Што, і Валька Трызна пехатою ідзе?
Валька, Віцька, Адась, Болік і Юзік там, паведаміў Стах, успомніўшы, хто збіраўся.
Так, Юзік ад баб нізашто не адліпне.
Ну. А які задавака, жах проста. Чуў, хваліўся нядаўна, што калі захоча, дык найпрыгажэйшая дзяўчына за ім сама бегаць будзе.
Ды ты што? Можа, ён сабе кажановыя вілкі здабыў?
Гэта як кажановыя вілкі?
Ты такога не ведаеш? У сэрцы старой кажаніцы вырастаюць такія касцяныя вілкі, з якімі можна каханне здабыць. Трэба злавіць кажаніцу, забіць і кінуць у мурашнік. Праз тры дні ад яе толькі тыя костачкі і застануцца. Іх трэба ўзяць з сабою і сесці каля дзяўчыны, якая хочаш каб цябе пакахала, толькі каб яна не бачыла. Учапіць яе імі лёгенька за спадніцу і да сябе падцягнуць. Кажуць, што хоць бы ты насаты як чорт быў, а яна прыгожая як анёлак, сама на цябе вешацца будзе. А калі яна табе апрыкрае і ты захочаш, каб адчапілася, тады зноў побач з ёю сядзь і тымі вілкамі адапхні.
І што ж, гэта праўда?
Кажуць, праўда, але гэта трэба такую старую кажаніцу знайсці каб яна ўжо дзевяць дзяцей спарадзіла.
Хлапечая грамада набліжалася да броду і ўжо збіралася пераходзіць, а дзяўчаты, якія, ведаючы пра пераправу, ішлі ззаду, толькі выходзілі з лесу.
Як думаеш, можа, у яго насамрэч такія костачкі ёсць? спытаў Стах.
Можа, і ёсць. Ты не чуў, дзяўчына якая за ім лётае?
Кажуць, Зоська Ладан па ім сохне.
Зоська ягоная. А іншыя?
Лапаносы казаў, што і Кася Сцяпура з ім ахвотна ходзіць.
Хлопцы перайшлі брод, каб не бянтэжыць дзяўчат, але Віцька з Юзікам цішком вярнуліся назад і стаіліся ў алешніку ля самай пераправы.
От паскуды бессаромныя. Давай пойдзем прагонім.
Давай.
Яны ўсталі і падышлі да броду.
І не сорамна вам, хлопцы, бабам пад спадніцы зазіраць? спытаў Косцік.
Табе шкада? агрызнуўся Юзік. Я толькі ў Зоські сваёй паглядзець хачу.
А твая Зоська што, асобна ідзе, каб ты толькі ў яе глядзеў?
Слухай, Косцік, Бог мне сведка, у тваёй Быліны падглядаць не будзем, прысягнуў Юзік.
Бабздыры! Паскуднікі! Кабялюгі! аблаялі хлопцы, плюнулі і рушылі да бору даганяць астатніх.
Дзяўчаты падышлі да пераправы. Сярод іх было некалькі замужніх са Смалярні і жанчыны з суседніх Ямаў, якія далучыліся па дарозе.
Дзеўкі, відаць, чакалі ад хлопцаў якогасьці паскудства, бо, зайшоўшы ў ваду, спыніліся і пачалі ўглядацца ў алешнік. Не заўважыўшы нічога падазронага, яны паднялі спадніцы і павольна пайшлі. Ішлі асцярожна, агаляючыся роўна настолькі, наколькі даставала вада. На сярэдзіне дарогі яны ўсё ж заўважылі нязваных, усчалі крык і пачалі спалохана хавацца адна за адну.
Паскуднікі! Паршыўцы! А ну вылазьце адтуль! крычалі яны ў алешнік.
Юзік з Віцькам гучна смяяліся ў адказ.
Распуснікі! Свінтухі, каты памаўзлівыя! Вылазьце, а то атрымаеце! лаяліся і гразіліся дзяўчаты, але марна.
Ціха, дзеўкі, мы з Міхалінаю зараз вас перавядзем, супакоіла іх Забэла Паклацкая з Ямаў, кабета пад сорак, тоўстая і шырокая ў клубах, як печ. Хадзем, што нам, бабам, звярнулася яна да ўдовай Міхаліны Вінярскай.
Яны ўдзвюх загарадзілі дзяўчат, павярнуліся да алешніку задам і як мага вышэй задралі спадніцы.
Ідзіце, дзяўчаткі, цяпер хай любуюцца.
Дзяўчаты і хлопцы, што назіралі здалёк, выбухнулі смехам.
Хлопцы, сядзіце роўна, мы вас сфатаграфуем!
Картачкі бясплатныя мець будзеце, толькі вочы закрыйце, а то ад вялікага бляску аслепнуць можна! несліся да бясстыднікаў кпіны з абодвух бакоў.
Юзік з Віцькам уцякалі ў бор як мыла зеўшы.
Праз некалькі хвілін усе рушылі далей, разбіўшыся на пары і ўтварыўшы доўгі караван.
Убраныя ўсе былі святочна і па-польску: хлопцы у крамных гарнітурах, пашытых па-местачковаму, у канфедэратках ці кепі, дзяўчаты у гладкіх цёмных спадніцах, муслінавых кофтачках і квяцістых хустках, завязаных пад косамі, альбо ў ядвабных шалях. Усе, апроч дарослых хлопцаў, ішлі басанож, несучы абутак у руках.
Сакалоўская ішла ў сярэдзіне калоны побач з Касяй Сцяпурай, старэйшай за яе на год. Стах з Косцікам прайшлі міма некалькіх параў і апынуліся побач з імі.
Зашмат клункаў для жаночых ручак у вас, паведаміў ззаду Косцік.
Калі так нас шкадуеш, узяў бы што і паднёс, адказала Кася.
Дык давай панясу!
Тады ў Карусі вазьмі, у яе болей.
Абедзве давайце ўсё, што ёсць, сказаў ён, баючыся, што Каруся пасаромеецца скарыстацца яго дапамогай.
Добра, дзякуй. Вось, вазьмі, калі ласка, мае чаравікі, падзякавала Кася, а Каруся аддала Косціку свой вузялок з хлебам і таксама чаравікі. Хлопец павесіў усё на кій, закінуў яго на плечы і пайшоў са Стахам за дзяўчатамі, заводзячы з імі размову.
Але ж і народу сёлета са Смалярні на фэст ідзе!
І гэта толькі пешкі, а калёсамі вязуць колькі не злічыць, адгукнулася Каруся.
Я чуў, што гэты фэст будзе вялікі як ніколі.
Так, вельмі шмат людзей, а яшчэ, кажуць, з далёкіх парафій машынамі прыедуць. А ведаеце, колькі ксяндзоў будзе?
Як найменш дваццаць мусіць быць.
Дзед Амбражэй казаў, што дваццаць пяць, не лічачы семінарыстаў.
Ого, аж столькі!
Ззаду падышлі Віцька з Юзікам.
Ты паглядзі, і лясніцтва на Працэсію захацела, сказаў Віцька нібыта прыяцелю, але так гучна, каб пачулі і дзяўчаты, і Косцік.
Ну а хто яшчэ бабам боты будзе несці, пакпіў Юзік.
Паднесці бабам рэчы гэта ж не тое, што ім пад спадніцы зазіраць, адпарыраваў Косцік. Ну, пакажыце картачкі, паскуднікі.
Гэта няхай, затое не адну ўбачылі.
Убачыць дык убачылі, улез Стах. Чорную дзірку ў Забэлы.
Косцік з дзяўчатамі пырснулі смехам.
Вось дык аканфузіліся вы сёння, хлопцы, сказала Каруся.
Было б перад кім канфузіцца, знайшліся пані. Вунь за мной бегае колькі, і не смалярскіх, ясна?
Ага, бегаюць, як сабака за палкай. Вы на яго зірніце, які красунчык, які важны кавалер!
Калі б не быў важны, харугвы на Працэсію не насіў бы, абы-каму харугву не дадуць, палез абараняць сябра Віцька.
Пайшлі ад іх, дружа, сказаў Юзік, а то падумаюць, што мы падлашчваемся. Хадзем лепей Ядзьку дражніць.
Ён праўда харугву насіў? спытала Каруся ў Касі, калі яны адышлі. Я думала, што іх толькі Казік з Ясем носяць.
Яны кожны год носяць, а мінулым летам Юзіку таксама далі.
Патрапіў жа
Шмат старэйшых хлопцаў хацелі харугву несці, ім не далі, а яму далі. У спрытнасці яму не адмовіш, што ўжо казаць, заўважыла Кася.
Нічога такі, пагаджуся, пацвердзіла Каруся. Яго яшчэ хваляць, што ў рабоце жвавейшы ад братоў.
Нават калі б Каруся яму ў твар дала і тое б Косціку так кепска не зрабілася.
Калі б я захацеў, таксама лёгка атрымаў бы тую харугву, прабурчаў ён.
Яны ўсё яшчэ крочылі бяскрайнім лесам, раз-пораз натрапляючы на самотныя паляны, альбо выходзілі на ўскраек нейкага поля і зноў заглыбляліся ў лес.
Апоўдні выйшлі на шырокі гасцінец. Крыху пасядзелі ў цені дрэваў, а некаторыя хлопцы дык без адпачынку далей рушылі.
На гасцінцы грукаталі колы і раіліся людзі. На вялікі фэст ішлі ўсе класы і саслоўі. Працэсія ў Бабруйску цвердзіла сілу польскага народу над Бярэзінай, яго штогадовае яднанне, гартаванне духу і патрыятызм. Адна за другою цягнуліся пешыя калоны, а яшчэ шнуры каламажак з простым засцянковым людам і шляхтаю, вялізныя параконныя фурманкі з маёнткаў, у якіх змяшчаўся тузін парабкаў, элегантныя брычкі заможных хутаран і раскошныя экіпажы магнатаў. Чым бліжэй было да горада, тым цясней на гасцінцы.
Перад змярканнем пілігрымка смалярскай моладзі на паўгадзіны спынілася ў Зялёнцы. У хмызах пры гасцінцы ўсе абуліся, абтрэслі пыл, прывялі сябе ў парадак і не марудзячы рушылі далей, каб трапіць на кватэру ў горадзе загадзя.
Фурманкі і пешыя калоны цягнуліся праз усю дарогу шчыльным гужам.
Ужо праз чвэрць гадзіны Бабруйск паказаў смалерчукам свой твар. Па шырокай лагоднай плыні Бярэзіны перасоўваліся пасажырскія параходы, таварныя баржы і падарожныя чаўны. За нейкія паўвярсты ўлева быў жалезны мост апошняе слова тэхнікі. За ракой, на спуску з пантоннага моста, якім яны ішлі, стаяла высокая цагляная вежа. Па абодвух яе баках зелянеў прыгожы сад, поўны клёнаў, таполяў і бяроз, а між імі хавалася крэпасць. За садам высока ў неба ўзносіліся магутныя радыёантэны.
Бабруйск быў горад немаленькі і раскрываўся павольна, асабліва з боку ракі.
Да падзелаў Польшчы ён амаль нічым не вызначыўся, бо быў тады малазначным мястэчкам. Стараверы са Старога Круку расказвалі, што даўным-даўно, калі яшчэ не было на свеце прыгону, на месцы цяперашняй крэпасці стаяла руская вёска, жыхары якой разам з пчалярствам займаліся вырабам бабровых футраў, і тое рамяство дало іх паселішчу назву Бабруйск. Яшчэ расказваюць, нібыта за часамі князя Васіля ля той вёскі быў маёнтак, а за «крулём Баторым» на слуцка-магілёўскім гасцінцы ў Зялёнцы грэблю насыпалі, карчму пабудавалі і два паромы. Вось і ўсё.