Расказалі ёй, як па дарозе з фатаграфічнага музея ў Стакгольме мы з Тунтэматон сустрэлі японскіх турыстаў.
Эміко! нехта з іх паклікаў маленькую дзяўчынку.
Нашая Эміко здзіўляецца, што гэтак маглі назваць малую, паколькі ў Японіі не так, як у Еўропе, дзе тыя самыя імёны то набіраюць папулярнасць, то губляюць. Ейнае імя старамоднае. Паводле нашай аднагрупніцы, цяпер японскія бацькі збольшага самі прыдумляюць новыя імёны.
Эміко зусім не падабаецца раман, раздзелы з якога Марта дае нам у якасці хатняга задання. Толькі я заблыталася, чаму менавіта, бо акцэнт Эміко даволі складаны для мяне.
Гэта таму, што там мала забойстваў, а яна любіць больш вострасюжэтныя? перапытваю пазней у Тунтэматон.
Ды не, акурат таму, што там вядзецца пра забойства, а яна такое не любіць.
Вось што здараецца, калі весці размовы на кепскай шведскай.
Дакладна, можна зразумець усё наадварот.
Калі Эміко развіталася і пайшла, мы перайшлі на англійскую.
Па-шведску! гучыць пільная заўвага.
Зноў Марта! Не ўпускае моманту нас паўшчуваць.
Складана гэта адсочваць, але, напэўна, мая шведская і праўда прагрэсуе. Днямі я ездзіла на сустрэчу з калегай і даволі ладную частку размовы ўтрымалася размаўляць па-шведску.
Многія ў школе думаюць, што я з Расіі, даводзіцца часта папраўляць і тлумачыць, што не, не адтуль. Назва Беларусь уведзеная ў шведскія слоўнікі, але людзі прызвычаіліся казаць Белая-Расія.
Тунтэматон з гэтай нагоды схіляецца да крывіцтва.
Пра Белую-Расію за мяжой заўжды будуць думаць як пра Расію. А іншай назвы няма?
Ну, некаторыя хацелі б назву Крывія.
Вось Крывія добра. Трэба гэтую назву прыняць.
29
Мы сутыкаемся каля дзвярэй.
Мацільда
Прывітос!
Я пераязджаю, мне даюць пакой, дзе жыў Каспер.
І ўжо маеш ключ?
Маю. І наш пакой застанецца ў тваім распараджэнні.
Мацільда радасна пішчыць і скача ў калідоры.
Тунтэматон потым адкаментавала: Ха-ха, значыць, ты была дакучлівай суседкай! Ну, не ведаю, не ведаю.
Сама я ўжо была адносна прыцярпелася жыць разам, але цяпер, калі нязмушана пераапранаю бялізну адна ў пакоі, асабліва востра адчуваю свабоду. Быццам палопаліся абручы, якія мяне сціскалі. Спадзяюся, Мацільда таксама пажывае шчасліва, цяпер мы жывем праз сценку. Да Мацільды перасялілася яе сяброўка Лілі, і ўчора з-за іхніх дзвярэй чуліся смех, песні і нізкі бас іх аднагрупніка Франка з выбеленымі ўшчэнт, гэтак жа, як і ў Мацільды (магчыма, нават той самай фарбай), валасамі.
Мой асобны пакой вялікі, светлы, з высокай лямпай у куце, люстэркам, дошкай, куды можна прышпільваць нататкі, журнальным столікам. Мэбля стандартная ложак, дзве ўбудаваныя шафы Кніжная паліца не закладзеная вопраткай Мацільды, а, як і належыць, занятая кнігамі. У мяне іх, як у анекдоце, тры: вызначальнік птушак, падручнік па геаграфіі і тое самае хатняе чытво дэтэктыўны раман. Другі дзень жыву асобна і ў сэрцы не перастаю дзякаваць за спагаду школьнаму сакратару Маркусу і рэктарцы Лінэі.
Сваю стыпендыю я захоўваю ў сейфе ў Лінэі, грошай бяру патроху, калі яны заканчваюцца. Сёння ўзяла частку, бо збіраюся зездзіць на кніжны кірмаш у Гётэборгу, дзе будзе маленькі беларускі стэнд. Праз гэта давядзецца прапусціць два пятнічныя ўрокі з Астрыд і агульны збор Вэстэргордэна па абмеркаванні дзяжурства і прыборцы кухні. У смс-рассылцы ад адміністрацыі напісана, што яўка абавязковая, але я папрасіла Лілі пераказаць мне ўсё пільнае.
Прайшоў месяц, як я жыву тут.
30
Нобелеўская лаўрэатка падымае на мяне вочы і вымаўляе мне злосна. Я разумею, што я хамка. Яна раздражнёна крэсліць падсунутым мной алоўкам у падсунутым мной жа нататніку. Робіць тое, што робяць папулярныя футбалісты і знакамітыя спявачкі, расхапаныя на фанцікі сваімі фанатамі. Я далучылася да тых, хто скрадае яе права на прыватнасць, імя мне легіён, і я гатовая праваліцца скрозь зямлю разам з нахабна атрыманым пасля семінара аўтографам. Самае прыкрае, што я не люблю ані браць тых аўтографаў, ані даваць. Але, як кажуць, тарганулася рука.
Паўгадзіны сяджу і абцякаю ў фатэлі на калідоры. Рэшту дня настрой горш няма куды.
На маё скрушнае паведамленне ў мэсэнджары пра сваю разумовую ўбогасць, якую я паспела прадэманстраваць на міжнародным кніжным кірмашы ў Гётэборгу, Тунтэматон адказвае: Забудзься, ды і ўсё, насалоджвайся момантам. Паўла Каэльё ці Дэна Браўна там часам няма?
Паўгадзіны сяджу і абцякаю ў фатэлі на калідоры. Рэшту дня настрой горш няма куды.
На маё скрушнае паведамленне ў мэсэнджары пра сваю разумовую ўбогасць, якую я паспела прадэманстраваць на міжнародным кніжным кірмашы ў Гётэборгу, Тунтэматон адказвае: Забудзься, ды і ўсё, насалоджвайся момантам. Паўла Каэльё ці Дэна Браўна там часам няма?
Мяне крыху папускае.
На наступны дзень мы з калегамі вячэраем у гётэборгскай турэцкай рэстарацыі.
Заўважылі? У нашай рэстарацыі сядзела яна, нобелеўская лаўрэатка! Бачылі, каля выхаду?
Уфф.
На кніжным кірмашы мне давялося сустрэць паэтку з Паўночнага Судана і мімаходзь пацікавіцца, колькі ёй гадоў.
Сорак пяць, адказала яна, і я заміргала ад нечаканкі.
А вы думалі колькі? задала яна мне сустрэчнае пытанне, смеючыся з маёй агаломшанасці.
Дваццаць пяць
Black dont crack! жартуе Тунтэматон, калі па вяртанні я расказваю ёй пра гэты выпадак.
Яна таксама выглядае нашмат маладзей за свой узрост.
31
У Судане зусім нядаўна скончылася грамадзянская вайна, і Паўднёвы Судан аддзяліўся, адукоўвае мяне Тунтэматон. Жанчынам там даводзіцца насіць хіджаб. Калі ўбачаць, што нехта без яго, забіраюць у паліцыю за непрыстойныя паводзіны. Хаця што гэта, скажыце, калі ласка, за фармулёўка?
І потым кідаюць у турму?
Ды не, адпускаюць.
Усіх жанчын без хіджаба хапаюць? І цябе, і мяне могуць схапіць?
Чапляюцца толькі да жанчын з Паўднёвага Судана. Калі нехта з Паўночнага, то ўжо не чапаюць. Замежніцы каля амбасады ў шортах ходзяць ніхто ім слова не кажа.
А ў Паўночным і Паўднёвым Суданах хіба людзі адрозніваюцца знешне?
Тунтэматон крыху марудзіць з адказам, шукае словы. Тэма датклівая, але, назіраючы маю неабазнанасць у пытанні, яна ўсё ж тлумачыць, што ў Паўднёвым Судане людзі маюць класічную афрыканскую знешнасць, а на поўначы народ з выгляду святлейшы, там заўважаецца дамешак арабскага насельніцтва.
Атрымліваецца, нават па адценні скуры людзей дыскрымінуюць?
Атрымліваецца, так.
Ад Тунтэматон я дазнаюся шмат таго, чаго раней не ведала пра Афрыку, у тым ліку тое, што гаварыць пра Афрыку агулам мала калі дарэчна.
Алена, я не магу расказваць пра Афрыку, бо яна не ёсць нечым маналітным. Гэтаксама як і Еўропа гэта ж мноства зусім розных краін і народаў!
У маіх вачах ніхто не можа разглядзець зрэнкі, кажа Тунтэматон, калі мы едзем электрычкай да Стакгольма.
Паглядзі на мяне, прашу я.
Вечаровае сонца ліе прамяні на яе твар.
Я магу, бачу твае зрэнкі.
Потым дадаю:
А ў мяне адна зрэнка большая за другую.
Цяпер Тунтэматон разглядае мяне.
Мы два кантыненты. З нядаўняга часу мяне пачала больш закранаць тэма колеру скуры, хоць раней не мела асаблівага значэння. Усходняя Еўропа, адкуль я паходжу, самы белы (і самы бедны) еўрапейскі рэгіён, дзе не заўважаеш сваю беласць. Цяпер жа ўсё інакш. Мой колер скуры адзін з многіх, і за ім цягнецца гісторыя прывілеяў. За колерам скуры Тунтэматон іншая гісторыя і іншы досвед.
Аднойчы Астрыд задала мне і Вользе пераказ артыкула пра былую нацыстку з маленькага шведскага гарадка. Артыкул мы пераказалі, але я не змагла працытаваць нацысцкі слоган, што згадваўся ў газеце. Я некалькі разоў адкрыла рот, але У кабінеце ціха, мірна. Усе слухаюць мяне. І мне зараз вымавіць слова на літару «н», каб яно вылецела і прыляпілася да Навошта? У людзей ёсць імёны, каб называцца. Я сказала, што не хачу паўтараць тых слоў.
Тунтэматон часам кажуць, што яна не вельмі цёмная, яе гэта чапляе.
Я думаю пра свой колер. Мне часта закідаюць, што я занадта белая. На мне не трымаецца загар, і я не мяняю свой колер па сезоне як належыць. Як з пограба вылезла, сказала мне аднойчы ўлетку незнаёмая кабета на радзіме. А іншым разам жанчына, якая збірала бутэлькі ля пляжа, падышла, пасмейваючыся, падзяліцца, што яна таксама раней была такой белай, дык з яе ўсе смяяліся.
Прагуляўшыся па Дротнінгатан, мы ўзбіраемся на вяршыню пагорка, дзе знаходзіцца былая абсерваторыя. Тут можна сядзець ля крутога схіла і глядзець зверху на горад.
Па дарозе сюды Тунтэматон зацягнула мяне ў краму з рознымі змрочнымі аксэсуарамі накшталт чарапоў і вопраткай з гатычнымі прынтамі і купіла сабе напульснік з шыпамі. Да яе скуранкі і сонечных акуляраў ён добра пасуе.
Я дапамагаю зашпіліць яго на яе руцэ.