14
Некаторыя рэчы мяне радуюць і падаюцца неверагоднымі. Хіба не дзіва, што агульная мова для нас з маёй аднагрупніцай Эміко з Японіі шведская? На апошніх занятках мы мусілі ў парах адказваць на пытанні. І мы з Эміко добра разумеліся, гаварылі пра фемінізм. Ну крута ж! Эміко абуралася, што ў Японіі пра фемінізм нічога знаць не знаюць.
Я пачала думаць на пякельнай беларуска-шведска-англійскай трасянцы. Да ўсяго яшчэ руская мова міжнародных зносін з людзьмі з постсавецкай прасторы. Пераключаю тумблер у залежнасці ад камунікатыўнай сітуацыі. Напэўна, гэта карысна для мозга, і я з часам прызвычаюся, але пакуль няпроста.
Шведская, між тым, толькі падаецца лёгкай. Гэта ілюзія. Мова стаіць перада мной неахопная. Праз фанетыку, праз вымаўленне розных людзей яна нармальна так паказвае мне дулю і не даецца проста. Наіўна тут выяўляць самаўпэўненасць.
15
Ад паездкі ў Стакгольм на душы стала лепей у разы. Ніна потым сказала, што я ажно перамянілася з выгляду, тварам прасвятлела. Я адчула сябе шчаслівай адразу, як выйшла на цэнтральнай станцыі і пашыбавала на Дротнінгатан. Стакгольм я люблю. На сустрэчу з мясцовымі сябрамі і калегамі ўвалілася, быццам дабраўшыся да жыццядайнага аазіса пасля тыднёвага падарожжа ў пустыні. Усё-ткі ў Яблычным горадзе я ўвесь час адчуваю сябе самотнай чужынкай.
У Стакгольм мне пашчасціла дабірацца з аднагрупнікам Ванг Вэем, разам ехалі ў аўтобусе і перасаджваліся на электрычку. Я была радая спадарожніку, бо заўжды хвалююся, калі еду незнаёмымі маршрутамі, і кепска арыентуюся на мясцовасці. Пасля заняткаў Ванг Вэй працуе ў адным з суседніх мястэчак касірам у краме, каб быць незалежным ад бацькі. Ён крута знаецца ў матэматыцы і ўмее хутка памнажаць у галаве як найменш двухзначныя лічбы. Пра большыя не ведаю, бо Астрыд большых з яго не пытала.
Дзеля працы Ванг Вэй кіне вучобу праз месяц.
Праз разявайства мы праехаліся ў электрычцы на месцах для цяжарных, быццам пара ў чаканні дзіцяці. Я гэта заўважыла, калі ўзнялася. Тунтэматон пазней смяялася да слёз, калі я пераказвала ёй гэты выпадак.
Познім вечарам я паспела на электрычку назад. Потым перасадка на аўтобус, а пасля яшчэ дваццаць хвілін пешкі да інтэрната. Іду страшна, вакол ані чалавека, неба нада мной чорнае, зоркі добра відаць.
Дайшоўшы да інтэрната, я не адразу выправілася ў пакой, а пасядзела на балконе ў холе, паглядзела на зоркі ў спадзяванні пабачыць знічку. Вельмі хацелася з кім-небудзь пагаварыць. Шкада, я не мела нумара новенькай з Паўночнай Афрыкі, якая далучылася да нашай групы, так бы можна было запрасіць яе пасядзець разам. Я яшчэ потым доўга не магла заснуць, узбударажаная.
Новая аднагрупніца гэта Тунтэматон.
16
Нічога сабе сышліся мы з Нінай у меркаваннях, калі Тунтэматон прыйшла на заняткі першы раз. Яна робіць уражанне, хоць, думаю, ніколі не мае гэтага на мэце. Тунтэматон шляхетная натура, як потым будзе часта казаць Фартун.
Тунтэматон таксама пасялілася ў інтэрнаце, толькі ў іншым корпусе, Нургордэне.
Мне выпала правесці з ёй інтэрвю, каб расказаць пра яе групе, але яна не гарыць жаданнем дзяліцца нейкімі прыватнымі гісторыямі з чужымі людзьмі.
Не хачу шмат расказваць.
У школе зладзілі дэбаты пра свабоду слова. Ніна, Тунтэматон, я і яшчэ пяцёра дзяўчат і хлопцаў з курсаў фота, кіно, тэатра і выхавальніцтва трапілі ў адну групу. Спачатку мы складалі верш на тэму Свабода слова: першы чалавек піша радок, потым яго закрывае, і наступны чалавек піша свой радок, не ведаючы папярэдняга. Буйнакудры Фернанда, што сядзеў побач з Тунтэматон, напісаў: Ты прыгожая, як вясёлка, і я вось не ўпэўненая, што гэта ён пра свабоду слова.
Тунтэматон усё робіць прыгожа: рухаецца, апранаецца, афармляе свае канспекты
Зэйн з першага дня ўсчаў пытацца: «Тунтэматон, кагдзіла?» і пранікнёна зазіраць ёй у вочы, але яна скептычна паставілася да ягоных заляцанняў.
Зэйн балбатун, калі не сказаць трапло. Калі ён дастае выкладчыц ідыёцкімі пытаннямі, тупіць і злуецца, ягоныя суайчынніцы, Ясмін і Сулаф, выгаворваюць яму па-арабску, ставяць на месца.
17
З Мацільдай мы размаўляем вельмі мала. У асноўным абменьваемся «добрымі раніцамі» і «дабраначамі», а так амаль і не бачымся. А то і толькі да «добрай раніцы» зводзіцца камунікацыя.
Штоночы Мацільда крычыць ува сне ці гаворыць узбуджана. Нейкага запалу ў ёй шмат, які, відаць, не знаходзіць сабе выйсця. Аднойчы яна так моцна закрычала, што сама сябе пабудзіла і села перапалоханая на ложку. Раніцай яе сяброўка Лілі, якая жыве ў пакоі праз сценку, сказала, што падумала, быццам кагосьці забіваюць!
Штоночы Мацільда крычыць ува сне ці гаворыць узбуджана. Нейкага запалу ў ёй шмат, які, відаць, не знаходзіць сабе выйсця. Аднойчы яна так моцна закрычала, што сама сябе пабудзіла і села перапалоханая на ложку. Раніцай яе сяброўка Лілі, якая жыве ў пакоі праз сценку, сказала, што падумала, быццам кагосьці забіваюць!
Я параіла Мацільдзе купіць супакаяльныя таблеткі.
Неяк нашае сумеснае пражыванне зусім не працуе, і гэта сумна. Падобна як на вакзале жыву, мне бракуе прыватнай прасторы. Часткова ратуе наяўнасць вучэбных пакояў, куды можна пайсці з кампютарам і сядзець, але наагул я не хачу так жыць. Не ведаю, ці атрымаецца нешта змяніць. Папрасіла ў сакратара Маркуса асобны пакой.
У Яблычным горадзе бавіць час пасля заняткаў усё яшчэ нудна. У нядзелю я зноў уцякла ў Стакгольм, на выставу японскай мастачкі Яёі Кусамы.
Пазней выявілася, што і Эміко, і Тунтэматон таксама паасобку схадзілі на тую ж выставу.
18
У гэтай залі, якую мы прамінаем, збіраліся радзіцца шведскія інтэлектуалы з усёй краіны, робіць для нас з Эвелінай нечаканую кароткую экскурсію сівавалосы далікатны бібліятэкар Сальваторэ.
У Яблычным горадзе класічная бібліятэка ў палацавым комплексе Стыфтэльсен, пры якім ёсць гатэль і яшчэ адзін студэнцкі інтэрнат, дзе жыве Эвеліна. Залі палаца быццам музейныя, з такімі старымі рэчамі, да якіх у музеях звычайна не даюць нават дакранацца, доўгімі паліцамі з фаліянтамі, крэсламі, тканіна на якіх выглядае так, нібыта ёй пара соцень гадоў. Я прыйшла ў бібліятэку з Эвелінай, каб спытаць пра лінгвістычны часопіс, у якім мяне цікавіў адзін артыкул. Заадно мы вырашылі папрасіць дазволу зрабіць у бібліятэцы хатняе фотазаданне Эвеліны. Я пагадзілася быць яе мадэлькай.
Часопіса не знайшлося, у тутэйшых сховішчах толькі класіка, затое Сальваторэ прапанаваў нам для фотасесіі сакрэтны пакой самую высокую кропку, з якой можна глядзець на Яблычны горад. Ці не хочам мы паглядзець? Хочам, вядома!
Сальваторэ надзвычай зычліва да нас паставіўся. Але рэцэпцыяністка Стыфтэльсена праводзіла нас з Эвелінай непрыязным позіркам.
Можна толькі гадаць чаму. Ці таму, што за пятнаццаць хвілін да гэтага мы пыталі ў яе пра дадатковы матрас, каб на ім змагла пераначаваць мама Эвеліны, якая прыедзе яе наведаць з іншага шведскага мястэчка (Няма ў нас такіх матрасаў, якія можна класці на падлогу быў адказ), а цяпер пнёмся ў святыню святынь Стыфтэльсена?
У Яблычным горадзе ёсць яшчэ адна бібліятэка, прасцейшая. Там я таксама пыталася пра лінгвістычны часопіс, калі нас вадзілі туды на экскурсію. З трох спроб я не змагла дабіцца ад тамтэйшай біблятэкаркі ўвагі і ўцямнага адказу, быццам я пустое месца, што падае голас на няўпэўненай шведскай мове. О дзіўны новы досвед.
Такая кантраснасць у стаўленні мяне агаломшвае.
19
Неяк перад абедам, кіруючыся на нашую кухню, каб прыхапіць на дэсерт кексы, сустрэла найлепшую сяброўку Мацільды Лілі, якая гукала: Мацільда-Мацільда! Я ўбачыла, што дзверы нашага пакоя прыадчыненыя, а ключ тырчыць звонку Мацільда часта забывае свае ключы ў дзвярах, а сёння і дзверы пакінула наросхрыст. Лілі давялося замкнуць іх і шукаць Мацільду далей, каб аддаць ключы.
Знайшла яе, адсправаздачылася Лілі, калі мы сустрэліся ў абедзеннай залі.
Я ўжо таксама паспела знайсці сваю суседку. Калі я спытала Мацільду, ці ведае яна, што забыла ў дзвярах ключы, іх выцягнуў з кішэні яе аднагрупнік Франк.
На гэтым тыдні мы з Мацільдай дзяжурныя. Было дамоўлена, што ў чацвер пасля заняткаў памыем падлогу ў калідоры і на кухні, бо ў пятніцу абедзве збіраемся ў Стакгольм. Але, калі надышоў момант Х, Мацільды і след прастыў.
Па калідоры самотная Лілі адна ідзе курыць.
Ты не бачыла Мацільду? пытаюся.
Мацільда на возеры.
Тады я вырашыла, што памыю і прыбяруся на кухні і напішу Мацільдзе цыдулку, каб яна парабіла астатняе. Я акурат скончыла запісваць пасланне, як дзверы адчыніліся. Узбуджаная і пры парадзе, Мацільда заскочыла па нейкую патрэбу. У дзвярах яе ветліва чакаюць незнаёмыя мне новыя сяброўкі.
Мацільда, мы ж дзяжурым.
Давай ты кухню, а я усё астатняе, увесь калідор!
Ну, давай. Кухню я акурат ужо памыла.
Мацільда ад удзячнасці парываецца абняцца, потым перадумвае. Кажа:
Я ж пяная.
О, тады табе будзе цяжка.
Я заўтра памыю перад адездам!
Добра.
Вечарынка сыходзіць. Але я паспяваю узяць Мацільдзін тэлефонны нумар на ўсялякі выпадак. Суседка набірае яго на маім тэлефоне і просіць: