«З гэтага другога перакладу, кажа І. Франко, ведаў, відаць, гэтую працу і Шаўчэнка, у якога менавіта ў годзе 1840-м бачым першыя пробліскі думак аб славяншчыне».
Шаўчэнка ў 40-я гады падзяляў усеагульнае захапленне славяналюбцаў Каларам і Шафарыкам, шанаваў іх і пазней, але яго светапогляд развіваўся ў бок спалучэння нацыянальнага вызвалення з сацыяльным, і свае надзеі ён усё больш звязваў не столькі са славянствам самім па сабе, як з унутраным выбухам у самой Расійскай імперыі, з самім украінскім народам.
У гэтым карэнная асаблівасць яго пазіцыі ў славянскай і ўкраінскай справе, што адрознівала яго і ад заходніх славянскіх абуджальнікаў і адраджэнцаў, і ад рускіх славянафілаў, і ад украінафілаў, і нават ад кірыла-мефодзіеўскіх братоў. А тэма славянства зявілася ў яго творчасці яшчэ да знаёмства з будучымі арганізатарамі брацтва.
Як вядома, галоўны праграмны дакумент Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва «Кніга быцця ўкраінскага народа». Нагадваючы «Кнігі народа польскага і пілігрымства польскага» А. Міцкевіча і пазначаная іхнім уплывам, яна ёсць, аднак, цалкам самастойным дакументам нацыянальна-палітычнай думкі. Некаторыя даследчыкі прыпісвалі яе аўтарства Т. Шаўчэнку, але большасць лічыць, што напісаў яе Кастамараў (як ён сам і казаў на следстве), магчыма, не без удзелу іншых братоў (адносна формы і меры гэтага ўдзелу існуюць розныя здагадкі) і не без уплыву Шаўчэнкі на асобныя моманты зместу.
Ва ўсякім выпадку, разам з думкамі, блізкімі да тыповых славянафільскіх клішэ (ідэалізацыя «славянскага племя», яго мінулага; апоры на хрысціянства, але, праўда, без узвышэння праваслаўя над каталіцызмам і пратэстанцтвам і з вяртаннем яму, маўляў, першапачатковага людскі-справядлівага зместу, перакручанага панамі і вышэйшым духавенствам, гэта тое, чаго не было ў славянафілаў), тут былі і ідэі, зусім нечуваныя для «класічнага» славянафільства, ідэі дэмакратычныя і абектыўна рэвалюцыйныя па тых часах блізкія Шаўчэнку або ўласна «шаўчэнкаўскія». Гэта ідэі сацыяльнай роўнасці і палітычнай волі, вострае асуджэнне самадзяржаўя і дваранства, эксплуатацыі, запрыгоньвання Украіны, словы гневу ў адрас Пятра І і Кацярыны ІІ за заняволенне Украіны і наогул на адрас царызму; пахвальная згадка пра дзекабрыстаў; ідэя федэратыўнай рэспублікі. Праслаўленне казацкай традыцыі таксама мела абектыўна дэмакратычны і прагрэсіўны сэнс (нягледзячы на некаторую ідэалізацыю і ігнараванне сацыяльных супярэчнасцяў), паколькі ўтрымлівала антыпрыгонніцкую накіраванасць (у прыватнасці, упартую барацьбу царызму супраць казацтва і ліквідацыю Запарожскай Сечы слушна тлумачана страхам перад духам волі народнай і тым, што Сеч і казацтва сталі апошняй апорай сіл, якія супрацьстаялі запрыгоньванню). У «Кнізе быцця ўкраінскага народа» з вялікай сілай і пафасам гучыць ідэя нацыянальнай і палітычнай суверэннасці Украіны. А будучая славянская федэрацыя мыслілася як братэрскае сужыццё народаў «непадзельна і нязмешвальна», гэта значыць без разяднання, але і без зліцця, без страты незалежнасці: у саюзе славянскім рэчаў паспалітых (рэспублік), без гаспадара і без халопа.
Гэтая праграма была адной з самых радыкальных у тагачаснай Еўропе і не мела сабе роўных у славянскім свеце.
Многа выказвалася здагадак аб тым, пад чыім уплывам зарадзіліся ў Шаўчэнкі думкі пра славянства: кірыла-мефодзіеўцаў; дзекабрыстаў; Міцкевіча, Ганкі, Калара, Шафарыка; рускіх славянафілаў ды т. п. Аднак у цэлым справа, мабыць, прасцей. Хіба ў вялікага паэта ідэі нараджаюцца толькі з прачытанага або пачутага, пад уплывам чужых думак? Яны нараджаюцца з жыцця, з болю, з лёсу народнага, што прамаўляе яго геніем. З духоўнага патэнцыялу гэтага генія, элементам якога (патэнцыялу) але не вырашальным, толькі дапаможным! могуць быць і тыя «ўплывы». А потым і з усёй інтэлектуальнай атмасферы, у якой ён жыве, і тут зноў непазбежныя «ўплывы», але, зноў жа, яны не крыніца ідэй вялікага паэта, яны хіба ствараюць рэльеф рэчышча, па якім гэтыя думкі цякуць. Або інакш: нараджае сам геній, а літаратурны ўплыў можа адыграць ролю «бабкі-павітухі» пры гэтым.
Ва ўсякім выпадку, калі гаворка ідзе пра падобныя або роднасныя паэтычныя ідэі, варта не толькі шукаць, хто на каго ўплываў, але і прымаць іх як суверэнныя зместам і, параўноўваючы гэтыя суверэнныя зместы, спрабаваць высветліць абектыўныя жыццёвыя і субектыўныя ідэалагічна-духоўныя прычыны падабенства і адрознення. Пры гэтым вельмі часта аказваецца, што падобнае ці блізкае звонку (тэматычна, фразеалагічна, паняццямі, што ўжываюцца) аказваецца аддаленым, ці нават процілеглым унутрана, свайму сапраўднаму зместу.
Менавіта так было з некаторымі матывамі, што вонкава быццам бы збліжалі Шаўчэнку (асабліва ранняга) са славянафіламі. Гэта паэтызацыя мінулага, пошукі ў мінулым урока і папроку сучаснасці, вечных каштоўнасцяў; нацыянальны боль, пратэст супраць нацыянальнага прыніжэння і захавання нацыянальнага гонару; адмаўленне чужой мудрасці, бічаванне «куртатага немца» і інш.; тлумачэння прычын славянскага разладу; заклік да абяднання славян і іншыя Шаўчэнка высока цаніў барацьбу за свабоду, смеласць і самаахвяраванне, веліч нораваў і лёсаў, якія нараджаліся ў абароне роднай зямлі, непакорлівасць і непрымірымасць усё тое, чаго, на яго думку, не хапала сучаснікам. Гэта таксама быў урок мінулага сучаснасці, але з гэтага ўрока здабываліся зусім іншыя каштоўнасці У Шаўчэнкі значна цверазейшы і, можна сказаць, больш глыбокі падыход да гісторыі, больш горкае і больш мужнае яе разуменне. Ён не суцяшае сябе ілюзіямі, ён разумее, што ўсё праходзіць не дзеля таго, каб вярнуцца. І народ ніколі не верне сабе страчанага ў тым жа выглядзе. Адчуванне непаўторнасці руху ад самага пачатку было ўласцівае паэтычнай філасофіі Шаўчэнкі. «Было калісь мінулася, не вернецца ізноў». Шаўчэнка хоча новай Украіны, а ў мінулым шукае традыцыі свабоды і гераізму, каб здабыць надзею, прыклад, сілу для барацьбы за гэтую новую Украіну, нарэшце гістарычнае права на яе.
Трэба нагадаць, што Шаўчэнка даволі хутка пераадолеў ідэалізацыю мінулага, казацтва, выпрацаваў абектыўны і крытычны погляд (які, вядома, не адкідваў гераічных старонак украінскай гісторыі). А калі гэтая ідэалізацыя стала «моднай» (не ў апошнюю чаргу пад уплывам славянафільскіх і ўкраінафільскіх захапленняў), калі яна стала набіраць абектыўна кансерватыўна-рэтраграднага характару ў «патрыятычных» панкоў і г. д., Шаўчэнка рэзка выступіў супраць яе, паказаўшы яе фальш і яшчэ раз падкрэсліўшы, што менавіта ён шануе ў гісторыі свайго народа, якія ўрокі з яе выводзіць.
Характэрна, што Шаўчэнка ў пасланні «І мертвим, і живим» сваё вострае выкрыццё фальшывай ідэалізацыі гісторыі Украіны, асабліва гетманства, разгортвае ў кантэксце агульнай саркастычнай характарыстыкі славянафільскай моды. Вельмі дакладна і справядліва вызначае ён яе панскую прыроду і кніжнае, тэарэтычнае паходжанне у адрозненне ад свайго народнага пачуцця Украіны. Не хавае іроніі і датычна захаплення паноў-украінафілаў (або ўкраінскіх славянафілаў) праблемамі, кажучы па-сучаснаму, замежных славян. Сапраўды: так турбуюцца клопатамі далёкіх братоў як быццам у сябе няма клопатаў; так ім спачуваюць, што і свайго рэальнага становішча не бачаць.
Менавіта пра гэта ён пісаў у прадмове да неажыццёўленага выдання «Кобзаря» яшчэ ў сакавіку 1847 года: «Вялікая туга асела маю душу. Чую, а часам і чытаю: ляхі друкуюць, чэхі, сербы, балгары, чарнагоры, маскалі усе друкуюць, а ў нас ні гу-гу, быццам усе анямелі». І далей у адрас маскоўскіх «журналістаў»: «Крычаць аб адзінай славянскай літаратуры, а не жадаюць і зазірнуць, што робіцца ў славян!»[12]
Але была і іншая разнавіднасць украінскага, уласна ўжо маларасійскага славянафільства. Вучонае і «вальнадумнае» панства шчодра дарыла сваю палкую любоў далёкім братам, а ўласнага народа наогул не хацела ведаць, абыходзілася напышлівай рыторыкай. Асабліва абурала Шаўчэнку тое, што гэтыя патрыёты славянства прымудраліся сумясціць свой высакародны патрыятызм і «шырокую адукаванасць» з пагардай да роднай, украінскай мовы:
І Калара чытаеце,
Колькі хопіць сілы,
І Шафарыка, і Ганка,
І ў славянафілы
Так і лезеце І мовы
Славянскага люду
Вам вядомы. Ды сваёй
Далібог калісьці ж будзем
За сваю і мы гарой
Шаўчэнка рана і празорліва заўважыў у славянафільстве гэтую тэндэнцыю выключаць украінскі народ з славянскай сямі, гэта значыць, не прызнаваць за ўкраінскім народам права быць асобнай і раўнапраўнай з іншымі нацыянальнай адзінкай, раствараць яго ў «агульнарускасці», узурпіруючы на карысць апошняй яго гісторыю, культуру, зямлю:
Звеку, маўляў, усё тое
Іх было, не наша,
Што яны ўнаём давалі
Татарам на пашу
Ды палякам
Гэта саркастычны перыфраз версіі афіцыёзнай і наогул імперска-патрыятычнай гістарыяграфіі, для якой Украіна была ўсяго толькі «ўскраінай» царскай Расіі, часова саступленай татарам і палякам.