А лета было змарнаванае.
І гэтае лета, маё цудоўнае лета, таксама пагражае ператварыцца ў чаканне.
Калі я памру, на тым свеце я сустрэну чалавека, які вынайшаў тэлефон, ды выкажу яму набалелае.
Рэч у тым, што я баюся тэлефонаў. Два дні таму, калі адбыўся гэты лёсавырашальны і летавызначальны званок, мая тэлефонафобія квітнела ды буяла ўсімі колерамі вясёлкі. Тэлефон абудзіў мяне ўранні і пасля так і званіў з кароткімі перапынкамі. Тэлефон, ха! два тэлефоны, і было вельмі кранальна, калі яны пілікалі адначасова. Мае бацькі былі на лецішчы і лічылі сваім абавязкам штогадзінна цікавіцца маім здароўем, даючы каштоўныя парады наконт гатавання макаронаў. А калі мае бацькі зязджаюць на лецішча, яны адразу становяцца патрэбнымі процьме народу. І брат з сястрою таксама. А яшчэ мне тэлефанавалі з працы дахаты гэта ж жах, гэта ж парушэнне маёй чалавечай недатыкальнасці! А яшчэ тэлефанавалі асабіста мне розныя хлопчыкі, якія клікалі мяне на рэчку ці проста пагуляць. Ну, у крайнім выпадку, проста са мной паразмаўляць калі ўжо на рэчку мне «халодна», а пагуляць «не хочацца». О, божа, жах! Пачуўшы піліканне, я пачынала голасна лаяцца ды бегла, перакульваючы зэдлікі, да тэлефона, які папярэдне кінула невядома дзе.
І вось я пабегла чарговы раз, гатовая кінуць слухаўку, калі гэта будзе нехта з тых, хто ўжо званіў сёння.
Алё!
Піўлюм-піўлюм ага, міжгорад, гэта Іра, дзякуй богу.
Алё!
Дзень добры. Ці можна Жэню?
Так, мужчынскі голас. Я падумала, што гэта Вася, Ірчын бойфрэнд, і мелася ўжо адказаць: «Вася, ты? Ну што ты там з Ірай ужо зрабіў?» Дарэмна я так не зрабіла, трэ было
Так! Я слухаю! жорсткім голасам знерваванае сакратаркі.
Жэня? Здароў, гэта Сева.
Сева? Сева Ну нішто сабе Се-е-е-ева Ну-ну. Вось гэта навіна. Вось гэта ДЗІВА, я вам скажу! Рэч у тым, што Сева пакутаваў на такую самую тэлефонафобію, як і я, і ніколі нікому не тэлефанаваў. (Я сама, дарэчы, вельмі рэдка тэлефаную, і праз гэта пасварылася ўжо з некаторымі імпульсіўнымі асобамі.) А каб Сева сам патэлефанаваў, ды яшчэ каму мне! а мне ён апрыёры не мог тэлефанаваць, такія ўжо ў нас былі з ім стасункі. Дарэчы, ніякіх не было, мы і не тэлефанавалі адно адному, каб ні ў кога не ўзнікла пэўнасці, што нейкія стасункі ёсць.
І вось ён мне тэлефануе. Ха. Ля-ля-ля, як жывеш, выдатна, а я вось еду ў Чэхію на два тыдні (не я ён), а як там нашы агульныя знаёмыя, так вось і так, зусім зваряцелі, мабыць, той а тая ажэняцца, уаў, як цікава, дык хоць запрасіце мяне (гэтым разам МЯНЕ) на вяселле, а то ўвогуле зрабіліся нахабнымі, на мяне зусім забыліся, ды не, не трэба ніякага вяселля, лепш прыязджай проста так, піва папем, дык ты ж зязджаеш у Чэхію, а ты што, пасля не зможаш, натуральна, змагу, патэлефануй, як вернешся, не пытанне, патэлефаную, ну бывай, пакуль.
Вось і ўсё.
Дзве хвіліны, якія паставілі пад пагрозу маё лета. Цяпер я два тыдні чакаю вяртання яго з Чэхіі, пасля тыдзень чакаю абяцанага тэлефанавання з запрашэннем, пасля яшчэ адзін тыдзень пойдзе на ўцямліванне таго, што ён не патэлефануе, яшчэ тыдзень на марныя, усвядомлена марныя, а ад таго больш самотныя спадзяванні. Ну вось і лета скончылася.
Колькі дзён таму я нічога не чакала. Я меркавала ўлетку адпачываць, чытаючы кніжкі, ды млець ад уласнае самазадаволенасці, выходзячы раз-пораз у крыжовыя паходы па рэстарацыях у кампаніі не скажу каго (я яшчэ пяць гадоў таму зразумела, што ад гэтага «нескажу-каго» я ніколі нічога не дачакаюся).
І што? Гіне маё лета, гіне на вачах!
Чаканне Гэта жах. Гэта пекла. Гэта найнепрыемнейшы з усіх маіх станаў. Я ўвесь час імкнуся яго пазбыцца.
Як высвятляецца, не толькі я. Аднойчы на першым курсе, у Менску, мы з адным хлопчыкам пасля шматгадзіннага бадзяння па горадзе, апусціліся, стомленыя, на лаўку пад падездам, дзе мусілі дачакацца нейкага чалавека, у якога хацелі танна набыць касеты. Нам паведамілі, што ён зявіцца «неўзабаве», то бок невядома калі.
І вось мой сябар, хлопец з дзіўным лёсам, які па жыцці дачакаўся зусім не таго, на што разлічваў, нечакана злосна вымавіў:
Чаканне, чаканне Ненавіджу! Усё жыццё чакаеш невядома чаго!
Я, збянтэжаная, змоўкла і не знайшлася, што адказаць: настолькі ягоныя думкі супалі з маімі. У маім, тады яшчэ не такім працяглым жыцці, таксама быў досвед чакання, ды яшчэ якога! Яго апафеозам стаўся травеньскі дзень. Тады мусіў прыехаць у Гомель з Варшавы праз Менск адзін чалавек. Але я не ведала, калі дакладна. І я патэлефанавала ў даведку ды спытала, калі прыходзяць менскія цягнікі. У мяне пацікавіліся: «Уранні, удзень ці ўвечары?» Я ўздыхнула ды адказала:
І вось мой сябар, хлопец з дзіўным лёсам, які па жыцці дачакаўся зусім не таго, на што разлічваў, нечакана злосна вымавіў:
Чаканне, чаканне Ненавіджу! Усё жыццё чакаеш невядома чаго!
Я, збянтэжаная, змоўкла і не знайшлася, што адказаць: настолькі ягоныя думкі супалі з маімі. У маім, тады яшчэ не такім працяглым жыцці, таксама быў досвед чакання, ды яшчэ якога! Яго апафеозам стаўся травеньскі дзень. Тады мусіў прыехаць у Гомель з Варшавы праз Менск адзін чалавек. Але я не ведала, калі дакладна. І я патэлефанавала ў даведку ды спытала, калі прыходзяць менскія цягнікі. У мяне пацікавіліся: «Уранні, удзень ці ўвечары?» Я ўздыхнула ды адказала:
Уранні, удзень і ўвечары.
Няма патрэбы тлумачыць, што я прасядзела на вакзале ўвесь дзень з раніцы да вечара. І нікога не сустрэла ён вырашыў затрымацца ў Менску.
«Так банальна, вакзальна цішэла, сціхала вясна».
У той дзень я зараклася нікога ніколі больш не чакаць. Але ведаю я адну варону, якая таксама заракалася
Колькі я сябе памятаю, я заўжды нечага чакала. Спачатку я чакала, пакуль мяне забяруць з дзіцячага садка, які выклікаў у мяне агіду ды нянавісць. Не памятаю ніводнага дня, калі б мне там падабалася. Цяпер я разумею, што нашы пачуцці не мяняюцца на працягу ўсяго жыцця, і ў сталым веку чалавек усё адчувае гэтаксама як у дзяцінстве. Я выразна памятаю сваю пагарду і да брудных саплівых дзяцей, і да выхавальніц, якія няправільна вымаўлялі словы і непрыгожа сябе паводзілі. Выдатна памятаю, як мне было самотна ў дзіцячым садку нашмат больш, чымся цяпер.
А аднойчы я была настолькі абражаная, што зусім перастала ставіцца да іх з павагаю. Дома я была прывучаная есці акуратна і няспешна, з відэльцам, нажом (!) ды сурвэткамі; да таго ж, мяне ніхто ніколі не прымушаў есці тое, што мне не падабаецца. А не падабаўся мне боршч, якога мне аднойчы ў яслях налілі поўную талерку, да таго ж вельмі гарачага. Я адважна спрабавала яго адолець, а ўсе іншыя дзеці ўжо былі пакладзеныя спаць. І вось, у звязку з тым, што «яна тут яшчэ доўга корпацца будзе», нянечка, якая хацела хутчэй перамыць усе талеркі, узяла мае макароны ды зваліла іх у мой боршч. Дагэтуль памятаю, як гэта выглядала: тоўстыя такія макароны, з мясам. Дзіўлюся, як яна мне кампот туды ж не выліла. Я паклала лыжку на стол і да талеркі больш не дакранулася. У мяне дагэтуль ёсць жаданне сустрэць гэтую свінню-нянечку ды выкупаць у вялізным рондлі з гарачым баршчом.
Спачатку з дзіцячага садка мяне забірала бабуля. Яна садзіла мяне на гэтыя рознакаляровыя шафікі, каб апрануць напэўна, я тады была вельмі маленькая.
Пасля мы пераехалі, і маё чаканне набыло проста фантастычныя маштабы. Забіраць мяне мог толькі бацька, а ён працаваў ледзь не да ночы. У групе заставаліся чалавекі два-тры. Я ўжо, не саромеючыся, кідалася да маладога, прыгожага міліцыянта ў шынялі гэта мой тата! Ён тады працаваў начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх і раз-пораз браў мяне на працу. Таму цяпер я маю падставы сцвярджаць, што вялікую частку свайго дзяцінства я правяла ў аддзяленні міліцыі, дзе, між іншым, нават удзельнічала ў следчых эксперыментах: колькі дзіцячая рука можа ўзяць манетак са сподачку? Ці здолее дзіця націснуць на спуск самаробнага пісталета? І гэтак далей.
Потым я вельмі чакала, калі ж у мяне нарэшце народзіцца брацік. Я чамусьці ведала, што гэта будзе менавіта брацік.
І вось ён нарадзіўся, і я ўжо чакаю, калі ён перастане есці ды спаць і пачне бегаць ды размаўляць. Потым давялося чакаць, калі ён перастане псаваць мае рэчы ды змушаць мяне гуляць у кубікі.
З сястрычкаю было тое самае, толькі я ўжо ведала, чаго чакаць ад яе. Да таго ж, на момант яе зяўлення ў мяне ўжо была процьма іншых нагод для чакання.
Я вучылася ў школе і на доўгіх уроках чакала кароткіх перапынкаў не толькі я, усе дзеці нашай ды іншых краінаў заўжды пакутуюць на гэты від чакання. Усе у незалежнасці ад таго, хто як вучыцца. Я, напрыклад, вучылася добра, але гэта нічога не змяняла. У любы момант мяне маглі выклікаць, выявіць маю недасведчанасць ды зганіць перад усім класам. Нават калі я ўсё ведала, я напружана чакала гэтага моманту выкліку. А калі мяне не мусілі выклікаць, мяне проста нудзіла. Колькі казак я тады прыдумляла сабе, седзячы за сваёй другой партай у першым шэрагу ад акна! Збольшага я глядзела ў акно. Калі мне рабілі заўвагу, я засяроджвалася на ўласных пазногцях ды марыла: добра было б, калі б зараз пада мною ўзнік белы прыгожы казачны конь з доўгаю грываю ды журботнымі вачыма, які зруйнаваў бы гэтую агідную парту ды павольна, цокаючы капытамі, вывез бы мяне прэч з гэтага класа. Ува ўсіх на вачах! Вось чым бавяцца дзеці замест таго, каб стоадсоткава засвойваць матэрыял.