Я расплюшчыў вочы. Якая была карысць заплюшчваць іх, раз я не мог заснуць! Усё той жа змрок атачаў мяне, усё тая ж бяздонная чорная вечнасць, праз якую не магла прабіцца мая думка. З чым бы яго параўнаць? Я зрабіў адчайнае намаганне, каб вышукаць самае чорнае слова для абазначэння гэтага змроку, гэткае жахліва чорнае слова, каб мой рот пачарнеў, прамаўляючы яго. Божа мой, як жа цёмна! І я зноў пачынаю думаць пра гавані, пра караблі, пра чорных пачвар, што пільнуюць мяне. Яны хацелі прывабіць мяне, схапіць і звезці за моры і землі, у чорныя, нікім не бачаныя краіны. Мне здаецца, быццам я на караблі; вось я паплыў у моры, узняўся да аблокаў і падаю, падаю Я выдаю роспачны крык і сціскаю рукамі край ложка: гэта быў небяспечны палёт, я са свістам ляцеў долу, не раўнуючы як той мех з камянямі. І калі рукі мае адчулі цвёрды бераг ложка, я зусім не адчуў, што я ўратаваны. «Вось яна, смерць, сказаў я сам сабе. Цяпер ты памрэш!» Пэўны час я разважаў пра сваю непазбежную смерць. Потым прыўзняўся на ложку і сурова спытаў: «А хто сказаў, што ты павінен памерці?» Раз я сам прыдумаў слова, то маю поўнае права вырашыць, што яно павінна значыць Я чуў свой голас, чуў свае ўласныя фантазіі. Гэта было варяцтва, трызненне, спароджанае слабасцю і выпетранасцю, але я не страціў прытомнасці. І раптам мяне скаланула думка, што я зваряцеў. Ахоплены страхам, я саскочыў з ложка. Хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, паспрабаваў іх адчыніць, некалькі разоў стукнуўся аб іх усім целам, каб выбіць, потым уткнуўся лбом у сцяну, гучна застагнаў, кусаючы сабе пальцы; я плакаў, мармытаў праклёны
Усё было ціха, адно мой голас кідаўся сюды-туды ў камеры, бяссільны пераадолець тоўстыя муры. Усё, ногі больш не трымаюць мяне, і я падаю на падлогу. Высока над сабою я ўжо цьмяна бачу ў сцяне шэры квадрат, ён набывае белаватае адценне, і ўва мне ўспыхвае прадчуванне: гэта ж дзённае святло. Ах, з якою палёгкаю я тады ўздыхнуў! Я распасцёрся на падлозе і плакаў, радуючыся пробліску святла, гэта былі слёзы ўдзячнасці, я пасылаў з акна паветраныя пацалункі і паводзіў сябе як варят. Але і ў гэтай хвілі я разумеў, што раблю. Уся мая прыгнечанасць адразу знікла, роспач і боль прайшлі, мне нічога больш не было трэба, я не мог згадаць аніводнага няспраўджанага жадання. Я сеў на падлогу, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і цярпліва чакаў надыходу дня.
«Якая жахлівая была ноч! Дзіўна, што ніхто не пачуў галасу», са здзіўленнем думаў я. Але ж я быў у рэзервовай камеры, размешчанай нашмат вышэй за ўсе астатнія. Беспрытульны дзяржаўны радца, калі можна так сказаць. Цяпер у мяне быў выдатны, нічым не азмрочаны настрой, я пільна ўглядаўся ў акно, за якім усё мацней бралася на дзень, і забаўляўся, уяўляючы, нібыта я важная асоба, я называў сябе фон Тангенам і намагаўся выказвацца так, як належыць высокаму чыноўніку. Фантазія мая па-ранейшаму працавала, але я стаў нашмат спакайнейшым. Праклятая безуважлівасць: праз яе я забыўся дома мой кашалёк. Ці не зробіць мне спадар дзяржаўны радца вялікі гонар, ці не дазволіць ён прапанаваць яму ложак? З надзвычайнай важнасцю, вельмі цырымонна, я падышоў да ложка і лёг.
Зрабілася ўжо гэтак светла, што я мог выразна бачыць сцены камеры, а праз пэўны час разгледзеў на дзвярах цяжкую клямку. Гэта супакойвала мяне: аднастайны змрок, такі раздражняльна шчыльны, што я не бачыў самога сябе, рассыпаўся, кроў у маіх жылах цякла павольней, і неўзабаве я адчуў, як у мяне зліпаюцца павекі.
Мяне разбудзіў стук у дзверы. Я ўскочыў і хуценька апрануўся; мая вопратка яшчэ не высахла з учорашняга вечара.
Калі ласка, уніз, да дзяжурнага, сказаў паліцыянт.
«Значыць, мяне зноў чакаюць усякія фармальнасці!» з жахам падумаў я.
Я спусціўся ўніз, у вялікі пакой, дзе сядзелі трыццаць або сорак бяздомных людзей. Паводле запісу ў пратаколе іх па чарзе выклікалі і давалі ім талоны на абед. Дзяжурны, які стаяў побач з паліцыянтам, раз-пораз пытаўся ў яго:
Талон выдадзены? Не забывайце выдаваць талоны. Бо яны, як відаць, галодныя.
Я глядзеў на ўсе гэтыя талоны і марыў таксама займець адзін.
Андрэас Танген, журналіст!
Я выйшаў наперад і пакланіўся.
Паслухайце, а вы якім чынам сюды трапілі?
Я растлумачыў, як яно ўсё было, расказаў тую ж гісторыю, што і ўчора, я хлусіў, не павёўшы вокам, хлусіў цалкам шчыра: заседзеўся ў кавярні, згубіў ключ
Ах, так, сказаў ён і ўсміхнуўся. Вунь яно што! Ці добра вам удалося ў нас выспацца?
Як дзяржаўнаму радцу, адказаў я. Як дзяржаўнаму радцу!
Паслухайце, а вы якім чынам сюды трапілі?
Я растлумачыў, як яно ўсё было, расказаў тую ж гісторыю, што і ўчора, я хлусіў, не павёўшы вокам, хлусіў цалкам шчыра: заседзеўся ў кавярні, згубіў ключ
Ах, так, сказаў ён і ўсміхнуўся. Вунь яно што! Ці добра вам удалося ў нас выспацца?
Як дзяржаўнаму радцу, адказаў я. Як дзяржаўнаму радцу!
Вельмі рады! сказаў ён, устаючы. Да пабачэння!
Я пайшоў.
Каб жа і мне, каб жа і мне талончык! Я не еў доўгія тры дні і тры ночы! Хоць бы адзін кавалачак хлеба! Але ніхто не прапанаваў мне талона, а папрасіць я не наважыўся. Гэта адразу выклікала б падазрэнне. Яны б пачалі капацца ў маіх асабістых справах і шукаць, хто я такі ў сапраўднасці, і арыштавалі б мяне за фальшывыя паказанні. Высока падняўшы галаву і засунуўшы рукі ў кішэні, я выйшаў з ратушы ганарліва, нібы мільянер.
Сонца ўжо ладна пачынала прыграваць, была дзясятая, плошчу запоўнілі экіпажы і пешаходы. Куды пайсці? Я пляскаю сабе па кішэнях, намацваю свой рукапіс:
Аб адзінаццатай паспрабую зазірнуць да рэдактара.
Стоячы каля балюстрады, я назіраю, як пада мною віруе жыццё, а ад маёй вопраткі ідзе пара. Голад зноў прачнуўся ўва мне: ён болем сціскае грудзі, прабягае сутаргамі па целе, слаба, але адчувальна прабірае мяне. Няўжо мне не знайсці ніводнага прыяцеля ці знаёмага, нікога, да каго б я мог звярнуцца? Я капаюся ў памяці, намагаюся прыдумаць, хто даў бы мне дзесяць эрэ, але такога чалавека не знаходжу. А дзень такі цудоўны! Вакол столькі цяпла і святла, неба пяшчотна расплылося над галавою, нібы тое мора над горнаю градою
Незаўважна для сябе я пайшоў дахаты.
Я быў вельмі галодны і, падабраўшы з зямлі трэску, пачаў жаваць яе. Гэта дапамагло. Чаму я не падумаў пра гэта раней!
Брама была адчыненая, конюх, як звычайна, пажадаў мяне добрага дня.
А і пагода ж сёння! сказаў ён.
І праўда, адказаў я.
І больш я не знайшоўся, што сказаць. Ці папрасіць у яго якія пяць крон? Ён ахвотна дасць, калі толькі ў яго ёсць. Да таго ж я аднаго разу напісаў на яго просьбу ліст.
Ён стаяў, відавочна маючы намер нешта сказаць.
Сёння і праўда пагодна. Гм А мне таксама сёння плаціць гаспадыні, то не ці будзеце вы ласкавы пазычыць мне пяць крон? Толькі на некалькі дзён. Вы ж адзін раз ужо выручалі мяне.
Напраўду, ніяк не магу, Енс Улай, сказаў я. Цяпер у мяне ў самога няма. Можа быць, пазней, увечары
І я пацягнуўся сходамі да сябе.
Я кінуўся на ложак і рассмяяўся. Якое шчасце, што ён мяне апярэдзіў! Мой гонар уратаваны. Пяць крон Бог з табою, шаноўны! З такім жа поспехам ты мог бы папрасіць у мяне пяць акцый грамадскай сталоўкі або загарадную вілу ў Акеры.
Думаючы пра гэтыя пяць крон, я смяяўся ўсё гучней і гучней. Ну хіба ж я не малайчына? Пяць крон! Знайшоў адпаведнага чалавека! Я не мог даць рады сваёй весялосці: яна захапіла мяне ўсяго. Цьху, чорт пабірай, як пахне ядою! Пах гарачага з самага абеду, цьху! Я адчыняю акно, каб выветрыўся гэты агідны пах. Пане кельнер, палову біфштэксу! Звяртаючыся да стала, да свайго стала, які я, пішучы, падтрымліваў каленямі, я кажу з нізкім паклонам:
Ці не магу я ў вас спытацца наконт келіха віна? Не? Я Танген, дзяржаўны радца Танген. На жаль, я крыху заседзеўся і згубіў ключ ад брамы
І думкі мае, вырваўшыся на волю, зноў панесліся, як варяцкія. Я разумеў, што кажу абы-што, і ўважліва прыслухоўваўся да сваіх слоў. Я сказаў сабе: «Вось ты зноў вядзеш гаворку не ў склад і не ў лад!» І ўсё ж я нічога не мог з сабою зрабіць. Я не спаў і ўсё ж размаўляў, як у сне. Галава мая была лёгкая, я не адчуваў ані болю, ані цяжкасці, і ніводнае воблачка не азмрочвала мне душу. Я плыў па волі стыхіі.
Заходзьце! То заходзьце ж! Як бачыце, тут усё зроблена з рубіну. Юлаялі, Юлаялі! Прыгожая, дзівосная шаўковая тахта! Як бурна яна дыхае! Цалуй мяне, мой каханы! Яшчэ! Яшчэ! Твае рукі залацістыя, як бурштын, твае вусны палыхаюць Кельнер, я замовіў біфштэкс
Сонца свяціла ў акно, я чуў, як коні ўнізе жвякалі аўсом. А я грыз сваю трэску і цешыўся ад душы, як тое дзіця. Раз-пораз я абмацваў свой рукапіс, я ні разу не падумаў пра яго, але нешта падказвала мне, што ён тут: мая кроў нагадвала пра яго.
Ён сурёзна падмок, я разгарнуў яго і паклаў на сонца. Потым пачаў хадзіць узад-уперад па пакоі. Якое ж было гнятлівае відовішча вакол мяне! На падлозе і там, і тут дробныя растаптаныя абрэзкі бляхі, і няма ніводнага крэсла, ніводнага цвіка на голых сценах. Усе адпраўленае ў ламбард «да дзядзькі», усё праедзенае. Колькі аркушаў паперы на стале, пад тоўстым пластом пылу, складалі ўсю маю маёмасць, старую, зялёную коўдру на ложку мне пазычыў Ханс Паўлі шмат тыдняў таму. Ханс Паўлі! Я пстрыкаю пальцамі. Ханс Паўлі Петэрсэн дапаможа мне! І я намагаюся ўспомніць яго адрас. Як гэта я мог забыцца пра Ханса Паўлі! Ён, вядома, вельмі пакрыўдзіцца, што я не адразу звярнуўся да яго. Я хутка насоўваю капялюш, збіраю спісаныя аркушы паперы і збягаю ўніз па сходах.