Дзень Святого Патрыка - Ганна Канстанцінаўна Севярынец 6 стр.


І я нават не стала прасіць яго наконт калоды. Бачна ж, спраў у птушкі па горла. Дый не вёска, каб з кожным буслом вітацца. Дый узрост у мяне ўжо не той.

3

У зале стаяў шыкоўны пах свежай мэблі. Марына любіла гэты пах нават больш за водар свежых булак. Яна даўно ўжо не была ў лесе, мо, гадоў пятнаццаць: дома не было калі, а тут не было лесу. Напэўна, мозг адшукаў у рэальнасці адэкватную замену: адрамантаваныя кватэры сябровак, мэблевыя салоны, невялічкая багетная майстэрня ля службовага катэджа Дамейкі канешне, лесам там не пахла, але ж водар дрэва можна было вылучыць з агульнага лака-фарбавага букету.

Высачэзныя стэлажы, шырокія, грунтоўныя, займалі ўсю прастору. Адна са сцен залы была шкляной, там змыкаўся з блакітным небам сіні акіян, ля гэтага гіганцкага акна стаяў стол, на ім кампютар і навюткі канцылярскі набор, жалюзі ціхенька шапацелі ад ветрыка, у белай кадцы ля стала балявала традыцыйная кітайская ружа, сытая і выпешчаная недзе ў мясцовых аранжарэях.

Недзе праз месяц пачнецца: з беларускіх бібліятэк пачнуць звозіць кнігі па яе запытах. Няшмат. Бо зала абмежаваная. Куды астатняе? Згодна з пратаколам, кожная краіна самастойна вырашае, што рабіць з літаратурай на мёртвай мове. Нехта пакідае для ўласных навукоўцаў, нехта перапрацоўвае, у некага толькі і хапае запоўніць залу Калегіі. Бывае па-рознаму: працэс уніфікацыі сусветнай моўнай прасторы набраў тэмпы толькі апошнія пятнаццаць год, і ў ім яшчэ зашмат індывідуальнага.

Першыя мовы, да якіх Камісія паставілася па-новаму жорстка, сышлі ў гісторыю агульным спісам: Марына нават не адчула асаблівасці моманту, проста ўзнімала руку і апускала. Яны, паўсотні філолагаў з усяго свету, усе, як адзін, былі прыхільнікамі канцэпцыі монамоўя можна было б падумаць, што амбіцыёзны аанаўскі чыноўнік Рычард Кійске знарок збіраў такіх, але Марына насамрэч і не ведала ў навуковым асяроддзі палымяных барацьбітоў за моўную разнастайнасць. Такія, як той жа Сямёнаў, не ішлі ў навуку, а тыя, хто ішоў, былі ў асноўным людзьмі досыць практычнымі і малаэмацыйнымі. Пасля грунтоўных даследаванняў оксфардцаў на чале з прафесарам Кійске стала канчаткова зразумела: нацыянальная адметнасць і ідэнтычнасць захоўваюцца і там, дзе знікае мова. Марына памятала гэтыя лакальныя спрэчкі ў беларускамоўнай прэсе, малалюдныя і нецікавыя. Мова павінна належаць народу, а калі народ сам адмаўляецца ад яе значыцца, яго менталітэт абыходзіцца мовай іншай. Прыкладна так Дамейка разумела высновы оксфардцаў. Неабвержныя довады групы Кійске пахіснулі нават такога палымянага змагара за моўную разнастайнаць, як Нікаласа Остлера ягонае Брытанскае таварыства паміраючых моў з сапраўдным захапленнем успрыняло ідэі моўнай кансервацыі і моўных запаведнікаў. Так, цяпер не трэба было сізіфавай працы з насельніцтвам стаў на стэлаж мову і літаратуру і вывучай, колькі заўгодна. Остлераўцы кінуліся ў моўныя экспедыцыі, шчодра фінансуемые свежанькай Лінгвістычнай Калегіяй менавіта яны і займалі першыя залы, якія адчыняліся адна за другой у новым будынку Калегіі на беразе акіяна.

Тое першае паседжанне, калі яны галасавалі агульным спісам, заслухаўшы даклады экспертаў, яна памятала няблага.

Першым слухалі прафесара з Хакаскага НДІ па кецкай мове якраз памёр апошні яе носьбіт, праўдзівей носьбітка, нейкая бабулька з вёсачкі ў вышнявіне Енісея. Апошнія дзесяць гадоў на ёй размаўлялі ледзь не сто чалавек, старыя з той самай вёскі і ваколіц, літаратуры некалькі жоўценькіх друкаваных паперак з Абаканскага музея і два рукапісныя зборнічкі ўпартых мясцовых паэтаў. Марына ўхвальна падумала пра хлопцаў: гэта ж якая незвычайная паэтычная бескарыслівасць. Амаль подзвіг.

Дарэчы, прафесар прамаўляў даволі цікава, было відаць, што ён па-добраму захоплены сваёй тэмай. Пра сувязі кецкай і мовы амерыканскіх абарыгенаў ён распавядаў, аж пакуль Кійске не пачаў нервова ляпаць аловачкам са слоў эксперта выходзіла, што агульныя рысы дзвюх гэтых гаворак яскрава сведчаць пра маршруты міграцыі дагістарычных людзей з Азіі ў Амерыку. Калісьці такія акалічнасці падаваліся лінгвістам бездакорным аргументам супраць прызнання мовы мёртвай, але ж тут Марыне бачыўся нейкі гвалт: праз тое, што лінгвісты нешта там хацелі б паназіраць, народ павінен з-пад палкі размаўляць на непатрэбнай мове. Лінгвістычная калегія, створаная якраз на хвалі моўнай уніфікацыі, давала звышутульныя ўмовы для любых лабараторных эксперыментаў з любымі мовамі, жывымі ці мёртвымі, і менавіта тут, на гэтых навюткіх стэлажах, лінгвісты маглі адсочваць якія заўгодна міграцыі самым зручным чынам.

Наступнай была цірахі, афганская гаворка, на якой на момант дакладу ўжо гадоў з дваццаць ніхто не размаўляў. Засталіся нейкія этнаграфічныя нататачкі неўтаймаваных вандроўнікаў, якія займаліся лінгвістычнымі пошукамі на гэтай нешчаслівай зямлі, засталіся іхнія ж нараканні, маўляў, сыходзіць цірахі і застаюцца без назваў аўтэнтычныя расліны, прадметы быту, нават медыцынскія працэдуры, на якія гэты маленечкі народзік быў, кажуць, вялікі адмыслоўца. Дакладчык манатонна зачытваў пералік безэквівалентных лексем цірахі, а Марына з палёгкай думала: «Ну, цірахі, тут, у нас, табе будзе лепш, чым у Афганістане».

Распавялі і пра ламаўрэн гаворку армянскіх мястэчак, апошнія носьбіты якой сышлі ў лепшы свет таксама колькі гадоў таму. Эксперт па ламаўрэне трапіўся нейкі зусім гугнявы, слухаць яго было нецікава, і Марына пашкадавала тую нешчаслівую мову: вось гэтая ўжо як памрэ дык з канцамі. Гэты гундос ці будзе яе як след кансерваваць?

Але ж адной мовы Марыне стала сапраўды шкада. «Ну і людзі»,  падумала яна. «Сацыяльны ціск», «лінгвістычная большасць» Мова гэтая існавала з часоў Вялікага шаўковага шляху, на ёй размаўлялі тыя яшчэ караваншчыкі, якія везлі з Кітая паперу і шоўк. Менавіта ягнобцы, што схаваліся ў цяжкадаступнай даліне ракі Ягноб, захавалі ад персаў вялікую сагдзійскую мову афіцыйна яна лічыцца памерлай з ХІ стагоддзя, але ж ягнобі, маленькая мова ягнобі гэта і была тая самая сагдзійская, уратаваная ад персеізацыі. У той дзень яны зніклі разам: і апошняя бабулька-сагдзіянка, і ягнобі. Ну як зніклі перамясціліся з няўтульнай горнай даліны на жоўтыя паліцы шыкоўных стэлажоў.

Марына часта ўспамінала свой вопыт выкладання беларускай мовы напрыканцы яе існавання ў ВНУ.

На першым занятку дарэчы, першым з чатырох магчымых, беларуская мова прысутнічала ў навучальных планах негуманітарных спецыяльнасцяў у сімвалічнай колькасці васьмі гадзін, і Дамейка ніколі не разумела, навошта даваць чатыры заняткі па мове тым, хто яе наогул не ведае, хіба каб замацаваць нянавісць да яе дык вось на першым занятку яна заўсёды прасіла студэнтаў распавесці пра сваю першую сустрэчу з беларускай мовай.

Адну студэнцкую гісторыю яна памятала і сёння. Дзяўчына, аўтарка гісторыі, жыла з мамай-студэнткай у Расеі, а бацька, лічылася, гараваў у адзіноце на Беларусі. Сляды ягонага гаравання ў выглядзе недапітых бутэлек з каштоўнымі вінамі, вітых рамантычных свечак і трох параў жаночых ступакоў у розных кутах двухпакаёўкі заўсёды суправаджаліся крывавымі бойкамі, якія пераследавалі ўсе мінскія канікулы дзяўчынкі. Але ж сварыліся мама з татам на кухні, а малая сядзела і сядзела ў зале і глядзела тэлевізар. Аднойчы яна выпадкова патрапіла на беларускі канал, па якім нейкая прыгожая цётачка пасярод незразумелага балбатання раптам сказала зразумелае: «Прапануем вашай увазе»

«У вазе У вазе Яна сказала: у вазе»,  здзівілася дзяўчынка і пачала азірацца навокал у пошуках вазы. Тая не стала хавацца і высунула пакацістую крышталёвую бачыну з-за шторы. Наша гераіня сунула руку ў вазу і трэба ж!  на самым яе патаемным дне ляжалі тры неверагодныя цукеркі: белыя, пяшчотныя, у паркалёвых абгортачках, з тоўсценькім арэшкам унутры. Гэта быў цуд. Дарэчы, гэтая студэнтка, прынамсі, чытаць па-беларуску магла без пыкання

Зараз мова вярталася ў вазу, і Марына адчувала цалкам зразумелае нецярпенне: пакласці чароўны арэшак у белую салодкую пяшчоту, закруціць у бялюткі паркаль

Кансервацыя гэта было геніяльнае вынаходніцтва Кійске. У акадэмічных умовах мовы мелі значна болей шанцаў, і людзі, якія імі займаліся, таксама. У кожным тэксце прыхільнікаў тэорыі Кійске у навукова-папулярных разважаннях пра неабходнасць змяншэння моў, якія знаходзяцца ва ўжытку чалавецтва, у таўшчэзных манаграфіях, якімі пахваляліся на шматлікіх моўных дыскусіях, абавязкова фігураваў хрэстаматыйны прыклад карысці ад паміраючых моў адкрыццё прэпарата супраць ВІЧ, якое стала магчымым толькі дзякуючы адзінкавым носьбітам самаанскай мовы. Менавіта гэтая мова захавала звесткі пра лекавыя ўласцівасці дрэўца Homalanthus Nutans, звесткі гэтыя трапіліся на вочы нейкім лінгвістычна адораным медыкам і справа пайшла. Таму мовам з гэтага часу нельга было паміраць натуральным чынам толькі з дазволу і пад наглядам высокай Камісіі. З аднаго боку, гэта была вялікая эканомія сродкаў, якія раней выдаткоўваліся на падтрымку і развіццё моў, не патрэбных сваім народам, а па-другое, усё, што трэба, заставалася на карысць навуковай эліце.

Назад Дальше