Дзень Святого Патрыка - Ганна Канстанцінаўна Севярынец 8 стр.


А потым пачынаецца філфак.

Мой філалагічны факультэт кожнай лекцыяй сыходзіў у легенды і міфы. Лекцыі нам з Дамейкай чыталі Алег Лойка і Ірына Скарапанава, нам пяяла старажытную рускую літаратуру Антаніна Шалемава і раскрываў сакрэты стараславянскай мовы Якаў Трэмбавольскі. На лекцыі Барыса Нормана мы ішлі пешшу праз увесь горад, калі раніца раптам заставала бесклапотных студэнтаў не дома і без грошай на праезд. Святлана Кузьміна пасярод семінара магла звярнуцца да партрэта Талстога на сцяне і далучыць графа да агульнай размовы, і ён сувора насупліваў на нас брыво і незадаволена хмыкаў. Мікола Хаўстовіч меланхалічна паўставаў за кафедрай і лёгка, нібыта само сабой зразумелае, выдаваў нам нябачанае. З яго словаў атрымлівалася, што беларуская літаратура пачалася не з Багушэвіча зусім, і нават не з «Тараса на Парнасе»: грукацела несупыннай гаспадаркай «Баркулабаўская хроніка», таемна ўсміхалася праз турэцкія шаўкі Саламея Пільштынова, страшыў ля вогнішча Шляхціц Завальня.

Разам з літаратурай да мяне пачынае прыходзіць і мова.

Не проста словы, вымаўленыя з цвёрдым «ч» ці мяккім «с», не проста сказы, пабудаваныя «не па-руску», не проста «трус» замест «кролика» і «вёска» замест «дзярэўні». Мова як назапашаны тваімі продкамі скарб ведаў аб жыцці. Мова як стос пытанняў да сябе і да сусвету. Мова як сістэма сігналаў і рэакцый на знешнія абставіны. Калі мы жывём на небагатай зямлі побач з небяспечнымі суседзямі, калі нашы алесі загорскія знішчаныя, а нашы васілі зацюканыя, калі я такая ж, як яны, бо жыву там жа і гэтак жа, дзе захавалася іхняя памяць пра тое, як трэба жыць? Незвычайны чалавек пакідае пасля сябе літаратуру і навукова-тэхнічны прагрэс, а што пакідае чалавек звычайны, той, што жыве звычайным жыццём, без безданяў і вышыняў таленту? Ён пакідае мову. Так атрымалася, што часцей мы размаўляем на мове іншага народа. Народа з іншым характарам, іншай гісторыяй, іншымі ментальнымі ўстаноўкамі. Ці не таму мы не можам знайсці свайго месца ў свеце? Жыццё мы пражываем сваё монанацыянальнае, цярплівае, з цяжкай і руплівай працай, жыццё, якое трэба навучыцца вытрымліваць, у якім трэба навастрыцца адшукваць макавінкі весялосці і сонца, знайсці і выгадаваць невялікае, але ж годнае калоссе ўласнага шчасця, да якога па-беларуску і сіноніма не падбярэш, таму што адзінае яно, выпакутаванае, зразумелае. А мовай карыстаемся іншай, мовай народа вялікага і разнастайнага, размашыстага, народа, які не ведае меры ані ў добрым, ані ў злым, мовай, у якой усяго занадта, задужа, залішне, як залішне ў рускай мове сінонімаў да слова «шчасце».

Немагчыма быць героем у кніжцы, якая напісана не пра цябе. Толькі персанажам, і у лепшым выпадку персанажам другарадным. Мабыць, таму не бачна нашых рускамоўных пісьменнікаў на літаратурных небасхілах рускай літаратуры: раз-пораз мільгане, зазіхаціць зорачка і да часу згасае.

Зразумела, пісаць я пачынала па-руску, але гэта было відавочна не тое. Літары складаліся ў словы, але ж на гэтым усё. Ступар. Думкі са словаў не складваліся. Спрабавала і прозу, і вершы, і эсэ, але ж нічога не атрымлівалася. Аднойчы трэба было занатаваць бабуліны расповеды пра продкаў, я раптам вырашыла: а што, калі паспрабаваць па-беларуску?

Усведамленне прыйшло з першых радкоў. Я аўтар.

Так, аўтар. Крый божа, не пісьменнік (о, гэтая сакральная для філолага прафесія! Для іншых лагічна: калі пішаш пісьменнік, але для нас не. Дастаеўскі пісьменнік, Караткевіч пісьменнік, а я хто?). Але ж аўтар.

Мая беларуская мова паводзіць сябе інакш за рускую. На ёй чамусьці немагчымыя пафас і мараль. Наадварот, кожную хвіліну так і цягне пасмяяцца, пажартаваць ці падкузьміць хоць каго, а няхай бы і сябе, гэткую аўтаршу. Радкі атрымліваюцца шчыльнымі, насычанымі, словам цесна, думкам прасторна усё як мае быць.

Падавалася, я усемагутная! Мне падпарадкоўваюцца словы! Мне далі мову! Зараз, толькі яшчэ крыху часу і я напішу такое і так, як яшчэ ніхто не пісаў!

Але ж нешта ўжо напісалі?

Было б наіўным лічыць, што беларуская літаратура вычэрпваецца беллітам, але я быў час лічыла. Але ж калі ты становішся аўтарам, ты вымушаны звяртацца да калег. Гэта складана і не заўсёды прыемна: на кожнай старонцы цябе, такога малойцу, чакае чарговы «удар со стороны классика»: аказваецца, усё тваё ўжо сказалі, і сказалі лепш за цябе. Тая белліт, якую ты спадзяваўся ашчаслівіць сваім зяўленнем, зусім не жабрачка з заціркаю, і зусім не мужык-беларус, чорны сам, белы вус, у ёй гаспадарыць. Адпраўляюся ў «Логвінаў», прагна кідаюся да паліц.

Я чытач.

Недзе тут трэба было б паставіць кропку, але гэта немагчыма. Ці можа быць кропка ў гісторыі пра тое, як да чалавека прыходзіць родная мова і як ён ідзе да яе? Так, нашай мове дадзена вялікае шчасце: да яе трэба ісці, праз цяжкасці і складанасці, праз раманы з іншымі мовамі, праз дзяржаўную забарону і ўласную ляноту, да яе трэба ісці, як ідзе да сваёй веры апантаны вернік, яе трэба здабываць, як здабывае доўгачаканае золата аляскінскі авантурыст. Наша мова не для кожнага матчына, падараваная разам з жыццём, яна бывае і бацькавай, бывае ўзнагародай за пошук і за паразуменне. Ці бывае ў гэтым бясконцым тэксце кропка?

4

Ангельская мова прыйшла да Марыны яшчэ пазней за беларускую. Яна і сёння размаўляла на ёй настолькі правільна, так ідэальна дапасоўвала дзеясловы да назоўнікаў і так выкшталцона карысталася артыклямі, што нават у ангельскіх грамар-нацы зводзіла сківіцу. Але і за тое дзякуй, бо хэпі-энд у Дамейкавай інглішсторы заўсёды быў пад сумневам.

Па-першае, яна са школьных дзён ненавідзела Лену Стогаву і яе няшчасную фэмілі, тэкстамі пра якую былі аздоблены ўсе савецкія падручнікі ангельскай з пятага па апошні школьны клас. Лена Стогава прачыналася, апраналася і ішла ў сваю любімую скул, яна абавязкова вучыла ўсе ўрокі і прапаноўвала савецкім дзецям свой ідэальны рэжым дня, пераходзіла з класа ў клас, снедала, вячэрала, займалася спортам, танчыла і каталася на лыжах, распытвала замежную сяброўку па ліставанні пра Ланданізэ кэпітал оф Грэйт Брытн, і немагчыма было пражыць і тыдня, каб не сустрэцца з абрыдлай Ленай Стогавай і яе паўсядзённымі праблемамі.

Гэткім самым, неадхільным і паўсюдным, было сямейства Стогавых. Небарака-бацька, які працаваў інжынерам і адначасова давучваўся ў вячэрняй школцы, лукінплэжа мама, беспартыйная і, здаецца, беспрацоўная, і малалетні Борыс, пра якога Лена Стогава распавядала савецкім школьнікам відавочна праз зубы, таму, канешне, было зразумела, што Борыс той яшчэ падшыванец.

«Энд май браза Борыс»,  цадзіла Лена Стогава ў расповедзе пра тое, як яны ўсёй сваёй фэмілі хадзілі ў Маўзалей, і карэктна маўчала пра тое, што Борыс дастаў усю чаргу сваім ныццём, а потым яго спыняла ахова, калі ён паспрабаваў пракалупаць дзірачку ў шкляной труне.

Катаванне Ленай Стогавай скончылася разам са школай, а ступар у мазгах датычна ангельскай застаўся. У першую замежную вандроўку Марына ехала з выдатным наборам фраз накшталт «Май нэйм із Марына, ай донт спік інгліш» і «Уэаріз май хотэл». Але ніводная з тых фраз не спатрэбілася ёй на венецыянскай набярэжнай, адкуль яна павінна была хуценька дабегчы да сваёй групы: Марына затрымалася ля муранскага шкла, група пайшла далей, чакаць абяцалі ля моста, а дзе той мост? «Уэа рыз уэа рыз божа ж ты мой уэа рыз ну гэты, ну мост, ну як яго?..» пыталася яна ў кожнага турыста, які падаваўся ёй добразычлівым, пакуль нарэшце высокі белазубы хлопец у бейсболцы не спытаўся ў яе: «А можа, вы па-руску размаўляеце?»

Па-руску дамовіцца было значна прасцей, чым на той ангельскай, якой валодала Дамейка. Пяцьшэсць рускіх сказаў, якімі валодалі ўсе афіцыянты Венецыі, усе парцье і амаль усе мінакі на лакіраваных турысцкіх сцежках, хапала, каб паразумецца. Ды і рускамоўных было шмат. У той жа вандроўцы Дамейка з сяброўкай паўзлі на каланаду фларэнційскай Санта Марыі дэ ля Фёра і падтрымлівалі адна адну бадзёрымі каментарамі: «А во, пабач, якія старыя тоўстыя італьянскія цётачкі спускаюцца насустрач, яны залезлі, і мы залезем!», а «італьянскія» цётачкі пакрыўдзіліся і сказалі на чыстай расейскай: «Не такія ўжо мы і старыя».

Цікава, што будзе, калі і руская мова памрэ, бо амбіцыйныя планы Кійске і ягоных паслядоўнікаў распаўсюджваліся на ўсе мовы, акрамя ангельскай. Няхай праз тры тысячы год, няхай праз пяць, але ж эвалюцыю не спыніць, новыя мовы не нараджаюцца, толькі старыя паміраюць, чалавецтву патрэбна адна мова, бо надта дорага абыходзіцца вавілонская вежа сучасных камунікацый. Ды наогул, ці будзе тады яшчэ стаяць будыніна Лінгвістычнай Калегіі, і дзе будзе беларуская зала, і куды змесціцца руская літаратура, і няўжо ж будуць такія часы на свеце, калі людзям будуць нецікавыя «Аповесці Белкіна»?

Але якая справа Дамейцы да іншых моў? Сёння яна пачынала працаваць на стэлажах, і хаця Марына не любіла пафасу і сімволікі, але першай сёння прынесла з дому менавіта гэтую кніжку.

Назад Дальше