Брэшаш! пакрыўдзілася абражаная Каруся. Кажаш, што і за сто рублёў не хацеў бы, а сам да мяне заўжды смалою ліпнеш!
Хто ліпне, я ліпну? Сасніла ты нешта, было б на што квапіцца. Што я, касцей не бачыў? Рэбры да самай пахвіны пералічыць можна. Жардзіна.
Гэта хто жардзіна?! зароў Косцік. Мая Каруся жардзіна?!
Ну не мая ж Зоська.
А вось табе за такія словы!
Косцік заехаў Юзіку ў вуха, схапіў загрудкі і пасля чатырох хвілін барукання паваліў на падлогу і асядлаў. Абхапіўшы яго каленямі, левай рукой трымаў за грудзі, а правай біў па рэбрах.
Вось табе, атрымай! За маю Карусю! Вось табе за жардзіну! Гэта я табе рэбры палічу!
Дзяўчаты паднялі крык.
Святая Марыя! пішчалі яны. Бюцца! На Вялікдзень бюцца, у першы дзень! Грэшнікі жахлівыя!
Юзікавы прыяцелі не наважваліся ўступаць у бойку ў такі святы час і проста глядзелі. Асмеліўся толькі Віцька Гушча: выцягнуў качалку для бялізны з-пад куфра, адкуль яна канцом вытыркалася, і кінуўся на дапамогу таварышу. Але яго апярэдзіў стары Васілеўскі.
Ах ты бязбожнік! зароў ён. То табе гэта не свята?! Чужой хаты не шануеш? Бацьку зняславіць хочаш?
Ён схапіў сына за шыю і выпхнуў за дзверы.
XIII. На Белую Працэсію
На наступны дзень пасля Свята Божага Цела смалерчукі пачалі збірацца ў Бабруйск на Белую Працэсію.[10] Па ўсім засценку ўсчаўся ліхаманкавы рух. Людзі насілі траву дзяружкамі, пакавалі каламажкі, драбінкі, шмаравалі збрую, боты, колы, палілі ў лазнях, стрыгліся, купаліся, надзявалі чыстае. Амаль з кожнай гаспадаркі на фэст выбіралася фурманка, а разам з тым пешкі мелася ісці моладзь.
Са старэйшых хлопцаў і дзяўчат пехатою выпраўляліся Норба Сцяпура, Алесь Пятроўскі, сыновец Мечыка, Віктар Кантычка, Ганка, Мечыкава старэйшая дачка, Гэлька Аленская, Манька Гушча і Клара Трызна. З малодшых Віцька Гушча, Болік і Полька Вінярскія, Юзік Аленскі, Валька Трызна, вядомы збіральнік моцы Адась Лапаносы, Быліна, Кася Сцяпура і іншыя. Пешкі на адпусты збіралася і некалькі замужніх.
Балашэвічы ехалі на дзвюх фурманках: на адной старыя з Уладзем, на другой Стахавы бацькі з незамужнімі цёткамі. Стах угаварыў бацьку дазволіць яму ісці пехатою.
Назаўтра ён устаў на світанні, хутка ўмыўся, надзеў крамны гарнітур, новую чорную канфедэратку, паклаў у торбу боты, вузялок з ежай каб колькі разоў падсілкавацца, завязаў, начапіў на кій, закінуў на плечы і, не чакаючы смалярскай кампаніі, рушыў да леснічоўкі Васілеўскіх. Косцік абяцаў, што яны пойдуць праз пушчу, зрэзаўшы некалькі вёрст, і ў канцы дарогі злучацца з местачкоўцамі.
Самае большае праз паўгадзіны ён прыйшоў да Патокі. Гэта была палянка моргаў на шэсць, якая, з усіх бакоў акружаная пушчай, выглядала нібыта агромністая скрыня паміж высокімі й цёмнымі сценамі лесу. Збожжа на полі расло толькі яравое (бо землі нізкія), але буйное. Пабудовы старыя, крытыя саломай і сасновым дзёрнам. Хата з адным пакоем і вялікімі сенцамі. Дзядзінец агароджаны парканам, а клумбы пад вокнамі частаколам, пераплеценым яловымі галінамі.
Косцік, ужо гатовы, чакаў яго.
Каб не замачыць калашынаў, яны падкасаліся амаль да каленяў і рушылі вузкай, вытаптанай быдлам сцежкай.
Лес быў густы, нечапаны. Камлі елак, асінаў і дубоў удваіх не абхапіць, а верхавіны, здавалася, да неба даставалі. Клёны, грабы і ясені ад старасці зараслі сівым мохам. Кара старэнькіх бяроз пачарнела і была ўзараная глыбокімі барознамі. Штохвілі трапляліся калоды памерлых сваёю смерцю старцаў вялікія, па пояс, злосна выдраныя і вывернутыя з зямлі бурамі. Пнёў, ссечаных чалавечай рукою, апроч ясеневых, не было зусім.
Рэльеф і лясны масіў увесь час змяняліся: пасля змяшанага чарналесся лісцяных дрэваў ішлі бярозавыя гаі, потым змрочныя яліны, за імі альховы пойменны лес, а потым зноў чарналессе, дуброва, бераг балота, парослы бярозамі, бор.
Праз вярсту ці крыху болей сцежка знікла, і яны пайшлі наўпрост. Косцік уражваў Стаха веданнем лесу: багну і бураломы абмінаў, не кружляючы і не блукаючы, у яловых гушчарах знаходзіў добрыя праходы, а ў альхоўніку кладкі, што ляжалі нібыта спецыяльна для яго, і пры гэтым нідзе не спыняўся, не разглядаўся, не задумваўся. Відаць было, што ведаў, дзе якая нізіна пачынаецца і заканчваецца, дзе пагорак і дзе калода.
Выходзячы на прастор, яны абмяркоўвалі Стахаў экзамен, які хлопец здаў за тыдзень да гэтага.
Калі табе яшчэ не выдалі пасведчання, адкуль ты ведаеш, што здаў? пытаў Косцік.
Калі табе яшчэ не выдалі пасведчання, адкуль ты ведаеш, што здаў? пытаў Косцік.
Хваліцца не буду, але магу пэўна сказаць: калі не здаў я не здаў ніхто. Дыктоўку я напісаў без памылак, задачы рашыў правільна, а што ні пыталі адказваў без замінкі, як па масле.
А шмат вас здавала?
З усіх чатырох школ разам дзевятнаццаць.
Няшмат. Нешта яшчэ спытаць хацеў А! Ці праўда, што экзаменатар у пагонах быў?
Не, апрануты быў звычайна, як усе настаўнікі. Быў экзаменатар з горада, чацвёра настаўнікаў і поп.
З Вончы поп?
Не, тамтэйшы, з Бірак.
А ванчанскія хлопцы ўсе здалі?
Усе. Паўловіч, праўда, у Законе Божым моцна плаваў, але я здолеў дапамагчы яму выкруціцца.
А што, і Закон пыталі?! Мы ж з часу таго следства яго не вучылі.
Мы не вучылі, а нас пыталі. З Паўловічам было так. Выклікаў яго поп да стала і кажа: «Што ты ведаеш пра патоп?» Паўловіч адказвае: «Я паляк». «Так, ён рымскаго вераіспаведанія», падхоплівае Грывень. «А я ведаю, кажа поп, і не пытаю ў яго ні малітваў, ні катэхізісу, але Стары Запавет ён мусіць ведаць. Дык што, пра патоп нічога не ведаеш?» Паўловіч пык-мык і маўчыць. «Ты ніколі не чуў, хто ўратаваўся ад патопу?» зноў пытае поп. «Ной», успамінае Паўловіч. «Добра, хваліць поп. Але ж не толькі ён, у яго ж сямя была. Колькі Ной меў сыноў?» «Сем», вырываецца ў Паўловіча. Экзаменатары рагочуць. «У нашай польскай Бібліі пішуць так», выкручваецца ён. Гэтыя зноў са смеху падаюць. Поп устае і да класа: «Хто з палякаў добра ведае сваю каталіцкую гісторыю?». Я падымаю руку. «Што, у вас праўда так напісана?» пытаецца. «Так, отчэ Закона учыцель, кажу я, у нашай польскай гісторыі пішуць, што сынамі Ноя былі Сем, Хам і Яфэт». «Дык гэта толькі тры», пярэчыць ён. «Так, тры, але старэйшага звалі Сем, што Паўловіч вам і сказаў». А Паўловіч здагадаўся і падхоплівае: «Так, отчэ Закона учыцель, я казаў не што сыноў было сем, а што старэйшага Сем звалі, у нас яго так завуць». І давай радасна расказваць, што тыя сыны мелі жонак і дзяцей, што ў каўчэг з сабою ўзялі жывёл ад кожнае плоці па пары, ну і выплыў з таго патопу.
Але ж ты і хітры, заўважыў Косцік. Так спрытна лічбу ў імя перакруціць!
Паўловіч свой хлопец, як бы там ні было, я хацеў яму дапамагчы, а праз такіх дурных Ноевых сыноў мог нуль атрымаць і грызціся з тымі мужыкамі яшчэ цэлую зіму.
Твая рацыя. Значыць, усе здалі А колькі табе яшчэ экзаментаў трэба, каб на ксяндза пайсці?
Дзядулька гаворыць, што яшчэ дзевяць.
Дзевяць?! Ды ты пасівееш у той навуцы.
Праз пару гадзін пушча скончылася. Хлопцы выйшлі на адасоблены луг плошчай з добрую валоку. Побач расло колькі подкуравых дубоў. З іншага боку цякла з поўдня на поўнач рака, а за ёю быў сасновы бор са стромкімі дрэвамі, гладкімі, як кажуць, быццам звон.
Тая паляна называецца Лапекі, паведаміў Косцік. Вунь у той бок, паказаў ён направа, выходзіць зімнік да мястэчка, якім твае смалерчукі прыйдуць.
Да той дарогі яны, аднак, рушылі не адразу павярнулі ўлева, абышлі паляну па кромцы лесу, ля ракі раздзеліся знізу да пояса, перайшлі ў вядомым Косціку плыткім месцы ўброд і, адзеўшыся, рушылі берагам бору ўправа, набліжаючыся да броду, праз які праходзіў зімнік. Апынуўшыся за адну стаю ад яго, яны ўселіся на сухім беразе рэчкі і пачалі чакаць.
Раніца была празрыстая, нібыта шкло. Сонца паднялося ўжо над лесам, асвятляючы большую частку паляны і сцяну бору. Пушча, з якой яны прыйшлі, яшчэ драмала ў цені. Над лугам, што пераліваўся кветкамі, з меладычным гудзеннем снавалі пчолкі і пырхалі яркія матылі. На яварах і чароце над рэчкаю блішчэла буйная раса. З берага рака прасвечвала навылёт, і ў вадзе былі відаць маленькія рыбкі-гарэзы, жвір і каменьчыкі на дне. Гладкая плынь выглядала шкляною і цякла ціха, ледзь цурчэла. Часам хіба што плюхала якая большая рыбка, і тады на паверхні зяўляўся грабеньчык хвалі, шырачыся і слабеючы, як мыльная бурбалка, альбо корань алешыны паказваў сваю лапу і воднае шкло ізноў моршчылася. Бор напоўніўся птушынымі песнямі.
А можа, яны прайшлі ўжо? спытаў Стах.
Ды нават калі б рыссю беглі і тое не было б іх яшчэ.
Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як на павароце зімніку на Лапекі паказаліся сілуэты смалярскіх хлопцаў.
Ну я ж казаў, прамовіў Косцік.
Яны глядзелі і спрабавалі разабраць тых, што ішлі наперадзе.
Што, і Валька Трызна пехатою ідзе?