Ну, ужо і нічога! Яны імкнуліся да славы, папулярнасці, багацця.
Большасць вялікіх памерла жабракамі.
Ад мяне гэтага не дачакаюцца! імгненна парыраваў Алег.
Ты не вялікі.
А я не прэтэндую ухмыльнуўся бізнесмен.
Моцарта пахавалі ў агульнай магіле. Шуберт пражыў трыццаць адзін год, і пры жыцці яго мала хто ведаў. Рэмбрант памёр у беднасці. У Пушкіна засталіся велізарныя даўгі.
Усё-такі трэба неяк больш разумна абыходзіцца з грашыма!
Чайкоўскі шмат гадоў жыў на тое, што яму давала ў якасці субсідыі Надзея Філарэтаўна
Лепш, калі мужчына зарабляе сам, абарваў яе Алег.
Бедны Чайкоўскі, дзе яму дацягнуцца да твайго фінансавага размаху!
Можаш не працягваць прыклады. Асноўны пафас мне зразумелы. Але мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, ці будуць мяне ўспамінаць праз сто гадоў. Упэўнены, не будуць. I цябе, прабач, таксама не будуць. Жыццё існуе ў цяперашнім часе. Не ў мінулым і не ў будучым. Я хачу жыць цяпер. Зараз! Разумееш? Жыць у добра абсталяванай сучаснай кватэры, дзе не працякаюць краны і куды не трэба выклікаць заўжды пянага дзядзьку Васю з ЖЭСа і ставіць яму пляшку, каб прачысціў ракавіну. Я не хачу душыцца ў чэргах за таннай каўбасой, якой будзе грэбаваць нават кот. Я хачу прыйсці ў супермаркет і выбраць тое, што хачу.
Спадар капіталіст, я цалкам згодная!
У цябе стандарты жыцця састарэлыя. А ў мяне новыя. Я не хачу душыцца ў перапоўненым транспарце, каб пяны дзядзька дыхаў у твар перагарам. Або натоўп прыціскаў да старой і непрыгожай кабеты
А калі кабета маладая і сімпатычная, дык не супраць? не вытрымала і засмяялася Надзя.
Я хачу ездзіць на «мерсе» апошняй маркі
Твае апетыты растуць. Дарэчы, якая ў цябе цяпер машына?
«Мерсэдэс», з гонарам і відавочным задавальненнем прамовіў Алег. Колер мокрага асфальту.
Слухай, мокры асфальт! Я таксама не люблю грамадскі транспарт. Асабліва, калі зімой з нашай ускраіны трэба ехаць у цэнтр на канцэрт. І бабуля з Алесем не любяць штурханіну, калі едуць у музычную школу. Падвёз бы калі-небудзь, новы беларус
Між іншым, ініцыятарам нашага разводу была ты. Магла б цяпер штодня ездзіць!
«Не, мае падазрэнні, што ў той сямі поўны швах, пацвярджаюцца з кожнай хвілінай», падумала Надзя, а ўголас сказала:
Цябе дапросішся!
Дзе ж ты будзеш прасіць! Яшчэ незнарок карона з галавы зляціць.
Алегу сапраўды было не надта салодка. Толькі не хацеў у тым прызнавацца. Ні сабе, ні каму іншаму. Света, яго другая жонка сапраўды, з Надзяй не параўнаеш кабета вясёлая, кампанейская, заўсёды ў добрым настроі. Яна лёгка ўвайшла ў асяроддзе сяброў Алега і ў ім адчувала сябе натуральна. Свецінай стыхіяй было ладзіць вечары, банкеты, выезды на прыроду, пікнікі, застоллі. Тут яна не мела роўных і аказалася віртуозам. Святы павінны ўзнікаць і ладзіцца часта. У гэтым быў сэнс жыцця, яго смак і чароўны водар.
Калі ў фірму да Алега прыязджалі кампаньёны або дзелавыя людзі, каб весці перамовы, ці проста завітвалі старыя знаёмыя, якіх Алег хацеў уразіць карцінай свайго цяперашняга дабрабыту, а таму штораз узнікала патрэба штосьці зладзіць, тут Светка аказвалася незаменнай. Ён ганарыўся яе эфектным тварам, станам, як у манекеншчыцы, дарагімі ўборамі і аздабленнямі, купленымі, праўда, за ягоныя грошы.
Новая жонка зрабілася натуральнай і неадемнай часткай тых нават не багатых, а шыкоўных інтэрераў, сярод якіх ён цяпер існаваў. Па першым часе Алег літаральна шалеў ад яе, калі заставаліся адны ў спальні. Светкінай сексапільнасці хапала на тое, каб задаволіць самыя смелыя яго жаданні.
Займеўшы другога мужа, жанчына не збіралася нічога мяняць ва ўласных звычках і схільнасцях. Лічыла, што павінна сачыць за сабой і выглядаць на ўсе сто. I таму ўвесь яе вольны час займалі цырульні, SPA-салоны, касметычкі, масаж.
Але, напэўна, і развялася Светка з першым мужам не выпадкова. I за знешнім выглядам цяпер сачыла не для аднаго Алега. Калі аднойчы ён вярнуўся з камандзіроўкі, падначаленыя пачалі паглядаць на яго з лёгкай насмешкай і шушукаліся за спінай. У вочы сказаць баяліся, шэф усё-такі. Разяраны, яшчэ выганіць! Бліжэйшы сябра намякнуў, Алег зразумеў, што тут і да чаго, і паспрабаваў спачатку словам, а потым і сілай супакоіць жонку. Але што твая сіла ці твае долары супраць прыроды і самага магутнага інстынкту? Нішто! Нуль! Дый што ён можа ад яе патрабаваць? Хіба сам святы? Але хоць бы прыстойнасць на людзях захоўвала!
Пакуль была жывая Свеціна маці, дык яна, бабуля, займалася Волечкай, сваёй адзінай унучкай, у думках кляла апошнімі словамі дачку, якая пераняла «лепшыя» рысы ад свайго бацькі, а яе мужа, той усё жыццё па чужых бабах бегаў. Калі ж цешча памерла, і Волечка, ціхая маўклівая дзяўчынка, зрабілася ці не сіратой пры жывой маці, Алегу чамусьці стала шкада яе. Бо ён таксама быў адзін у гэтай сямі. Смешна, вядома! Сваім сынам не надта хацеў займацца, дый часу тады не было, а цяпер чужою дачкой мусіць. Калі Алег зязджаў у камандзіроўку па справах фірмы, ён часам прасіў сваю маці прыглядзець за Волечкай зварыць абед, забраць са школы. Калі нікуды не зязджаў, гатаваў для Волечкі і сябе. Светка ніколі дома не сядзела, усё недзе лётала. Казала, што па рабоце, але хіба праверыш?.. Так ці прыкладна так думаў Алег, седзячы на кухні былой кватэры насупраць былой жонкі.
«Ну, што? Спытаць, як яго новая дачушка пажывае? Ці ўсётакі не сыпаць соль на раны? вагалася Надзя. Вось табе і багацей! Хто цяпер яму пазайздросціць? Улез дык улез! Сам, відаць, не рады. Злыя языкі пляткараць, што Света рэгулярна карыстаецца крэм-пудрай, каб замазваць сінякі, якія застаюцца пасля Алегавага навучання. А-а, не буду лепей чапаць. Што яму рабіць? Трэцюю ісці шукаць ці што?»
Алег уважліва паглядзеў на былую жонку:
Слухай, а ў цябе хто-небудзь ёсць?
«Яшчэ адзін аргумент за тое, што там не проста кепска, а зусім кепска. Па-мойму, ён ужо гатовы выкінуць белы сцяг! Але нашто ён мне патрэбен? Успомніў, калі жыццё прыціснула? Адтуль гатовы збегчы, толькі запаснога аэрадрома не мае, каб ажыццявіць пасадку»
А чаму ты спытаў? сказала Надзя першае, што прыйшло ў галаву, каб крыху адцягнуць час.
Гляджу, ты змянілася. Папрыгажэла
Надзя адчула, што пачынае чырванець пад ягоным позіркам.
Можа, і кампліменцікі пачую
Ты не адказала на пытанне! голас Алега прагучаў амаль патрабавальна.
Надзя вельмі не хацела, каб былы муж ведаў штосьці пра яе асабістае жыццё. Таямніца, абгавораная ўсімі, пераставала быць ёю. Але яго настойлівасць, а дакладней, нахабства, яе абурылі:
А ты мне расказваеш, хто і калі ў цябе зявіўся? Следчы Шэрлак Холмс! А табе клопат?..
Значыць, клопат. А калі грубіяніш, значыць, нехта ёсць. Іначай чаго агрызацца.
Бач ты, псіхолаг! Надзя адвярнулася да акна, каб Алег не мог ні пра што здагадацца па яе твары.
А-а, чаго ты саромеешся! уздыхнуў ён. Справа жыцейская Калі ў нас з табой песня не склалася, можа, з кім-небудзь іншым складзецца
«Якая высакароднасць! насмешліва падумала Надзя. Нешта я такіх разважанняў раней не чула»
Ну, добра, Марыя Калас, Барбара Стрэйзанд і Рэната Тыбальдзі ў адной асобе. Я пайду. Але памятай, што яны непараўнальна лепш уладкаваліся ў жыцці, чым ты
«Усё, што ты гаварыў апошнюю гадзіну, думала яна, на вайсковай мове называецца разведка боем. А наконт таго, як уладкавацца ў жыцці Побач з кожнай спявачкай, якую ты назваў, былі людзі, якія іх любілі. І гатовы былі нечым ахвяраваць, каб ім было лягчэй і весялей жыць. Чамусьці раней увесь час ахвяраваць мусіла я»
Надзі не хацелася, каб іх размова закончылася тэмай яе асабістага жыцця. І яна спытала:
Алег, скажы: а на цябе часам не «наязджаюць»? У сувязі з бізнесам толькі пра гэта гавораць і пішуць
А чаму ж не! скептычна ўсміхнуўся ён. I на мяне «наязджалі», але толькі і я «наехаць» магу! У ягоным твары зявілася нешта нядобрае. Галоўнае, сувязі трэба мець, з уплывовымі людзьмі кантакты мець. З любой бяды выцягнуць!
Можа, ты, новы беларус, і з крыміналам сяброўства водзіш?
Жанчына, ты замнога хочаш ведаць! ухіліўся ад адказу Алег. З крымінальнікамі, можа, і не важдаемся. Але не такія далікатныя і цнатлівыя, як так званая інтэлігенцыя! То націск не там зробіш, то пінжак не таго колеру апранеш!
Раней ты сябе да інтэлігенцыі адносіў
Цяпер мяне ніхто пад гэтыя сцягі не зацягне. Я быў жабраком, а цяпер не хачу і не буду. А хто не ўмее прыстасавацца да новых умоў жыцця, таму застаюцца толькі ўзвышаныя прынцыпы ды размовы пра духоўнасць! XIX стагоддзе даўно мінула, ужо XX скончылася, а вы ўсё тыя ж казкі пра духоўнасць расказваеце!
Я ж табе не пярэчу! Жыві, як хочаш
Мне яшчэ са школы такія размовы абрыдлі. Ідзіце вы да дябла з вашай духоўнасцю!
«Напэўна, ты шмат аддаў бы за тое, каб Светка за тваёй спінай не круціла амуры з тваімі падначаленымі, а яны не смяяліся цішком са свайго шэфа. Вось табе і духоўнасць» думала Надзя. Але як гэта скажаш уголас? Яму млосна, вось ён і злуе на ўвесь свет.