Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік) - Тарас Шаўчэнка 7 стр.


Таму цалкам заканамерна, што прыгон, паншчына адна з галоўных тэм паэзіі Шаўчэнкі. Таму што запрыгоньванне, як і звязаны з ім нацыянальны прыгнёт,  самая вялікая бяда яго народа.

У 40-я і 50-я гады XІX стагоддзя ва ўсёй Расіі не было другога паэта, які так бескампрамісна, паслядоўна і смела кляйміў бы прыгоннае права і прыгоннікаў, паказваў увесь жах панскіх здзекаў з сялянства, усю нялюдскасць сістэмы ўласнасці на людзей.

Для Шаўчэнкі свет падзяліўся напалову: па адзін бок тыя «сіраціны», з якіх «залапленую світку са шкурай здымаюць», а па другі паны «У срэбры і злаце, Як кабаны тоўстыя, ды яшчэ пузацей». Страшная карціна панскіх зладзействаў паўставала перад яго вачамі, прасветленымі вялікай любоўю да народа, умудронымі прыналежнасцю да ніжэйшых нізоў гэтага народа, вывастранымі суровай навукай асабістым прыгонніцкім вопытам.

З усёй панскай пароды найагідным Шаўчэнку быў той тып пана, што «вальнадумнічае ў карчме» з мужыкамі. Не таму, вядома, што вальнадумнічае, і не таму, што ў карчме, і не таму, што з мужыкамі. А таму, што разумее па-аднаму, а робіць па-другому. Таму што мала яму драць шкуру з «братоў-аратых, недарэкаў», а трэба яшчэ пры гэтым і падмануць іх сваім «браталюбствам», прытупіць, прыспаць іхні натуральны недавер і варожасць да пана.

Сам жа Шаўчэнка, у пачатку 40-х гадоў перажыўшы кароткі перыяд надзеі на тое, што гарачым словам ісціны пашанцуе пераканаць «землякоў» пэўнага роду «абняць малодшага брата» (дарэчы, заклік не выпадковы, вельмі характэрны для таго часу і, магчыма, навеяны ідэямі і фразеалогіяй славянафільства),  перажыўшы гэтыя кароткачасовыя ілюзіі, больш ніколі не вяртаўся да іх, не верыў у прымірэнне паноў і сялян, узаемную згоду паміж імі, цвёрда зыходзіў з таго, што шчаслівае жыццё сялянства магчыма было б толькі тады,

Калі б не засталося
І следу панскага ва Ўкрайне.

Шаўчэнка некалькі дзён не дажыў да апублікавання маніфесту аб вызваленні сялян. Але, вядома, чуў пра яго, чакаў яго. Мабыць, ён бы і парадаваў яго: усё ж такі воля,  і засмуціў: не тая воля! Зрэшты, не будзем гадаць. Ведаем толькі, што ён думаў так, як народ,  значыць, і паставіўся б па-народнаму.

Яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў, у той час, калі значная частка, калі не большасць, свабодалюбных грамадзян Расійскай імперыі не магла яшчэ казаць пра «Гасудара», «Айца», «Правадыра Рускага народа» без вернападданага «ўздрыгу» і «глыбокай павагі»,  Шаўчэнка зрабіў цара і царыцу абектам камедыі («Сон») і сказаў у адрас рускіх цароў страшныя, неймаверныя тады словы: «Каты! каты! людаеды!». Сёння нам нават цяжка ўявіць усю меру бясстрашнасці такога меркавання, такіх слоў для таго часу. Як і тую палітычную мудрасць, якая была для гэтага патрэбна.

У той час, калі Пётр І і Кацярына ІІ былі амаль кананізаванымі святымі Расійскай імперыі, самымі вялікімі святынямі імперскага іканастаса («Паллада русская бессмертная матерь отечества Екатерина Отец отечества Петр»[10]),  Шаўчэнка кінуў у вочы і іх духоўным нашчадкам, і расійска-ўкраінскім казённым патрыётам словы несмяротнай праўды:

Ён той первый, што распінаў
Нашу Украіну,
А вторая даканала
Ўдаву-сіраціну.

Каб зразумець іхнюю ашаламляльную смеласць і выкрывальную сілу, трэба ўлічваць гістарычны кантэкст, ідэалагічную атмасферу, славесна-стылістычны «этыкет» эпохі, нават яе моўныя стэрэатыпы. Даследнікі ўжо звярталі ўвагу на тое, як паслядоўна Шаўчэнка, парадзіруючы і «выварочваючы» прапагандысцкія штампы царызму, абвяргаў яго асноўныя ідэалагічныя формулы, а не толькі жаргон палітычнага побыту. Вось яшчэ адзін прыклад. Любімым вобразам, да якога абавязкова звярталіся пад найпатэтычную хвалю ўсе, хто хацеў прывабна ўславіць цара, быў вобраз бясконцасці яго ўладанняў і ўсёпранікальнасці яго нядрэмнага вока.

Праўдзівую цану патэтычнай рыторыцы вызначыў Шаўчэнкаў бязлітасны сарказм:

У нас жа й месца ёсць дзе жыць
Адна сібірская раўніна
А турмаў! люду!.. Што й лічыць!
Ад малдаваніна да фіна
На мовах ўсіх усё маўчыць,
Бо працвітае ўсё!

З тых часоў Шаўчэнка не мінае, здаецца, ніводнай нагоды, каб выказаць свой гнеў да «каранаваных катаў», сваю пагарду і кпіны. Знаходзіць найзнішчальныя, найздзеклівыя словы для іх, і не задавальняецца, і шукае зноў і зноў. Уражвае шырачэнны, бяспрыкладны ва ўсёй сусветнай паэзіі (акрамя, хіба што, біблейскіх псалмоў і прароцтваў) ідэйна-эмацыйны дыяпазон негатывацыі ад гневу («Бязбожны цару! творца зла! Прыгнётчык праўды несусветны! Што натварыў ты на зямлі!..», «Глядзіце ж, маці, што ўгары! Што робяць ірады цары!») да агіды («Ратуй ты нас ад пянага цара-уладара!»), ад здзеклівай знявагі («Плач вялікі заместа львінага рыкання пачуюць людзі. І той плач, Нікчэмны, доўгі і благі, Паміж людзьмі за прытчу стане, Самадзяржаўны гэты плач»)  да пагардлівай прыкрасці («Аж вось шатан цара нясе») або гідлівага шкадавання нікчэмніка, для якога не існуе вечных радасцяў жыцця і фарбаў свету і які толькі й думае, «які б ланцуг яшчэ скаваць».

Што асабліва характэрна для Шаўчэнкі, дык гэта той непараўнальны грэблівы тон гаворкі пра цара, які сустрэнем яшчэ хіба ў Беранжэ і ў Пецёфі, але тыя пісалі пра сваіх каралёў у рэвалюцыйны час, калі народ скідаў іх ці збіраўся гэта зрабіць, а Шаўчэнка падчас глухой рэакцыі, калі да агульнанацыянальнага руху было яшчэ далёка, калі так далёка амаль нічые думкі не сягалі, а ў літаратуры іх тады адзін Шаўчэнка на ўсю Расію выказаў гэта гістарычны факт. Мабыць, акрамя глыбіні палітычнай думкі і сталасці ацэнкі, тут пазначыліся яшчэ і «казацкі» тэмперамент, традыцыя дэмакратызму, адчуванне незалежнасці і годнасці, чыста народнае ўнутранае пачуццё перавагі над панамі і ўладай, якое знойдзем у народных казках, анекдотах, прыказках, песнях, ва ўсёй народнай паэзіі І яшчэ: Шаўчэнкава агіда да цароў раз-пораз паварочваецца суровым здзіўленнем ці нават гневам на тых, хто іх церпіць і хто ім моліцца,  на людзей, на род чалавечы.

І калі Шаўчэнка кажа пра тое, якую кару наклікаюць на сябе людзі сваім неразуменнем, то горшае, чым панаванне цара, уявіць не можа:

І праведна Гасподзь вялікі
. . . . . .
Замест рахманага прарока
Цара вам загадаў наслаць!

Пры ўсёй сваёй сялянскай незласлівасці Шаўчэнка нязменна, без шкадавання і з горкай радасцю «скубе і кудлачыць» у сваіх вершах «святапамазаныя шавялюры».

Воля, воля і праўда гэта тое, што з найбольшай святасцю зноў і зноў гучыць у паэзіі і зяўляецца апошняй мэтай няспыннай чалавечай барацьбы.

Са становішча свайго заняволенага народа, прыведзенай да заняпаду Украіны Шаўчэнка звяртаўся да славянскай ідэі, у славянстве шукаў супольніка па лёсу і працы адраджэння, узмацнення ў веры і надзеі. Боль няволі ўкраінскай спарадзіў у Шаўчэнкі перажыванні і за іншыя заняволеныя славянскія народы, а думка аб вызваленні, адраджэнні Украіны думку аб сумеснай барацьбе і братанні ўсіх славян. Адсюль і падобнае, і адрознае з выразнікамі «славянскай узаемнасці», з панславістамі і славянафіламі.

Падобнае ва ўвязванні лёсу свайго народа з лёсам іншых славян, адрознае у характары гэтага ўвязвання і ў самім ідэале славянскага сужыцця.

У XІX стагоддзі многія даследчыкі гаварылі пра славянафільства Шаўчэнкі. Так, І. Франко пісаў, што і праз паўстагоддзя «свядомыя ўкраінцы не перастаюць быць славянафіламі ў духу Калара і Шаўчэнкі».[11] То-бок адным і тым жа тэрмінам «славянафільства» у розных выпадках называюцца зусім розныя рэчы. У апошнім выпадку ідэя раўнапраўнага сужыцця ўсіх славянскіх народаў у вольным саюзе.

Украінскі рамантызм, ад якога неаддзельны ранні Шаўчэнка, быў спецыфічнай складовай часткай славянскага адраджэння (якое адбывалася ў кантэксце еўрапейскіх нацыянальных рухаў так званай «эпохі нацый» пасля Вялікай французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў). Скажам, чэшскія і славацкія даследчыкі выразна падкрэсліваюць сувязь паміж імі, а некаторыя «Энеіду» Катлярэўскага адной з найбольш ранніх зяў усяго славянскага адраджэння наогул. Асабліва шмат значыла тут дзейнасць П.-Й. Шафарыка, які глыбока сімпатызаваў Украіне і сваімі поглядамі ўплываў на стаўленне да яе ва ўсім славянскім, і не толькі славянскім, свеце. Наогул ён ці не найболей зрабіў для таго, каб славяне ўсвядомілі разнастайнасць сваёй сямі і пазнавалі саміх сябе. Не выпадковая ж і тая сардэчная ўдзячнасць, што выказаў яму Шаўчэнка. На думку І. Франко, быў Шаўчэнка знаёмы і са славутай у сваім часе працай Я. Калара «Аб літаратурнай узаемнасці паміж рознымі плямёнамі і гаворкамі славянскай нацыі» (1836)  яе пераклад на рускую мову быў надрукаваны ў 1838 годзе ў «Московских ведомостях», а ў 1840 у «Отечественных записках» (у перакладзе І. Сразнеўскага).

«З гэтага другога перакладу,  кажа І. Франко,  ведаў, відаць, гэтую працу і Шаўчэнка, у якога менавіта ў годзе 1840-м бачым першыя пробліскі думак аб славяншчыне».

Шаўчэнка ў 40-я гады падзяляў усеагульнае захапленне славяналюбцаў Каларам і Шафарыкам, шанаваў іх і пазней, але яго светапогляд развіваўся ў бок спалучэння нацыянальнага вызвалення з сацыяльным, і свае надзеі ён усё больш звязваў не столькі са славянствам самім па сабе, як з унутраным выбухам у самой Расійскай імперыі, з самім украінскім народам.

У гэтым карэнная асаблівасць яго пазіцыі ў славянскай і ўкраінскай справе, што адрознівала яго і ад заходніх славянскіх абуджальнікаў і адраджэнцаў, і ад рускіх славянафілаў, і ад украінафілаў, і нават ад кірыла-мефодзіеўскіх братоў. А тэма славянства зявілася ў яго творчасці яшчэ да знаёмства з будучымі арганізатарамі брацтва.

Назад Дальше