Што я помню?
Уважлівыя вочы, цёмна-зялёныя, з украпінамі брунатнага.
Доўгія рудаватыя валасы, а калі я заплятала яму іх у таненькія коскі, там-сям на скуры галавы бачыла невялікія белыя шнары («Любіў у дзяцінстве пабіцца»).
Шырокая белазубая ўсмешка, а вочы не ўсміхаюцца.
Тонкія моцныя пальцы перабіраюць струны: «Калі раптам адчуеш камунальныя пахі і жыццё цябе возьме ў пятлю» Голас нізкаваты, глыбокі
«Гэта сядзіба Наркевічаў-Ёдкаў, Вірынейка. Ведаеш, што Наркевіча-Ёдку называлі лоўчым маланак за ягоныя эксперыменты з электрычнасцю, падобныя да тых, што рабіў Тэсла?»
«Якія ў цябе халодныя рукі, малая Хадзі бліжэй, сагрэю»
Я не Пенелопа. У мяне пасля столькі было каханкаў
Перабольшваю. Усяго два. Апошні, ён жа другі, зараз чакае ў маёй кватэры. Згатаваў вячэру, хвалюецца, ці дазволю застацца нанач. Але на яго можаце не зважаць. Мацейка з тых, каго называюць «запасны варыянт». Адданы, бяскрыўдны, сябар дзяцінства, выганяй вернецца, лекі ад самоты.
Не магу нават сказаць, што сем год таму больш мяне напаўняла гора ці крыўда на няўдалага сужэнца. Мусіць, крыўды было больш як ён мог так вось мяне кінуць? Што за выдумкі з бізнесам? Ніводнай рэчы Віталевай я не захавала, акрамя прозвішча. Ну не магла развітацца назаўсёды з крумкачом, сакральнай птушкай маёй. Праз год і тры месяцы пасля нашага вяселля ўсё, што ён паспеў перавезці да мяне, перадала назад ягонай цётцы ў слаўны горад Маріна Горка. Да апошняга пэндзліка і апошняй фоткі. Разам з падораным на вяселле посудам і наборам пасцельнай бялізны з лебедзямі. І кола сяброў змяніла. І кола зацікаўленасцей. І больш не спрабую замовіць у кавярні «філіжанку кавы», каб пацвеліць афіцыянтку, а толькі стандартную «чашечку кофе, пожалуйста».
Дарэчы, пра каву Хутка абед у белай пенапластавай каробцы прынясе кабета-дастаўшчыца, цётачка з бляклым строгім тварам і сціснутымі ў нітачку вуснамі. Бачылі карціну «Амерыканская готыка»? Там фермер лысаваты мужык у круглых акулярах, пінжаку і белай кашулі, учэпіста трымае вілы, побач кабета ў сукенцы з белым каўняром і фартуху, з пакрыўджаным выцягнутым абліччам. Нічога не адбываецца але глядзець на гэтыя напружаныя твары, сустракацца з пранізлівым, маньячным позіркам фермера з віламі аж млосна. Стыль называецца «цяслярская готыка». У пазамінулым стагоддзі жыхары амерыканскай правінцыі імкнуліся надаць сваім драўляным дамам абрысы віктарыянскай неаготыкі. Майстрачылі на гарышчах вузкія, вострыя наверсе акенцы. Мы, маўляў, не горш, чым фанабэрыстыя ангельцы з іхнімі таўэрамі і сярэднявечнымі абацтвамі. Атрымлівалася гэткае дольчэ і габана на Ракаўскім кірмашы.
Цётачка «беларуская готыка» размаўляе толькі пра ежу: «Значыць, назаўтра на абед боршч, катлету па-кіеўску і на гарнір вараны рыс».
Белая каробка на маім стале выпраменьвае агідны пах смажанай рыбы. Хек у цесце. Я прабіваю мёртвую марскую істоту пластыкавым відэльцам, нібы караю за сталоўскі пах, і ўтаропліваюся ў манітор, ігнаруючы паштовую скрыню, якая забітая пасланнямі маіх аўтараў. Гэта з паралельнага свету, гэта дома разбяру Прабягаю стужку навін. Самыя папулярныя пра ўзаемаадносіны казла Цімура і тыгра Амура. Вы, спадзяюся, у тэме? Казла кінулі тубыльцу Прыморскага парка-сафары ў якасці чарговага абеду. Аднак рагач выявіўся баявітым, даў тыгру адлуп У выніку паласаты Амур перастаў успрымаць таго як ежу і знайшоў у ім роднасную душу. У казле. «Я плакаль».
Узаемаадносіны траваежнага і драпежніка скарылі сэрцы і запаланілі розумы. Здаецца, недурныя людзі спрачаліся, хто каго зесць, ці займаюцца яны сэксам. Вядомы дрэсіроўшчык Запашны змрочна абвяшчаў, што ў тыгра прачнуцца інстынкты, козлік мэкнуць не паспее. Другія патрабавалі ўсіх выпусціць на волю. Казла, тыгра, львоў, арлоў, курапатак і тых, хто ў нетрах акіяна
«Вось ужо два тыдні расейская грамадскасць назірае за імклівым развіццём адносін тыгра Амура і казла Цімура».
«Амур зжарэ Цімура!»
«Чаму Амур не зеў Цімура? Пяць падстаў».
«Казёл Цімур і тыгр Амур не могуць есці адзін без аднаго».
«Амур вучыць Цімура рэакцыі флемен. Фле́мен назва характэрнага руху губ у некаторых сысуноў».
«Тыгр Амур і казёл Цімур навучыліся разам гуляць з мячом».
«У казла Цімура і тыгра Амура зявіліся старонкі ў кітайскіх сацыяльных сетках».
«Тыгр Амур і казёл Цімур спяць разам».
«Тыгр Амур і казёл Цімур навучыліся разам гуляць з мячом».
«У казла Цімура і тыгра Амура зявіліся старонкі ў кітайскіх сацыяльных сетках».
«Тыгр Амур і казёл Цімур спяць разам».
«Тыгра Амура і казла Цімура звінавацілі ў прапагандзе гомасэксуалізму».
«Казёл Цімур учыніў паляванне на тыгра Амура».
«Амур пакусаў нахабнага Цімура».
«Амур і Цімур, апошнія навіны: казла вылечылі».
«Кранальная сустрэча казла Цімура і тыгра Амура».
«Цімур дараваў Амуру прачуханку, з-за якой патрапіў у ветблок».
«Прыморскі сафары-парк адкрыў спецыялізаваную інтэрнэт-краму па продажы сувеніраў, прысвечаных цёплым адносінам тыгра Амура з казлом Цімурам».
«Амур ды Цімур, апошнія навіны: нявеста казла».
Любы ідэолаг ведае, што калі ў дзяржаве людзі даведзеныя да адчаю, жывуць у страху сказаць штось не тое і згубіць апошняе, яны ахвотна ўцягваюцца ў масавыя гульні. Радуюцца відовішчам і перажываюць за выдуманых герояў, замест таго каб спрабаваць выправіць сваё жыццё.
Людзі, вайна ідзе! Бязглуздая, несправядлівая, крывавая Вы апраўдваеце яе ўра-патрыятычнымі лозунгамі. Вы глядзіце ў інтэрнэце відэаролікі пра чужыя смерці, заядаючы чыпсамі. Вам не хочацца думаць, што вы ў чымсьці вінаватыя. Вам хочацца зоны камфорту. І вуаля вашу ўвагу паглынае раман між тыграм і казлом.
Цікава, ці пішуць фанфікі пра Амура і Цімура? Мае аўтары маглі б раскруціць сюжэт. У логвішчы Урабораса ёсць такі Fairy, ён мог бы пасяліць у цела Амура дух бога Тора, а ў Цімура дух валькірыі Але не, Fairy любіць катэгорыю слэш, таму ў казла ўсяліўся б Локі. А рамантычная Fljor Delakur, студэнтка-біёлаг з Баранавіч, якая працуе ў рэйтынгу джэн (без эротыкі), жанры «раманс» і катэгорыі «гет» (традыцыйная арыентацыя герояў), сачыніла б, што тыгр і казёл пярэваратні. Разлучаныя злой вядзьмаркай закаханыя па начах вяртаюцца ў свае абліччы. Толькі ў яе застаюцца рогі, а ў яго паласаты хвост. А можа, наадварот, мужык у яе казёл. А аматар сцёбу і стымпанку Grjaznyj Ubljudok, пра якога я не ведаю нічога, акрамя ніка, прыдумаў бы, што казёл і тыгр мутанты, вывучаюць людства на прадмет заваяванняў і самі пішуць пра сябе скандальныя навіны ў сацыяльных сетках.
Прыкрываю вочы перад павекамі разыходзяцца жоўтыя колы, адлюстраванне беднага майго сонца на паверхні лужыны. Побач агідна запіпікаў кампутар, быццам сігналізацыя аўто. Кідаю погляд направа, дзе за маніторамі дзяжурыць Паша. «Рубят лес мужики», ціха напявае брутальны карузлік з Пашавага кампа, не зважаючы на віск сістэмы. Малады бялявы мент вяла калупае пластыкавым відэльцам катлету. Ейны пах зядноўваецца з пахам майго хека ў смяротна-смуродны дуэт. А на маніторах рухаюцца чорна-белыя людзі.
Кожны экран падзелены на шэсць квадрацікаў, па колькасці камер. Здаецца, над пасажырамі станцыі праводзяць пачварны эксперымент, рассадзіўшы па шкляных скрынях.
Адкідваюся ў крэсле, каб лепей бачыць: відовішча заварожвае Потым зноў адварочваюся да свайго манітора Пакуль па каменнай падлозе штось не загрукатала. Аказалася, Паша скінуў бляшанку «Фанты» Мой погляд зноў чапляецца за карцінкі знізу Якраз у гэты момант адзін з мінакоў, што пакідае станцыю, падымае галаву і чамусьці глядзіць уверх, проста ў камеру Нядоўга, на адно імгненне, ягоныя вочы ўзіраюцца ў мяне Палец нервова трэ лоб, наўскос, нібыта намацвае шнар, як у Гары Потэра
Гэтага імгнення хапае, каб і відэлец выпаў з маёй рукі, і ад сутаргавага руху на падлогу, пад якой ездзяць цягнікі і ходзяць шэратварыя зомбі, пляснуўся хек у цесце разам з дзвюма лыжкамі парашковага бульбянога пюрэ.
Я глядзела, як на правым маніторы ў скрайнім верхнім квадраціку аддаляецца постаць у чорнай скураной куртцы, з наматаным на шыю доўгім піжонскім шалікам, і спрабавала ўдыхнуць прапахлае мазутам паветра, бо яно чамусьці не ўдыхалася.
Бо мужчына ў чорнай куртцы з шалікам, з моднай хіпстарскай бародкай і паголенай галавой быў Віталь Корвус.
Мой муж.
Якога, між іншым, прызналі мёртвым.
Па рэйках метрапалітэна прагрукатаў Белы Трактар.
Раздзел другі
Куды не дайшоў Францыск Асізскі
Сайт: «Пад знакам Урабораса».
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.