Надзя заўважае, што на спакойных і абыякавых тварах будучых псіхіятраў зяўляюцца цікаўнасць і спачуванне: няўжо на свеце яшчэ засталіся дурніцы, якія могуць зваряцець ад няшчаснага кахання?..
Захворванне суправаджаецца галюцынацыямі. Навязлівая ідэя выяўляецца ў тым, што жанчына чытае літаратуру выключна эратычнага характару, просіць у сваякоў DVD-дыскі з фільмамі, дзе шмат эратычных сцэн, а таксама падтрымлівае размовы выключна на сексуальныя тэмы.
Вось гэта клас! пачуўся захоплены голас у натоўпе студэнтаў.
На эратычна настроенага практыканта засыкалі.
«Скажыце, калі ласка, навязлівая ідэя! Можна падумаць, шаноўныя эскулапы святыя! думае Надзя. Не глядзяць па вечарах, схаваўшыся ад дзяцей-падлеткаў, такія самыя фільмы. I не з эратычнымі сцэнамі, а звычайную парнуху Не маюць палюбоўніц, не распавядаюць адзін аднаму непрыстойныя анекдоты і не абмяркоўваюць жаночыя ножкі, а таксама астатнія вабнасці-прывабнасці. Тады ўсю краіну трэба ў варяцкі дом пасадзіць!»
Палатны доктар працягваў:
За тры тыдні знаходжання ў стацыянары станоўчая дынаміка, на жаль, не адзначана. За гэты час хворай прапісваліся наступныя сродкі далей ішоў доўгі пералік замежных лекаў. I таму, параіўшыся з загадчыкам аддзялення, мы вырашылі выкарыстаць найбольш моцны сродак, які дае цудоўны вынік для супакаення нервовай сістэмы
Надзя доўга і цярпліва слухае падобную лухту, але нарэшце не вытрымлівае:
Анатоль Пятровіч, з медыцынскіх крыніц, а таксама з жыцця вы цудоўна ведаеце, што найлепш супакойваюць нервовую сістэму пацалункі, абдымкі. А таксама ўсё, што адбываецца ўслед за імі
У натоўпе студэнтаў пачынаецца гамерычны смех. Палатны доктар, а таксама загадчык аддзялення стаяць чырвоныя як ракі.
Першы прыходзіць у сябе загадчык аддзялення. Ён абураны:
Анатоль Пятровіч, вы мяне дэзінфармавалі! Вы ведаеце, што ў нашым аддзяленні катастрафічна не хапае лекаў! Навошта вы пераводзіце на гэту жанчыну такія дарагія транквілізатары? У яе абсалютна здаровая псіхіка. Нашы пацыенты так не жартуюць. Рыхтуйце дакументы на выпіску!
Прабачце, якія жарты! рашуча перабівае яго Надзя. Я кажу абсалютна сурёзна. Мы не высветлілі вельмі важнае пытанне: я сама магу выбраць, з кім мне супакойвацца, ці гэта кансіліум вырашае? Лепш, вядома, калі я сама. Як мужчына, мне асабіста больш падабаецца Анатоль Пятровіч. Толькі варта ўдакладніць, дзе мы з ім будзем супакойвацца
Цяпер студэнты зарагаталі ізноў, разам з імі дактары аддзялення, потым Анатоль Пятровіч, загадчык і нарэшце сама Надзя. Яна смяялася так доўга і няспынна, аж захлынаючыся ад шчаслівага, разняволенага смеху, што нарэшце прачнулася.
Легкадумны настрой са сну перайшоў у яву. Цяпер яна ўсвядоміла, што трэба неяк ратавацца. Выцягнуць сябе з дэпрэсіі. Як Мюнхгаўзен з балота за валасы. Інакш усё можа кепска скончыцца. Калі працягваць далей у такім жа стылі, сон у рэшце рэшт зробіцца яваю.
Каб хто-небудзь год ці два таму сказаў Надзі, што мужчына пераверне дагары нагамі ўсё яе жыццё, яна не паверыла б. Надзя забараніла сабе слухаць яго музыку, якая раней мела над ёй незразумелую ўладу. Забараніла сабе тэлефанаваць яму што б ні здарылася. Забараніла думаць пра яго і ўспамінаць. Спачатку тое здавалася немагчымым. Бо ўсюды яна натыкалася на рэчы, звязаныя з ім, на твары агульных знаёмых, на творы, якія яны абмяркоўвалі. Пэўны час Надзя існавала нібы ў прастрацыі, бязлюднай, ненаселенай прасторы. Але потым зрабілася лягчэй.
Яна паціху пачала рыхтаваць новую праграму, у вучэльні папрасіла сабе дадатковыя гадзіны. А сыну паабяцала, што ў бліжэйшы час яны абавязкова выправяцца ў парк, пакуль той не зачыніўся на зіму. А яшчэ іх чакае музей, а потым тэатр, а потым дзень нараджэння цёткі Валі, Надзінай сяброўкі, дзе збярэцца шмат дзяцей. Ад такой захапляльнай перспектывы Алесік быццам ажыў. Ад яго капрызаў не засталося і знаку.
«Я звычайная эгаістка. I сама ва ўсім вінавата, дакарала сябе Надзя. Сын грубіяніў і злаваў, бо не адчуваў, што мне цікава з ім, што я хачу быць з ім разам. Некалі я гэтаксама злавала таму, што няма Не, яго няма, схамянулася яна, яго няма ў маім жыцці. Ён проста прывід, здань. Яго няма, няма, няма!»
Жыццё ўваходзіла ў звыклую каляіну. Цяпер, едучы з цэнтра ў свой спальны мікрараён, Надзя ўжо не дзівілася, як мінулай вясной, чаму твары пасажыраў такія абыякавыя, змрочныя ці нават прыгнечаныя. Цяпер яна сама была такой самай і нічым не вылучалася сярод натоўпу людзей, заклапочаных сваімі справамі.
У сярэдзіне кастрычніка з філармоніі патэлефанавалі у лістападаўскую афішу можна ставіць Надзін канцэрт. Ці гатовая яна? Гатовая, але цяпер, калі на душу лёг спакой, яна баялася страціць адчуванне раўнавагі. І не хацела больш сустракацца з Маэстра. Некалькі разоў яны бачыліся мімаходзь на аркестравых рэпетыцыях, але пасля іх Надзя хуценька знікала, каб яе ніхто не праводзіў. Напэўна, кампазітар адчуў, што з ёй робіцца штосьці незразумелае, і аднойчы на рэпетыцыі запытаў:
Надзя, нешта здарылася?
«Здарылася, і вельмі даўно. Толькі не са мной, а з табой», падумала яна і, спакойна гледзячы яму ў вочы, адказала:
Не, усё нармальна!
«I што асаблівае я ў ім знайшла? У яго звычайны твар і звычайны голас»
Напэўна, адчуўшы яе адчужанасць, Маэстра не стаў нічога дапытвацца і адышоў. Магчыма, пакрыўдзіўся. У музыкаў скура тонкая, усё адчуваюць. Але што ёй да ягоных крыўдаў! Гэта ўжо не яе клопаты
Частка адзінаццатая
Старыя прысады
Нарэшце прыйшоў дзень канцэрта. Ці таму, што яна хвалявалася, ці з нейкай іншай прычыны, але Надзя кепска спала ўсю ноч. То за ёй, то за бабуляй з Алесікам, то за Маэстра ганяліся і лёталі нейкія страшыдлы і прывіды. Карусель знаёмых і незнаёмых твараў круцілася і мільгацела перад вачыма, нібы кадры з фільма жахаў. Надзя прачыналася, загадвала сабе не спаць наогул, каб ізноў не перажываць таго стану здранцвення, страху і поўнай душэўнай разгубленасці. Але варта толькі прыплюшчыць вочы, як фільм жахаў працягваўся, і яму не было канца. Паднялася зусім разбітай, у галаве было цьмяна.
Ранкам хацела адразу патэлефанаваць яму і спытаць, ці ўсё добра. Бо пасля ночы, як доўгі шлейф сну, гнялі душу незразумелыя страх і трывога. Хоць бы з ім нічога не здарылася!
Надзя ўжо зняла слухаўку, набрала нумар (ведала ж, што ў ягоным тэлефонным апараце нумары ўваходных званкоў не вызначаюцца), але пачуўшы «Алё», сказанае знаёмым ціхім голасам, паклала яе. Яна дала сабе абяцанне: ніколі і ні пры якіх абставінах яму не тэлефанаваць. Ні-ко-лі! А абяцанні, дадзеныя сабе, трэба выконваць.
«Як я сёння буду спяваць у такім стане? Надзя была ў роспачы. Гэта ж непазбежны правал! Такая велізарная праца, столькі ўкладзена сіл, эмоцый. І ўсё марна, дарма? Квіткі на вечарыну прададзены, вольных месцаў няма. Па запрашэннях павінны прыйсці калегі з вучэльні. Слухач чакае свята, настройваецца. А я не ведаю, як буду спяваць І што рабіць?!» У глыбіні душы жыло кволае спадзяванне, што за паўдня нешта зменіцца.
Тэлефон зазваніў сам.
Надзя, пачуўся голас Маэстра, гэта не ты толькі што тэлефанавала?
Не, не я схлусіла яна. Памаўчала, а потым спытала: У цябе ўсё нармальна?
Нібыта
Ну, добра, тады да вечара
Бабуля ўжо адправіла Алесіка ў школу і цяпер завіхалася на кухні. Надзя паснедала, пагаварыла з маці пра побытавую драбязу. Накшталт таго, што трэба купіць хлопцу з зімовага адзення, бо леташняе зрабілася малым і цесным.
Потым маці расказала з сакавітым народным гумарам і мноствам трапных дэталяў, як умела, пэўна, толькі яна падрабязнасці свайго тыднёвага знаходжання ў сястры. Перад вачыма паўставалі каларытныя вобразы цёткі Соні і яе дзяцей, Надзіных стрыечных братоў і сясцёр. На яе адразу выплюхнулася столькі цікавых навін: пра запланаваныя на бліжэйшы час вяселлі і хрысціны, пабудаваныя хаты, купленыя машыны, ураджай на градах, здароўе шматлікіх сваякоў. Інакш кажучы, жыццё віравала, імчала і зіхацела. «Смешна, а я перажываю наконт голасу Распяюся і ўсё будзе так, як і павінна быць!» Спакойны, бесклапотны матчын настрой спакваля перадаваўся Надзі. Яна ўжо не думала пра немінучы правал. Трэба паспрабаваць, як сёння гучыць голас. Адчыніла вечка піяніна, узяла некалькі нот. Голас гучаў, і гэта абнадзейвала.
Потым прымервала перад люстэркам новую, яшчэ не надзяваную канцэртную сукенку. Сшытая з чорнага шыфону, доўгая, да пят, з вялікім шлейфам ззаду, яна Надзі вельмі пасавала. Гафрыраваныя рукавы з тонкай серабрыстай каймой па краі, свабодныя, напалову адкрывалі рукі. Надзя раскінула іх у бакі, нібы сабралася ўзляцець. Чорны шыфон захваляваўся, пабег, і цяпер напаўпразрыстыя рукавы здаваліся крыламі дзіўнай казачнай птушкі, якая прыляцела невядома адкуль. Мы яшчэ паглядзім, хто сёння будзе пераможцам!
Надзя намервалася выйсці з дому загадзя, каб не адразу трапіць у шумную, вірлівую плынь людзей на праспекце, а, не спяшаючыся, прайсціся прысадамі старога парку. Яшчэ ў XVI стагоддзі напісаў паэт: «Лепш за прыроду нішто не ачысціць нам душу» Дзіўна, але за чатыры стагоддзі мала што змянілася ва ўзаемных дачыненнях чалавека і навакольнай прыроды.