Мае спробы не засталіся таямніцай для пільнага вока Шэрлака Холмса. З усмешкай ён паківаў галавой, заўважыўшы мае цікаўныя позіркі.
Апроч відавочных прыкметаў таго, што некалі містэр Ўілсан займаўся фізічнай працай, цяпер нюхае тытунь, уваходзіць у масонскую ложу, пабываў у Кітаі і зусім нядаўна спісаў процьму папераў, я і сам не патраплю сказаць болей.
Явіс Ўілсан падскочыў на крэсле, усё яшчэ прыціскаючы да газеты ўказальны палец, але скіраваўшы позірк на майго сябра.
Але як, напрамілы Бог, вы пра ўсё гэта даведаліся, містэр Холмс? выгукнуў ён. Як вы, напрыклад, здагадаліся, што я займаўся фізічнай працай? Бо гэта чысцюткая праўда я пачынаў як карабельны цясляр.
Па вашых руках, мой дружа. Вашая правая рука заўважна большая за левую. Вы шмат працавалі, таму цягліцы на правай больш развітыя.
Ну а пра тытунь тады і пра тое, што я масон?
Мне не хочацца крыўдзіць вашую кемлівасць тлумачэннем, асабліва з улікам таго, што насуперак строгім правілам вашага ордэна вы носіце брошку з выявай цыркуля і навугольніка*.
Праўда вашая, зусім забыўся на гэта. А што наконт пісаніны?
А пра што яшчэ можа сведчыць пацёртасць вашай правай манжэты на пяць цаляў і зашмальцаваная латка на левым рукаве каля локця ў тым месцы, якім вы абапіраліся на пісьмовы стол?
Ну а Кітай?
Рыба, вытатуяваная над кісцю вашай рукі, магла быць зробленая толькі ў Кітаі. У свой час я крыху цікавіўся тэмай знакаў у татуіроўках і нават зрабіў свой унёсак у літаратуру па прадмеце. Фарбаванне рыбнай лускі ў далікатны ружовы характэрнае толькі для Кітая. А калі ў дадатак я бачу кітайскую манету на вашым ланцужку для гадзінніка, пытанне робіцца зусім простым.
Містэр Явіс Ўілсан гучна разрагатаўся.
Гэта ж трэба! выгукнуў ён. Спачатку я быў падумаў, што вы адгадалі нейкім разумным спосабам, а цяпер бачу, што тут няма нічога такога.
Я пачынаю падазраваць, Ўотсан, сказаў Холмс, што дарэмна ўсё патлумачыў. Ведаеце, omne ignotum pro magnifico.[1] Калі-небудзь недарэчная шчырасць загубіць маю рэпутацыю. Вы не знайшлі абяву, містэр Ўілсан?
Ды вось жа яна, адказаў той, трымаючы тоўсты чырвоны палец пасярэдзіне калонкі. Тая самая, з якой усё пачалося. Вы самі пачытайце, сэр.
Я ўзяў у яго газету і прачытаў наступнае:
ВАКАНСІЯ Ў САЮЗЕ РУДЫХ. Паводле тэстаменту нябожчыка Езекіі Хопкінса (г. Лебанон, Пенсільванія, ЗША), адкрываецца новая вакансія для сябра Саюза. Заробак 4 фунты на тыдзень, абавязкі фармальныя. Прэтэндаваць на пасаду могуць фізічна і псіхічна здаровыя рудавалосыя мужчыны, не маладзейшыя за дваццаць адзін год. Заяўку неабходна падаць асабіста Дункану Росу ў панядзелак аб адзінаццатай па адрасе: Флітстрыт, Поўпскорт, дом 7, кантора Саюза.
І што ўсё гэта значыць? усклікнуў я, калі двойчы прабег вачыма незвычайную абвестку.
Холмс задаволена ўсміхнуўся і адкінуўся на спінку крэсла, як рабіў, калі быў у гуморы.
Не надта шараговы выпадак, праўда? сказаў ён. Ну, а цяпер, містэр Ўілсан, раскажыце пра сябе, чым і як вы жывяце і якім чынам гэтая абява паўплывала на вашае жыццё. Але спачатку вы, доктар, запішыце назву газеты і дату яе выхаду.
Гэта «Монінг кронікл» за 27 кастрычніка 1890 году. Двухмесячнай даўніны выпуск.
Выдатна. Вашая чарга, містэр Ўілсан.
Ну, як я ўжо гаварыў вам, містэр Холмс, пачаў Явіс Ўілсан, прамакнуўшы лоб насоўкай, я трымаю невялікі ламбард на Кобург-сквер каля Сіці. Абарот не вельмі вялікі, і ў апошнія гады прыбытку хапае толькі на жыццё. Раней я яшчэ мог дазволіць сабе двух памочнікаў, цяпер жа ў стане ўтрымліваць усяго аднаго, і тое толькі таму, што ён пагадзіўся працаваць за палову заробка, каб мець магчымасць вучыцца нашай справе.
Як завуць гэтага спагаднага маладзёна? пацікавіўся Шэрлак Холмс.
Завуць яго Вінсэнт Сполдынг, і я б не сказаў, што ён такі ўжо малады. Цяжка зразумець, колькі яму гадоў. Але галава ў яго працуе як трэба, містэр Холмс. Не сумняюся, што ён мог бы знайсці сабе лепшае месца і зарабляць удвая болей, чым у мяне. Але калі ён задаволены, навошта мне падказваць яму такія думкі?
І сапраўды, навошта. Здаецца, вам здорава пашанцавала займець работніка за палову рынкавай цаны. У яго ўзросце рэдка хто пагодзіцца на такія ўмовы. Нават не ведаю, што мяне дзівіць больш вашая абвестка ці ваш памочнік.
Але ж і ён не без хібаў, сказаў містэр Ўілсан. Трэба яшчэ пашукаць такога зваряцелага на фатаграфіі. Шчоўкае паўсюль камерай у той час, як мусіць вучыцца, а потым бяжыць у склеп, як трус у нару, каб фотакарткі праяўляць. Гэта ягоны галоўны недахоп, але агулам ён добры працаўнік. Неблагі хлопец.
Але ж і ён не без хібаў, сказаў містэр Ўілсан. Трэба яшчэ пашукаць такога зваряцелага на фатаграфіі. Шчоўкае паўсюль камерай у той час, як мусіць вучыцца, а потым бяжыць у склеп, як трус у нару, каб фотакарткі праяўляць. Гэта ягоны галоўны недахоп, але агулам ён добры працаўнік. Неблагі хлопец.
Я так разумею, ён усё яшчэ з вамі?
Са мной, сэр. Ён ды яшчэ дзяўчына чатырнаццаці гадоў, яна кухарыць і прыбірае. А больш у доме нікога няма, бо я ўдавец і дзяцей не маю. Жывем мы вельмі ціха, сэр, утраіх, дах над галавой маем, па рахунках плацім, вось і ўсе нашыя справы.
Толькі з гэтай абвесткай усё змянілася. Сполдынг прыйшоў на працу акурат восем тыдняў таму з гэтай самай газетай у руцэ і кажа: «Мець бы мне Божую ласку быць рудым, містэр Ўілсан».
«Гэта навошта?» пытаюся.
«А вось, гаворыць, тут у Саюзе рудых вакансія. Любому, хто яе атрымае, будуць плаціць кругленькую суму, і, наколькі разумею, месцаў больш, чым прэтэндэнтаў, таму апекуны не ведаюць, куды ім грошы падзець. Калі б толькі мае валасы змянілі колер, меў бы я добрую магчымасць крыху разжыцца манетай».
«Дык якая такая магчымасць?» пытаю яго. Рэч у тым, містэр Холмс, што я вялікі дамасед, кліенты самі да мяне ходзяць, а мне да іх хадзіць не даводзіцца. Часта я тыднямі за ганак не сунуся, таму ведаю няшмат пра тое, што адбываецца ў свеце, і заўжды рады паслухаць навіны.
«Вы што, ніколі не чулі пра Саюз рудых?» кажа мне ён з вырачанымі вачыма.
«Ніколі».
«Дзіўна, што так, бо вы цалкам падыходзіце на адну з іх вакансіяў».
«А колькі там плацяць?»
«О, усяго пару сотняў на год, але абавязкі лёгкія і асноўнай працы не замінаюць».
Няцяжка здагадацца, што тут я натапырыў вушы. Мае справы ўжо некалькі гадоў ішлі не найлепшым чынам, і дадатковая пара сотняў была б мне вельмі дарэчы.
«Раскажыце пра гэта падрабязней», прашу я яго. Ён мне паказвае абвестку і кажа: «Самі можаце бачыць, што ў Саюзе ёсць вакансія. Вось адрас, куды звяртацца па інфармацыю. Як я разумею, Саюз заснаваў амерыканскі мільянер Езекія Хопкінс, які быў трохі дзівакаватым. Ён сам быў рудым і цёпла ставіўся да ўсіх рудавалосых, а калі памёр, высветлілася, што ўсю сваю немалую маёмасць ён пакінуў апекунам, наказаўшы ім забяспечваць лёгкай падпрацоўкай людзей з такім колерам валасоў. Я чуў, што плацяць там добра, а рабіць трэба мала».
«Але ж, кажу, тады б мільёны рудых адпраўлялі туды заявы».
«Не так шмат, як можа падацца, ён мне адказвае. Бяруць толькі лонданцаў і толькі поўнагадовых мужчын. Той амерыканец у маладосці пачынаў кареру ў Лондане і хацеў аддзячыць старому гораду. Да таго ж я чуў, што не мае сэнсу падаваць на вакансію, калі ты рудаваты бландын ці шатэн з рудым адлівам, карацей, нікому, апроч сапраўды яркіх, відавочных, вогненна-рудых, нічога не свеціць. І калі б вам захацелася падаць заяву, містэр Ўілсан, вас бы акурат узялі. Але, мабыць, вам не захочацца асабліва варушыцца дзеля нейкай пары сотняў фунтаў на год».
Валасы ў мяне, джэнтльмены, як вы самі можаце пераканацца, вельмі насычанага і багатага колеру, таму мне падалося, што калі рэч менавіта ў гэтым, то я магу скласці канкурэнцыю каму заўгодна. Вінсэнт Сполдынг выказаў вялікую абазнанасць у тэме, таму я падумаў, што ён можа быць мне карысны, загадаў яму зачыніць жалюзі і ўзяў з сабой. Ён вельмі ўзрадаваўся выходнаму, мы замкнулі ламбард і выправіліся на адрас, пазначаны ў абвестцы.
Наўрад ці мне давядзецца яшчэ калі-небудзь убачыць такое відовішча, містэр Холмс. З поўначы, поўдня, усходу і захаду цягнуліся ў Сіці ўсе, хто прачытаў абвестку і меў хаця б якую рудзізну. Фліт-стрыт была проста забітая рудымі, а Поўпс-корт нагадваў вулічны латок з апельсінамі. Я і не думаў, што ў краіне набярэцца столькі рудых, колькі прыйшло па адной-адзінай абяве. Там былі ўсе адценні: саламянае, лімоннае, апельсінавае, адценні цэглы, ірландскага сэтэра, пячонкі, гліны, але, як Сполдынг і казаў, сапраўднага вогненна-рудога колеру было не так і шмат. Калі я ўбачыў, як шмат ахвочых, то хацеў быў кінуць дурное і пайсці, але Сполдынг не жадаў і чуць пра гэта. Не знаю, як яму гэта ўдалося, але ён уплішчыўся між людзей, пацягнуў мяне за сабой, прасоўваў наперад і неўзабаве правёў скрозь натоўп проста да сходаў. Там было дзве плыні: адны з надзеяй рухаліся ўверх, а іншыя з сумнымі тварамі спускаліся, але мы, як і раней, праслізнулі міма і хутка зайшлі ў кантору.
Ваш расказ здаецца мне ў найвышэйшай ступені займальным, зазначыў Холмс, калі кліент спыніўся, каб асвяжыць успаміны ладнай панюшкай тытуню. Майце ж ласку, працягвайце свой надзвычай цікавы аповед.