Усе дні, што я тут, бераг быў даволі бязлюдны, а тут раптам заўважаю ідзе пара гадоў сямідзесяці. Відаць, выйшлі з адной з віл перад школай. Ён у белым купальным халаце. Я пазіраю на іх і вітаюся, бо, прынамсі, у школе прынята вітацца. Але мужчына з падазрэннем свідруе мяне позіркам. Прычал шырокі, я сяджу на ім злева, а тыя людзі моўчкі кіруюцца направа, туды, дзе стаяць два сталы з лавамі. Тым не менш сходы ў ваду з майго боку. Дзявацца няма куды, распрануўшыся воддаль, у ваду яны спускаюцца каля мяне.
Нічога мне не вымаўлялі, але я не ведала, куды падзецца ад няёмкасці. Тут паўсюль на прычалах напісана прыватны, але на гэтым я прачытала слова, якое значыць агульны. Мацільда, у якой я пыталася пра гэты подпіс, сказала, што там можна сядзець, калі так напісана, але я ўсё адно не была ўпэўненая. І не дарэмна. Перад сыходам паглядзела на шыльду там яшчэ напісанае слова ej, якога я не ведала. Гляджу ў слоўніку гэта адзін з варыянтаў адмоўнай часціцы. Значыцца, на шыльдзе напісана Не агульны.
Яблычны горад мястэчка, дзе ў маляўнічых вілах з прыгожымі садамі і прысядзібнымі дзялянкамі збольшага жывуць заможныя людзі сталага веку. Апроч нашай народнай школы для дарослых, ёсць яшчэ крутая гімназія з інтэрнатам. Дзеці з гімназіі носяць уніформу і маюць рэкламны выгляд, учора міма мяне праехаў на ровары хлопчык у беласнежнай кашульцы і шлеме. Шведскі школьнік, як з карцінкі.
У абедзвюх школах вучацца не толькі мясцовыя, але і замежнікі рознага паходжання. У нашай школе іх асабліва шмат, і я не ведаю, наколькі гараджанам гэта даспадобы. Нядаўна я не магла знайсці ў краме цукар і, паколькі нікога з супрацоўнікаў паблізу не было, доўга не думаючы, спытала, ці не ведаюць яны, дзе звычайна цукар, у пажылой спадарыні і спадара, якім надарылася стаяць побач. У Мінску так спытацца звычайная справа. Але па твары спадарыні і па тым, з якой здзіўлена-абуранай інтанацыяй яна перапытала пра маю патрэбу, я зразумела, што ўчыніла неверагоднае і парушыла мяжу, якую пераходзіць нельга. Вынікае, я зноўку села ў лужыну.
Вяртаючыся з возера, сустрэла ля школы Зэйна, сірыйскага хлопца з нашай групы, які курыў за столікам на двары, і вырашыла развеяць фрустрацыю гутаркай.
Яшчэ да пачатку заняткаў я аднойчы напаткала яго на вуліцы: ён ехаў на ровары і прыпыніўся, каб спытацца, дзе знаходзіцца крама. Тады я адказвала па-ангельску і не ведала, што гэта будзе мой аднагрупнік. Сёння я вырашыла, што трэба пагаварыць з ім па-шведску. Змагла падтрымаць размову пра надворе, вучобу, пра тое, што ён любіць рабіць і як я тут пачуваюся. Мне галоўнае ўтаймаваць сваю нервознасць і ўзяць сябе ў рукі. Калі людзі даведваюцца, што я жыву ў Швецыі толькі некалькі дзён, то робяць вялікія вочы. Для такога кароткага тэрміну моўнай практыкі я гавару і разумею шмат. Я маю намер браць шведскую мову штурмам. Зэйн жыве ў краіне тры гады і ўжо прайшоў курс шведскай. Не дзіва, што так добра балбоча. У нашай групе ён таксама дабірае балы, каб скончыць сярэднюю адукацыю.
Смешна, што Зэйн пацікавіўся, ці замужам я і ці ёсць у мяне хто. Яму дваццаць. Большасці ў школе каля таго. Я старэйшая амаль на яшчэ адно ягонае жыццё. Шчыра прызналася, колькі мне ён быў уражаны. Я кажу: Ты такі малады. А ён: Я дарослы! Потым дадае: Ну, малады дарослы.
Падчас сядзення на прычале мне надзьмула ў твар, і цяпер ён гарыць. У Швецыі ветранае надворе даволі частае, я заўважыла гэта яшчэ па ранейшых візітах у Стакгольм. Стакгольмскі вецер аціхае ўвечары, і толькі тады добра быць на дварэ. Пасля прагулянак у Яблычным горадзе, калі я не хаваю твар у капюшон, то ў канцы дня пачуваюся так, быццам мне надавалі аплявухаў. Спытала ў Мацільды, што шведы робяць, каб уратаваць твар ад ветру. Кажа, што нічога не робяць. Пра тое, што шведскі вецер нейкі асаблівы, яна ніколі не думала.
7
Ніна сказала, што многія сталыя людзі ў Швецыі часта не хочуць нават размаўляць з табой, калі ты чужынка з ёй такое здаралася.
Адна шведская дзяўчына, Сандра, з першых дзён пачала вітацца са мной па-руску привет, Алена і сказала, што ў мяне прыгожае імя. Я пачынаю разумець, што гэта рэдкая адкрытасць, і асабліва цаню, калі нехта так паводзіцца. Навучыла Сандру беларускаму слову прывітанне, і цяпер яна кажа так.
У мясцовай кнігарні купіла вызначальнік птушак з фотаздымкамі, каб вучыць іх назвы. Гляджу, як гэта будзе па-шведску: верабей, сарока, белая пліска, лыска, попаўзень Вось канадская казарка карычневае пере, чорныя шыя і галава з белымі шчокамі. Гэта вялізная, моцная і баявітая птушка з трубным голасам. Тут я пабачыла іх упершыню: тоўстыя, цяжкія, гэтыя гусі могуць падоўгу стаяць на сваіх тонкіх нагах, быццам у летаргіі. Залётны від, кажуць, раней тут такіх не было. Я сфатаграфавала казарку пад шведскім сцягам на лодцы. Сцягоў у Яблычным горадзе на кацерах, што калыхаюцца ля прычалаў, і ў дварах дамоў на флагштоках гэтулькі ж многа, як і казарак. Шэрыя гусі драбнейшыя памерам, у іх ярка-аранжавыя дзюбы і белыя падхвосці. Качкі-крыжанкі шпацыруюць ля берага, перавальваючыся на перапончатых лапах. Я бачыла аднойчы, як малы школьнік пабег за адной. Не ганяйся за імі! хуліган быў хутка прыпынены класнай выхавацелькай. У Швецыі і жанчыны, і мужчыны працуюць у выхаванні. У нашай школе маецца курс, які рыхтуе да гэтай прафесіі.
8
У другой палове дня пайшоў дождж, ад учарашняга курортнага надворя не засталося ані знаку. Неба шэрае спрэс, як мінскае, і няможна прагуляцца. Парасона ў мяне няма. Калі дождж толькі пачынаўся, я была выйшла на двор, прыхапіўшы фотаапарат у заплечніку, але адразу ж вярнулася назад пад дах. Сяджу ў холе на другім паверсе на канапе, чакаю прасвету ў аблоках. Тут і балкон ёсць, але ў такое надворе на яго не высунешся. На бярозе насупраць мокне вяхір. Звычайных гарадскіх галубоў у Яблычным горадзе няма, а гэтых шмат, кугукаюць у вершалінах дрэў угу-угу-угу, іх чуваць праз акно.
Нарэшце пачаліся нармальныя заняткі. З раніцы ў мяне было чатыры ўрокі шведскай, я ажно стамілася, але ўсё вельмі спадабалася. Два ўрокі правяла Астрыд, энергічная інтэлектуальная спадарыня гадоў каля сямідзесяці, колішняя рэктарка. Астрыд не зломак: колькі год працавала з цяжкімі падлеткамі. Яна выкладае матэматыку і біялогію, але карэктуе свае заняткі пад патрэбы нашай групы, бо ўсё-ткі нам трэба больш моўнай практыкі. З Астрыд мы пісалі пра тое, што запомнілі з нядаўняй экскурсіі па Яблычным горадзе, і чыталі навіну ў газеце пра землятрус у Італіі. Таксама два ўрокі былі з нашай куратаркай Мартай. Яе заданні мне асабліва цікавыя. Раней мы дзяліліся на групы і бралі адно ў аднаго інтэрвю, а сёння пісалі паводле гэтых апытанак разгорнутыя аповеды. Мы трапілі ў адну групу з Нінай і Фірузам. Разумею, што Марта наўмысна нас пазнаёміла, каб мы хутчэй акліматызаваліся. Фіруз браў інтэрвю ў мяне, я у Ніны, а Ніна у Фіруза. Марта кажа, што я добра даю рады з пісьмом, а выкладчыца Інгер, якая вяла ўрокі ў Фіруза, сказала на перапынку, што ён крута напісаў пра мяне. Пазней можна будзе пачытаць, усе гутаркі вывесяць на дошцы ў калідоры каля вучэбных кабінетаў. Потым мы пісалі лісты самі сабе з чаканнямі на семестр і ў заклееных канвертах паклалі іх у кошык. Гэтыя лісты мы мусім атрымаць у канцы семестра.
Я напісала, што не маю ніякіх планаў і проста жыву кожны дзень без чаканняў, каб не расчаравацца. Гэта праўда, я асцерагаюся ілюзій пра людзей і будучыню. У мяне ёсць досвед хібных уяўленняў пра тое, хто і што застанецца ў маім жыцці надоўга, і я баюся рабіць далёкія высновы. Проста радуюся, калі нешта добрае сёння, а як нешта не вельмі добрае, стараюся не браць да галавы і спадзяюся, што людзі даруюць і забудуць, калі я нешта раблю не так.
Толькі наважылася напісаць, што спадзяюся істотна прагрэсаваць у шведскай мове, хаця і ў гэтым, па вялікім рахунку, я дазваляю сабе трымацца, як пойдзе. Зрэшты, мне з кожным днём лягчэй. Урокі ў нас толькі па-шведску, і я нічога так, сяджу цямлю.
9
Раз іду пехам з крамы, уздоўж дарогі, а насустрач чэша Мацільда ў гэткім плашчы-разлятайцы з двума сябрукамі. Яны, высокія, паабапал, а Мацільда, што ім да вуха, па цэнтры. Адразу бачна, хто тут найкруцейшая. На нешырокай вуліцы больш ні душы. Я гляджу на іх, але Мацільда не заўважае мяне, быццам я празрыстае паветра. Прамінула, не падаўшы і знаку, што мы знаёмыя. А мы ж толькі раніцай прачнуліся ў адным пакоі.
У Мацільдзінай мамы фінскае прозвішча, хоць толькі бабуля ведала фінскую. У нейкай ступені мой ранейшы спадзеў, што раптам у Швецыі ў мяне будзе фінская суседка, спраўдзіўся. Дома я крыху вучыла і фінскую мову, адно толькі, што з Мацільдай яе трэніраваць не атрымаецца. Мы і па-шведску не гутарым, бо мне цяжка з ёй разумецца, таму па-англійску. Зрэшты, мы наагул размаўляем вобмаль.
Пафарбаваныя ў яркі блонд валасы Мацільда прыбірае з ілба назад і зашпільвае. Той яе абутак, што не красоўкі, увесь на высокіх абцасах. Часта Мацільда накіне на плечы скуранку і стаіць на двары з прыяцелькамі, папыхквае цыгарэткай. Ці там жа, за сталом пад паветкай, курыць, насунуўшы кепарык на вочы, на стале бляшанка піва ці энергетыку. Побач яе светлавалосы і вечна разгублены сябрук Лінус з мяккім выразам твару, далікатнай скурай і падрапанай шчакой. Не курыць, але складае кампанію.
Мацільда заўжды пры макіяжы і фарбуе вусны ў ружовы. Я ж, наадварот, гэтым летам, калі павыйшлі касметычныя запасы, амаль перастала фарбавацца і знаходжу гэта вельмі зручным.
Я храпу і загадзя выбачылася за гэта перад суседкай. Але, на шчасце, Мацільда моцна спіць і нічога ўначы не чуе. Раніцай яна не можа прачнуцца, не чуе будзільніка ў тэлефоне. Ён звоніць доўга і гучна, але прачынаюся па ім толькі я. За гэта Мацільда, у сваю чаргу, прыносіла мне свае выбачэнні. Мы збольшага датрымліваемся палітэсу.