Ягайла думаў пра ўсё гэта, ідучы на сняданне і пазней, калі біскуп чытаў малітву за сталом, дзе сядзелі толькі яны ўдваіх з Ядвігай, насупраць адно аднога. Ядвіга, у попельнай сукні з накінутай на плечыкі накідкай, падбітай выдрай, слухала малітву з увагай, бледны тварык сьвяціўся пакорай, вочы апушчаныя долу. Не паверыш, гледзячы на гэткую пабожнасць, што слабымі сваімі ручкамі гэтая жанчына секла браму сякераю, калі маці разам з панамі зацнымі забараніла ёй выходзіць у горад. Секла, каб прабрацца ці то да францішканаў, ці то ў дом Гневаша з Далевіц, дзеля таго каб патаемна сустракацца са сваім Вільгельмам, што прымчаўся ў Кракаў, жыў у гэтага мешчаніна і нават паспеў павесці яе да шлюбнага ложку, як потым Гневаш расказваў многім. І хаця каралеўскі суд, куды паскардзілася на нясціплага Гневаша Ядвіга, цалкам яе апраўдаў, прымусіўшы таго гіцля гаўкаць па-сабачы з-пад лавы аж пакуль не задаволіцца тым каралева,[45] асадак у Ягайлы на душы застаўся. Дый і ў аўстрыяка тады было тут, у Кракаве, шмат прыхільнікаў. Шэпчуцца, што зьнямчоны Пяст шлёнскі, князь Уладзіслаў Апольскі, нават на кароткі час захапіў Вавель, абы пасьпець абвянчаць Ядвігу, але адбілі яе паны польскія, вызвалілі Вавель і ад Апольчыка, і ад Вільгельма. Але, зноў пакасіўся ён на жонку і ён таксама ўвесь час адчуваў сябе, як і яна, закладнікам, бо па пятах ішлі Андрэй і Скіргайла, Свідрыгайла, а найперш Вітаўт, і кожны дзень мог скончыцца для яго, як некалі для дзядзькі Яўнута, у якога бацька і Кейстут адабралі сталец, падзяліўшы яго надвое: Кейстуту дасталася меншая частка Княства Жмудзь, Альгерду Літва і Белая Русь. Цяпер паўставала тая самая сітуацыя. На вялікага князя, які, на думку братоў, не заслужыў стальца, тады якраз пачыналася вялікае паляванне.
Заключэннем уніі з Польшчай, якая злучала ў адно дзве дзяржавы і рабіла яго не толькі вялікім князем, але й каралём, ён адарваўся ад гэтай гайні, адным махам пераскочыў праз агароджу і зачыніўся моцнай брамай. Праўда, абяцаў і Вітаўту, і Скіргайлу вялікі сталец, і яны былі пры заключэнні уніі, нават перахрысціліся ў каталіцтва разам з ім у Кракаве, ды ці мала абяцаецца пры пачатку вялікага паходу? Паход скончыўся, і заўсёды можна казаць, што твае праціўнікі не ўтрымаліся на абумоўленых межах, што нешта парушылі, а значыць, ранейшыя абяцанкі губляюць сілу
Што рабіць цяпер? Паслаць ганца да Вітаўта, каб патлумачыў, чаму парушае крохкае пераміре? А што, калі гэта не людзі Вітаўта? Калі гэта простыя рабаўнікі, альбо маскоўцы, альбо і татары? Праўда, Марыя піша, нібыта стрэлы, якімі пазабівалі пачот, былі Вітаўтавы, але ў вайне зацікаўлены і маскоўскі князь, і Тахтамыш, і шмат хто на Захадзе, а найперш крыжакі. Тыя расклалі ўсё па гадах, метадычна і пасьлядоўна, з задачай на кожны год: аслабіць і Вітаўта, і Вялікае Княства, і Польшчу, распаліць паміж імі варажнечу. І хаця за прыязнасць крыжакоў змагаюцца зараз і Ягайла, і Вітаўт, яны абодва разумеюць: гэта часова. Бо ў крыжакоў адна задача: саслабелых пасля вайны Вітаўта і Ягайлу лёгка можна будзе прымусіць да с в а і х, ордэнскіх умоваў.
Калі яны са стрыечным братам, а цяпер ворагам Вітаўтам застануцца жывымі
Малітва скончылася. Ядвіга ўзялася за сваю ўлюбёную страву: дактылі і малако, пшанічная выпечка
Чырвонабокія яблыкі, якія ён так не любіць, яна стане есці потым. Перад ім паставілі сваё, ліцьвінскае, што гатаваў уласны віленскі кухар: флячкі з цыбуляй, з пякучым хрэнам, жур з лустамі варанай бручкі. Кароль зачэрпнуў сярэбранай лыжкай жыжу, апёк вусны. Драўляная лыжка лепей, матуля ў Вільні разумела гэта і загадвала, нават пад час прыняцьця іншаземных паслоў, класьці перад ім побач з сярэбранай таксама і драўляную, з ліпы, мяккае дрэва грэлася пад рукой і палагоджвала думкі. Ядвіга стрэльнула ў яго вачыма, але прамаўчала, толькі тузанула да сябе ручнік для выціраньня рук, і ейныя фраўцымер, дзяўчаты-венгеркі з Буды Альжбета ды Ядвіга замітусіліся, адсоўваючы ад яе пусты кубак і талерку. Ягоны ж улюбёнак падстольнічы Цімох з бацькоўскага замка стаяў нерухома, з лёгкай пагардай гледзячы на жаночую мітусню.
Так, у іх з Ядвігай ад пачатку былі ня толькі розныя канцылярыі, але і розныя кухары, розныя густы і розныя стравы. Ды яму няма патрэбы прынараўлівацца да ейных: ужо палова прыдворных заказвае сваім кухарам ліцьвінскія флячкі, халаднікі ды мяса з дробна пасечанымі грыбамі. Якніяк, ён ня толькі муж каралевы, але найперш сам валадар магутнага Княства, якое, як спадзяюцца вяльможныя паны, выратуе Польшчу ад крыжакоў. Зноў жа пры ўмове калі ён абяднае дзве сілы ў адно, калі разам яны стануць мацней за крыжакоў.
Так, у іх з Ядвігай ад пачатку былі ня толькі розныя канцылярыі, але і розныя кухары, розныя густы і розныя стравы. Ды яму няма патрэбы прынараўлівацца да ейных: ужо палова прыдворных заказвае сваім кухарам ліцьвінскія флячкі, халаднікі ды мяса з дробна пасечанымі грыбамі. Якніяк, ён ня толькі муж каралевы, але найперш сам валадар магутнага Княства, якое, як спадзяюцца вяльможныя паны, выратуе Польшчу ад крыжакоў. Зноў жа пры ўмове калі ён абяднае дзве сілы ў адно, калі разам яны стануць мацней за крыжакоў.
Ізноў думкі яго вярнуліся да ранішняга ліста, да рабавання пад Лідай.
Трэба правесці пільнае дазнанне: хто там быў, куды звезена скарбонка. Няхай Маскажэўскі і займецца гэтым, пакуль у Троках брат Свіргайла пе моцныя напоі і сячэ шабляй таго, хто падвернецца пад руку.
А пасля лечыць.
Сняданак яшчэ не скончыўся, а ганец Арабей, атрымаўшы за важнае паведамленне цяжкі дэнарый і не паспеўшы падесці, ужо мчаўся па гасцінцы назад. Злосны вецер ірваў на ім лісіны шлык, скуголіў, гнаў з вачэй слёзы. Але такі лёс у ганца. У караля лёс іншы ён сядзіць на залатым троне, носіць тонкія кашулі і гафтаваныя золатам жупаны, пе колькі ўлезе куфляў піва, слухае песні гусляроў.
Ягайла ж, узгадваючы Арабея, думаў пра Вільню, у якую ляціць ганец, пра стромкія вежы над далінай і Вяллёй, дзе ў дзяцінстве вучыўся плаваць і разам з прыдворнымі рыбакамі, нягледзячы на забарону княгіні-маці, таптухай лавіў язёў. Адчуў халаднаваты вільготны пясок пад нагамі, якія лашчыла празрыстая вада, і гайню маленькіх серабрыстых рыбак, што пырскалі ў розныя бакі. А яшчэ сонца, яно пранізвала калыхлівую тоўшчу вады, і там, у зеленавата-пругкай глыбіні, цягнуліся ўверх водарасці, падобныя да калматай барады вадзеніка. Рыбакі заўсёды кідалі ў ваду лустачку хлеба для яго, валадара рачных глыбіняў, і прасілі здабычы і ўдачы. І прыдворныя дзяўчаты, мыючы яго, маленькага, у лазні, таксама звярталіся да лазніка, каб вымыў з княскага дзіцяці ўсе хваробы і адагнаў злыдуха, і лядашчыка, і стрыгу. Таму свежым бярозавым венікам абводзілі вуглы лазні, прыгаворваючы замовы. Гэта самае робіць ён і цяпер, і шмат што іншае, чаму навучылі яго там, у родным доме. Хаця тут, у Кракаве, ягоныя звычкі здаюцца дзіўнымі, ды ён ведае тое, на што забыліся яны: усё вакол жывое. І нават трава каля замка, якую косяць штотыдзень, хоча жыць і радуецца сонцу.
Так ён стаяў, усемагутны і разам з тым адзінокі, і зайздросціў ганцу, які імчаўся да Вільні. І здавалася каралю, што вавельскі цмок усё яшчэ жыве пад замкам, варочаецца там і пыхкае гарачынёй наверх, але не можа прабіцца скрозь вялізную тоўшчу падзямелля, куды яго загналі мінулым стагоддзем. І тады рабілася яшчэ болей самотна, бо раптам гэты цмок усё ж знойдзе шчыліну і выкараскаецца наверх?
Вітаўт у Луцку
Невысокі, маладжавы, з глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма і тонкімі, рэзка акрэсленымі вуснамі, князь Вітаўт сядзеў у сядле так, нібы ў ім нарадзіўся. Ягоны дрыкгант, на якім любіў ён ездзіць на паляванне, скакаў цяжка, але звычайна ў доўгіх пераходах апярэджваў прывезеных з Усходу капрызных кабыліц, якіх любілі яго жонка і прыдворныя. Тыя, спачатку ўзяўшы шалёны тэмп, выдыхаліся даволі хутка, але затое былі нашмат прыгажэйшыя за ягонага ўлюбёнка.
Зараз, стоячы за магутным ясакарам у чаканні, пакуль лясная аблога выганіць на паляну зайцоў, дзікоў, а калі пашанцуе, то і зубра, ён ніяк не мог адагнаць ад сябе ўсё тое, што напаўняла яго трывогай і нецярпеннем.
Пакуль што не вываланец,[46] не выгнаннік, ён, аднак, жывучы тут, на поўдні велізарнай дзяржавы, адчуваў сябе так, нібы пад ім пачынае курыцца зямля, гатовая, як у тарфяніку, імгненна праваліцца пад нагамі, зацягваючы ў бездань.
Бесперапынна працавалі яго пасланцы, ездзячы ад аднаго магната да другога, угаворваючы, радзячы, пытаючыся. І яго прыхільнікі таксама не сядзелі ў сваіх маёнтках ні Іван Гальшанскі, ні сын яго Андрэй Вязынскі, ні Леў Друцкі, ні брат Жыгімонт і пляменнік Юры Наваградскі. Eздзілі, гаварылі, даказвалі. Староннікамі Вітаўта за гэты час сталі магутныя ліцьвінскія князі Юры Пінскі, Міхал Заслаўскі, Аляксандар Старадубскі, ды шмат хто яшчэ з патрыётаў, якія не хацелі зьмірыцца са зліццём іх краіны з іншай, чаго дамагаліся паны каронныя. Тварылася вялікая змова, гатовая разарваць цянёты, накінутыя Ягайлам на Вялікае Княства Крэўскай уніяй 1385 году.
Спачатку і Вітаўт падтрымаў тую унію. Думалася: калі Ягайла зедзе ў Кракаў, а ён, Вітаўт, застанецца ў Вільні, яны змогуць знайсці паразуменне ў справах абароны абедзвюх краінаў, і не важна, хто будзе на гэты раз нападнікам: Масковія, Арда ці Ордэн. Сумесныя сілы дзвюх дзяржаў змогуць процістаяць любой моцы, таму абяднанне неабходнае для сумесных ваенных дзеянняў і зладжанай абароны. З гэткай умовай, пастараўшыся забыцца на смерць бацькі і сваіх блізкіх згаджаўся Вітаўт і на унію, і на хрышчэнне ў рыма-каталіцкую веру.