Эдэм (зборнік) - Франц Іванавіч Сіўко 9 стр.


 Я іншае Флякі навучу гатаваць.

 Флякі! Пальшчызну ў мазгі ўбіваць! Дужа вы рахманы,[13] палякі, як пагляджу!

 Вы лепшыя бытта! Адно і гледзіцё, каб што дзе ўхапіць чужое.

 Чаму ж і не, як дрэнна ляжыць? Чыя сіла, той і пан.

 Яшчэ паглядзім, чыя насамрэч.  Карольця прымірэнча міргнула.  І заюшлівая ж ты, сяброўка.

 Але ж сяброўка?

 Канечне. Што мы адна без адной?

Праз чвэрць гадзіны сядзелі за сталом, елі клёцкі са смятанай. Кожны раз, падчэпліваючы відэльцам клёцчыну, Пелагея ледзь стрымлівалася, каб не шпурнуць яе ў задаволены, шчаслівы твар гаспадыні.

Ежу запівалі кампотам. Смак яго ад першага глытка здаўся Пелагеі знаёмым.

 Што за ягады такія?

 Удог. Ты хіба не ведаеш? Бабуля мая, калі яшчэ ў Кандратовічаў за настаўніцу была, з мазураў прывезла саджанец. Ягад шмат, Канстанцыя мне праз дзевак перадала. Дзеўкі кажуць, чэзнуць дзераўца пачынае. Бытта хтосьці прышчапіў іншы флянец, і ён усе сокі забірае. Дык хачу зрэзаць яго. А то прападзе дрэва. Файны напой, праўда?

 Па мне, дык занадта салодкі. Пелагея адставіла кубак убок.  А вось прыязджай у наступную суботу сваім пачастую,  сказала і паднялася з-за стала.  Прыедзеш?

 Прыеду, канечне,  адказала весела Карольця і цмокнула сяброўку ў шчаку.

Калі яна вярнулася ў Станулі, было яшчэ светла. Дзеўкі ў пастаўніку даілі кароў, Людвік з Фларыянам, пападкасваўшы калашыны, лавілі на водмелі ля віра ракаў.

 Ты! Нарэшце!  Людвік кінуў снасць на камяні, хіснуўся да жонкі. Хацеў пацалаваць, але яна не далася: дагэтуль пёк, поўніў сэрца агідаю развітальны пацалунак Карольці.

Ён адышоўся, памалу пакрочыў да пакояў. Пелагея злезла з вазка, падышла да водмелі.

Фларыян, удаючы, што вельмі заняты лоўляю, нервова пераступаў у вадзе з нагі на нагу.

 Як зездзілі?  спытаў і пачырванеў.

 Ніяк,  адказала яна і шпурнула ў хлопца сарваную з ляшчыніны галінку.

Ішла другая гадзіна, а яна ўсё ніяк не магла заснуць. Было мулка, цела абдавала гарачынёй, у грудзях балела.

Яна паднялася з ложка, шкадуючы, што адпусціла Антольку да бацькоў у Дубраўку і цяпер няма каму падаць вады, пасунулася калідорам у кухню.

Цёплая вада смагі не наталіла. Але праз адчыненае акно з ракі павяваў вецярок, і яна вырашыла выйсці на двор. Асцярожна, каб не пабудзіць Людвіка, спусцілася на дол, адшчапіла засаўку.

На дварэ было цёмна. Але ў верхнім акне лямуса, у Фларыяна, бачна было, гарэла свечка.

Яна перайшла праз дзядзінец, падалася на галерэю. Фларыян, зусім голы, ляжаў на ложку і штосьці чытаў.

Пачуў рыпенне масніц, падхапіўся, каб апрануцца, але не паспеў. Пелагея імкліва ўвайшла ў пакой, зняла сарочку, зводдалеку хукнула на агонь.

 Вы?  сіплым ад нечаканасці голасам збянтэжана прамовіў Фларыян.

 Я,  адказала Пелагея і перакулілася паўз ягонае цела да сцяны.  Не пазнаў?

 Як, лепей табе?  Людвік нахіліўся над ёю, прыклаў далонь да лба.  Заўтра фэст у мястэчку, хочаш паехаць?

 Не.  Пелагея скінула коўдру, моўчкі паднялася з ложка.

 Як хочаш.  Людвік пабыў у пакоі яшчэ хвіліну, пайшоў да сябе.

Пелагея апранулася, апаласнула ў кухні твар, выйшла на двор. Фларыян, прыхінуўшыся спінаю да камля таполі, гайдаў Лізу на арэлях.

 Дзе Антолька?  спытала яна.

 У склепе. Паклікаць?

 Калі не цяжка.

Фларыян адпусціў арэлі, знік у пакоях. Хутка зноў зявіўся, за ім выбегла на двор Антолька.

 Па ягады пойдзем у Дубраўку,  сказала Пелагея і хуценька, быццам чаго асцерагаючыся, падалася прэч.

Ягады, невялікія, з недаспелы арэшак, былі зусім зялёныя. І толькі на паўднёвым, сонечным баку дзе-нідзе ірдзелі чырванню. Антолька памкнулася сарваць спялейшыя, але Пелагея не дазволіла.

 Вось тут аббярэм, і хопіць,  сказала і прыгнула долу галінку са шнарам ля камля тую самую, з Крайны.

Ягад на флянцы было няшмат, затое ўсе сакавітыя, з характэрным прытарным смакам. І самому флянцу, было відаць па ўсім, новае месца прыйшлося даспадобы.

«Год-два, і запануе,  падумала Пелагея і з задавальненнем аглядзела бухматае, без адзінае плямкі, лісцё.  А яшчэ лепей памагчы яму. Фларыяна папрасіць, ці што?»

І толькі гэтак падумала, як пачула ад алеі конскае цоканне. Хіснулася з кустоўя да логу, моцна трымаючы Антольку за руку, стаілася ў зарасніках бэзу.

Але іх ужо заўважылі. Фларыян саскочыў з вазка, пакрочыў да схову.

 Дрэва хочаце паглядзець, пан Фларыян?  Пелагея штурхнула Антольку да вазка, папраставала пожняю назад да хмызу.

Праз колькі хвілін былі на месцы.

Фларыян памкнуўся, каб абняць яе, але Пелагея не далася.

 Не цяпер і не тут,  сказала гулліва, з ноткаю дакору ў голасе.  Спачатку зрабіце ласку, падпарадкуйце дрэўца. Бачыце, камлі старыя, трэба іх ссекчы, каб здароваму не заміналі расці. Зробіце?

 Зраблю. Калі? Цяпер?

 Заўтра. Усе паедуць на фэст, а вы застанецеся і зробіце.  Пелагея паднялася на дыбачках угору, цмокнула хлопца ў шчаку.

Пасля вулічнае спёкі ў сутарэнні было прахалодна. Доўгая, на ўсю вышыню пакояў капцільня рэзка звужалася, паступова пераходзіла на зломе ў комін. Адтуль павяваў вецер, там, на скразняках, боўталіся ў кошыках на дубовых шастках падсохлыя кілбасы. Пелагея выграбла з пліты попел, ссыпала ў вядро. Затым паставіла на пліту чыгунок з вадою, абклала яго з усіх бакоў дровамі з пасечаным ядлоўцам, падторкнула знізу пакулля.

Дзверкі ўверсе, насупраць шасткоў, ляпнулі, Фларыян, жмурачыся ад святла, пассоўваў шасткі багром у адно месца, адну за адной паздымаў кілбасы.

 Што цяпер?

 У лямус занясі, загадала Пелагея.  Вернешся закладзеш уваход цэглаю. А тады у Дубраўку адразу, дрэва парадкаваць. Глядзі, каб не ўгледзеў хто.

 А вы як?

 Мяне з Дубраўкі вярнуўшыся пільнуй. Дым пасвятлее адкладай.

Фларыян пайшоў, а яна зноў нахілілася над плітой.

Сухі ядловец успыхнуў, напоўніў капцільню пахам лесу, адчайна затрашчаў. Пелагея варухнула яго качаргой, хаваючы твар ад іскраў, высыпала ў чыгун ягады.

«Будзе вам фэст і да фэсту»,  падумала весела і прычыніла пліту.

Дым зрабіўся зусім белы, і варыва стаяла гатовае на прыпеку, а Фларыяна ўсё не было. Пелагея рванула дзверы раз, другі каб гук у адказ.

«За смерцю яго пасылаць»,  падумала злосна і тут жа пачула за дзвярыма крокі. Хацела азвацца, але пабаялася: раптам Людвік?

 Разбіраць, ці што?  голас быў Фларыянаў.

 Хутчэй.

Вызваленыя ад кладкі дзверы бясшумна расчыніліся. Фларыян, расчырванелы, з плямамі поту на плячах, ступіў у капцільню.

Пелагея выхапіла сякеру з ягоных рук, шпурнула ў кут.

 Доўга так! Што здарылася?

 Сукі, як камень,  вінавата адказаў ён.  Ледзьве пассякаў.

 Ніхто не бачыў?

 Не Піць хочацца.

 На, папі. Яна зачэрпнула з чыгуна варыва, падала хлопцу. Затым, пакуль ён піў, заліла прысак вадою, пайшла да выхаду.

Фларыян нагнаў яе, абхапіў рукамі за плечы.

 Не тут.  Яна саштурхнула ягоную нагу з парожка, аціраючы з вопраткі сажу, пайшла па сходах у спальню. Там распранулася, легла на ложак.

Фларыян у нерашучасці таптаўся па той бок дзвярэй. Яна паднялася, падышла да праёма.

 Хадзі, гукнула ціха і, нібыта баючыся, што ён не пачуе, шарганула далонню па аўшаку.

Але ён пачуў.

Туфіля ўжо двойчы абвяшчала, што кілбасы зварыліся, і адмысловы Юдэлеў селядзец закалянеў па надрэзах, а Карольці ўсё не было. Людвік прапаноўваў сесці за стол без яе, але Пелагея не згадзілася: трэба пачакаць.

Канстанцыя бавіла з Фларыянам час у вітальні за картамі ды каторы раз наракала на пустадомка, што ў нядзелю, пакуль былі на фэсце, абсек дрэва ў садзе.

Неўзабаве зявілася і Карольця. Лёгка саскочыла з вазка, паправіла на хаду капялюшык, успырхнула на ганак.

Селі за стол.

Людвік памкнуўся да штофіка, каб наліць, але Пелагея яго апярэдзіла. Сама адкаркавала штофы, сама наліла: з большага мужу, Фларыяну і Канстанцыі, з меншага сабе і Карольці. Свайго, аднак, не выпіла, употай, як толькі госці заняліся ежаю, выліла пад стол. Фларыян заўважыў тое, але змаўчаў. А калі дайшла чарга да другой чаркі, порстка падставіў сваю.

 Мне таксама з гэтага.

 З гэтага дык з гэтага.  Пелагея выліла рэшту Фларыяну, адставіла пусты штоф на падваконнік.

І тут краем вока ўбачыла, як рука мужа слізганула пад сталом да Карольцінай. Хацела ляпнуць па ёй, але стрымалася: хай пацешацца.

Вечар прайшоў удала. Праўда, крыху падпсавалі яго тутэйшымі песнямі мужчыны, але тое цягнулася нядоўга. Захмялелы Фларыян хутка некуды знік, спеўны хаўрус распаўся сам сабою.

Развітваліся далёка за поўнач. Першая адехала Канстанцыя.

Людвік спрабаваў угаварыць Карольцю, каб засталася ўнаначкі, але тая адмовілася: баліць галава ды і ў школу заўтра. Дырэктар гэткі строгі крый бог спазніцца.

 Як хочаце, панна Карольця.  Людвік падсадзіў госцю ў вазок, вярнуўся да жонкі на ганак.

 Дзе Фларыян?  спытала яна абыякава.  Спіць, ці што?

Назад Дальше