Уладзевы гісторыі (зборнік) - Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў 3 стр.


Адказ гэты, як правіла, аказваецца вычарпальным і не вымагае дадатковых каментароў правакатарам.

27 траўня 2005 года.

Гэтае салодкае слова халява!

Аднаго разу перастрэў Уладзя ў вагоне метро Алеся К.

Разгаварыліся, а за два перагоны паспеў пахваліцца Алесь і тым, што быў у Доме друку і вяртаецца адтуль не з пустымі рукамі.

 Надоечы выйшла анталогія вершаў і песень пра каханне. Уключаны туды й верш Міколы Маляўкі, а я хачу зрабіць сябру сюрпрыз. Даўно ведаю дзявок з цэха ўпакоўкі Падыйшоў, і яны далі мне адзін том

Ніякаватасць Уладзева змяшалася са здзіўленнем і абурэннем. Як гэта далі?! Даць або падарыць можна толькі тое, што табе належыць!

Да таго ж, калі і здабыў такі трафей, дык не хваліўся б! Імаверна мог ня ведаць Алесь, што якраз Уладзя за дырэктара ў выдавецтве, што фігуруе на тытуле кнігі. Але ж пазначаны ён быў у ёй і як укладальнік тома і як ягоны рэдактар! І гэта ўсё пры тым, што сам Алесь адзін час узначальваў дзяржвыдавецтва!

Пагартаў Уладзя на працы слоўнікі, а ў тым ліку і пяцітомны Тлумачальны. І яшчэ раз пераканаўся, наколькі неаператыўна рэагуе лексікаграфія на многія моўныя зявы, асабліва ў размоўнай лексіцы і ў маладзёвым слэнгу.

Слова халява падаецца там толькі як частка бота і як выдзьмутая шкляная цыліндрычная загатоўка. Але й ні паўслова пра выразы кшталту атрымаць на халяву, што значыць задарма, не заплаціўшы!

1 верасня 2005 года.

Канспіратаркі

У сталічнай элітнай школе  19 з матэматычным ухілам у адзінаццатым класе была Алеся за старасту.

Пасля заняткаў у першую змену нярэдка званіла яна на працу бацькам, каб дазнацца, калі тыя вернуцца, і на некалькі гадзін прыводзіла ледзь не паўкласа дадому папіць гарбаты, паслухаць музыку, паблукаць па інтэрнэце, падзяліцца планамі на будычыню

На лесвічнай пляцоўцы кожнага разу прачыняліся суседскія дзверы, і глыбокая пенсіянерка Софя Тодараўна сустракала яе неадменным Добры дзень, Алеся!, а нярэдка і частавала сваім фірмовым дэлікатэсам печывам у выглядзе грэцкіх гарэшкаў са згушчонкаю ўсярэдзіне. А вось на Алесіных аднакласнікаў не зважала, нібыта ня бачыла іх. Не было выпадку, каб за два гады яна не правяла старшакласнікаў словамі Да пабачэння, Алеся!, нягледзячы на тое, што якраз дзяўчына-суседка нярэдка заставалася дома.

Працавала ў свой час Софя Тодараўна сакратаркаю ў апараце Савета Міністраў і любіла прынагодна пахваліцца, што аніразу ў жыцці не рабіла рамонту. Проста пісала заяву-просьбу на імя свайго непасрэднага начальніка, намесніка Старшыні Саўміна і адзінай жанчыны ва ўрадзе, і неўзабаве пераязджала на новую кватэру.

Алесіну таямніцу захоўвала Софя Тодараўна больш за тры гады і знесла яе ў лепшы свет, куды выправілася следам і неўзабаве па сваім шчодрым сюзерэне.

А апошняе сваё жытло, двухпакаёўку па-над Акадэмкнігаю, пакінула яна ў спадчыну ўнучатай пляменніцы, Алесінай равесніцы. Не мінула і дзевяці дзён, як тая павыносіла шчупаковы хвост дый іншыя кветкі былой гаспадыні на лесвічную пляцоўку і распачала еўрарэмонт.

31 траўня 2006 года.

Стаіць статуя

Пасля адкрыцця Лініі Сталіна, адметнага мілітарнага скансена, беларусы атрымалі яшчэ адзін падарунак. Усталяванне ўжо трэцяга ў краіне помніка Дзяржынскаму яшчэ адзін пэўны знак на шляху адкату сістэмы да таталітарызму, на шляху вяртання да сталінізму.

Адкрывалі яго галоўны чэкіст і галоўны памежнік краіны. Вядома таксама, што шэдэўр ёсць дакладнай копіяй таго, што шаснаццаць гадоў таму быў дэмантаваны на маскоўскай Лубянскай плошчы падчас дэмакратычных пераменаў у Расіі.

Але чамусьці сарамліва замоўчваецца, хто са скульптараў адхапіў і выканаў плагіятарскі заказ. І вось яшчэ што цікава: пэўна ж, прасілі верныя нашчадкі жалезнага Фелікса аддаць ім масянжовага (або і насамрэч жалезнага?) Дзяржынскага ў расіянаў, каб не выдаткоўвацца на рэлікт-копію? І самы імаверны адказ быў такі: Не дамо, бо самі паставім яго праз год на належнае, ранейшае, гістарычнае мейсца! І ці не надумаюцца, традыцыйна ўжо працуючы на апярэджванне малодшага брата-расейца, паставіць перад Палацам Рэспублікі куды больш маштабны стод кшталту таго, што стаяў на сталічнай плошчы да 1953 году?!

06.06.06.

Пакаранне

Пакаранне

Аднаго вераснёўскага ў сярэдзіне васьмідзесятых гадоў Сцяпан Хусейнавіч Александровіч замест адной са сваіх лекцый адвёў тагачасных першакурснікаў, студэнтаў-беларусістаў на вуліцу Даўгабродскую і з гадзіну расказваў пра літаратараў, пахаваных на сталічных Вайсковых могілках.

Тым самым часам на кінаэкранах з аншлагамі йшоў фільм Тэнгіза Абуладзе Пакаянне, які шакіраваў гледачоў адной з сюжэтных ліній. Паводле яе дачка рэпрэсіраванага ў канцы 30-х гадоў грузінскага мастака выкопвала нябожчыка Катэ Аравідзе, былога мэра горада і фактычнага ката ня толькі яе бацькі, а і соцен гараджан, бо той, на яе думку, ня меў права ляжаць у роднай зямлі.

А перад юбілейнай паэтычнай вечарынаю Генадзя Бураўкіна ў Палацы мастацтва дазналіся калегі ад Уладзіміра Содаля, што і ў нас, нібыта рахманых, ціхмяных і талерантных беларусаў, папраўдзе быў аналагічны выпадак.

Дачка літаратара Эдуарда С. прызнавалася, што ў лютым 1939 года, нараніцу пасля пахавання бацькава магіла на Вайсковых могілках (у цэнтры Менска!) аказалася раскапанаю, труна раструшчанаю, а сам нябожчык павешаным на дрэве па-над магілаю!!!

Каму ж так не дагадзіў пры жыцці аўтар зборніка прозы Дачка эскадрона і рамана Будучыня, у якім паказана жыццё грузінскага народа, хто ня даў яму спакойна спачываць у роднае зямлі, за што так жахліва папомсціўся?!

30 лістапада 2006 года.

Быў бы куст, а варона знойдзецца!

Ад Марыі Ш., жанчыны вельмі вострай на язык, можна было пачуць пра ратацыю лысагорскіх стукачоў. Аказалася, што змяняюць яны адзін аднаго на пачэсным пасту на літарацкіх лецішчах Узгоре-, што на знакамітае Лысае гары пад Заслаўем: павінны ж ворганы ведаць, чым дыхаюць інжынеры чалавечых душ.

Доўгі час пры пасадзе быў клышаногі Яўген К., якога адпаведным чынам ахарактарызаваў Васіль Уладзіміравіч Быкаў у сваіх мемуарах Доўгая дарога дадому.

Потым нібыта заступіў вайсковец-адстаўнік М., той, што не Дунін, як паджартоўваў з яго Вячаслаў Адамчык.

А цяпер, лічаць, прыступіў да абавязкаў цягаецца па чужых участках, як памаўзлівы кот, сочыць, падслухоўвае, вывіжоўвае і даносіць куды трэба Сяргей В., вулічнік, як заве падобных яму Леанід Дранько-Майсюк.

Бамжом ці бяздомнікам называць яго не выпадае, бо фактычна захапіў ён дамок інтэлігентна-рахманага Максіма К. і пачуваецца за гаспадара ня толькі ў ім, але і па ўсім навакольлі

 Хіба Рабінзон, як цвеляць яго за тое, што амаль безвылазна сядзіць на Лысае гары, можа пражыць з градаў ды з таго, што зладзіць якой удаве пляцень ці выцягне корч?! Мабыць, мае і іншую падпітку,  разважае кабета і падсумоўвае: Балота ня будзе бяз чорта!

28 кастрычніка 2006 года.

Альбінос

Пабачыў Уладзя тэлесюжэт пра белага верабя, што пасяліўся пры кінатэатры Кастрычнік і начуе сярод галін сасны на альпійскае горцы. Лічыцца, што ў яго і ў ягоных суродзічаў практычна няма ворагаў: ястрабы-перапялятнікі не лятуць у горад.

Не паленаваўся і схадзіў наступнага дня спраўдзіць убачанае на яве.

І праўда, менчукі-кінааматары ўзімку ахвотна падкормліваюць альбіноса, бо вераць, што той прыносіць удачу.

14 снежня 2006 года.

Прыдарожнае інсітнае мастацтва

Проста немагчыма не зважаць на безгустоўна размаляваныя або пафарбаваныя прыдарожныя валуны.

Ананімныя мастакі ляснічыя або будаўнікі-аўтадарожнікі, наколькі дазваляюць іхнія густ і адукацыя, упрыгожваюць сведкаў тысячагоддзяў сваімі дылетанцкімі творамі з наіўнымі сюжэтамі грыбамі, ласямі, дзятламі, ласямі або плакатнымі заклікамі кшталту «Берегите природу, мать вашу!.

Падчас адной з паездак на літаратурны выступ у Жодзінскую гарадскую бібліятэку ў творчае дыскусіі з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком мастак Алесь МаRа выказаў неардынарную ідэю ў стылі салуннага звароту Не страляйце ў піяніста ён грае як умее! да амерыканскіх каўбояў: Ня лайце мастакоў-дылетантаў! Лепш складзіце фотакалекцыю іхніх шэдэўраў або нават арганізуйце музей са сталай экспазіцыяй кшталту Эксперыментальнай базы ледавіковых валуноў пры Інстытуце геафізікі і геахіміі Акадэміі навук, што месціцца паміж Акадэмгарадком і сталічным мікрараёнам Уручча!

17 чэрвеня 2007 года.

Райскія кветкі

Назад Дальше