Marginalis - Кiрыл Стаселька 5 стр.


Мінула шаснаццаць гадоў, як малады Сімоне пакінуў радзіму. Ён адчуваў сябе тут ужо чужым. Шмат што змянілася. Вялікіх намаганняў каштавала рашэнне вярнуцца, але яшчэ большых высілкаў патрабавала сустрэча з бацькамі, Антоніа і іншымі членамі ордэна. Па прыездзе ён арандаваў сціплыя, але годныя апартаменты. Хваляванне суправаджала яго бесперапынна, што б ён ні рабіў, куды б ні пайшоў. Таму, не зацягваючы надоўга, на заўтрашні дзень Сімоне выправіўся, каб паўстаць перад сваімі блізкімі. Магчыма, ён і не адважыўся, калі б ведаў, што яго чакае.

Перш, на яго абрынулася вестка пра смерць бацькоў. Бацька спачыў праз тры гады пасля таго, як Сімоне, нічога не паведаміўшы і не развітаўшыся з бацькамі, пакінуў Фларэнцыю. Маці да апошняга спадзявалася на вяртанне сына, але, так і не дачакаўшыся яго, памерла пяць гадоў таму назад. Затым высветлілася, што яго настаўнік Антоніа памёр усяго праз год пасля таго, як маладыя члены ордэна выправіліся ў падарожжа ў розныя канцы свету. Сімоне спрабаваў выведаць хоць што-небудзь аб вяртанні Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа, але ніхто з тых, каго ён распытваў, так нічога і не здолелў прыгадаць.

Засмучаны і паглыблены ва ўласныя думкі, ён доўга блукаў па горадзе непадалёк ад месца, дзе раней жыў Мальябекі. Сыходзячы ўсё далей ад дома настаўніка, Сімоне натрапіў на дрэва, пад якім плакаў шмат гадоў таму, пакідаючы радзіму, развітваючыся з усім, што было яму гэтак дорага. Перад вачыма пранесліся карціны ранейшага жыцця: знаёмства з Антоніа, праца ў бібліятэцы, апошні вечар з сябрамі. Успаміналася толькі лепшае, самыя цёплыя моманты. Ён зноў, як у тую раніцу, прысеў пад дрэвам. Саракагадовы мужчына плакаў наўзрыд як маленькі хлопчык. За ўсё жыццё ён плакаў тры-чатыры разы. Сімоне было горка і сорамна. Сорамна за здраду бацькам, за тое, што пакінуў іх ды збег, за тое, што так і не сказаў, як любіць іх, за тое, што ў апошні момант жыцця яны засталіся зусім адны. Сорамна за здраду не толькі сябрам, але і Антоніа. Ён ведаў, што ўжо ніколі не здолее загладзіць віну, таму адмовіўся ад задумы шукаць астатніх членаў неіснуючага ордэна. Яму было страшна ўявіць, што аднойчы лёс зноў звядзе яго з кім-небудзь з чатырох і яму давядзецца паглядзець сваёй здрадзе і ганьбе наўпрост у вочы.

Увесь астатні дзень ён правёў у апартаментах, нерухома седзячы за сталом. Сімоне, не адводзячы вачэй, глядзеў у акно. На вуліцы і ў пакоі станавілася цямней, але ён нават не запаліў камін, працягваючы глядзець у цемру. У поўным змроку ён прасядзеў да самай раніцы, пакуль першыя промні ранішняга сонца зноўку не асвятлілі пакой. Усё вакол знікла, усё адышло для яго ў нябыт, у той час як унутры адбываліся найглыбейшыя змены, пасля якіх ранейшаму Сімоне мелася памерці і адрадзіцца зноў, нібы Феніксу. З ім былым загінулі ранейшая цікавасць да жыцця, амбіцыі, азарт. Усю ягоную сутнасць паглынула суцэльная беспрасветная меланхолія.

Сімоне больш нічога не трымала ў гэтым горадзе, і ён прыняў рашэнне вярнуцца ў Іспанію. Перад адездам яму хацелася ў апошні раз убачыць бібліятэку, кожную кнігу якой ён ведаў бадай на памяць. Усе кнігі сваёй багатай бібліятэкі амаль пяцьдзясят тысяч кніг і рукапісаў Антоніа завяшчаў гораду. Цяпер яны захоўваліся ў фларэнтыйскай Лаўрэнцыяне. Як і дваццаць сем гадоў таму, дрыготкія рукі перабіралі старонкі. Сімоне прынюхваўся да паху кніг, адчуваючы сябе трынаццацігадовым хлопчыкам. Унутры станавілася цёпла і лёгка.

На адной з паліц яго ўвагу прыцягнуў вялікі рукапіс у чорным пераплёце, якога раней не было ў доме Антоніа. Магчыма, ён набыў яго незадоўга перад смерцю. Тэкст быў напісаны лацінскімі літарамі, але не на латыні. Штосьці ў ім здавалася незвычайным, але Сімоне ніяк не мог зразумець, што менавіта. Ён хутка гартаў кнігу, спрабуючы зразумець хаця б слова. У некаторых месцах трапляліся ўрыўкі, напісаныя не толькі лацінскім пісьмом, але і нейкімі невядомымі яму значкамі. Толькі цяпер у яго паўстала здагадка, што ўрыўкі або закадаваныя, ці пісаліся з выкарыстаннем некалькіх моў. Няўжо Антоніа ўсё ж такі здолеў распрацаваць новую пісьменнасць? Але што гэта ў такім выпадку? Калі апісанне сістэмы пісьма, то чаму яно было такім абёмным? Калі ў руках у яго была тая самая кніга, дзеля якой быў створаны ордэн, то чаму яго таварышы вярнуліся так рана, і чаму яна апынулася тут? Сімоне задаваўся дзясяткамі пытанняў, забыўшыся на некаторы час аб нядаўняй меланхоліі. Рукі мужчыны адолела дрыготка, быццам яны валодалі найвялікшай таямніцай на зямлі.

Наступную ноч Сімоне зноў не спаў, няспынна думаючы пра сваю знаходку. На наступны дзень ён цвёрда намерыўся займець дзівосны тэкст. У бібліятэцы, як і ўсюды, не абыходзілася без людзей, нячыстых на руку. Таму Сімоне было нескладана, падкупіўшы аднаго з наглядчыкаў, вынесці схаваны пад вопраткай рукапіс. У той жа дзень ён пакінуў Фларэнцыю назаўсёды і адправіўся ў Іспанію, на сваю новую радзіму. Кнігу, як гэта нярэдка робяць з каштоўнасцямі, Сімоне схаваў як мага глыбей сярод рэчаў. Зноў прыняцца за яе вывучэнне ён рызыкнуў толькі па прыездзе.

Сімоне закінуў працу ў бібліятэцы, марнуючы ўвесь час на спробы разгадаць рукапіс. Праходзілі дні і месяцы, а ён, з усёй сваёй эрудыцыяй і начытанасцю, так і не здолеў прасунуцца. Меланхолія, некалі заглушаная знаходкай, цяпер ізноў адраджалася, усё мацней паглынаючы Сімоне. Толькі віно было здольна трохі яго разварушыць, надаць смак новаму жыццю. Неўзабаве ён ужо піў на працягу амаль усяго дня. Перш цнатлівы і аскетычны бібліятэкар прыняўся, апоены віном, шукаць суцяшэнне ў картах і жанчынах.

Ён прачынаўся ўжо не на світанні, а бліжэй да поўдня, праводзячы яшчэ некаторы час у ложку, зрэдку прыпадымаючыся, каб запіць брыдкі прысмак выпітага напярэдадні. Затым Сімоне падымаўся, спусташаў бутэльку віна і адпраўляўся гуляць або наведваў адну са сваіх любімых блудніц. Часам і іх яму станавілася мала. У такія перыяды ён бадзяўся па самых бедных раёнах у пошуках бацькоў, гатовых за вялікую плату аддаць чужынцу сваю дачку на апаганьванне. Тыя ў сваю чаргу, знаходзячыся на мяжы існавання, нярэдка згаджаліся, хапаючыся за апошнюю магчымасць выжыць, і прыводзілі ўласных дачок у апартаменты Сімоне, дзе той сілай авалодваў як дзяўчатамі, так і дзяўчынкамі. Самай малодшай з яго ахвяр было каля васьмі гадоў, а самай старэйшай пятнаццаць.

У няспынных гулянках грошы, некалі заробленыя цяжкай працай у Каралеўскай бібліятэцы, раставалі, нібы снег у летні сонечны дзень. Калі сродкі ўсё ж скончыліся, а ўсе каштоўныя рэчы былі распрададзеныя, Сімоне навучыўся жыць пазыкамі. З некалі элегантнага і станістага маладога чалавека ён паціху ператварыўся ў нахабнага агіднага пяніцу. Яго адзенне было пакрытае ліпкім брудам, ад строгай акуратнай прычоскі не засталося і следу, а смурод быў адзіным, што паўсюль суправаджала Сімоне. Нават прыяцелі, якіх ён цяпер толькі зрэдку сустракаў дзе-небудзь на вуліцы, не пазналі яго.

Аднойчы позна ўначы Сімоне быў заспеты каля дома адным з бацькоў яго чарговай маленькай ахвяры, з якім ён так і не здолеў разлічыцца. Не знайшоўшы чым пажывіцца, разюшаны мужчына перарэзаў Сімоне горла. Так нерамантычна і бясслаўна перапынілася жыццё некалі жыццярадаснага і амбітнага хлопчыка, які шмат гадоў таму пагрукаў у дзверы вялікага бібліятэкара, ды які апаганіў уласнаручна сваё жыццё. Астатнюю маёмасць, якая засталася, арэндадаўца апартаментаў Сімоне ўсё ж здолеў прадаць у кошт доўгу. Была прададзеная і загадкавая кніга з бібліятэкі Антоніа, якой было наканавана ў бліжэйшы час змяніць яшчэ мноства ўладальнікаў.

Перш яна трапіла ў рукі да кнігагандляра, якога звалі Хорхе, ён неўзабаве перапрадаў яе ідальга па імені Альварэс. Той прайграў яе свайму прыяцелю Джону ангельцу па паходжанні, які падараваў кнігу сыну Герберту. Праз восем гадоў, падчас знаходжання Герберта ў англійскім горадзе Эксэтар, кнігу скраў зладзюжка, якога звалі Том. Ён, у сваю чаргу, прадаў яе калекцыянеру па імені Джордж. Калі ж надышлі цяжкія часы, Джордж заклаў кнігу Бенедыкту знаёмаму сябра траюраднага брата жонкі Элізабэт, так і не здолеўшы выкупіць яе назад. Бенедыкт, у сваю чаргу, умудрыўся яе згубіць, праязджаючы праз горад Сан-Мало, дзе кнігу падабраў афіцэр Альфрэд.

Менш чым за дзвесце гадоў кніга змяніла больш за дваццаць уладальнікаў, пабываўшы ў мностве еўрапейскіх гарадоў. У адны часы яна доўга ляжала на паліцах з іншымі кнігамі, забытая ўладальнікам, нібы дзіця, няздольнае дамагчыся бацькоўскай увагі і любові. Бывалі і такія ўладальнікі, што пяшчотна перакладалі яе старонкі з дня ў дзень, спрабуючы хаця б наблізіцца да таямніцы рукапіса. Для адных яна не адрознівалася ад хламу, для іншых жа служыла рэліквіяй. Толькі некаторыя здзяйснялі нясмелыя спробы разгадаць, што на самой справе было схавана пад вокладкай, але ўсе як адзін цярпелі паразу за паразай. Пасля доўгіх падарожжаў кніга трапіла да швейцарскага гандляра, у якога яе выкупіў і прывёз у Нясвіж Антоній Альбрэхт з роду Радзівілаў.

Назад Дальше