Знак Вялікага магістра - Вольга Міхайлаўна Іпатава 13 стр.


Спачатку і Вітаўт падтрымаў тую унію. Думалася: калі Ягайла зедзе ў Кракаў, а ён, Вітаўт, застанецца ў Вільні, яны змогуць знайсці паразуменне ў справах абароны абедзвюх краінаў, і не важна, хто будзе на гэты раз нападнікам: Масковія, Арда ці Ордэн. Сумесныя сілы дзвюх дзяржаў змогуць процістаяць любой моцы, таму абяднанне неабходнае для сумесных ваенных дзеянняў і зладжанай абароны. З гэткай умовай,  пастараўшыся забыцца на смерць бацькі і сваіх блізкіх згаджаўся Вітаўт і на унію, і на хрышчэнне ў рыма-каталіцкую веру.

Ягайла пераконваў: гэта выбе меч з рук крыжакоў, якія на ўсю Eўропу крычаць аб тым, што яны не ваююць і не рабуюць, а толькі паварочваюць у сапраўдную веру схізматыкаў і язычнікаў.

І што ж адбылося пасля? Ягайла тут жа, як звычайна, парушыў пагадненні: паставіў замест сябе кіраваць Вялікім Княствам Скіргайлу, але сапраўдным кіроўцам зрабіўся паляк Маскажэўскі, які стаў гвалтам уводзіць у Вільні кракаўскія парадкі. Значыць, трэба вырываць Княства з чэпкіх рук іншаземцаў, якія, мабыць, мелі на ўвеце нешта зусім іншае, калі кляліся ў Кракаве і Крэве, што ні на мезенец не замахнуцца на звычаі і вольнасці Княства і будуць берагчы ягоную вольнасць гэтак жа, як і вольнасць Польшчы. А для гэтага патрэбныя, як паветра, дзве рэчы: грошы і воі. І людзі, гатовыя здзейсніць задуманае.

Грошы ў князёў, якія падтрымліваюць яго, ёсць. І ён ня бедны, хаця Ягайла абодва бацькоўскія княствы забраў і перадаў сваім родзічам па матцы Юльяне. Нездарма крыжацкі камандор Марквард Зальцбах, яго ганаровы палоннік, які недзе з паляўнічымі азартна гоніць зараз звярё, націскае якраз на крыўды, што зрабіў Вітаўту кароль: адабраў родавыя землі. Ды Зальцбах, гэты інтрыган, і павінен убіваць клін паміж Княствам і Польшчай: Ордэну гэта выгадна. Зальцбах жа бярэцца абгаварыць усё з вялікім магістрам, калі Вітаўт яго адпусціць.

Так, малавата тых, на каго можна абаперціся: адданыя яму князі ўсё ж падданыя Ягайлы і яго братоў. Аднак Бог, здаецца, паспрыяў яму, Вітаўту: у Луцк зусім неспадзявана, уцякаючы з Залатой Арды, завярнуў княжыч Васіль, сын вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя, празванага Данскім пасля Кулікоўскай бітвы. Жывучы колькі год у татараў як закладнік бацькі, надта намучыўся гэты малады спадчыннік Данскога. Звык есці каніну, галіць галаву, злізваць кроплі кумысу з шыі ханскага каня, нават паўзці на каленках да вялікага хана, як вось ужо другое стагоддзе поўзаюць усе князі і маскоўскія, і суздальскія, і уладзімірскія навучыўся. Не мог бядак перанесці аднаго калі на розных забавах і вячэрах пхаў Тахтамыш у рот сваім бліжнім жменю плову у знак прыхільнасці.

 Тлушч цячэ са жмені, пальцы растапыраныя, жорсткія, як галузь, а ён табе гэты ком гарачы таўчэ ў глотку, а сам смяецца-заліваецца, калі ты не паспяваеш праглынуць і калі гарачая гэтая каша табе на рукі і на кашулю падае

 расказваў-скардзіўся пад час вячэры ці абеда бялявы сухарлявы хлопец, з асалодай чэрпаючы драўлянай лыжкай распараны ў мёдзе аўсяны кісель, які ён асабліва любіў.

Калі ён упершыню пасля палону сеў нарэшце за стол і выпрастаў ногі на ўсю даўжыню, не мог нарадавацца: звык сядзець скурчыўшыся, падагнуўшы ногі пад сябе. Перад тым прагна схапіў чыстую палатняную кашулю, бо пунсовая шаўковая, з усходнімі кругамі-узорамі, за два месяцы ўцёкаў з Арды сатлела ад гарачага юначага поту і выглядала як рыззё. І дзелію, плашч, падшыты бабровым футрам, атрымаў, і каптан суконны сіні, і боты таксама, але не мог увесь першы тыдзень усунуць туды ногі, зраненыя і збітыя да крывавых мазалёў пад час блуканняў па стэпе. Вітаўт ухваляў смеласць юнака, які змог збегчы ад зоркіх і пільных вояў Арды. Пасля перамогі яго бацькі на Куліковым полі над Мамаем хан запатрабаваў ад Дзмітрыя восем тысячаў сярэбраных рублёў за сына закладніка. Не падняць было Дзмітрыю маскоўскаму такія грошы, не сабраць іх з усяго ягонага княства, бо многія страты панёс ён ад татараў, таму Васіль уратаваў сваё жыццё ўцёкамі і, выходзячы са стэпаў, дзе хаваўся амаль два месяцы, дачакаўся, пакуль вернецца назад татарская пагоня. Першым горадам, дзе ён не пабаяўся азвацца, стаў Луцк, і тут ён залечваў свае цялесныя і душэўныя раны. Да таго ж, ужо ў першы вечар, калі сабралася за княскім сталом уся Вітаўтава радня і чэлядзь, агледзеў малады княжыч дачку гаспадара Луцка, князёўну Софю, а тая ў сваю чаргу кінула вока на ўцекача. Чарнавалосая, смелая і рашучая Софя першаю загаварыла з Васілём, так што той ажно разгубіўся, бо прывык да маўклівых татарак, што зверавата глядзелі на юнака-русіча і заўсёды гатовыя былі кінуць на яго аркан і пагнаць каня, не азіраючыся на палоннага. У Масковіі ж баярышні таксама былі іншыя: адно сядзелі, як вечныя палонніцы, за карункавымі рашоткамі акенцаў ды чакалі, пакуль бацька загадае выйсці да нарачонага, якога выбраў сам і якога яна бачыць упершыню ў жыцці. Таму, выходзячы замуж, плакалі-галасілі тыя дзяўчаты, і песні былі жалобныя ды гаротныя. Толькі чорная чадзь ды рамеснікі не трымалі сваіх дачок за высокай сцяной церамоў, і тыя свабодна выбіралі сабе каханых, да таго ж, часта сыходзіліся на гульнях ды на розных святах, што па-ранейшаму, нягледзячы на хрысціянства, ладзілі ў лясах ды па берагах рэк.

Софя ж умела нечуванае для высакароднай дзяўчыны: яна ведала грамату, магла чытаць кнігі! Сам Васіль мог адно падпісацца, бо дзякі вучылі яго перш за ўсё быць гасударам. А чытаць знойдзецца каму, і кожнае ягонае слова запісваць таксама! Ды князёўна з тым не пагадзілася, яна нават завяла княжыча ў скрыпторый пры замку Вітаўта, дзе два пісары гусінымі пёрамі скрыпелі па старонках навюткіх тонкіх пергаментаў, перапісваючы Біблію лацінскай граматай, бо князь прыняў перахрост у Кракаве і мусіў мець хатнюю біблію не на беларускай, як было раней, а на лацінскай мове. Васіль, чырванеючы, узяў у рукі гусінае пяро і надрапаў на пергаменце, які тут жа падалі ім пісцы, сваё імя, Софя там жа паставіла сваё, спрытна закруціўшы апошнюю літару, і абое па змоўніцку засмяяліся. І ўвогуле, шмат чаго агульнага аказалася ў маладых людзей: цікавіла абоіх умельства майстроў, што будуюць храмы і палацы, і па многу разоў не толькі падымаліся яны на ўязную вежу, але і абышлі ўсе да аднаго пакоі мураванага палацу. Знайшлі і сляды магутных дубовых бярвенняў колішніх драўляных умацаванняў, якія былі разбураныя па загадзе мангольскага баскака Бурундая больш за сто гадоў таму. І там, узрушаны ўспамінамі, пакляўся Васіль маладой князёўне, што не пашкадуе сваіх сілаў для таго, каб канчаткова вызваліць нарэшце сваю зямлю ад гэтага страшнага ворага Залатой Арды. Расказаў нават тое, чаго не хацеў і ўзгадваць: як менавіта прыніжалі яго там, яго і іншых княжычаў рускіх, і як смерць увесь час кружыла над ім, як чорнае вараннё. Софя адчула, як па спіне яе папаўзла дрыготка, калі распавёў княжыч, як некалі балявалі татары, седзячы на тоўстых цяжкіх дошках, пад якімі, расціснутыя, паміралі рускія князі, што насмеліліся выступіць супраць прыгнёту жорсткіх азіятаў. Васіль жа, убачыўшы яе спачуванне, расчуліўся і насмеліўся ўзяць за руку гэтую звычайна гордую, а цяпер мяккую і чулую дзяўчыну

І было яшчэ, што яднала: абое любілі слухаць сказы гусляра пра часы старажытныя, пра волатаў, што спяць у векавечных курганах. Тое іх і зблізіла канчаткова, так што праз два тыдні, акрыяўшы і залячыўшы раны, папрасіў Васіль рукі князёўны з тым, каб пазней прыслаць за ёю сватоў з Масквы. Быў упэўнены: бацька, князь Дзмітрый, не стане пярэчыць гэткім нечаканым, без яго блаславеньня, заручынам. Усё ж выратаваўся яго сын ад татарскай няволі і абышлося бяз выкупу, непасільнага цяпер для княства. Ды і Софя дастойная нявеста і будучая вялікая княгіня.

Апроч таго, даведаўся Васіль, што будучы яго родзіч, князь Дзмітрый Альгердавіч, які перайшоў на службу да ягонага бацькі, хацеў бы вярнуцца з родавымі землямі у Вялікае Княства. Гэта яго саюзнік, які зможа заступіцца за яго перад бацькам там, у Маскве. А ўжо ён сам паспрыяе, каб адзін з Альгердавічаў вярнуўся сюды, у Княства. Яны не раз абгаворвалі гэта з Вітаўтам, які даў шмат карысных парадаў для маладога княжыча, які неўзабаве пасля заручынаў сабраўся ехаць у Маскву, ды напрасіўся напаследак на паляванне: ніколі не бачыў зуброў.

Цяпер Васіль стаяў за суседняй ялінай, недалёка ад князя, трымаў у моцна сціснутых руках лук, за поясам тырчала баявая сякера. Вучыўся ў ліцьвіноў рабіць аблогу па ўсім вялізным лясным прасторы, разглядаў Вітаўтавых спадарожнікаў, якія ўтваралі на фоне зялёна-жоўтых бяроз ды цёмных ялін маляўнічы ланцуг з гранатавых, жоўтых, чырвоных ды зялёных жупаноў, каптаноў ды плашчоў. Пад раннім кастрычніцкім сонцам зіхацелі, як сярэбраныя кроплі расы, гузікі ды фібулы, ільсніліся дзяржальні мячоў і баявых сякераў. Загледзеўся і не заўважыў, як на паляну, якраз насупраць яго, услед за разятранымі ваўкамі ды пудкімі лісамі вываліўся сам гаспадар пракаветнай пушчы магутны зубр.

Гэта сапраўды была рэдкая ўдача для паляўнічага: зубры вадзіліся пераважна ў паўночнай частцы Княства, тут, пад Луцкам, іх было няшмат. Таму не дзіва, што Васіль, раптоўна ўбачыўшы вялізнага, ніколі раней не бачанага звера, разгубіўся. Лук у ягоных руках ацяжэў, як ператварыўшыся ў камень, сам жа ён як быццам па калені ўрос у зямлю.

Ніхто не паспеў нават вокам міргнуць, як звер, што прыпыніўся на імгненне, раптам заўважыў проста перад сабой чалавека і кінуўся да яліны. Прасвісталі дзве ці тры стралы, але толькі адна, мабыць, Вітаўтава, трапіла ў бок зверу. Ды гэта яго не спыніла: з нечаканай вёрткасцю разюшаны волат абагнуў яліну і вострыя, як смерць, рогі ўжо дакрануліся да выстаўленага наперад луку, якім княжыч нібыта спадзяваўся абараніць сябе. Ніхто не паспеў сказаць ані слова, як, адштурхнуўшы Васіля і высока ўзняўшы сякеру, перад зубрам раптоўна паўстаў Вітаўтаў драбант Костка. Магутны, як сам зубр, ён з нечалавечай сілай усадзіў проста ў лоб зверу, адразу раскраіўшы яму чэрап, бліскучую сякеру.

Назад Дальше