Неспадзеўка пачалася на золку наступнага дня. Пабуджаныя нечаканай цішынёй, жыхары блізкіх дамоў наўздзіў пачулі ў сваіх пакоях свежы водар ракі. Катлаван быў амаль на палову запоўнены вадой, у якой адбіваліся халаднаватыя цені аблокаў. Вады было дастаткова, каб восеньскі ветрык утвараў на яе серабрыстай паверхні лёгкі зыб. Праз некалькі дзён вады ў копанцы пабольшала, і разгубленыя будаўнікі, адклаўшы на час свае чарцяжы ды праекты, паглыбіліся ў вывучэнне старой мапы, што замовілі са сховішчаў блізкага ад месца здарэння архіва. Рэчышча старой ракі, як сведчыла мапа, праходзіла на значнай адлегласці ад будоўлі, але ж крыніцы ўсё яшчэ бруіліся глыбока пад зямлёй, жывіліся нябачнымі токамі. З вышыні птушынага лёту квартал гэтай часткі горада амаль супадаў з выявай на старой архіўнай мапе. Паабапал ручва высахлай ракі раслі магутныя вязы, купіны буйной расліннасці прыходзілся на крынічныя мясціны, зрэзаныя пагоркі ўсё адно цягнулі ўгору cтаптаныя макаўкі.
З якога такога арэшка струменіла нябачная вада, але ж гіганцкія помпы не здолелі даць ёй рады. Хіба што, счакаўшы, калі ўзровень вады трохі памяншаўся, натурыстыя далакопы коштам вялікіх намаганняў утыркнулі-такі на дно бетонныя палі і сталі чакаць маразоў.
Лістапад выдаўся сцюдзёны ды празрысты, як шкло. Пахукаць запацее, упусціць расколецца на шмат вострых аскепкаў. Маразы надышлі, не раўнуючы, калядныя. Ваду ў катлаване скаваў да самага дна свежы лёд. Цяпер карціна будоўлі выглядала надзвычай фантасмагарычна. Пасярод роўнай, амаль шкляной паверхні, тарчалі самотныя шэрыя палі, бы калоны ад храма даўняй антычнай эпохі. На колькі дзён, пакуль падвозілі матэрыялы, мясцовыя дзеці акупавалі гэтае нязвыклае месца для гульні на каньках у даганялкі і хованкі на лёдзе паміж «калонамі».
З дапамогай расшыральнага бетону ўрэшце замацавалі пляцоўку, і далей справа пайшла надзвычай хутка. Ужо да сярэдзіны наступнай восені на той самай пустцы ўзвышаўся над дахамі шэрых дамкоў стромкі белы хмарачос на адзін падезд, падобны адначасова на вежу і чымсьці на карабель, гатовы вось-вось скрануцца ды рушыць у самотнае плаванне.
* * *Соня падязджала глядзець на сваё новае жытло, яшчэ калі ў доме ішлі абліцовачныя работы. Пад нагамі шкамуцела будаўнічае смецце. Свежы пыл зацярушыў навюткае шкло квадратовых вокнаў; пакрыў шэранню каляровы глянец кафлі. Карцела падняцца на свой паверх, зазірнуць у кватэру, а то і пастаяць на гаўбцы, паўглядацца ў краявіды. Так агоркла ўжо тулянне па інтэрнацкіх заканурках за пяцігоддзе жыцця ў сталіцы. Усяленне ў новы дом планавалася на вясну наступнага года. У гэтым быў пэўны знак. Вясна распачынала новы парадак, і ў Сонінай галаве складаўся новы расклад на жыццё. Хацелася б усё пачаць ад чыстага аркуша, адпрэчыцца ад уласных забабонаў, старых дачыненняў. Яна прагла адчуць сябе вольнай ад сваяцкіх надакучлівых умяшальніцтаў ва ўласнае жыццё, дакорлівых поглядаў бабкі Ядзі, адчужанасці старэйшай сястры. Калісьці вялікая іх сямя цяпер здрабнела ды патроху расцярушылася па свеце. Бацькі ўжо не жылі, і Соня сапраўды адчувала сябе засохлым карэньчыкам, ну хоць бы і шыпшыны, але ж жухлай, змарнелай, без цвету і водару. Баба Ядзя жыла непадалёк ад Менску, але бачыліся яны гады ў рады без імпэту і асаблівай цеплыні. Чаму? Часам Соні здавалася, што бабка мелася штосьці паведаць ёй, вачыма клікала бліжэй да сябе ды, здаецца, з гадамі губляла і розум, і памяць. У рэдкія апошнімі гадамі сустрэчы пыталася пра неістотныя для Соні рэчы, змаўкала ці-то спявала паціху нешта пра далёкую рэчку Дунай. Таму ў Заслаўе Соня ездзіла ўсё радзей і радзей.
Якая яна была, тая Соня? Няпэўныя рысы, размытае ўражанне. Яе ўнутранае жыццё, думкі неяк не супадалі з тварам, унікалі яго. Адбывалася разыходжанне, збівалася рэзкасць, губляўся фокус. Нібы яна і тут, а праявіць сябе, заявіць сваю прысутнасць не ў стане. Ходзяць дзве такія Соні на паўкроку адна ад адной. Усё мусіла перамяніцца з пераездам у новае жытло! Жыццё нанова! Трэба было павыкідваць з галавы замшэлыя, слізкія камяні сумненняў, як бы вызваліць на волю з запруды хуткую плынь, павымятаць павуту сваіх ды чужых жахаў. Вызваліць душу для чагосьці сапраўды вартага.
Дом сустрэў першых жыхароў амаль у поўным маўчанні. Дзверы не рыпелі і не ляпалі, вецер загразнуў недзе звонку, не галосячы звыкла ў трубах. Адно гучна крапала недзе вада, быццам з незакручанага як след крана. Першыя ж гукі галасоў, што вымаўляліся пад час неабходнага знаёмства суседзяў на лесвічных пралётах, прагучалі як бы знутры якой студні голасна, вільготна, з ледзь чутным водгуллем рэха. Соня была рада прычыніць за сабой дзверы ўласнай кватэры, бы адрэзаць кавалак таго густога калідорнага паветра, у якім як у ваце патанулі галасы будучых суседзяў па пляцоўцы.
Дом сустрэў першых жыхароў амаль у поўным маўчанні. Дзверы не рыпелі і не ляпалі, вецер загразнуў недзе звонку, не галосячы звыкла ў трубах. Адно гучна крапала недзе вада, быццам з незакручанага як след крана. Першыя ж гукі галасоў, што вымаўляліся пад час неабходнага знаёмства суседзяў на лесвічных пралётах, прагучалі як бы знутры якой студні голасна, вільготна, з ледзь чутным водгуллем рэха. Соня была рада прычыніць за сабой дзверы ўласнай кватэры, бы адрэзаць кавалак таго густога калідорнага паветра, у якім як у ваце патанулі галасы будучых суседзяў па пляцоўцы.
Шпалеры для свайго пакоя Соня выбрала белыябелыя. Калі ўжо з новага аркуша, дык з самага чыстага! Хопіць азірацца. Тут у высотным доме так вабіць далячынь, якая праглядаецца ва ўсіх трох вокнах яе кватэры, яе хуткаснага лайнера пасярод аблокаў! Далей ад свайго мінулага жыцця, прэч насамрэч! І чым хутчэй, тым лепей. Каб заквітнець буйным цветам, трэба пусціць новыя карані, не шкадаваць вады, каб не перасохлі, адшчапіць змарнелыя старыя, каб новая кроў пацякла праз новыя пуцявіны.
Першая ж ноч на новым месцы прынесла Соні незвычайны спакой. Так глыбока і соладка яна не спала з маленства. Кладучыся, не забылася загадаць старое, з бабчынага: «На новым месцы хай прысніцца жаніх нявесце!» Прысніўся чыйсьці голас, але праз плюскатанне вады было не разабраць слоў. Пасля, прачнуўшыся, Соня вывудзіла з памяці пра сон яшчэ адзін пошум, які замінаў пачуць словы. Так калісьці шамацеў чарот, калі яе бацька рассоўваў вёсламі сухое сцябло, прабіраючыся да берагу скрозь густы зараснік. А яна, Соня, крышыла пальцамі варсістую рудую галоўку чарота, здзьмухваючы пасля з каленяў мяккі паветраны пух.
Апоўдні яна ўжо не згадвала пра голас, занятая ўладкаваннем свайго новага жыцця. Рэчаў было няшмат, ламачча і рыззё засталіся па старым адрасе. Усё з нуля, усё з чыстага аркуша! Адмовілася нават ад альбома са старымі фотаздымкамі. Тых людзей ужо даўно няма ў яе жыцці, унівеч абярнулася і памяць пра іх. Пакінула адно картку з бацькамі і немаўлём на руцэ. Не ведала толькі яе ці сястру, укручанаю ў коўдру, трымае на здымку маці. Міжволі падумалася пра тое, што маці трымае не проста скрутак з дзіцём, а лёс, які хтосьці ўклаў ёй у рукі. Прычым лёс пэўнага чалавека. Бо калі гэта сястра, дык гэта адзін лёс, а калі гэта Соня дык зусім іншы.
Увечары, на пустой яшчэ кухні, Соня згатавала сабе зялёную гарбату. Пакуль тая настойвалася ў празрыстым цыліндрычным імбрыку, яе так моцна пацягнула на сон, што Соня разам з танцуючымі ў кіпені пялёсткамі язміну павольна апусціла голаў на рукі і правалілася кудысьці долу. Сон быў працягненнем явы, адно што свет гарбаты памяняўся нейкім чынам месцам са светам, у якім яна была дагэтуль.
Жыццё, якое віравала ўнутры, патанала і нараджалася кожную хвіліну нанова. Бурштынавыя ясвінкі святла праціналі тут і там густую слаістую прастору ды высвечвалі абрысы доўгіх цёмных сцяблінаў, што цягнуліся ўгору, падобныя на ножкі рачных жоўтых гарлачыкаў. Яны павольна разгойдваліся, калышучы зверху тое, што ў нас завецца небам. Нябачная апона затуляла гэты безбярэжны свет, кладучыся ценем на здзіўлены Сонін твар. Ізноў яе наведаў незвычайны спакой, нібы яна завітала ў госці да нейкага вельмі надзейнага сябра, які з гатоўнасцю прыняў на сябе ўсе яе турботы. «тут, на том свеце, цяпер і заўжды» шаптаў побач чыйсьці голас, поўны пяшчоты і спагады.
Апрытомнела Соня ад прыступу блізкіх ванітаў, бы яе хто кульнуў зверху ўгару нагамі ды напхаў поўны рот нейкай вострай драбязы, якая да таго ж яшчэ смярдзела пахам потных далоняў, што з квадранец часу шоргалі па парэнчах электрацягніка. Рот распірала, душыў металёвы пах, ваніты падбіраліся вышэй, і ўрэшце-ткі Соніна нутро скаланулася ды выпхнула з сябе ўсю непатрэбшчыну, пасля чаго, і праўда, ёй стала адразу вельмі лёгка. Збіраючы з падлогі, Соня прыгадала, што раней, па прыездзе ў кватэру, першае, што мусіла зрабіць, сабраць у куце ды зліць у вадасцёк нейкую тваністую куламесу, бы рэшту засохлай ціны і водарасцяў, абцягнутых ледзь прыкметнаю плеўкаю. Скуль тое ўзялося ў новым доме, Соня даўмецца не магла. Хіба што будаўнікі прыцягнулі адкульсці на сваіх ботах, калі па нейкай там патрэбе прашкандыбалі па навюткім блішчастым паркеце яе пакоя.
Вясна ўсталявалася позняя, чым далей, тым больш мокрая: спачатку доўга таяў снег, пасля над горадам навіслі амаль нерухомыя, набрынялыя вільгаццю воблакі-цэпеліны, з якіх амаль без перастанку церусіў не па-вясноваму занудлівы дожджык. Паветра пахла нябеснай вадой упярэмешку з духам вільготнай зямлі. Вяртаючыся з працы, Соня найперш зачыняла фортку, з якой цягнула вільгаццю, але шчодры пах вады не знікаў з кватэры і праз усю ноч.