У Тунтэматон Зэйн узяў нумар тэлефона, цікавіўся, чым яна занятая ўвечары, і казаў, што яны могуць што-небудзь спланаваць разам.
Не збіраюся я нічога з ім планаваць! фыркае Тунтэматон.
Напачатку Зэйн гаварыў з ёй па-шведску, не здагадваючыся, што яе родная мова таксама арабская, як і ягоная. Можна сказаць, Тунтэматон выдала сябе, калі ён паказаў сваю татуху на руцэ, якую набіў сам, і спытаў, ці можа яна прачытаць, што там напісана. Тунтэматон прачытала: Мая краіна у маім сэрцы.
Тунтэматон кажа, што арабскія літары ў Зэйнавай татусе карава напісаныя. Я сама ў гэтым не разбіраюся. Паколькі арабскіх літар не ведаю, усе мне выглядаюць прыгожымі, гэта як з іерогліфамі.
Калі Зэйн яшчэ не ведаў пра яе валоданне арабскай, Тунтэматон выпадкова пабачыла ягоную перапіску з мамай у тэлефоне. Ён пісаў: Ты баялася, што я звяжуся з кепскімі, а цяпер я адзін з іх.
Мяне гэта ўстурбавала, і я спытала Тунтэматон, што мы мусім рабіць. Але яна сказала, што для яе гэта гучала не вельмі трывожна, а так, быццам ён пачаў курыць, ці піць, ці ўжываць наркотыкі і бравіруе тым, які ён сапсаваны.
Зэйн апынуўся ў Швецыі як уцякач і два гады жыў у шведскай сямі, якую называе мае шведскія тата і мама. Ён пазнаёміўся з імі, калі працаваў на цвінтары кімсьці накшталт падсобнага рабочага. Шведская мама матэматык, а шведскі тата пастар. Пры гэтым Зэйн заявіў на занятках, што ўсе шведы расісты, нават ягоныя тата і мама, бо не ўзялі б яго, калі б ён не быў хрысціянінам.
Зэйн хутка заводзіцца, не ўмее кантраляваць свае эмоцыі, мала ведае і ўпэўнена сцвярджае розную лухту. Тунтэматон заўважыла, што ён не разумее, калі адштурхоўвае людзей сваімі паводзінамі. Я згодная, хоць веру і ў тое, што Зэйн зазнаваў ксенафобію. На такіх чарнявых, як я, заўжды думаюць, што мы злачынцы! скардзіўся ён.
23
На пачатку семестра, каб лепш пазнаёміцца, мы згулялі ў снежны ком. Трэба было называць сваё імя, казаць, што ты любіш рабіць, а потым паўтараць усё, што сказалі астатнія перад табой. Я сядзела апошняя.
Мяне завуць Алена, я люблю фатаграфаваць, Ніна любіць чытаць кнігі, Зэйн катацца на ровары, Ванг Вэй слухаць музыку, Ясмін любіць жыццё, Сулаф любіць падарожнічаць, Эміко гатаваць, Тунтэматон любіць трэніравацца, Фартун любіць гаварыць.
Фартун усмешлівае дзяўчо з Самалі, яна суседзіць з Тунтэматон у Нургордэне і часта займаецца з нашай групай. Яе куратар Лопэ з фатаграфічнай лініі, гэтак жа, як і ў Эвеліны.
Фартун можа размаўляць толькі гучна. Яна нават выказала сваё захапленне тым, як мы з Нінай умеем перамаўляцца шэптам.
А вось ты, наадварот, гаворыш вельмі голасна! зрабіла ёй заўвагу Эміко, якая часта абураецца, калі Фартун перабівае выкладчыцу Марту.
Тунтэматон жа мяркуе, што Фартун проста кепска чуе і таму так гучна размаўляе.
Я хацела пафарбаваць валасы ў срэбны і ўнізе блакітны, распавядае Фартун на перапынку, а цырульніца кажа, што больш пасавалі б чырвоныя адценні, бо вы ж афрыканка. Але я ўсё адно мару пра срэбны!
Пакуль жа яе дробныя кудзеры залацяцца на сонцы, як навюткі каштан, толькі што вызвалены ад скуркі.
Зэйн хаміць Фартун, можа сказаць ёй па-арабску Заткніся!, а нядаўна скамечыў і кінуў у сметніцу аркуш з заданнем, які яна папрасіла перадаць Ванг Вэю, бо той праз працу раней сышоў з урока.
Тым не менш Фартун дзялілася з Тунтэматон меркаваннем, што Зэйн усё-ткі вельмі добры чалавек. Днямі ён запрасіў яе да сябе на кухню ў абед і прапанаваў частавацца чым заўгодна з ежы. Фартун сціпла ўзяла яблык яна веганка. А яшчэ Зэйн зваў яе прыходзіць да яго ў пакой, каб разам рабіць хатняе заданне.
Яна малая і наіўная і верыць, што ўсе людзі добрыя, кажа Тунтэматон.
Э-э-э, можа табе пагаварыць з ёй, каб яна пільнавалася? адказваю.
Я не ведаю, што Фартун мне на гэта скажа. Усім заўважна, які ён, а яна ўсё адно лічыць, што ён добры.
Дакладна У яе не заржавее абвясціць: Ты такі добры, Зэйн, а вось Тунтэматон сказала мне пільнавацца з табой!
Менавіта!
Мы пасміхаемся, уявіўшы сітуацыю. Але насамрэч не хацелася б, каб Фартун трапіла ў гісторыю.
24
Мы вельмі шмат смяемся з Тунтэматон. Калі ты знайшла чалавека, з якім вы смеяцеся разам, жыццё ў чужой старонцы паварочваецца найлепшым бокам. Птушкі спяваюць, сонца свеціць, людзі ўсміхаюцца, усё атрымліваецца, ты трымаешся ў сядле.
Глядзі, у Яблычным горадзе ёсць пластычная хірургія.
Глядзі, у Яблычным горадзе ёсць пластычная хірургія.
Гэта ў іх цяпер зніжкі?
Дзве па цане адной, можа?
Уяўляеш, калі мы прыйдзем на заняткі з новымі грудзямі і павыкладаем іх перад сабой на стол? Марта скажа: дзяўчаты, што гэта з вамі?
Тунтэматон трыццаць два гады, яна паходзіць з нубійцаў. Скончыла ўніверсітэт у роднай краіне і магістратуру ў Еўропе, цяпер вучыць шведскую мову, каб працаваць тут. Афрыканская радзіма выціснула Тунтэматон за свае межы як іншароднае цела там для жанчыны адзін кон.
Усім пляваць, наколькі ты адукаваная, тваю вартасць ацэньваюць толькі па тым, колькіх ты нарадзіла. Як машыну па вытворчасці людзей. Бацькі не верылі ў маю самастойнасць, што я змагу вучыцца за мяжой, а цяпер ганарацца мной.
А дзе б ты хацела жыць?
У Стакгольме альбо Дубаі.
Я ніколі не бывала ў Дубаі. Тунтэматон кажа, што там усё найсучаснейшае і людзі розных нацыянальнасцяў размаўляюць на англійскай, якую Тунтэматон уважае за другую родную мову.
У Сольне пад Стакгольмам летась адчынілі здаравезны гандлёвы цэнтр Скандынавія. Мацільда, якая сцягалася туды на шопінг, кажа, што гэтыя молы ёсць паўсюль у Швецыі, але такіх агромністых яна раней не бачыла.
Усе кажуць, што ён велічэзны, хмыкае Тунтэматон, але я бачыла і большыя.
У Дубаі яна наглядзелася на пышнасць і размах. Вядома, гэта не шведскія паняцці. Шведскае гэта lágom, Тунтэматон яно даспадобы.
Неўзабаве пасля знаёмства мы зрабілі спантанную лексікаграфічную працу, уклаўшы шведскі размоўнік, пры дапамозе якога можна падтрымліваць нязмушаную гутарку з тымі, хто ведае мову лепей. Гэтыя словы ў такім частым ужытку, што па прыездзе ў Швецыю я была літаральна атакаваная імі. Як яны не трапіліся мне ў ранейшай вучобе не маю ніякага ўяўлення. Вось жа гэтыя тры кіты жывой шведскай гаворкі:
liksom так бы мовіць, скажам так,
lite grann трошкі,
spännande цудоўна.
Сюды ж мы ўключылі lagom даволі, акурат столькі, колькі трэба, без збыткоўнасці. Можа, яно і не такое частае, але глыбіннае, светапогляднае.
Ці не замовіць нам сабе майкі з прынтом lagom?
Дакладна, варта гэта зрабіць.
А таксама дадалі слова fruktansvärt, якое збівае з панталыку навабранцаў у шведскай мове. Яно не мае ніякага дачынення да фруктаў, як можна было б падумаць, і перакладаецца як жахліва.
Для размоў з чувіхамі і чувакамі краевугольным будзе адно слова: typ па тыпу. Але пра яго я даведалася нашмат пазней, калі моладзевая гаворка паддалася для мяне такому-сякому распаду на словы.
Выкладчыца псіхалогіі правяла з намі заняткі на вызначэнне каштоўнаснай сістэмы. Мы мусілі выбраць адзін з чатырох прапанаваных адказаў на пытанне, у адпаведнасці з гэтым заняць адзін з чатырох кутоў кабінета, а потым абгрунтаваць свой выбар. Пытанні былі такія: Што для вас галоўнае ў жыцці?, Што вы робіце, калі бачыце, як нехта просіць міласціну?, Якога чалавека можна называць шведкай ці шведам? Кожны раз мы з Тунтэматон, не змаўляючыся, апыналіся разам. А Ніна збольшага з Сулаф і Ясмін.
Ці на іншых занятках:
Усе людзі маюць роўную вартасць, кажа Марта.
Хто згодны, застаецца на месцы, хто не згодны, мусіць перасесці і патлумачыць свой выбар.
Перасаджваецца толькі Тунтэматон. Усе чакаюць, што яна скажа. А я не чакаю, бо ведаю, што Тунтэматон дакладна не зразумела пытання. Так і ёсць.
І без тэстаў я адчуваю, што з прыбыццём Тунтэматон з майго інтэрнацкага жыцця быццам бы дасталі корак і мне стала лягчэй дыхаць. Калі я ёй расказваю, як часцяком бываю збітая з панталыку, прыкрасці перастаюць падавацца такімі фатальнымі і не скрадаюць самаацэнку. Яна рагоча з маіх гісторый пра недарэку, якая чакае адказу на вітанне ад злоснага старычка, што прыйшоў з жонкай скупнуцца. Ці пра тое, што, калі расплачваюся гатоўкай у краме, даю меней, чым трэба, і прадавец глядзіць на мяне запытальна, а я не разумею, у чым справа.
Нядаўна Увэ прыпыніўся ля нас з Тунтэматон на машыне і доўга тлумачыў нам нейкую сваю прапанову.
Выбачайце, Увэ, мы не разумеем.
Не разумець удзвюх не так бянтэжліва, як не разумець адной.
А нядаўна, Алена, я не сцяміла, калі Увэ скончыў са мной гутарку, і ўвязалася за ім, калі ён пайшоў. Далібог, я пачувалася вельмі няёмка, калі ён азірнуўся і паглядзеў на мяне здзіўлена.