Жыве там і Кароль у Выгнанні, які мае звычку губляць сваю карону ў самых нечаканых месцах. То Акварыус урачыста выцягне яе з рондаля падчас вячэры; то Беладонна, грэбліва трымаючы карону двума пальчыкамі, вынясе яе ў тронную залу; сцягваюць карону з галавы Анёлка-Галубочка; а то Касіяпея спусціцца ў кароне да сняданку, сцвярджаючы, што знайшла яе трыста гадоў таму на нейкім сметніку, то лялькі моўчкі прынясуць карону з сутарэнняў І калі аднойчы багор Харона за нешта зачапіўся, ніхто не меў сумневаў, што зараз зявіцца карона Караля ў Выгнанні. А сам Кароль ні з кім не размаўляў: напэўна, так паўплывала на яго выгнанне.
Жыхароў у Замку была плойма: браты-блізняты Белы ды Чорны, якія заўсёды ўсё рабілі аднолькава і нават прамаўлялі адначасова і тое самае, але адзін з іх быў добры, а другі кепскі; быў Адважны Змагар, які няспынна змагаўся за свае неадемныя правы бачыць, чуць, дыхаць, есці ды бесперашкодна бадзяцца па Замку; была Дзяўчынка з Мячыкам, якую доўгі час уважалі за адну з лялек Фата-Мантаны, бо яна ўвесь час маўчала ды ні на што не рэагавала, толькі стукала мячыкам аб падлогу. У парадку эксперыменту ў яе адабралі мячык, але яна пачала нервавацца ды матляць рукамі; тады ёй пад рукі паставілі піяніна, і яна пачала на ім граць, прычым выдатна і няспынна. Заінтрыгаваныя жыхары Замка спрабавалі даваць ёй у рукі розныя музычныя інструменты, і аказалася, што Дзяўчынка можа граць абсалютна на ўсім. Таму яе пасадзілі за раяль ды так разам з раялем і адправілі ў далёкія замкавыя пакоі, выцягваючы на вялікія святы, калі была патрэба ў музычным аздабленні.
З маімі героямі мусілі здарацца розныя цікавыя казачныя прыгоды.
Напрыклад, аднойчы яны ўсім кагалам, прыхапіўшы нават Харона, выправіліся прагуляцца ў замкавым Лабірынце, дзе дагэтуль ніколі не былі, ды заблукалі тамака. Дзякуй Лёсу, у Лабірынце была цудоўная акустыка, таму яны выдатна чулі адно аднаго. Але лабірынтавая акустыка мела адну ўласцівасць: галасы блыталіся і падмяняліся. Вось стаіць Трыстана, упэўненая, што чуе голас Акварыуса, а гэта насамрэч прамаўляе Касіяпея. І Анёлак-Галубочак увёў усіх у зман, бо ўсе здзівіліся, з якой радасці Харон пачаў спяваць песенькі. І агульная радасць за Паэта, які нарэшце пачаў пісаць вершы, таксама аказалася маною: гэта проста А-Гуру-Уок голасна прамаўляў свае мантры.
Лабірынт, аказваецца, паставіў перад імі задачу: слухаць не голас, а словы. І тры дні жыхары Замка наноў знаёміліся міжсобку, вучыліся прамаўляць не бязглуздзіцу, а слушныя рэчы ды крытыкаваць прапанову, а не асобу. А праз тры дні яны, прыдбаўшы каштоўны досвед, выйшлі з лабірынту без аніякіх перашкодаў, зяднаныя Сапраўднай Вялікай Прыгодай.
А аднойчы, з падачы Беладонны, было дамоўлена называць усе рэчы сваімі імёнамі. Яны ўвечары паселі ў троннай зале, як зазвычай, запаліўшы камін. Урачыстае слова ўзяў Акварыус.
Шаноўныя Каралеўны ды Каралі, вядзьмаркі, ведзьмакі, анёлы ды іншая набрыдзь! Пачынаючы ад гэтага моманту, мы ўсе рэчы ды зявы называем сваімі імёнамі! Калі мы ўрэшце адважымся на гэта, нашае жыццё набудзе іншы сэнс ды зменіцца да лепшага! На правах першага прамоўцы маю менаваць першы! З гэтага моманту і назаўжды я называю той трон, на якім стаю, імем Акварыуса!
Што тут усчалося! Кожны спяшаўся як мага больш прадметаў назваць сваім імем. У суцэльным гармідары ды мітусні можна было разабраць асобныя рэплікі:
Гэтую шафу клічуць Беладонна! Гэтае крэсла Касіяпея, і гэтае крэсла Касіяпея, і гэтае таксама Касіяпея! Падлога гэта Паэт! Сцены гэта Паэт! Вокны гэта Паэт! Святло ў вокнах гэта Паэт! Тры троны з левага боку Кароль у Выгнанні!
Трыстана хуценька пабегла па калідорах, тыцкаючы пальчыкам ува ўсе партрэты, ды мармычучы:
Трыстана! Трыстана! Трыстана!
Харон абняў свой багор ды рашуча прамовіў:
Харон!
Але найвялікшае здзіўленне выклікаў Анёлак-Галубочак. Ён ускараскаўся на камін, падаецца, упершыню ў жыцці ўзмахнуўшы крыламі, ды залямантаваў:
Цішэй! Цішэй! Ціха, я вам кажу! Слухайце мяне! Ну!
І ў нетрывалай цішыні ўрачыста вымавіў:
Называю гэты камін імем Ката!
І ўсе запляскалі Анёлку, а ягоны маўклівы ВусатыПаласаты таварыш маўкліва аддзячыў яму позіркам.
Называю гэты камін імем Ката!
І ўсе запляскалі Анёлку, а ягоны маўклівы ВусатыПаласаты таварыш маўкліва аддзячыў яму позіркам.
А ў адзін цудоўны дзень замкавым жыхарам собіла садзіць сад. Бо Беладонна недзе вычытала, што кожны чалавек у сваім жыцці мусіць пасадзіць дрэва. І пэўная частка неабсяжных замкавых прастораў была адведзеная пад Зімовы Сад. І праўда, як толькі ўсе дрэвы былі пасаджаныя, адразу аднекуль з-пад празрыстае столі пасыпаў буйны снег, які надаваў Саду надзвычайную прыгажосць ды ўрачыстасць.
Якіх толькі дрэў там ні было! Кожны садзіў тое, на што была багатая ягоная фантазія. Былі там і пальмачкі, і стогадовыя дубы, і навагоднія елкі з агеньчыкамі, і Грашовае Дрэва з Краіны Дурняў, бярозы ды сосны, і кусты бузіны з прыкручанай да іх шыльдачкай «А ў Кіеве дзядзька», а браты-блізняты Белы ды Чорны ўвогуле вырасцілі Дрэва Спазнання Дабра і Зла, і Фата-Мантана адразу ж абкруціла яго галіны лялечнай змяёй. Змяя ў тую ж хвілю ажыла ды пачала гандаль яблыкамі.
З маімі героямі мусіла здарыцца яшчэ багата гісторыяў, бо ў Замку была процьма таямнічых мясцін. Але галоўным іхным заняткам былі штовечаровыя размовы. Як я ўжо казала, штовечар яны збіраліся ў троннай зале. Гэта была такая вялізарная зала, куды былі сцягнутыя ўсе троны, што былі ў Замку, агульным лікам сем штук. Хто і навошта іх туды сцягнуў невядома. Яшчэ ў троннай зале быў камін памерам з добрую браму, які замкаўцы штовечар распальвалі. Святла ды цяпла было досыць усім.
Насельнікі замку сядалі ў кола на падлозе (ну, натуральна, не на голую падлогу, у іх былі розныя дываны) ды вялі філасафічныя гутаркі, на якіх абмяркоўвалі глабальныя пытанні жыцця.
Фата-Мантана запэўнівала ўсіх, што яе лялькі жывыя, бо ім уласцівыя ўсе чалавечыя якасці. І ніхто не мог давесці ёй адваротнае бракавала аргументаў.
Трыстана пераконвала народ, што ўсе яе нешчаслівыя каханні маюць права на існаванне, бо яе пачуцці да ўяўных каханкаў самыя сапраўдныя. А народ пераконваў Трыстану, што яе пачуцці, хоць і сапраўдныя, але марныя.
На абарону Трыстаны заўсёды падымалася Беладонна, і размова адразу пераходзіла ў рэчышча вызначэння паняткаў «каханне» ды «сэнс». «Ці можа быць сэнс без кахання альбо каханне без сэнсу?»
Акварыус спрабаваў навучыць замкаўцаў слухаць ды разумець музыку і даводзіў, што ежа не ёсць сэнсам жыцця.
Касіяпея пачынала ўсе прамовы аднолькава: «Што такое імгненне ў параўнанні з Вечнасцю? Тое самае!», а потым пераводзіла на тое, што кожны мусіць прайсці курс псіхааналітычных сеансаў.
А-Гуру-Уок, грукаючы сваімі бразготкамі, казаў, што ён усё спазнаў ды заклікаў усіх увайсці ў Нірвану.
Частка вечара абавязкова ахвяроўвалася на затыканне рота Анёлку, які пачынаў спяваць песенькі, а той вырываўся, бегаў па ўсёй зале ды крычаў:
Пакіньце ў спакоі шчаслівага чалавека!
Паэт увесь час скардзіўся на творчы крызіс, прасіў падказаць яму сюжэты, зачытваў першыя радкі няствораных вершаў ды тужліва пазіраў у бок Музы. А тая толькі крывілася ды паўтарала: «Або крызіс у прыватным жыцці, або творчы крызіс!»
Кароль у Выгнанні моўчкі кружляў па зале ды ўрэшце выцягваў з-пад каго-небудзь сваю згубленую карону.
Браты-Блізняты Белы ды Чорны казалі ва ўнісон:
«Нашым жыццём кіруе лёс, і нікуды ад яго не падзецца. А ўсё, што мы ствараем гэта мана, ілюзія, эфемерыды. І каханне мана, і дабро мана, а зло яго ўвогуле няма. А кожны з нас насамрэч не ён, а хто увогуле невядома». І Белага заўжды ўхвалялі, казалі: «Як слушна! Які ён прадбачлівы!», затое Чорнага заўсёды дакаралі:
«Які песіміст! Усё зганіў, нічога святога для яго няма!» Адважны Змагар ускокваў ды крычаў: «Я маю права!» і доўга пералічваў, на што менавіта ён мае права. Вынікала, што ўвогуле на ўсё.
А Дзяўчынка з Мячыкам, выцягнутая на святло, грала нешта эпахальнае або на раялі, або на кантрабасе, а то і ўвогуле на барабанах Акварыуса, і, што цікава, заўжды трапляла ў агульны настрой.
Такая ў іх была ідылія.
Але мае героі самі ўсё сапсавалі яшчэ да таго, як я паспела перанесці іх на паперу. У творы, дзе сціжма персанажаў, героі рана або позна пачынаюць жыць сваім жыццём, і аўтар нічога не можа з імі зрабіць. Персанажы самі вырашаюць, як ім паводзіць сябе, а ў тым выпадку, калі аўтар паспрабуе напісаць нешта іншае, героі жорстка яму адпомсцяць. Яны скажуць аднагалосна: