Надзя намервалася выйсці з дому загадзя, каб не адразу трапіць у шумную, вірлівую плынь людзей на праспекце, а, не спяшаючыся, прайсціся прысадамі старога парку. Яшчэ ў XVI стагоддзі напісаў паэт: «Лепш за прыроду нішто не ачысціць нам душу» Дзіўна, але за чатыры стагоддзі мала што змянілася ва ўзаемных дачыненнях чалавека і навакольнай прыроды.
Надзя любіць якое заўгодна надворе, але галасавыя звязкі любяць сухія сонечныя дні. Сёння якраз такі дзень, нібы па яе просьбе. Пад нагамі шамаціць сухое пакурчанае лісце. На клёнах і таполях дагарае апошняя краса.
Да пачатку канцэрта застаецца паўтары гадзіны. Надзя думае пра тое, з якім умельствам і неверагоднай фантазіяй узводзілі культавыя будынкі майстры ў мінулыя стагоддзі. Хіба гэта не аргумент у іхняй заўсёднай спрэчцы з Алегам? Ніхто не ведае імёнаў дойлідаў, іх даўно няма на зямлі. Можа, род той звёўся, вынішчаны войнамі ці голадам. А храм стаіць насуперак часу, войнам, варажнечы. І жыве ў ім душа невядомага дойліда. Ці трэба здзіўляцца, што спевакі так любяць тут выступаць? Здаецца, прастора ўнутры будынка існуе па законах ідэальнай прыгажосці.
Калі знікне святло ў вялікіх люстрах і малых свяцільніках, вядучая абвесціць: «Выступае лаўрэат міжнародных конкурсаў, заслужаная артыстка рэспублікі». Вядома, прыемна пра сябе такое чуць, але Надзя ўспрымае прыкметы грамадскага прызнання так, нібы гаворка ідзе пра старонняга чалавека. «Ну, буду спяваць гадоў яшчэ дзесяць-пятнаццаць. Калі з голасам будзе ўсё добра. Мо і да народнай даслужуся. Але хіба званні і прыкметы грамадскага прызнання могуць адолець тую самоту, тую тугу, якая прыходзіць да мяне ўсё часцей? Яе не было ў маладосці. І падчас нашых сустрэч з Маэстра.
Чаму паўсюль адчуваю сябе адзінокай: у натоўпе на вуліцы горада, сярод калег і каляжанак на вясёлай вечарынцы, нават у сямі? Нібы пячатка на мне ляжыць, нібы заклён, які немагчыма адолець. Быццам зачараваў хто І толькі ў час канцэрта, калі плынь музыкі яднае з залай, калі літаральна скурай адчуваю настрой публікі, пазбаўляюся гэтага заклёну. Тады я сапраўдная, якой бачу сябе ўнутраным зрокам, а не ў люстэрку.
Хто гэта разумее? Мой былы муж, які ніколі не хадзіў на мае канцэрты? Ці Маэстра? А што яго цікавіць, апрача ўласных сачыненняў? Ён любіць свой вытанчаны ўнутраны свет і сваю геніяльную творчасць. Ну і няхай любіць! А я тут пры чым? Навошта мне пра яго думаць?
Магу сказаць даслоўна, што потым напішуць пра канцэрт. Тое, што і раней: «Тонкае і ўдумлівае прачытанне», «творчая апантанасць» Банальныя сказы! Каб яны ведалі ці маглі здагадацца, што ў так званай творчай апантанасці, калі, скончыўшы рыхтаваць адну праграму, адразу бярэшся за другую, у гэтых бясконцых гастролях і запісах у фонды радыё, выяўляецца не толькі любоў да музыкі і прафесіі, але і імкненне пазбавіцца ад заўсёднай адзіноты.
Напэўна, доля мая такая. Навошта на Бога наракаць? Такая нарадзілася, такой і застануся. Навошта ў сабе штосьці мяняць? Для каго і для чаго? Але, каб не прыходзіла і не апаноўвала адзінота, хіба я магла б пачуць тое, што адкрываецца ў нотных аркушах? Галасы вялікіх кампазітараў, якія пайшлі, але пакінулі ўсім і мне таксама! самае каштоўнае, што мелі, уласныя творы? Хіба іх галасы не падказваюць, што і як трэба спяваць? Калі я перастану чуць тыя галасы, маё жыццё як спявачкі скончыцца. I застанецца глядзець тэлевізар, абурацца, як кепска спяваюць маладыя, гартаць старыя, пажоўклыя праграмкі. І яшчэ чытаць старыя рэцэнзіі на ўласныя канцэрты.
Што зробіш, не пашанцавала ў асабістым жыцці. Затое шанцуе як артыстцы. Не бывае, каб і там, і тут поўна. Прафесія звяла мяне з Алегам, яна з ім і развяла. Калі б я не была спявачкай, магчыма, ніколі б не пазнаёмілася з Маэстра» Толькі цяпер Надзі ў галаву прыйшла думка, якая ніколі не зяўлялася раней, што такой сустрэчы наогул магло і не быць. А калі час адкруціць назад? Усё сцерці чароўнай гумкай, назаўсёды замазаць белай фарбай? Ці згадзілася б яна, каб нічога не здарылася? Не Няхай цяпер ёй горка, але лепей так, як ёсць.
Учора адбылася рэпетыцыя з аркестрам. Апошні прагон праграмы, з першага нумара да апошняга. У паўзах яны ўдакладнялі з дырыжорам тэмпы. Надзя моўчкі выслухала апошнія, дробныя пажаданні аўтара.
Яна крочыць далей і далей прысадамі парку. Як пабудаваны канцэрт? Першая частка няпэўныя мары, сустрэча, каханне, шчасце. На гэтай узнёслай ноце заканчвалася першае аддзяленне. Другое пачыналася з ростані. Сустрэчы, пакуты, адчай, адзінота, расстанне і памяць Усё, як у іх. Надзя даўно вырашыла, што гэты канцэрт будзе яе развітаннем з Маэстра. Будзе ростанню, а па нейкім часе ў душы застанецца толькі няпэўны, расплывісты, самотны ўспамін.
Частка дванаццатая
Канцэртная зала
Надзя прыйшла рана, аркестранты яшчэ не зявіліся. Яна распелася пад акампанемент Ірачкі, а потым у грымёрнай уладкавалася перад люстэркам і занялася грымам і прычоскай.
Доўгія завушніцы, на шыю калье, на запясце бранзалет. Усе ўпрыгажэнні выкананы ў адным стылі. Сукенка з дарагой тканіны, але без аздобы, таму біжутэрыі можа быць нямала. Толькі лепей крыху не дабраць бляску, чым перабраць. Працэс грыміравання, а потым і пераапранання з будзённага адзення ў сцэнічны касцюм падобны да таямнічага рытуалу. Калі звыклае «я» ператвараецца ў асобу, табе самой мала вядомую і не надта зразумелую.
Усе прыгатаванні скончаны. Зірнуўшы ў люстэрка, Надзя ўбачыла ў яго шэра-блакітнай глыбіні незнаёмую ёй танклявую жанчыну ў чорнай канцэртнай сукенцы. Выразныя вочы ўдала павялічаны сцэнічным грымам. Каменьчыкі на аздабленнях таямніча паблісквалі і надавалі абліччу некаторую рамантычнасць. «Амаль дзевятнаццатае стагоддзе. Або пачатак дваццатага. У такой сукенцы ў кіно можна здымацца. Інтэрераў старадаўняга замка не хапае! Сёння я сабе падабаюся. I грым, і прычоска усё ўдала, ніякія дробязі не раздражняюць»
Нарэшце яна паднялася з-за грыміравальнага століка. Ірачка толькі ахнула:
Надзея Аляксандраўна, вы сёння як каралева!
Ага! іранічна адазвалася Надзя. Каралева. Толькі чамусьці без каралеўства і караля.
Будзе кароль, будзе і каралеўства! пераканана прамовіла канцэртмайстар.
Ты думаеш? скептычна адгукнулася Надзя.
Не сумняваюся! Вы памятаеце, што канцэрт пішацца ў фонды радыё, а ў праходзе залы стаіць відэакамера?
Гэта ўзнімае нашы акцыі, засмяялася спявачка.
Усё-такі прыемна, калі ўвесь вечар ты у цэнтры ўвагі, ты галоўная гераіня таго, што дзееца вакол. І ўсе дырыжор, аркестранты, вядоўца, нават капельдынеры і адміністратар залы толькі і думаюць пра тое, што зрабіць, каб палепшыць твой настрой!
Яшчэ несуладныя галасы камернага аркестра, з якім Надзя будзе сёння спяваць праграму, чуюцца з-за куліс. Музыкі наладжваюць інструменты.
«Галоўнае не глядзець у ягоны бок. А то сабюся з патрэбнага настрою. Няхай сустракаецца з кім хоча, тэлефануе каму хоча. Вольнаму воля, выратаванаму рай Калі б я дакладна ведала, што ў яго жыцці зявілася іншая жанчына, прасцей было б развітацца назаўсёды. Чаму я зноў думаю пра яго? Гэта насланнё! Яго няма! Ня-ма!
Прагучаў другі званок. Хутчэй бы пачатак! Нервы нацягнутыя як струны. Калі за кулісамі хтосьці скажа што-небудзь не тое, я за свае паводзіны не адказваю! Хоць бы ніхто ў душу не лез»
Вось і апошні, трэці званок. Яшчэ некалькі хвілін і пачатак! Вядоўца ўжо выйшла на сцэну. Шум у зале спакваля аціх. Стоячы за кулісамі, Надзя не бачыць, а па гуках здагадваецца, што адбываецца на сцэне. Абяўляюць першыя нумары. Называюць выканаўцаў. Спачатку аркестр, потым дырыжора, потым яе. Апладысменты. Яе выхад!
Надзея Аляксандраўна, з Богам! шэпча на вуха Ірачка.
«Царыца Нябесная, дапамажы! Каб канцэрт атрымаўся ўдалым. Каб я развіталася з ім назаўсёды» Надзя незаўважна перахрысцілася. Зрабіць некалькі крокаў, якія аддзяляюць закуліссе ад сцэны, усё роўна, што сігануць у палонку з ледзяной вадой.
«Юпітары» слепяць вочы. Ніхто ў зале не павінен здагадацца, што ёй страшна. Яна ўсміхаецца, шчыра і радасна. Сапраўды, сустрэчы з гледачом яна чакае. Усмешка гледачам, усмешка дырыжору
У зале ўсталявалася цішыня. Аркестр зайграў уступ першага раманса. Потым сцішыўся, амаль спыніўся, каб падхапіць і ўплесці ў свой узорысты, вытанчаны малюнак моцны і глыбокі голас артысткі. Узняўшы вочы ў бок высокіх скляпенняў храма, якія патаналі ў цемры, туды, дзе таямніча і грозна паблісквалі медна-залацістыя трубы аргана, Надзя заспявала
Цяпер, апынуўшыся ў стыхіі музыкі, нібы птушка ў паветры, яна нарэшце адчула сябе зусім вольнай. Вызваленай. Усе душэўныя пакуты, усё, што прыгнятала і непакоіла, адышло, адпусціла і існавала недзе асобна. Плынь музыкі надзейна яе абараняла.
Так амаль заўжды атрымлівалася, што канцэртная зала аказвалася для Надзі месцам споведзі. Мо таму, што яе любімыя канцэртныя залы ў розных гарадах і краінах часцей за ўсё размяшчаліся ў былых ці цяперашніх культавых будынках, прызначаных для малітвы і споведзі. Спяваючы вакальныя сачыненні розных аўтараў і з розных эпох, яна спявала нібы пра сябе: пра ўласнае жыццё і пачуцці, пра страхі і сумненні, чаканне, трапяткую радасць і неадольнае гора. I зноў пра надзею, якая заўсёды застаецца ў чалавечым сэрцы.