Каб жа я хоць раз чула ад зніклага мужа пра той Старавежск! І пра тое, што ў яго ёсць там маёмасць!
Паштоўка, якую аздабляла гравюра пачатку дзевятнаццатага стагоддзя з краявідамі нейкага павятовага мястэчка, мусіць, таго Старавежска, трохі зясавала сітуацыю.
«Дарагая Вірынейка, прабач, што зехаў адразу пасля вяселля. Але хачу ўсё кампенсаваць. Мядовы месяц у нас будзе самым рамантычным. У мяне ёсць для цябе сюрпрыз. Нядаўна я атрымаў спадчыну ад далёкага сваяка сапраўдны старасвецкі дом, такі, ведаеш, з кафлянай печчу, рыпучымі драўлянымі сходамі, пазелянелым чарапічным дахам і, магчыма, з прывідамі. Я хачу, каб ты прыняла яго ў падарунак. Няхай гэта будзе маім пасагам і месцам, дзе мы пражывём самыя цудоўныя дні!
Твой Крумкач».
Значыць, Корвус перад апошняй вандроўкай заязджаў на сваіх «Жыгулях» да цёткі. Канверт пакінуў тут, каб я не знайшла ды не папсавала сюрпрыз усё роўна збіраўся па вяртанні перавезці свае рэчы да мяне. А вось ці быў ён у Старавежску? Можа, паспеў і там штось пакінуць, нейкі знак? А можа А можа, ён у доме з прывідам і хаваецца? Можа, там пад чужым імем сем год і жыве?
Чакаць і даганяць самыя паскудныя справы, казала мая бабуля. З Марінай Горкі да Старавежска, як сведчыў тысячавокі Гугл, можна было дабрацца за якія паўтары гадзіны на рэйсавым аўтобусе.
Дождж паныла малаціў па бляшаным навесе, як быццам адпрацоўваў належны тэрмін на нелюбімай працы.
Паслухай, Вірка Мацей стамлёна пацёр двума пальцамі пераноссе, быццам там намулялі нябачныя акуляры. Давай не ламаць трыснёг. У мяне ўвечары важнае паседжанне. Я абяцаў вярнуцца
Вяртайся, не пытанне! я выцягвала з заплечніка шаргатлівую сінюю накідку, быццам пакамечанае неба з водгуллем навальніцы.
Я зусім не хацела да чагось змушаць Саламярэцкага. Праўда.
Праўда і тое, што ў глыбіні душы ведала, што ён усё роўна пацягнецца за мною.
Так і здарылася. Мы трэсліся ў маленькім аўтобусіку, мусіць, яшчэ савецкага часу, і нашы выпадковыя спадарожнікі амаль усе везлі з сабой саджанцы. Здавалася, гэта транспарт для дрэваў-перасяленцаў, яны тут паўнавартасныя пасажыры, а мы так, аўтаспыншчыкі. Кволыя шэрыя пруты, як сапраўдныя мігранты, не ведалі свайго лёсу. Хтось з іх прыжывецца, закрасуе, а хтось і не знойдзе сіл зрадніцца з чужой непрыветнай глебай.
А ўсцяж вузкай, не магістральнай дарогі мільгалі на шыльдах рознай ступені іржавасці незнаёмыя, але такія старасвецкія, з водарам стагоддзяў назвы. Людвісарава Падняводдзе Жухавічы Наўе Волатава Пушча Мне падалося, што дарога з Марінай Горкі да Старавежска шлях з рэалу ў фэнтэзі, дзе іншыя законы быцця і іншая гісторыя, дзе жывуць ваўкалакі і прывіды і адкуль ніхто не вяртаецца ранейшым.
Вось каб быў са мной Корвус колькі б ён распавёў цікавага! Пра тое ж Людвісарава, уладальнік якога быў сынам магната, але пайшоў у інсургенты Пра Наўе, сама назва якога адсылала да Краіны Мёртвых. Наўе і Праўе, між якімі жылі продкі
Мацей у прывіды не верыў. Ён гаварыў па смартфоне. Нудна і стамлёна.
Так, я памятаю, што абяцаў вярнуцца. Так, мы адна каманда. Не, я не Ланцэлот. Я айцішнік з асабістым жыццём. Паслухай, Марго, усё роўна эплаўцы будуць размаўляць па скайпе. У мяне з сабой планшэт, падключуся і айс.
Марго ягоная калега. Ні разу яе не бачыла. Увогуле, ніколі не хацела ведаць падрабязнасці працы майго бойфрэнда. Але гэтая дамачка мяне ненавідзіць, факт. Не здзіўлюся, калі закаханая ў Мацея. Не тое, каб мне было ўсё роўна, нат калі тваю котку хтось звядзе, прыкра. Але Салома і праўда заслугоўвае большага, чым я магу яму вылучыць. Таму трымаць не буду.
Між тым на экране Мацеева планшэта заміргалі фізіяноміі суразмоўцаў у асобных квадраціках, зусім як на маніторы відэаназірання ў метро. Саламярэцкі надзеў навушнікі і залапатаў па-ангельску. Здольнасць да моў у мяне прыблізна як у індыка да балета. Ды каб і разумела што мне да іхніх тэхналогій, дый усім астатнім пасажырам таксама. Вось дзядзечка наперадзе абдымае худы саджанец з двума кволымі лісцікамі на макаўцы і распавядае спадарожніцы ў вязаным берэцэ бурачнага колеру страшную гісторыю. Ляжаў у бальніцы, у артапедыі. Прывозяць ноччу ў палату мужыка са зламанай нагой. Той наадрэз адмаўляецца расказваць пра свой няшчасны выпадак. Разгаварыць удалося пасля кантрабандай прынесенай у палату бутэлькі піва «Аліварыя прэміум» А было так. Аднойчы сніць той мужык, што жонка мые падлогу, поўзае ракача І так зрученька павярнулася да яго задам, што ён проста не мог не даць дарагой сужонцы выспятка. Прачнуўся ад болю, бо з усяе соннай моцы ўдарыў нагой у сцяну.
Кабета ў берэце павучальна гаварыла пра неадкладнае пакаранне за злыя намеры А я трэслася ад істэрычнага смеху. У апошнім сваім сне я даганяла Корвуса, які ў чорным манаскім балахоне слізгаў між соснаў іх ствалы былі шэрымі, як стары асфальт, а іголкі фіялетавымі. А я такая бягу, на сосны натыкаюся А потым Корвус паварочваецца, а ў яго пад чорным капюшонам замест твару страшная белая маска, як у Паядальнікаў Смерці з сагі пра Гары Потэра. І дае мне ў рукі жалезную бразготку на доўгай ручцы Я тую жалязяку хапаю І цікава, за што б гэта я ўхапілася, каб рухалася ў сне, як той мужык? Можа, прачнулася б з адарваным ад сцяны свяцільнікам?
А паводле Фрэйда свой сон трактаваць не хачу, не спадзявайцеся.
Мацей скончыў перамовы, якраз калі аўтобус затросся на брукаванцы, як ад ведзьмінай корчы альбо скокаў святога Гі.
Можа, калісь Старавежск і быў горадам слаўным ды квітнеючым. Засядала ў ратушы важная гарадская рада, учыняліся рыцарскія турніры, урачыстыя каптуровыя суды крычалі «Ганьба!» Дзеля прыезду вялікага князя вось на гэтым пляцы, дзе слепавокі гіпсавы Ленін пагражае небу заціснутай у кулак кепкай, ладзіўся карнавал альбо містэрыя на духоўныя сюжэты
Але сёння гэта было звычайнае мястэчка, якое за апошні век зведала дзясятак розных улад, кожная з якіх апантана падчышчала ўсе сляды папярэдняй, а гэта значыць людзей, будынкі і ідэі. Пра што сведчыла хаця б вось гэтая мураўёўка, царква, што сустрэлася нам па дарозе да вуліцы Энгельса. Такія ўзводзілі ў краі пасля ўціхаміранага паўстання, пры Мураўёву-вешальніку, каб распаўсюдзіць правільную веру. Непарушным застаўся толькі выкладзены з мясцовых каменняў падмурак. А верхні ярус разам з купаламі зрэзалі, як крэм з торта, і замянілі на пляскаты бляшаны дах. Вокны напалову заклалі цэглай, каб пазбавіць аркавай формы, збілі карніз над дзвярыма Цяпер, відаць, архітэктурнага калеку зноў перадалі вернікам: сцены свяціліся свежай пабелкай, на бляшаным даху ўзвышалася недарэчна маленькая новенькая вежачка з ярка-сінім купалам-цыбулінай, падобным да чупа-чупса.
З-пад асфальту паказвалася брукаванка быццам праз прарэхі лахманоў шляхецкая вопратка. Вясна, усюдыісная, як пошасць, вытыркалася з кожнай шчыліны зялёнымі дзюбкамі травы, прабівалася з галінак падманліва-кволымі лісцікамі. На баку іржавай пажарнай машыны ў нечым двары красаваўся надпіс «Старовежск». Дзесьці паблізу загарлаў самотны певень. Няшмат субраццяў-сонцапаклоннікаў падхапіла ягоны адчайны крык. Месцічы відавочна аддавалі перавагу перад жывымі квактухамі спачылым бройлерным курыцам, што свяціліся ружова-сінімі голымі бакамі ў цэлафанавых упакоўках і лагодна маўчалі.
Вуліца Энгельса заканчвалася жывапісным тупіком. Якраз тут і распраўляў цагляныя плечы дом Корвуса. Праўда, пастава была не надта ўражлівая, старэчая, прыгорбленая. Да цаглянай паловы дома прыбудаваная драўляная частка, пафарбаваная аблезлай зялёнай фарбай. Мансарда нядобра лупілася падслепаватым чорным вакном з брудна-белай рамай. Самотны вазон, як каламутная зрэнка. Высокі плот з шэрых дошак рознай вышыні, быццам наторкалі на хуткую руку, у чаканні нападнікаў. За плотам шчыміліся бэзавыя кусты, якія яшчэ і не думалі зелянець, толькі тапырыліся шэрым голлем. Паштовая скрынка на слупе весніцаў падмазаная сіняй фарбай, на ёй нехта зусім нядаўна вывеў белым няроўныя лічбы «24», на кволай веснавой траве яшчэ бялелі кроплі фарбы. Са шчыліны скрынкі тырчэў стракаты край рэкламнага буклета. Замест замка ці клямкі слуп агароджы і штыкеціну весніцаў зядноўвала пятля з дроту.
Я нерашуча азірнулася на Мацея. Той змрочна паціснуў плячыма і за няйменнем лепшага пастукаў па паштовай скрынцы.
Ёсць хто ў хаце?
Дом нібыта стаіўся, прысеў на заднія лапы, як звер, загнаны лоўчымі ў самы гушчар. Салома сцягнуў пятлю са штыкеціны і штурхнуў весніцы. Тыя адчыніліся самі, ажно грукнулі ды загайдаліся. Уніз, на забрукаваны двор, вялі дзве няроўныя прыступкі. Цяпер, з двара, можна было палюбавацца і на белыя фіранкі на вокнах, падвязаныя ружовымі стужачкамі, і на высокі ганак з дзвюма драўлянымі калонамі аб іх, падобна, ранейшыя ўладальнікі вастрылі сякеры ці шаблі, шэрыя слупы спрэс у шнарах. Шыба ў левым вакне трэснула. Расколіна, заклееная знутры белым медыцынскім пластырам, нагадвала па форме руну наўціз (сімвалізуе энергетыку Сатурна, цёмны час і ўвогуле тармазнутасць).
На стук у дзверы зноў ніхто не азваўся. Хаця нібыта пачулася асцярожнае пагрукванне Ці не Корвус там трывожна прыслухоўваецца да нашых рухаў?