Пакахай мяне, калі ласка (зборнік) - Коллектив авторов 9 стр.


А яшчэ я штогод чакала візіту маёй стрыечнай сястры, якая жыве ва Уладзівастоку. Яна прыязджала або з дзядзькам бацькавым братам, або з маці, зрэдчас яны прыязджалі разам. Не прыязджалі прыляталі, і мы заўжды ездзілі ў аэрапорт іх сустракаць. Чамусьці мы шторазу прыбывалі за некалькі гадзінаў да іхнага самалёту, і аэрапорт за гэтыя гадзіны чакання стаўся для мяне домам родным. Натуральна, што мне трэ было пасядзець на кожнай лаўцы, залезці ў кожны кут ды паглядзець з кожнага акна. Гэтае аэрапортнае чаканне можна нават назваць прыемным.

А было яшчэ іншае чаканне калі заставаліся лічаныя дні да прылёту Тані з дзядзькам Віталікам або цёткай Галяй. Тады я проста не ведала, куды сябе падзець. Аднаго разу, улетку пасля першага класа, я ўзялася чытаць ды за адзін дзень прачытала «Айбаліта» ў прозе, чым выклікала вялікае здзіўленне маці, якая мне не паверыла ды зладзіла мне іспыт. «А як клікалі ягонага сабаку?» «А якія птушкі прынеслі Айбаліту кошык з падарункамі?»

Гэты доктар Цэлюліт даў мне каштоўны досвед: чаканне лепш за ўсё бавіць у чытанні. Цяпер таўшчыня шкельцаў маіх акуляраў дазваляе зрабіць выснову, што чакаць мне даводзілася багата.

О, я памятаю: яшчэ я чакала дыснееўскіх мульцікаў! Цэлы тыдзень. Іх паказвалі ў нядзелю а шостай. У гэтым чаканні я была салідарная з усімі саюзнымі дзецьмі: Саюз тады дажываў апошнія дні, а гэтыя мульцікі былі ледзь не першай ластаўкай з Амерыкі. Ластаўка была прызначаная дзецям, але шырока адгукнулася сярод дарослых. Дзядуля аднойчы абурыўся іх бязглуздасцю ды няспынным мільгаценнем яркіх колераў, даволі слушна, як на мой цяперашні погляд, але маці нечакана ўзялася абараняць Дыснея.

 Тата! А што ты прапануеш глядзець? Ведаеш, як абрыдзелі гэтыя Таптыжкі?

Паказвалі па дзве серыі запар. Мне больш за ўсё падабаліся «Мішкі Гамі», а меней за ўсё «Чорны плашч». Яшчэ былі гісторыі пра Віні Пуха, але Віні Пух быў нейкі не такі. Саюзмультфільмаўскі мядзведзь застаўсятакі адзіным сапраўдным. Але іншыя вініпухаўскія героі былі проста песня! Ірка на першым курсе набыла пяць ілюстраваных дзіцячых кніжак, і мы пачалі гульню. Кожны з нашай кампаніі атрымаў сваю ролю. Іра Віні Пух, Ната Пятачок, я Заяц, бо таксама была ў акулярах ды мела два выдатныя пярэднія зубы, якія ў мяне і дагэтуль вытыркаюцца наперад, нягледзячы на ўсе пакуты з пласцінкамі ў пачатковай школе. Андрэй быў аслянём Ія, а Сева Тыграм. Мы доўга забаўляліся, падпісваючы назовы да малюнкаў гэтак ілюстрацыі супадалі з рэальнымі сітуацыямі. Вось, напрыклад, Тыгра першы раз прыходзіць да Віні Пуха на хвасце дык гэта ж Сева завальваецца да Панінай апоўначы, бо яго не пусцілі ў інтэрнат! А вось Кролік (язык не паварочваецца называць яго Трусом), падымаючы лапкі дагары, лямантуючы, мітусіцца вакол Віні Пуха дык гэта ж я пераконваю Паніну, што небяспечна для нашага бюджэту і яе здароўя гэтулькі есці! Так мы рагаталі, пакуль Іра ўрэшце не набыла «Винни Пух и философия обыденного языка» даволі цікавы твор, з якога вынікала, што Мілн, сам таго не ведаючы, з дакладнасцю, вартай самога Фрэйда, паказаў дзіцячае сексуальнае жыццё. Мы прачыталі нашы псіхалагічныя партрэты Віні Пуха, Пятачка, Асляняці, Тыгры ды схамянуліся ад іх трапнасці. Выходзіла, што я неўраўнаважаная, істэрычная ды дэманстратыўная асоба, якая любіць камандаваць ды пакутуе на манію велічы. Так жыццё паціху ператваралася ў суцэльныя сімвалы.

Я забегла далёка наперад. Чаго я яшчэ чакала, калі вучылася ў школе?

Пра першае каханне можна нават нічога не тлумачыць. Яно перапоўніла маё жыццё хісткім, нетрывалым сэнсам напружанага бясплённага чакання. Кожны дзень, з сёмага да дзесятага класа. Не ведаю, нават не ўяўляю, якім было б маё жыццё без гэтага пачуцця. Як мяркую, я стварыла яго наўмысна; больш за тое, гэта было запраграмавана лёсам. Памятаю, як глядзела першыя часткі серыяла «Багатыя таксама плачуць» ніхто тады не ведаў, наколькі ён апынецца працяглы і адзін з герояў, ужо немаладога, дарэчы, веку, усхвалявана прамаўляў: «А што гэта за пачуццё такое каханне? Кажуць, нібыта на крылах лётаеш!» Бязглуздая, бессэнсоўная фраза адыграла вялікую ролю ў маім жыцці: я ўзялася напружана чакаць гэтае абавязковае дарослае пачуццё.

Дачакалася абект быў абраны з майго ж класа, ён сядзеў на першай парце сярэдняга шэрагу, насіў акуляры ды быў самы інтэлігентны з хлопчыкаў-аднакласнікаў.

І пачалося іншае чаканне Каханне, чаканне, чытанне гэтымі словамі можна ахапіць усе мае юнацкія настроі. Іншыя былі вытворныя ад гэтых трох.

Дачакалася абект быў абраны з майго ж класа, ён сядзеў на першай парце сярэдняга шэрагу, насіў акуляры ды быў самы інтэлігентны з хлопчыкаў-аднакласнікаў.

І пачалося іншае чаканне Каханне, чаканне, чытанне гэтымі словамі можна ахапіць усе мае юнацкія настроі. Іншыя былі вытворныя ад гэтых трох.

Хацелася хутчэй зрабіцца дарослай каб мяне сурёзна ўспрымалі людзі. Тады я не ведала, што «даросласць» гэта сумнеўная катэгорыя, якая перадусім вызначаецца сурёзным стаўленнем да цябе. І толькі потым уласнымі якасцямі, разумовымі здольнасцямі ды жыццёвым досведам. Бо, напрыклад, у пятнаццаць гадоў (ды, можа, і ў трынаццаць) мой агульны ўзровень адукаванасці быў вышэйшы, як у некаторых тых, хто меў перавагу векам ды аўтарытэтам «дарослых» я здзіўлялася, адзначаючы, напрыклад, што адна знаёмая жанчына кепска чытае. Ну што тут дзіўнага?  рабіла я высновы. Што робіцца з дзецьмі, якія не чытаюць кніжак? Яны ператвараюцца ў дарослых, якія не чытаюць кніжак. «Пыха смяротны грэх», а як было не стацца фанабэрлівай, робячы на кожным кроку такія адкрыцці? Аднойчы ў дзіцячым санаторыі мы пасябравалі з дзяўчынкай знайшлі адна ў адной суразмоўніц дзеля абмеркавання прачытанага. Я сказала важатай пра нешта: «Нібы кануў у Лету», а яна шчыра перапытала: «Куды?» Трэба было бачыць нашы пагардлівыя позіркі, якімі мы абмяняліся з сяброўкай! Ну так, нам было па трынаццаць гадоў.

А цяпер я стала «дарослай» так хутка і нечакана, што сама не магу ў гэта паверыць. Што я ні вымаўлю, усё прымаецца сурёзна, а я думаю: «Калі ж яны мяне рассакрэцяць?» Я нібыта дзіця-шпіён у краіне дарослых. Але здаецца мне, што ніякіх дарослых увогуле няма проста так заведзена, проста такая гульня, сюжэтна-ролевая гульня, у якой усе бяруць удзел. Толькі нехта больш упэўнена гуляецца ў «сталасць», нехта менш. (Божа, такое ўражанне, што я проста перадзіраю тэму тэатра з Шэкспіра!)

Чакаю школьных іспытаў. Спачатку пасля дзевятага класа, потым пасля адзінаццатага. А потым уступныя, у alma mater. Усё гэтае нясцерпнае нерваванне ўрэшце добра ўзнагароджваецца вялікаю палёгкаю пасля здадзенае сесіі. Цяпер, у трэцяй па ліку альма-матэр, я наўмысна выклікаю ў сябе гэтае трымценне з залікоўкай перад аўдыторыяй, з цікавасцю адсочваючы яго метамарфозы. Мае аднагрупнікі дарослыя людзі: замужнія жанчыны, даішнікі, амапаўцы, загадчыкі аддзелаў, старшыя інспектары усе ў гэтым экзаменацыйным трымценні выглядаюць, як школьнікі.

Ну ўсё, нібыта дачакалася школа скончаная! Чакаеш ад жыцця вялікіх падарункаў.

Галоўнай тэмай, насуперак усяму, гучыць Каханне. Заўжды без адказу. Аднабаковы рух. Ці то з майго боку, ці то з процілеглага.

Звыклая схема: спачатку чакаеш вырашальнае сустрэчы, потым чакаеш зменаў да лепшага, потым не можаш дачакацца, калі ж суцішыцца боль ды загоіцца параненая самаацэнка.

Непакоіш нябёсы адным-адзіным пытаннем: «Божа, ці хто-небудзь там! Калі ж я нарэшце дачакаюся?!!!»

О, мой Сусвет Няспраўджаных Жаданняў! У вашай Нябёснай Канцылярыі бардак і, пэўна ж, цякучка кадраў! Чаму ў вас дагэтуль праігнараваны стосік маіх заяваў на выдачу мне «Вялікага і Чыстага»? І які бязглузды бюракрат адпісаў «У загад» на маёй просьбе трох сотняў шкляных шарыкаў? Шкляныя пацеркі гэта была мая праверка функцыянавання механізму спраўджвання жаданняў. Я, паводле ўсіх правілаў мроі, заплюшчвала вочы ды ўяўляла, як я падстаўляю сонечным промням далоні з вытанчанымі шклянымі кроплямі. Вось яны, ляжаць у пакунку, роўна трыста штук, у верхняй шуфлядзе майго пісьмовага стала. Мне не давялося нават варушыцца дзеля здабывання іх гэта быў імпульсіўны дарунак маёй сястрычкі, які выклікаў у мяне слупняк, зблытаны з экстазам.

Мабыць, я проста сама не ведаю, чаго хачу? «Доктар, так, усё падабаецца, толькі вы вызначайцеся туды ці сюды!» Ну як можна выканаць неакрэсленае жаданне?

О! Мой Лёс раз-пораз, абураны маімі енкамі ды скаргамі, шпурляе проста мне ў твар спраўджаныя жаданні. Вось, маўляў, атрымай, фашыст, гранату! «Заказное? Эй, Борис! Получи и распишись!»

Выконваюцца, урэшце, усе мае жаданні. Пратэрмінаваныя, нясвежыя, але, зрэшты, яны дакладна супадаюць з пачатковай фармулёўкай. І вось я знаходжу сябе на доўгачаканым рандэву. І чым я незадаволеная? Ах, даруйце, я забылася пажадаць, каб ён быў ну калі не разумнейшы за мяне, дык хаця б не перапытваў слова «ілюзорны». І вось маё Першае Каханне не зводзіць з мяне вачэй на сустрэчы выпускнікоў. Ага, усё так, як я хацела, хіба што з маленькаю затрымкаю на дзесяць гадоў. Месяц не выпускаеш з рук картаў, раскладаючы пасьянс «Хачу, каб мне патэлефанаваў Алег!» Урэшце здымаеш слухаўку ды чуеш бацькавага калегу: «Алё! Жэня? Гэта Алег Віктаравіч! Я табе званю з такой нагоды: які ў твайго таты нумар мабільніка? А то яго дома не магу ўжо тыдзень злавіць!» Ну што, дачакалася? Хіба не Алег табе пазваніў? Забылася прозвішча пазначыць, усяго толькі.

Назад Дальше