Marginalis - Кiрыл Стаселька 3 стр.


Амбітны фантазёр Сімоне гадамі выношваў планы, марыў пра штосьці большае, чым простае паглынанне кнігі за кнігай. Ён не жадаў, як Антоніа, які меў выдатныя здольнасці, гібець кніжным чарвяком да старасці, маючы магчымасць дасягнуць большага. Яму хацелася чагосьці больш маштабнага, усеабдымнага, вялікага. Так, калі ў думках і на паперы сфармаваліся больш ці менш выразныя планы, ён вырашыў падзяліцца імі са сваім сябрам і настаўнікам. Нягледзячы на даўняе сяброўства і блізкую сувязь, яму доўгі час было боязна, як успрыме яго адкрыццё Антоніа. Але ўсё ж сабраўшыся з духам, ён наважыўся ў адзін з дзён раскрыць плён уласных спадзяванняў і памкненняў.

Малады Сімоне прапанаваў сабраць ды сістэматызаваць усе існуючыя веды на зямлі. Але ў адзіночку і нават удваіх гэтая задача выглядала недасяжнай і нават абсурднай. Падобная ідэя пацешыла Антоніа Мальябекі. Хто, як не ён, мог у поўнай меры разумець усю фантастычнасць падобнай задумы. Ён яшчэ мог бы зразумець, калі б падобнае прапанаваў нейкі дурань, які прэтэндуе на ўсёведанне, але ён ягоны вучань, якога Антоніа лічыў адным з самых разважных і разумных сярод гараджан. Аднак малады бібліятэкар, даўно выношваючы грандыёзны план, супрацьпаставіў пярэчанням і сумневам старога настаўніка выразны алгарытм.

Сімоне мроіў пра штосьці накшталт ордэна кніжнікаў, якія б сталі скрыптарамі ды захавальнікамі ўсіх ведаў чалавецтва, у тым ліку і самых таемных. Ён марыў пра магутны ордэн, улада якога была б заснавана на ведах. Сябе ж ён бачыў у якасці аднаго з яго правадыроў, гэтакага егіпецкага жраца. Але пра гэта ў размовах са сціплым і цнатлівым Антоніа ён, вядома, не ўзгадваў. Па задумцы першымі рэкрутамі ордэна мусілі стаць найталенавіцейшыя і разумнейшыя сярод маладых фларэнційцаў, якія ў далейшым меліся б выправіцца ў доўгае падарожжа ва ўсе канцы зямлі, каб знайсці ды запомніць усе магчымыя тэксты, перш за ўсё старажытныя. У Мальябекі падобная ідэя, нягледзячы на довады і падрабязныя планы, усё яшчэ не без падставаў выклікала сумневы. Было ў ёй нешта юнацкае, бязгрэшнае, і гэткае недасяжнае. Ён не верыў, што з гэтага што-небудзь магло атрымацца, ды і ўзрост быў ужо не той, але, не жадаючы засмучаць палкую душу, што ўжо паспела ўзнесціся на крылах натхнення, пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.

Заручыўшыся згодаю настаўніка, Сімоне адразу ж разгарнуў актыўную дзейнасць, натхнёна займаючыся адборам магчымых членаў будучага ордэна. Задача была не з простых. У адзіночку яму давялося праэкзаменаваць сотні маладых людзей. У першую чаргу ён адбіраў тых, хто валодаў найлепшай памяццю. Ужо праз месяц перад Антоніа паўстаў тузін юнакоў, да якіх Сімоне, ужо даўно і грунтоўна прыглядаўся. Але не ўсім з іх у далейшым выпадала стаць часткай яго амбітнага плану. Сістэма адбору юнакоў праходзіла ў некалькі этапаў. Сімоне надзвычай грунтоўна падыходзіў да працэсу стварэння ордэна і адбору яго членаў. Таму праз два гады навучання з ім з трынаццаці навабранцаў засталося толькі восем, якія здолелі дасягнуць найбольш значных вынікаў. Паводле задумы Сімоне цяпер іх чакалі яшчы тры гады навучання яшчэ тры гады навучання з Антоніа, пасля чаго былі адсеяныя чарговыя чатыры юнакі.

Рафаэль, Бенісіа, Умберта і Сільвіа апынуліся ў ліку тых, на каго ўскладаліся асноўныя надзеі. Кожны з іх быў па-свойму ўнікальны. Так, Рафаэль адразу ж запамінаў усё прачытанае, убачанае і пачутае. Бенісіа дасягнуў такой хуткасці чытання, што ўжо неўзабаве здолеў бы пацягацца з самім Антоніа Мальябекі. Умберта чытаў крыху павольней, чым Бенісіа і запамінаў трошкі горш, чым Рафаэль, але адрозніваўся асабліва гнуткім розумам і кемлівасцю. Сільвіа ж мог пахваліцца ўсімі пералічанымі вартасцямі. Ён, як ніхто, больш за ўсіх быў падобны на Мальябекі, не толькі ў здольнасцях, але таксама ў звычках і манерах.

За пяць гадоў, якія яны правялі разам, вучні і настаўнікі так зрадніліся, што ўжо лічылі адзін аднаго не проста сябрамі, але сямёй. Для Сімоне гэтыя юнакі сталі братамі, для Антоніа дзецьмі, нароўні з першым вучнем. Як і ў любой сямі, тут таксама не абыходзілася без сварак і крыўдаў. Іх характары моцна адрозніваліся. Адзін быў надзвычай запальчывым, часам агрэсіўным, другі спакойным і нават меланхалічным, трэці хітрым і ашчадным, чацвёрты баязлівым і нерашучым, але, нягледзячы на ўсю непадобнасць, яны любілі адзін аднаго. Здаралася, што і Сімоне старэйшы з іх як маленькі дзіцёнак раўнаваў старога сябра да маладых падапечных. Але падобнае доўжылася нядоўга, бо ён быў досыць адходлівы і велікадушны.

Канчатковая мэта навучання не зяўлялася сакрэтам для Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа. Сімоне, аднойчы распавёўшы ім пра ідэі ордэна, паступова ўводзіў будучых яго членаў у далейшыя планы. За апошнія гады ён здолеў распрацаваць статут ордэна, яго знакі і атрыбуты.

Маладыя члены ордэна мусілі выправіцца ў падарожжа так далёка, як толькі было магчыма, каб, абышоўшы ўсю зямлю, адшукаць і запомніць усе магчымыя тэксты, напісаныя калі-небудзь чалавекам. Кожнаму на гэта адводзілася каля пяці гадоў. Па вяртанні сабраныя тэксты трэба было ўзнавіць па памяці, адначасова сістэматызуючы і запісваючы іх згодна спецыяльна распрацаванай сістэме, якая б дазволіла цэлыя кнігі змяшчаць у некалькіх абзацах. Праца па распрацоўцы падобнай сістэмы была ўскладзеная на найстарэйшага і найразумнейшага з членаў новаяўленага ордэна. Калі б задумка ўдалася, стала б магчымым зашыфраваць усе тэксты чалавецтва ў адну кнігу. У такім выпадку ордэн здолеў бы, з аднаго боку, сабраць разам усе веды чалавецтва, пазбягаючы пры гэтым простага перапісвання тэкстаў, але што яшчэ больш важна, засцерагчы таемныя веды ад старонніх.

Ці меліся дзе-небудзь гэтыя самыя таемныя веды, пра якія мроілі стваральнікі ордэна, ці ўдасца распрацаваць унікальную тэхніку шыфравання і ці скончыцца наогул у канчатковым выніку поспехам іх задума, ніхто не мог сказаць дакладна. Было ў гэтай ідэі досыць недаказанасці, абсурднасці ды глупства, што калісьці ўлавіў Мальябекі, і што з гадамі перастала заўважацца, пакінуўшы толькі на паверхні амбіцыі, заснаваныя на надзеях і летуценнях. Але ў той перыяд перспектывы ордэна здаваліся досыць вясёлкавымі, а яго члены адчувалі сябе першапраходнікамі і нават у пэўным сэнсе героямі.

Праз год, праведзены ў практычных зборах, Сімоне склікаў усіх членаў ордэна ў доме Мальябекі, які ўжо даўно ператварыўся для юнакоў у нешта кшталту святыні. Некалькі свечак, здольных у імгненне знішчыць гэтае месца і працу ўсяго жыцця яго ўладальніка, асвятлялі сход, надаючы яму належную загадкавасць. Ужо заўтра яны меліся адправіцца ў дарогу. Гэта была іх апошняя сустрэча ў бліжэйшыя гады.

Найперш Сімоне зачытаў статут ордэна. Затым зноў агучыў план далейшых дзеянняў яго членаў. Рафаэлю выпала адправіцца на поўдзень, Бенісіа на паўднёвы ўсход, Умберта на паўночны ўсход, Сільвіё на поўнач, Сімоне на захад. Так, прасоўваючыся ўсё далей і далей, ордэну, нібыта імперыі, што заваёўвае новыя тэрыторыі, трэба было захопліваць усё больш шырокія тэрыторыі чалавечых ведаў. Мальябекі ж належала за гэтыя гады завяршыць распрацоўку сістэмы пісьменства будучай кнігі.

Як і ў кожнага ордэна, у іх былі і свае атрыбуты. Сімоне падрыхтаваў і ўрачыста ўручыў кожнаму члену ордэна, у тым ліку Антоніа, залатыя пярсцёнкі з гравіроўкай імя яго ўладальніка і сімвала ордэна: кнігі, апраўленай цярновым вянком. Атрымаўшы знак адрознення, кожны прамаўляў клятву вернасці агульнай справе. Па завяршэнні ўрачыстай часткі сходу ўсе шасцёра перайшлі да больш ці менш нязмушаных гутарак, што суправаджаліся паглынаннем сціплай трапезы і двух бутэлек віна. Чым бліжэй адчуваўся канчатак вечара, тым мацней нарастала ў кожнага з іх пачуццё трывогі. Нават віно не было здольнае расслабіць. Здавалася, выпі яны хоць па бутэльцы, апяненне так і не наступіла б.

Яны ўсклалі на сябе адказную місію. Хваляванне і страх няпэўнасці з кожнай секундай усё глыбей пускалі карані. Ніхто, нават іх усёведны настаўнік Мальябекі, не мог дакладна ведаць, што будзе там, у самым канцы, ніхто не мог сказаць, што будзе з кожным з іх праз два гады, год і нават месяц. Не было тут сэрца, у якім бы асцярога няўдалага зыходу не пусціла парасткі, але ніхто не адважваўся агучыць хвалюючыя пачуцці. Справа была не ў тым, што яны кагосьці баяліся, але хутчэй разумелі, што нават адно неасцярожнае слова здольнае разбурыць веру кожнага ў агульную місію, што зблізіла іх. Бо менавіта яна зрабіла іх не проста ордэнам, але сямёй. Разбурыць веру, хай і хісткую, значыла страціць сямю, сяброў, страціць гэтых людзей, што сталі адзін для аднаго самым дарагім у жыцці. У любым выпадку ім трэба было расстацца. Але гэта было найменшым з дзвюх бед. Бо пасля вяртання яны стануць яшчэ бліжэй. Толькі прадчуванне будучай сустрэчы здольна было іх крыху падбадзёрыць.

Больш за іншых трывога раздзірала Сімоне. Ён спрабаваў удзельнічаць у абмеркаваннях, паводзіць сябе нязмушана, але падоўгу, захоплены думкамі, нібыта застываў, гледзячы ў адну кропку. Магчыма, думаў ён, некаторыя не вернуцца, згінуўшы ў чужых краях. Некаторыя ж, расчараваўшыся альбо паддаўшыся спакусам, пакінуць ордэн. Зыход задуманага, як яму здавалася, цалкам ляжаў на яго плячах. Ён, можа, быў бы і рады адмовіцца ад задуманага прадпрыемства, але адступаць было ўжо занадта позна. Ніхто, вядома, яго не асудзіў бы. Члены ордэна хутчэй з удзячнасцю і палёгкай прынялі б яго рашэнне застацца дома, у Фларэнцыі. Але Сімоне нёс адказнасць перш за ўсё перад самім сабой, перад сваім рашэннем. Ён ведаў дакладна: зрабі ён так больш не здолеў бы жыць у ладзе з самім сабой. Няўдалы вынік быў бы ў любым выпадку лепш, чым адмова пад ціскам уласнай няўпэўненасці і нерашучасці.

Назад Дальше