А аднаго разу Фата-Мантана навырабляла лялек ростам з чалавека, больш за тое: гэтыя пятнаццаць лялек былі дакладнымі копіямі ўсіх замкавых жыхароў. Яны ўцяклі ад сваёй гаспадыні амаль адразу, не прычакаўшы нават тэатральнае дзеі, і доўга яшчэ палохалі ды заблытвалі сваіх прататыпаў. Акварыус, напрыклад, так перапужаўся, пабачыўшы самога сябе за сваімі барабанамі, што ўцёк да Харона ды тыдзень праплаваў у ягоным чоўне вакол Замка.
Жыве ў Замку таксама Анёлак-Галубочак, які ўвасабляе Чалавечае Шчасце. Ён носіць даўгі белы хітон, вялікія белыя крылы (пляткараць, што крылы камуфляжныя, бо ніхто ніколі не бачыў іх у дзеянні), ды мае на галаве німб, прымацаваны да бялявых кудзеркаў. Ён бадзяецца па Замку, не ведаючы, чым сябе заняць, пяе танклявым галаском вясёлыя песенькі, чапляецца да ўсіх без разбору. Дурнейшае за яго істоты ў Замку няма, і трываюць яго толькі з тае нагоды, што кожны сам мае свае прыбабахі. Анёлак-Галубочак уранні назаляе Акварыусу, нахвальваючы ягоныя кухарскія здольнасці, потым чапляецца да Трыстаны, спяваючы ёй песенькі аб шчаслівым каханні, мае звычку крычаць з замкавае вежы ўсялякія прыемнасці Харону, а ўвечары ловіць лялек Фата-Мантаны, спрабуючы дапяць, з чаго яны зробленыя. Аднойчы лялькі ўсё ж злавілі Анёлка-Галубочка з мэтай паглядзець, з чаго зробленыя ягоныя крылы. Лялькі прывязалі яго да трона вяроўкамі, заткнулі рот яблыкам ды, пэўна, замардавалі б яго, але Анёлка выратаваў ягоны сябар маўклівы сумны ВусатыПаласаты Кот. Гэтая маленькая шэрая жывёлінка заўжды ходзіць нямым ценем за Анёлкам ды бароніць таго ад справядлівае кары за бязглуздыя песенькі ды заляцанні. Жыхары Замка спрабавалі высветліць у Ката, чаму ён прыстаўлены да Анёлка ды носіцца з ім як бацька з неразумным дзіцем, але Кот ім нічога не сказаў, толькі выразна пазіраў на жыхароў, нібы просячы прабачэння за свайго дурнаватага выхаванца. Ката ў Замку любяць, не тое што Анёлка-Галубочка, ды ў часе сняданкаў, полудняў і вячэраў аддаюць яму найлепшыя кавалкі.
Яшчэ адна выбітная постаць А-Гуру-Уок, ён жа Адэпт Невядомае Рэлігіі. Недасведчаныя могуць зблытаць яго здалёк з тым жа Анёлкам, бо А-Гуру-Уок таксама цягае хітон. Але ягоны хітон кіслотнапамаранчавага колеру, да таго ж абчапляны процьмаю бразготак, пацерак, ладанак, кракадзілавых зубоў ды іншых рытуальных прадметаў невядомага прызначэння.
А-Гуру-Уок сцвярджае, што дасягнуў нейкае невядомае Нірваны, хаця ўсе выдатна ведаюць, што ён ніколі не выходзіў за межы Замка. Крыху больш дасведчаныя ў невядомых рэлігіях звяртаюцца да яго з лагічнымі пытаннямі: чаму А-Гуру-Уок тым не менш тры разы на дзень выходзіць са сваёй Нірваны ды спускаецца есці разам з усімі? І чаму ён увечары ўдзельнічае ў агульных гутарках ля каміна, спрабуючы давесці жыхарам нейкія ісціны? А-Гуру-Уок на гэта крыўдзіцца, прапускае міма вушэй усе кпіны ды каторы раз пачынае распавядаць, як дайшоў да таго, што наважыўся адмовіцца ад шлюбу ды кахання. Са сваіх пакояў А-Гуру-Уок павыносіў усю мэблю, пафарбаваў сцены ў белы колер ды піша на іх штодзень розныя мантры ды іерогліфы. Аднойчы пранырлівыя лялькі Фата-Мантаны данеслі ўсім, што бачылі, як А-Гуру-Уок разам з Анёлкам сядзелі на белай падлозе ў ягоных апартаментах ды жлукцілі віно. А Кот нібыта сядзеў побач ды маўкліва пераконваў іх не піць багата.
У патаемным пакойчыку, які насамрэч ёсць папросту ўваходам у пятае вымярэнне, жыве Касіяпея. Яна злучае цяперашні час з мінулым і будучым, нікому, аднак, не раскрываючы, як менавіта яна гэта робіць. Усе мусяць верыць ёй на слова. З Касіяпеяй усе мусяць падтрымліваць добрыя стасункі, бо кожны ходзіць да яе на споведзь. Замкавыя насельнікі, праўда, называюць гэта не споведдзю, а псіхалагічнай кансультацыяй. Як толькі ў каго ўзнікаюць праблемы ў прыватным (ці грамадскім) жыцці, ён адразу імчыць у чырвоны, змрочны, ахутаны водарным туманам пакойчык Касіяпеі ды выкладае ўсё як ёсць. Касіяпея ж, у сваю чаргу, водзіць рукамі над празрыстым шарам ды дае цьмяныя парады, якія, як ні дзіўна, аказваюцца, урэшце, слушнымі. Адзін толькі Анёлак-Галубочак, пачуўшы, што мусіць «перадусім думаць, а потым лётаць», дадумаўся да таго, што ўскараскаўся на замкавую вежу ды так і паляцеў бы, каб не верны Кот. Жыхары Замка доўга рагаталі, згадваючы гэты выпадак увечары ля каміна, ажно пакуль Касіяпея не дарадзіла Трыстане, што «жыццё трэба перайсці як прорву па напятай вяроўцы», і Трыстана, будучы ў чарговай дэпрэсіі з нагоды нешчаслівага кахання, ужо нацягнула тую вяроўку па-над троннай залай.
Пасля гэтага з Касіяпеяй былі праведзеныя жорсткія выхаваўчыя гутаркі, і быў выдадзены зацверджаны агульным галасаваннем спіс дазволеных парадаў. Гаварылі тады, што Касіяпея наўмысна нагаварыла лухты, каб назаліць Трыстане, прыгожым валасам якой вельмі зайздросціла.
Сама ж Касіяпея выглядала даволі звычайна, не асляпляла прыгажосцю, але ж шторазу спускалася есці ў строях з розных эпохаў. То гэта было нешта сярэднявечнае, то егіпецкія строі (яны пасавалі ёй найбольш). А аднаго разу яна зявілася ў скураных нагавіцах ды каўбойскім капелюшы, цягнучы за сабою каня, які, дарэчы, адзіны тады павячэраў. Каня давялося пакінуць у Замку, бо пераправіць яго на Дзікі Захад Касіяпея не здолела. Конь, дарэчы, ні з кім і не пасябраваў ды так і згубіўся недзе ў замкавым лабірынце. Быў здарыўся і маленькі скандальчык, выкліканы зяўленнем Касіяпеі ў касцюме Евы.
З часава-прасторавымі маніпуляцыямі Касіяпеі таксама надараліся розныя казусы. Аднойчы ў выніку розных махінацыяў усю выспу адкінула ў плейстацэн, і над Замкам залуналі розныя археаптэрыксы, а Харон з непадробным здзіўленнем выцягнуў з вады трох трылабітаў. Гэта працягвалася нядоўга, да вялікага шкадавання Фата-Мантаны, якая марыла на ўласныя вочы пабачыць «жывых дыназаўрыкаў». А вось заява Касіяпеі пра тое, што яна выпадкова трапіла ў будучыню ды адсутнічала тысячу гадоў, але гэтага ніхто не заўважыў, выклікала багата плётак. Злыя языкі сцвярджалі, што ў яе пакойчыках папросту схаваная звычайная Машына Часу.
У замкавай вежы бавіць свае бясконцыя дні Мандрагора-Беладонна, якая займаецца пошукамі сэнсу жыцця. Яна толькі і робіць, што ляжыць ды адсочвае рух аблокаў, што праплываюць па-над вежай. Яшчэ, калі даць веры назіранням жыхароў, яна прачытала ўсе кніжкі з замкавае бібліятэкі, якая, між іншым, налічвае не адну тысячу тамоў. Натуральна, раз-пораз Беладонне надакучвае гэтае бесперапыннае лайдацтва, таму яна спускаецца з вежы ды блукае па Замку, распытваючы сустрэтых: «Ці не бачылі вы тут Сэнсу Жыцця?» На іхныя просьбы растлумачыць, як выглядае гэты сэнс, яна толькі ўздыхае ды пераводзіць размову на іншыя тэмы. Дарэчы, вечаровыя аповеды Беладонны найбольш цікавыя, толькі вось А-Гуру-Уок заўжды перапыняе яе ды сцвярджае, што ён пра гэта ўжо недзе чытаў.
Яшчэ Беладонна вельмі любіць глядзецца ў люстэркі ды мае спадзеў аднойчы даведацца, што менавіта адбываецца па той бок амальгамы ў час, калі ў люстра ніхто не глядзіць. Да таго ж Беладонна неяк няўзнак пасябравала з Трыстанай, і яны ўдзвюх раз-пораз сядзяць у вежы ды вядуць розныя бясконцыя гутаркі. Праз гэтае сяброўства Беладонна пасварылася з некаторымі жыхарамі Замка: надавала поўхаў Анёлку-Галубочку, калі той пачаў заляцацца да Трыстаны. І што здзівіла ўсіх тое, што нават Кот, здаецца, ухваліў гэтае пакаранне. Анёлак-Галубочак неўзабаве забыўся на крыўду, а вось Касіяпея, якую Беладонна адцягала за валасы пасля выпадку з напятай вяроўкай, стала яе маўклівым ворагам. Дарэчы, менавіта Беладонна ўдзельнічала ў складанні спісу дазволеных прароцтваў і да таго ж была сакратаром паседжання.
А яшчэ аднаго разу замкавае насельніцтва стала выпадковым сведкам сваркі паміж Беладоннай ды Харонам. Яны нешта гучна даводзілі адно аднаму, пасля чаго Беладонна сышла, бразнуўшы ўсімі дзвярыма, што трапіліся па дарозе (а іх трапілася больш за дваццаць) ды ўласнаручна кіравала чоўнам цэлыя тры дні, а Харон замкнуўся ў яе вежы ды адмовіўся хоць нешта патлумачыць цікаўным.
Праз тры дні ўсе вярнуліся на свае месцы, але з якое нагоды сварыліся Харон з Беладоннаю, дагэтуль нікому невядома.
У Замку жыве таксама Паэт, які за ўсё жыццё не напісаў ніводнага верша, бо ў яго няспынны творчы крызіс. Скаргамі на свой творчы крызіс ён штодня псуе настрой жыхарам Замка, таму яны раз-пораз бяруцца ўгаворваць былую Паэтаву жонку, Музу, каб тая вярнулася да кінутага мужа. Але безвынікова, бо ў Музы свой погляд на творчасць. Яна ўпэўнена сцвярджае: «Гэта ж усё дзеля яго! Я ягонай творчасці толькі спрыяю! Бо ў Паэта выбар небагаты: або крызіс у прыватным жыцці, або творчы крызіс!» Таму ўсе замкавыя месцічы чакаюцьчакаюць вершаў ад Паэта, але ніяк не дачакаюцца.
Жыве там і Кароль у Выгнанні, які мае звычку губляць сваю карону ў самых нечаканых месцах. То Акварыус урачыста выцягне яе з рондаля падчас вячэры; то Беладонна, грэбліва трымаючы карону двума пальчыкамі, вынясе яе ў тронную залу; сцягваюць карону з галавы Анёлка-Галубочка; а то Касіяпея спусціцца ў кароне да сняданку, сцвярджаючы, што знайшла яе трыста гадоў таму на нейкім сметніку, то лялькі моўчкі прынясуць карону з сутарэнняў І калі аднойчы багор Харона за нешта зачапіўся, ніхто не меў сумневаў, што зараз зявіцца карона Караля ў Выгнанні. А сам Кароль ні з кім не размаўляў: напэўна, так паўплывала на яго выгнанне.