Marginalis - Кiрыл Стаселька 4 стр.


Больш за іншых трывога раздзірала Сімоне. Ён спрабаваў удзельнічаць у абмеркаваннях, паводзіць сябе нязмушана, але падоўгу, захоплены думкамі, нібыта застываў, гледзячы ў адну кропку. Магчыма, думаў ён, некаторыя не вернуцца, згінуўшы ў чужых краях. Некаторыя ж, расчараваўшыся альбо паддаўшыся спакусам, пакінуць ордэн. Зыход задуманага, як яму здавалася, цалкам ляжаў на яго плячах. Ён, можа, быў бы і рады адмовіцца ад задуманага прадпрыемства, але адступаць было ўжо занадта позна. Ніхто, вядома, яго не асудзіў бы. Члены ордэна хутчэй з удзячнасцю і палёгкай прынялі б яго рашэнне застацца дома, у Фларэнцыі. Але Сімоне нёс адказнасць перш за ўсё перад самім сабой, перад сваім рашэннем. Ён ведаў дакладна: зрабі ён так больш не здолеў бы жыць у ладзе з самім сабой. Няўдалы вынік быў бы ў любым выпадку лепш, чым адмова пад ціскам уласнай няўпэўненасці і нерашучасці.

Гэтай ноччу ніхто не мог пахваліцца моцным сном. А Антоніа Мальябекі і зусім прасядзеў да раніцы, не заплюшчваючы вачэй. Ён не быў, як звычайна, паглынуты чытаннем або роздумамі пра кнігі, яго душу паглынулі настальгія і горыч у прадчуванні будучага расстання. Магчыма, яго вучні не хацелі заўважаць, што ён занадта стары для падобных задумак, але Антоніа быў упэўнены, што больш ніколі не ўбачыць сваіх хлопчыкаў. Таму ён трапятліва смакаваў апошнія імгненні, пакуль яны знаходзяцца побач з ім.

Зранку, калі яшчэ толькі пачынала днець, а цела ахутвала лёгкая прахалода, усе шасцёра выйшлі на двор. Ледзь стрымліваючы пачуцці, без лішніх слоў, развітаўшыся з Антоніа і адзін з адным, маладыя місіянеры разышліся кожны ў сваім кірунку. Сімоне, перамагаючы сябе, спрабаваў прайсці як мага далей. Слёзы набягалі аднекуль з глыбіні, захрасаючы камяком у горле. Ён пачаў бегчы з усёй моцы. Так і не здолеўшы стрымацца, Сімоне расплакаўся. Затым спыніўся каля дрэва, прысеў на траву і, ужо не спрабуючы сябе суняць, зарыдаў. Ён адчуваў, як надыходзіць палягчэнне. Пакрысе ён супакоiўся, абцёр рукавом слёзы. Цяпер яму стала лягчэй, і Сімоне перапоўніўся натхненнем. Толькі адпусціўшы ўсю горыч і страхі, ён быў гатовы кінуцца ў бой, нібы леў.

Яго браты па ордэне, магчыма, ужо хутка прымуцца за працу. Іх стратэгія палягала ў тым, каб, прасоўваючыся ўсё далей і далей, знаходзіць новыя веды на сваім шляху, а дасягнуўшы мяжы, вярнуцца дадому. Але было цалкам невядома, як далёка яны прасунуцца і колькі часу на гэта спатрэбіцца. У адрозненне ад іх, Сімоне планаваў адразу забрацца як мага далей. Ён хацеў перш дасягнуць апошняй магчымай кропкі падарожжа, толькі там ён прымецца за працу, і затым будзе рухацца ў напрамку Фларэнцыі. Так псіхалагічна здавалася прасцей, ён здолеў бы скласці план будучай працы, хоць бы прыкладна ўяўляючы часовыя рамкі, што было важна для натуры з такімі рацыянальнымі і ўладнымі рысамі. Акрамя таго, ведаючы, што ўжо вяртаешся дадому, рухацца было б нашмат прасцей, чым тады, калі знаходзішся ў няведанні, кожны дзень думаючы пра радзіму і не ўяўляючы, калі зможаш зноў пабачыць дарагія сэрцу мясціны.

Праз некалькі месяцаў Сімоне здолеў дабрацца да Іспаніі, адкуль збіраўся адплыць затым у Новую Іспанію. Да гэтага часу сціплыя сродкі, якія ён меў і якія Антоніа здолеў здабыць для іх ордэна, амаль скончыліся. Наяўнай сумы не хапала не толькі на далейшае падарожжа, але нават на тыднёвае пражыванне. Таму Сімоне прыняў рашэнне ненадоўга тут затрымацца і трохі падпрацаваць, каб назапасіць сродкі для далейшага шляху. Доўга шукаць настолькі адукаванаму і эрудзіраванаму чалавеку не давялося, але і заробак быў не вельмі высокі. Маладому чалавеку ўдалося ўладкавацца памочнікам у адну з кніжных крамаў Мадрыда.

Нягледзячы на сітуацыю, што склалася, Сімоне не губляў час марна, і ўжо ў Мадрыдзе ён узяўся за выкананне місіі. У вольны ад працы час працаваў у Каралеўскай бібліятэцы Эскарыола. Бывала, праседжваў па пятнаццаць гадзін, паглынаючы кнігу за кнігай, як у ранейшыя часы. Ён праводзіў бы тут і цэлыя суткі, калі б не клопаты аб хлебе надзённым.

Ужо за некалькі першых месяцаў Сімоне прачытаў і запомніў амаль усе кнігі і рукапісы бібліятэкі. Дзіўны малады чалавек не мог не звярнуць на сябе ўвагу. Чуткі пра яго неўзабаве дасягнулі каралеўскага духоўніка Пэдра Робіна. Аднойчы ён нават асабіста прыбыў у бібліятэку, каб паназіраць і пазнаёміцца з эрудытам, чыя персона спарадзіла за такі кароткі перыяд мноства загадак і падазрэнняў. Перад позіркам высокай асобы паўстаў маленькі скурчаны сілуэт, акружаны высокімі стосамі кніг. Малады чалавек хутка гартаў старонкі. Скончыўшы гартаць адну кнігу, ён адразу пераходзіў да наступнай. Пэдра падобнае гледзішча не захапіла, але толькі раззлавала: навошта яго адарвалі ад важных спраў, ці не для таго, каб палюбавацца на непісьменнага варята, што апаганьвае каштоўныя фаліянты сваімі бязглуздымі дзеяннямі. Ён быў намерыўся аддаць загад выкінуць таго і больш не пускаць, але перш вырашыў прыстрашыць яго асабіста, такім велізарным было абурэнне каралеўскага духоўніка.

Але абурэнне адразу змяніла такое ж велізарнае здзіўленне, калі Сімоне спакойна, ні на момант не збянтэжыўшыся, прапанаваў на памяць працытаваць урывак з любой кнігі бібліятэкі. Пераадолеўшы секундную збянтэжанасць, Пэдра Робін накіраваўся да самай далёкай шафы, адкуль, падняўшыся на драбінкі, дастаў з апошняй паліцы кнігу ў зялёнай вокладцы. Затым, асцярожна спусціўшыся, ён назваў старонку і абзац. Яго голас рэхам раскаціўся па ўсёй зале. Пачакаўшы, пакуль стане ціха, Сімоне ў сваю чаргу, як і абяцаў, агучыў зададзены ўрывак, ні разу не запнуўшыся. Тады духоўнік узяўся за другую, потым трэцюю кнігу. Агаломшаны, ён бегаў з боку ў бок, ад адной шафы вялізнай залы бібліятэкі да другой, па чарзе выцягваючы кнігі. Праверка доўжылася амаль гадзіну, пакуль задыханы і стомлены ад летаніны Пэдра не прысеў побач. Нядоўга думаючы, ён прапанаваў маладому унікуму працу ў Каралеўскай бібліятэцы, план якой належыў яму і быў зацверджаны за два гады да гэтага каралём Філіпам IV. Сімоне таксама, доўга не разважаючы, адказаў згодай. Магчымасць паскорыць збор неабходных для далейшага падарожжа сродкаў без адрыву ад ажыццяўлення місіі па зборы і запамінанні ўсё новых ведаў была вельмі дарэчы. На наступны ж дзень Сімоне прыступіў да працы на новым месцы.

У Іспаніі ён планаваў затрымацца не больш чым на пару месяцаў, але прайшоў амаль год. За гэты час Сімоне прачытаў не толькі ўсе кнігі Каралеўскай бібліятэкі, але і ўсіх даступных прыватных збораў Іспаніі. Яго фінансавае становішча таксама кардынальна змянілася. Цяпер ён валодаў буйнымі грашовымі сродкамі, якіх, мабыць, хапіла б на некалькі гадоў падарожжаў па рэалізацыі місіі ордэна. Нягледзячы на гэта, Сімоне не спяшаўся адпраўляцца ў плаванне на іншы кантынент, знаходзячы ўсё новыя нагоды затрымацца. Так доўжылася некалькі гадоў, пакуль не мінула больш паловы адведзенага на місію тэрміну. Тады Сімоне вырашыў прабыць у Мадрыдзе яшчэ некалькі месяцаў і ўсё ж выправіцца ў плаванне. Пакідаючы Фларэнцыю, члены ордэна разумелі, што час, адведзены на місію, дастаткова ўмоўны і мог расцягвацца на некалькі гадоў. Таму спазніся Сімоне на два-тры гады пасля прызначанага тэрміну, нічога б істотна не змянілася. Магчыма, ён будзе нават не самым апошнім.

Прайшло паўгады, тры гады, дзесяць гадоў, але Сімоне, як і раней, працягваў працаваць у Каралеўскай бібліятэцы. Калі ён упершыню зявіўся ў гэтым горадзе, то нават уявіць не мог, што сталіцу Іспаніі будзе так складана пакінуць. У самім Мадрыдзе не было нічога асаблівага. Яго хутчэй прываблівала новае палажэнне, якім ён не мог пахваліцца ў родным горадзе. Дома яму выхадцу з беднай сямі даводзілася ўвесь час эканоміць, нават пасля таго, як Антоніа ўладкаваў яго працаваць у бібліятэку. На яго глядзелі не столькі з павагай, колькі са здзіўленнем, з якім глядзяць на дзіўнага заморскага звярка. Дома ў яго не было ні становішча ў грамадстве, ні грошай, ні славы, ні павагі. Тут жа Сімоне меў магчымасць ні ў чым сабе не адмаўляць, есці і піць, колькі і што пажадае, жыць у раскошных апартаментах. У Мадрыдзе ў яго зявілася мноства прыяцеляў і знаёмых, якія адносяцца да яго са шчырай цікавасцю і павагай.

Але прызнацца сабе ў сапраўднай прычыне затрымкі ён не адважваўся, перабіраючы апраўданні адно за адным. Сімоне спрабаваў пераканаць сябе, што задума з ордэнам, як лічыў некалі Антоніа, пустая і дурная, што ні адзін з місіянераў, хутчэй за ўсё, так і не вернецца. Часам яго асільвалі сумневы і пачуццё віны: а што, калі яны ўсё ж вярнуліся, што, калі ён быў адзіным, хто падвёў ордэн. У любым выпадку, незалежна ад зыходу, яму не варта было здраджваць сябрам і старому настаўніку, ён мусіў быў вярнуцца ў прызначаны тэрмін. Чым хутчэй бег час, тым мацней яго асільвалі пакуты. Душэўныя пакуты апынуліся настолькі моцнымі, што Сімоне схіліўся да рашэння вярнуцца дадому, да сваіх бацькоў, якіх пакінуў у няведанні, сяброў і настаўніка, якія так і не дачакаліся яго.

Мінула шаснаццаць гадоў, як малады Сімоне пакінуў радзіму. Ён адчуваў сябе тут ужо чужым. Шмат што змянілася. Вялікіх намаганняў каштавала рашэнне вярнуцца, але яшчэ большых высілкаў патрабавала сустрэча з бацькамі, Антоніа і іншымі членамі ордэна. Па прыездзе ён арандаваў сціплыя, але годныя апартаменты. Хваляванне суправаджала яго бесперапынна, што б ён ні рабіў, куды б ні пайшоў. Таму, не зацягваючы надоўга, на заўтрашні дзень Сімоне выправіўся, каб паўстаць перад сваімі блізкімі. Магчыма, ён і не адважыўся, калі б ведаў, што яго чакае.

Назад Дальше