы спусціліся і зноў адправіліся на Браяні-Лодж.

 Ірэн Адлер выйшла замуж,  адзначыў Холмс.

 Замуж? Калі?

 Учора.

 За каго?

 За нейкага ангельскага юрыста з прозвішчам Нортан.

 Але яна не магла яго пакахаць.

 Спадзяюся, што пакахала.

 Чаму спадзеяцеся?

 Бо гэта вызваліць вашую вялікасць ад небяспекі турботаў у будучыні. Калі лэдзі пакахала свайго мужа, яна больш не кахае вашую вялікасць. Калі яна больш не кахае вашую вялікасць, няма прычынаў умешвацца ў вашыя планы.

 Так яно і ёсць. І ўсё ж Эх, як бы я хацеў, каб яна належала да майго кола! Якая была б каралева!

У экіпажы запанавала панылая цішыня, якая не перарывалася, пакуль мы не даехалі да Серпентайн-авеню.

Дзверы Браяні-Лодж былі адчыненыя, і на верхняй пляцоўцы стаяла пажылая жанчына. З сарданічнай усмешкай яна назірала, як мы выходзім з экіпажа.

Назад Дальше