Але якая справа Дамейцы да іншых моў? Сёння яна пачынала працаваць на стэлажах, і хаця Марына не любіла пафасу і сімволікі, але першай сёння прынесла з дому менавіта гэтую кніжку.
Чырвоны томік «Кнігазбору», які калісьці яна вазіла з сабою ўсюды: «Філаматы і філарэты», укладанне, прадмовы, пераклады і каментары Кастуся Цвіркі. Міцкевіч, Зан, Чачот, зялёныя туганавіцкія палі, халоднае паветра Свіцязі, грукат віленскай брукаванкі, гулкае рэха ўніверсітэцкіх калідораў і выведзеныя каліграфічным почыркам сарамлівыя лісты Марылькі Верашчакі
Адаме, як жа я цябе разумею. Свет сваёй зямлі, які трэба выказаць чужою мовай. Пакуты суаднесенасці. Немагчымасць перакладу. Ідэальны свет страчанай назаўсёды Радзімы і рэальны свет чужой пераможнай мовы. Рамантызм як ён ёсць, у падручнік не глядзі.
Сама Дамейка ніколі не лічыла Міцкевіча польскім паэтам, як ніколі не лічыла сябе рускай, Свіфта ці Джойса ангельцамі, а Лукаша Бэндэ беларусам. Так, гэта было складана патлумачыць у навуковых катэгорыях і наогул выкарыстоўваць у якасці аргумента, але сама сабе яна нічога і не даказвала, а сёння не павінна была даказваць наогул нічога і нікому.
Ну а як ты дакажаш, што адзін з самых беларускіх на свеце вершаў быў напісаны на польскай мове пра крымскія стэпы?
Узязджаю на прастор сухога акіяну.
Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе,
У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе,
Мінуючы кусты калючага буряну.
Змяркаецца. Ня знаць ні шляху, ні кургану.
Гляджу на небасхіл, мо, зорка блісне дзе.
Вось хмарка там на ёй свет водбліскі кладзе:
То за Днястром маяк мігціць ля Акерману.
Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы,
А іх і сокала не ўгледзець быстры зрок.
Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша,
Як склізкі вуж паўзе і крыецца ў змрок.
Такі спакой, што каб паклікаў хто ў Літве
Пачуў бы я Дарма! Ніхто не пазаве.
Дамейка заўжды хвалявалася прадчуваннем літаратуразнаўчага адкрыцця побач з гэтым вершам, перакладзеным дваццацідвухгадовым Уладзімірам Жылкам: сам Жылка на той момант быў яшчэ толькі пачаткоўцам, ва ўласных вершах яшчэ толькі намацваў сваю сцежку, не вельмі ўдала рыфмаваў і не трымаў рытму, але як бліскуча, як дакладна пераклаў Міцкевіча! Ніводны рускі пераклад славутага крымскага санету не мог параўнацца з Жылкавым! Недзе тут, Марына адчувала, і быў той самы неабвержны доказ беларускасці Міцкевіча.
Яшчэ больш ужо не літаратуразнаўчай, а сяброўскай любоўю Дамейка любіла Тамаша Заня, якога нейкі самотны віленскі чыноўнік аднойчы па недаглядзе перарабіў з Заня ў Зана. Гэтыя мне чыноўнікі! Аднойчы да нас у інтэрнат прыехаў малодшы брат аднакурсніка Дамейкі, Віцькі Баркуна, і браты паказвалі ўсім свае рускамоўныя пашпарты, адзін з іх пісаўся Баркуном, а другі Боркуном, бо ў іхніх Малевічах было дзве пашпартысткі, і адна ўпарта пісала мясцовых Баркуноў праз «а», а другая праз «о». Так было і з Тамашом Заням, прыгожым хлопцам з-пад Маладзечна.
Чамусьці гэтую станцыю ў прысталічных электрычках маладзечанскага напрамку заўсёды абяўлялі з нейкім драпежным акцэнтам: «Мя-са-та-а-а-а». Тры «а» запар, такія адкрытыя, плоскія, з працяглым апошнім складам, што Марыну ажно перасмыкала. З вокнаў электрычкі не было бачна ніводнага доміка ў той Мясаце, але ж падавалася, што ў кожным існым доміку абавязкова вісяць на бэльках тлустыя свойскія каўбасы, шчодра пасыпаныя кменам паляндвіцы, у лядоўнях мёрзнуць сальцісоны, і гаспадынька пазірае на гэтае сваё багацце і цягне, адкрываючы вусны, нібыта на вялікі бутэрброд: «Кра-са-та-а-а-а!».
І надарылася ж нарадзіцца выкшталцонаму Тамашу Заню менавіта ў Мясаце! Невыпадкова гэта было поўнай выпадковасцю: цяжарная Кацярынка Зань мітусілася паміж старым нягодным жытлом і новым будынкам, які нечакана апынуўся ў чужых руках, плакала ад дрэнных навінаў і чакала найлепшых, трэслася па ўздзенска-вілейскіх пуцявінах туды-сюды і нарэшце нарадзіла хлопчыка ў нехлямяжнай Мясаце.
А на Мясату ішлі казакі, і шукалі яны Касцюшкавых паўстанцаў, а Караль Зань, Кацярынкін мужык, якраз сярод іх і быў, і таму Кацярына адразу з гасціннай карчмы, якая сталася батлеемскімі яслямі Тамашу, пабегла ў лес, у нейкія сялянскія зямлянкі, выкапаныя ад казакаў, якія тады на маладзечанскіх землях не пераводзіліся. Там сядзелі ўжо іншыя жанчыны і мужчыны, усё з тых жа прычын, так што першыя калыханкі малому Заню пеліся па-вясковаму і на розныя галасы. Нарэшце, навала схлынула, Караль вярнуўся, і сямейства перабралася ў Вязынь, дзе і атабарылася. Ах, Вязынь, блакітная Вілейшчына, якімі ж натхнёнымі былі твае спевы!
Ну і выцяўся: высокі, круглатвары, няспынны на жарты, шчодры на прыдумкі, хуткі на эмоцыі («Тамаш баба!» часам дражніліся бязлітасныя сябры). У такіх у школе два шляхі ці ў зацятыя «батаны», ці ў векавечныя хуліганы. Зань выбраў абодва і быў надзеяй для настаўнікаў і правадыром для вучняў. Мо, хто і стамляўся ад паўсядзённых ягоных задумаў, гісторый, пражэктаў і спраў, але пра тое даўно забылася і нам невядома. Гэтая троіца Зань і два Верашчакі, Міхась і Юзік каламуцілі ўсю Менскую гімназію, і яшчэ Вязынь, і яшчэ Тугановічы, і наогул любую прастору, дзе раптам спыняліся. Маленькая Марылька таксама насілася за імі бялюткім празрыстым хвосцікам, а потым раптам вырасла ў паненку, і Зань нават нейкі час саромеўся дуркаваць пры ёй.
А потым узяў ды прывёз у Тугановічы свайго сардэчнага віленскага сябра Міцкевіча. О дык задума! Не на жарты. Ці быў бы Міцкевіч без Марылі Верашчакі?
Канешне ж, быў бы, толькі тссс! Не кажыце пра гэтае аматарам глянцавых гісторый кахання. Ім часта падаецца, што тая ці іншая дзяўчына стала іскрай, з якой разгарэлася вялікая паэзія, а насамрэч дзяўчаты толькі сухое трысцё, якое шчодра кідаюць у вогнішча свайго генію вялікія паэты. Мо, тое добра ўсведамляла туганавіцкая разумніца ды прыгажуня, таму і адмовілася быць Міцкевічанкаю, а стала Марыляю Путкамер? Ці бывае на свеце больш няўдалае прозвішча для адзінай каханай найвялікшага з паэтаў?
Марылю Верашчаку Дамейка часам пачувала стрыечнай сястрою, так блізка і так зразумела было ёй усё ў Марыльцы: і вернасць нарачонаму Ваўжынцу Путкамеру, і неўміручае каханне да няшчаснага Адама, і тыя таемныя два месяцы, якія Міцкевіч правёў побач з ёю ў сядзібе Путкамераў. Добры, мілы Ваўжынец, ён усё разумеў і да ўсяго ставіўся з павагай такія мужчыны і павінны быць побач з паэтавымі каханкамі. Добрая, мілая Марыля, ці лёгка ёй было адпавядаць той ролі, якую яна павінна была іграць у Вечнасці? Ах, жартаўнік Зань, ці не далёка зайшлі твае жарты?
Вільня, любыя філаматы, верныя філарэты, найпрамяністыя сябры і паплечнікі, бацькоўскія паўстанцкія запаветы, якія здзяйсняліся не зброяй, а словам, разгром, турма, высылка. «Мы не стваралі часу, час ствараў нас». Тамаш не баба, ён бярэ ўсю віну на сябе і ратуе верных сяброў. Апошні вечар у камерах перад этапам. Зань падпявае Чачоту родную песню роднымі словамі:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі
Да нас павязуць да далёкай Русі
Ён не спыняецца і ў Арэнбургу, гэты неўтаймаваны Зань: яго бачылі і на нелегальных рэвалюцыйных паседжаннях арэнбургскіх расейскіх змоўшчыкаў, і на навуковых дыскусіях, і ў геалагічных выведках. Энтузіязм і адукаванасць таленавітага высланага не застаюцца па-за ўвагай: Зань узначальвае навуковую геалагічную экспедыцыю ў Тургайскі стэп. Пад Самараю знойдзена нафта, за Уралам золата, ля Траецкага медная руда, і усё гэта найпрамяністы Зань, высланы філамат. Арэнбургскі геалагічны музей, існы і па сёння, чыя задума, чыя справа? А во здагадайцеся.
А калі вярнуўся, дык ледзь не зваряцеў. Каб не Марыля Путкамер, дык, напэўна, страціў бы розум зусім. І не ад рамантычнага кахання, не ад вершаваных радкоў, наогул не фігуральна, а па праўдзе, бо гэта знешне здаецца жыццём, прыдатным для помніка, а насамрэч пакута, кроў і слёзы. Марыля дзейнічае старым выпрабаваным шляхам: забірае збалелага і стомленага Тамаша да сябе, атуляе прыгожымі людзьмі і пяшчотнымі спевамі і падзяка за колішнія туганавіцкія месяцы побач з Адамам? спрыяе знаёмству з маладзенькай Брыгітай Свентажэцкай. Каханне перамагае ўсё.
Дамейка ніколі не была ў Смалянах, дзе ляжыць Тамаш Зань. Што там цяпер? Ці будзе жыць памяць пра яго, калі няма мары ягонага жыцця, вольнай Літвы з яе вольным словам? У Арэнбургу, канешне, памяць будзе. А ў Мясаце?
* * *Затрынькаў тэлефон. Марына яшчэ раз падзівілася, як тут усё прадумана для камфортнай працы: тэлефон не звінеў, не спяваў, ён проста трынькаў, як, напэўна, трынькалі бомікі на шыях дагістарычных кароў, якіх пасвілі дагістарычныя пастухі
Зала беларускай мовы і літаратуры, Дамейка, слухаю.
Ну, здароў. Што, забіла? Святкуеш? нехта ў тэлефоне цяжка дыхаў, і падавалася, радыёхвалі даносяць не толькі голас, але ж і амбрэ толькі што выпітага каньяку. Трэба ж было, каб менавіта ты. Пазнала?
Пазнала, яна ледзь здолела адказаць.
Я заўтра ўвечары буду. Сустракаць не трэба, я ведаю, дзе ты жывеш. Чакай. І бойся.