Так амаль заўжды атрымлівалася, што канцэртная зала аказвалася для Надзі месцам споведзі. Мо таму, што яе любімыя канцэртныя залы ў розных гарадах і краінах часцей за ўсё размяшчаліся ў былых ці цяперашніх культавых будынках, прызначаных для малітвы і споведзі. Спяваючы вакальныя сачыненні розных аўтараў і з розных эпох, яна спявала нібы пра сябе: пра ўласнае жыццё і пачуцці, пра страхі і сумненні, чаканне, трапяткую радасць і неадольнае гора. I зноў пра надзею, якая заўсёды застаецца ў чалавечым сэрцы.
Калі яна спявала рамансы на вершы Сапфо, Блока і Лоркі, да вакалісткі раз-пораз прыходзіла містычнае адчуванне, што не Сапфо, не Блок і не Лорка прыдумалі тыя радкі. Яны акрэсленыя і сфармуляваныя вышэйшым духам. І існавалі самастойна ў гукавым, спеўным космасе вакол Зямлі, а потым былі пачуты чулымі аўтарамі. А цяпер тыя вершы існуюць незалежна ад тых, хто іх занатаваў. Існуюць як дасканалая мастацкая форма, у якую спявак можа пераліць уласныя эмоцыі.
З першымі тактамі вакальнага цыклу, пачуўшы нібы ўпершыню тую музыку, з якой было звязана ў яе столькі ўспамінаў, Надзя чамусьці згадала іх з Маэстра сустрэчы. Карціны паўставалі так ярка, што яна не бачыла перад сабой ні глядзельнай залы, ні твараў слухачоў, а акампанемент і інструментальныя пройгрышы хутчэй адчувала. Тое трызненне на яве доўжылася ўвесь час, пакуль гучала музыка.
Летняя раніца, далёкія лугі на супрацьлеглым беразе рэчкі, стракатанне конікаў у траве, водар скошанага сена усё існавала ў першароднай красе. Не толькі само па сабе, але і як таямнічыя знакі шчасця, падараванага невядома за што. Потым перад вачыма паўставалі восеньская слота, доўгія самотныя вечары, чорная ноч у раме акна, кроплі дажджу на шкле знакі адзіноты. Доўгае, пакутлівае чаканне тэлефонных званкоў, адчай і рэўнасць, выпадковыя сустрэчы, ягоны душэўны холад, фантастычныя вобразы сноў, начных кашмараў, што спляталіся ў пякельнае, зачараванае кола, з якога не выбрацца, знакі расстання.
Паўгода таму, калі Надзя дэталёва абдумвала выкананне славутага шэкспіраўскага санета, хіба магла яна тады меркаваць, што ён будзе гучаць як яе, Надзіна, адчайнае маленне? Спакойна і няспешна працуючы над санетам, яна ўяўляла сабе маладую ледзі або высакароднага шляхціца, чый зварот да каханага чалавека споведзь зраненага, спакутаванага сэрца:
Оставь сейчас, чтоб сразу я постиг,
Что это горе всех невзгод больнее.
Что нет невзгод, а есть одна беда
Твоей любви лишиться навсегда.
Здаецца, згасне надзея, і зрушыцца свет. Цяпер Надзі не трэба было клапаціцца пра эмацыянальныя фарбы, адчай, які яшчэ хаваўся ў душы і віраваў-віраваў у яе цемры, усё падказваў сам.
Артыстка спявала раманс на словы Багдановіча: «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос», і ўяўленне пераносіла яе на тую сунічную паляну, у бясконцы ліпеньскі дзень.
Далей у праграме ішоў пачуццёвы раманс на словы Лоркі.
Мужчине чужие тайны
Рассказывать не пристало,
И я повторять не стану
Всё то, что она шептала
Повязь адмысловых мелодый, якая раней так падабалася Надзі ў вакальным цыкле, цяпер прыносіла яшчэ і пакуты, бо здавалася атрутай. Прыгажосць кожнай мелодыі зяўлялася яшчэ адным бясспрэчным сведчаннем таленту Маэстра, перад зіхаценнем і маштабам якога Надзіны душэўныя пакуты падаваліся ёй дробнымі і неістотнымі.
Далей гучыць раманс на словы Рубцова. Яна памятала радкі, столькі разоў спяваныя падчас рэпетыцый, але цяпер свядомасць выхапіла з гукавой і сэнсавай плыні асобныя радкі:
как будто вечен час прощальный,
как будто время ни при чем
Як дакладна! Гэты канцэрт і ёсць яе час развітальны.
Да Надзі прыйшло адчуванне, што яна згадвае ўсё так ярка ў апошні раз. Карціны іх агульнага мінулага не будуць больш апякаць душу. Яна спявае і чуе нейчы голас, падобны на яе ўласны і разам з тым чужы, голас нейкай жанчыны, якую Надзя не ведае: «Я развітваюся з табой, мой каханы. Развітваюся з табой назаўсёды. Калі-небудзь мы ўбачымся. Магчыма, ты прынясеш мне свае новыя ноты і будзеш захоплена разважаць пра тое, як я магу іх праспяваць. Але я не буду іх спяваць.
Тое, што было, не вернецца. Не вернецца пачуццё палёту і неабдымнасці свету, не вернецца тое лета. Яно было абяцаннем незямнога, нерэальнага шчасця. Такога не бывае. Можа, таму ўсё скончылася так хутка? Тое лета застанецца толькі ва ўспамінах. Можа, маіх, а не нашых з табой агульных. Бывай
Не ведаю, як далей будзе складвацца мой і твой лёс. Не ведаю, хто зявіцца ў тваім жыцці пасля мяне. Але калі-небудзь, праз шмат гадоў кола Фартуны зробіць паварот. І ўжо ты будзеш стаяць перад зачыненымі дзвярыма нейчай душы і спадзявацца, што яны адчыняцца. Будзеш пакутаваць, не спаць ночы і думаць: чаму Яна такая жорсткая?
Мо тады ўспомніш нашы сустрэчы і зразумееш, што такіх пачуццяў у цябе больш не будзе. Болей кахаць немагчыма. Так, як цябе разумею і адчуваю я, ніхто не разумее і не адчувае. Так, як я спявала твае творы, ніхто не здолее спяваць. Не атрымаецца
Цяпер ты гэтага не разумееш. Усвядоміш праз колькі гадоў, калі магутная плынь часу, адкінуўшы ўсё выпадковае, выявіць сапраўдны маштаб існага. Я хачу беззваротна знікнуць з твайго жыцця. Ты не зможаш мяне вярнуць. I нават чароўная ўлада сіла тваёй музыкі будзе тут бяссільная. Бывай. Але я дзякую Богу, што ты быў у маім жыцці»
Спявачка амаль не чула апладысментаў, а ўспрымала іх краем свядомасці. Яны здаваліся не патрэбнымі ёй, бо адцягвалі ўвагу ад таго важнага, што адбывалася ў душы і што імкнулася сказаць слухачам у зале. Паўзы паміж нумарамі ўспрымаліся толькі невялікімі перапынкамі ў магутнай плыні музыкі, якая, здавалася, зноў узнімала яе ў вольную прастору.
Апошні твор цыклу вакаліз. Па эмоцыях і сэнсу такое рашэнне знойдзена аўтарам вельмі пераканаўча. Апошняя кропка, дакладней, шматкропе Сапраўды, навошта словы, калі ўсё сказана і скончана? Застаюцца толькі ўспаміны, бесцялесныя, нерэальныя, якія з часам разбурыць плынь жыцця і вецер часу.
Надзя выконвае вакаліз, і ёй здаецца, што як фізічнай і рэальнай істоты яе няма. Уся Надзіна існасць, былое і будучае жыццё ператварыліся ў Голас. Ён свабодна запаўняе прастору, гатычныя аркі, лунае пад купалам і скляпеннямі залы. Артыстка спявае, і ёй здаецца, што на сапранавых вышынях голасу душа ўзнімаецца над глядзельнай залай, над саборам і журліва пазірае на спявачку, аркестр і гледачоў. Журліва, бо ведае штосьці такое, чаго не ведае ніхто з прысутных. I моліцца яна і за свайго Маэстра, і за ўласнае неўладкаванае жыццё, і за кожнага слухача, які знаходзіцца ў зале.
Частка трынаццатая
Расстанне
Гучаць заключныя такты, музыкі апошні раз узмахнулі смычкамі Калі пасля паўзы, пранізлівай цішыні, якая падалася спявачцы бясконцай, раптам абрынулася хваля воплескаў, Надзя здавалася разгубленай. Яна нібы яшчэ не вярнулася да рэальнасці, у адчуваннях лунаючы недзе высока-высока.
За час свайго сцэнічнага жыцця Надзя пабачыла шмат канцэртных залаў, чула шмат авацый і любіла іх. Бо пачувалася шчаслівай, узнятай над рэчаіснасцю. У фінале канцэрта, калі пачыналі гучаць апладысменты, часта прыходзіла адчуванне, што на яе, стомленую спёкай і перажытымі эмоцыямі, нарэшце абрыньваецца выратавальны дождж. Стаіць яна ў промнях «юпітараў», як дзіця пад патокамі дажджу, які серабрыстымі лініямі наўскасяк праразае прастору, і не можа нацешыцца.
Але сёння бясконцыя воплескі падаліся Надзі празмерна гучнымі ў параўнанні з тымі таямніцамі, якія яна адкрыла невядомым ёй людзям у зале. Бо пасля малітвы лепш проста ціха выйсці з храма, каб не парушыць у душы адчуванне ўласнай вышыні. Гармоніі і далучэння да містычных загадак духу.
Бязмерна ўзбуджаная, літаральна адурманеная напалам уласных эмоцый і перажытым хваляваннем, Надзя сапраўды адчувала сябе гераіняй і калі стаяла разам з дырыжорам і аўтарам музыкі перад узрушанай залай, і калі за кулісамі прымала віншаванні і букеты. Напэўна, ніколі ў жыцці Надзя не чула столькі ўзнёслых, захопленых слоў, як у той вечар. Душа яе цешылася рэдкай атмасферай агульнага ўздыму і расчуленасці.
Раней ці пазней, але апладысменты і віншаванні заканчваюцца. У глядзельнай зале знікла святло. Таямнічыя цені ажылі ў дальніх кутках. На сцэне музыкі ўкладвалі інструменты ў футаралы нібы дзяцей загортвалі, спавівалі перад тым, як вынесці на халодную вуліцу.
У грымёрнай доўжыліся кампліменты, цалаванні ручак і шчочак. Калі хваля віншаванняў нарэшце аціхла, у Надзін артыстычны пакой зазірнуў Андрэй, даўні знаёмы, першая скрыпка таго камернага аркестра, з якім Надзя выконвала сёння ўсю праграму.
Ён працягнуў шыкоўны букет.
О-о, якія чароўныя ружы! Напэўна, увесь аванс патраціў? I табе не шкада?
Для цябе не! Маё даражэнькае сапрана, напаўжартам-напаўсурёзна прамовіў Андрэй. Такой я вас ніколі не бачыў і не чуў, Прымадонна! Я у захапленні