Пантофля Мнемазіны - Людміла Іванаўна Рублеўская 4 стр.


Памер: максі.

Статус: у працэсе.

Рэйтынг: NC-17.

Катэгорыя: гет.

Аўтар: Grjaznyj ubljudok.

Бета: шукаю.

Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.

Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.

Альберт Вялікі сцвярджаў у сваім трактаце, што калі хочаш вызваліцца з нейкіх путаў, трэба знайсці гняздо сарокі з птушанятамі. Залезь да таго гнязда і абвяжы яго спрэс вяроўкамі. Сарока прыляціць, пабачыць, што справы дрэнь, і прынясе чароўную траўку, якая разарве ўсе абвязкі. Не забудзься толькі пасцяліць пад дрэвам анучу, на якую павінна ўпасці выкарыстаная чароўная расліна, альбо жабер-трава, і з ёю ты заўжды вольны!

Гэх, не пашкодзіла б цяпер тая траўка на горшы выпадак. Сарокі вунь скачуць з елкі на елку, стракочуць у прыцемку ды золі, так і чуваць у іхнім пранізлівым голасе лаянку «Каб вам духі выперла, як вы праз наш лес прэце! Каб вас спруткавала, чалавекі, як вы адзін аднаго пруткуеце!»

Рэм падпёр нагой у брудным боце галаву Люцыяна. Непрыемна глядзець, як ківаецца з боку ў бок на дошках кузава, калі грузавік падскоквае на выбоінах і карэннях. Каб была тут Малгося, прысела б з непрытомным чалавекам побач, паклала галаву яго сабе на калені, абцерла запечаную кроў Але Рэм абедзвюма рукамі ўчапіўся ў борт кузава, каб не вылецець на дарогу Малгося была ў кабіне і гнала машыну, як авадзень ашалелае жарабя. Нічога, не да сантыментаў. На фронце ды ў партызанцы звыклі да бруду і крыві. Урэшце, усё, што сёння можна было ўтварыць з абліччам спадара Люцыяна Корвуса, зроблена, страшней не стане. Пазнаць іхняга былога настаўніка біялогіі можна цяпер хіба па шнары на шчацэ, які нагадвае абрысам птушку ў палёце. Калісьці яны, дзевяцікласнікі Старавежскай сярэдняй школы, гадалі, адкуль у іх новага выкладчыка, маладога, але з пасівелымі скронямі, загадкава-змрочнага, гэткае ўпрыгожванне, тады яшчэ барвовага колеру. Жэнька Равіновіч, ужо тады закаханая ў старшыню школьнай камсамольскай ячэйкі Рыгора Самуся, высунула зусім дэкадэнцкую версію. Шнар першая літара імя нешчаслівага кахання таварыша Люцыяна Станіслававіча. Той у адчаі сам выразаў на сабе літару «Л», каб вечна помніць здрадлівую альбо памерлую Лену, Лілю, Лізавету.

Ну яны і пасмяяліся з дурных фантазій дзеўкі. Начыталася буржуазных раманаў! Дзед Жэнькі быў калісьці выкладчыкам настаўніцкай семінарыі, і ад яго ў доме засталася дыхтоўная бібліятэка. Асабліва шмат кніг з серыі для юнацтва. Майн Рыд, Фенімор Купер, Жуль Верн, Вальтэр Скот, Аляксандр Дзюма Усе з іхняй кампаніі час ад часу выпрошвалі ў аднакласніцы томікі ў скураных пацёртых вокладках, з яцямі і непралетарскай рамантыкай. Ясна, што Жэнька, сінявокая, таненькая, пышнавалосая, была самай начытанай, хаця яе версія пра выразаную на шчацэ літару не прыжылася. Але спытаць пра паходжанне прыкметы ў настаўніка не наважыліся. Так, з Люцыянам Корвусам было цікава. І на ўроках, дзе расказвалася пра незвычайныя эксперыменты з прыроды і чалавека, кшталту як змусіць мозг працаваць на сто адсоткаў з дапамогай электрамагнітных імпульсаў. І па-за ўрокамі. Створаны Корвусам археалагічна-біялагічны гурток самы яркі ўспамін даваеннага жыцця. Напачатку вывучалі ўсялякіх там скамянелых трылабітаў. Нацягалі ў маленькі кабінет, прапахлы фармалінам, шэрых каменьчыкаў з паверхнямі рабрыстымі, хвалістымі, у маленькіх дзірках, як застылая пена. Потым зявіліся іржавыя наканечнікі дзідаў, вышчарбленыя медныя манеты, аскепкі старажытнага посуду, знойдзеныя вучнямі на бацькоўскіх гародах. Настаўнік спісаўся са знаёмцам з Акадэміі навук, адтуль прыслалі інструктара, і школьны гурток атрымаў дазвол на раскопкі. Вучыліся размерваць участкі, прасейваць культурны слой, класіфікаваць экспанаты. Мінулае прыадчыняла браму, за якой біліся з панскімі войскамі адчайныя паўстанцы, скрыжоўвалі мячы з тэўтонцамі крывіцкія рыцары, свісталі татарскія стрэлы і грымелі французскія гарматы

Так, вакол маладога біёлага гуртаваліся, яго слухалі. Але было ў спадары Люцыяне штось адчуджанае. Рэму часам здавалася, што настаўнік увесь час трымае напагатове вострую зброю, кшталту таго кінжала мізэрыкордыя, што яны адкапалі на Татарскім гарадзішчы. Падыдзеш бліжэй уколешся.

Цяпер Рэму зразумела, адкуль настаўніцкая насцярога і адкуль шнар у форме птушкі. Прыклаўся, відаць, Корвус, трацячы прытомнасць у яшчэ адным кабінеце следчага, аб рог стала. А можа, спецыяльна, трымаючы за валасы, аб той рог прыклалі, каб гонар збіць. Бо цяпер побач, бліжэй да вуха, быў такі самы шнар, толькі свежы.

Яны, дзеці, не задумваліся, чаму сталічны вучоны, супрацоўнік навуковага інстытута, аўтар дзвюх кніг пра нервовую сістэму апынуўся школьным настаўнікам у маленькім гарадку. Чаму трымаецца як дзяк на шабашы, дый іншыя выкладчыкі ад яго наводдаль, бы ад сухотнага, баяцца доўгую размову без сведкаў завесці. Неяк Рэм, калі крадма вярнуўся ў школу па сканфіскаваную рагатку, падслухаў размову Рыгорава бацькі, сакратара Старавежскага гаркама, з дырэктарам школы, адзіным, хто з Корвусам быў у сяброўстве.

«Асцярожней з кадрамі, вы надта паблажлівы. Начальнік інстытута, дзе працаваў Люцыян Корвус, асуджаны. Уяўляеце, спланаваў батанічны сад у Менску такім чынам, каб дарожкі падказвалі накірунак для варожых самалётаў, гад! У тым змяіным гняздзе шмат шпіёнаў вылавілі. Корвусу пашанцавала, выпусцілі. Але, цалкам магчыма, ненадоўга. Самі ведаеце, якая зараз абстаноўка польскія шпіёны і нацдэмы распаўзаюцца, у давер уваходзяць. Пільней трэба быць, асабліва да гурткоў усялякіх».

Рэм Цвічок быў заняты вельмі важнымі хлапечымі справамі, дарослая размова праслізнула паўз яго халодным ветрыкам. Можа, і добра. Бо мог прызнаць настаўніка за ворага. І не было б у ягоным жыцці археалагічнага гуртка, кахання да дзёрзкай Малгосі, шчырых размоў з сябрамі каля вогнішча, на ўскрайку лесу, дзе раскопвалі гарадзішча чатырнаццатага стагоддзя. Тады ў іх і ўзнікла гэтая жартоўная ідэя назвацца Ордэнам рыцараў-захавальнікаў, даследчыкаў слаўнага мінулага народа, якому яшчэ нядаўна адмаўлялі ў праве на існаванне.

А Люцыян Станіслававіч у іх Магістр.

Сказаліся чытанні з Жэньчынай бібліятэкі.

Корвус слухаў пражэкты падлеткаў, утаропіўшыся ў вогнішча, у якім адбывалася свая Грунвальдская бойка паміж святлом і цемрай, і ўсё змрачнеў. Але шчаслівыя рыцары-захавальнікі, якія надоечы адкапаўшы сапраўдны каваны шлем, сталь якога нават за стагоддзі не ўзяла іржа, не звярнулі ўвагі на трывожнае: «Выкіньце з галавы ўсялякія таемныя таварыствы. Не варта нават гаварыць пра такое!»

Колькі чароўнага адкрылася рыцарам наваспечанага ордэна! Іх маленькі Старавежск збудаваны раней за Вільню! Людзі на берагах дробнай рачулкі Наўкі пасяліліся, мусіць, яшчэ калі па тутэйшых узгорках тупалі калматыя маманты. Высіўся на адным з тых узгоркаў сапраўдны замак, камяні з якога гаспадарлівыя старавежцы даўно прыстасавалі ў падмуркі сваіх хат ды адрын. Мелася войска, што сустракала ворагаў дажджом стрэл і лесам дзід. Адбівалі тут нашэсці татараў, шведаў, войскаў маскоўскага цара. Горад спальвалі дашчэнту дзевяць разоў чорныя праслойкі ў глебе пра гэта сведчылі. Тры разы летапісы занатавалі страшную пошасць. Была ратуша праўда, каржакаватае зернясховішча, у якое яна ператварылася, мала нагадвала рыцарскія часы. А Рэм і ўявіць тыя часы не ўмеў, у сямі Цвічкоў спаконвеку размаўлялі адно пра надзённае. Дзе ўзяць грошай на боты Лёньку ці Міцьку ды як расцягнуць тры кілі мукі на месяц. Суседзі жартавалі, што іх прозвішча зявілася, бо дзяцей у родзе заўсёды было як цвікоў у плоце. Рэм восьмы, малодшы. З гордым імем, якое расшыфроўвалася Рэвалюцыя Міравая матцы ды бацьку, пралетарыям з цагельні, так падказалі ў ЗАГСе.

У мястэчку вельмі не любілі корпацца ў мінулым. Старавежцы лаяліся на маладзёнаў-гурткоўцаў і на прыхадня-настаўніка, маўляў, няма чаго чапаць старыя косткі, гай з іх не вырасце. Дырэктар школы, па прафесіі гісторык, па паходжанні сын мясцовага шаўца, аднак, не здаваўся, падазронага біёлага з ягоным гуртком падтрымліваў і сам час ад часу далучаўся да таемных рыцараў у справах раскопных. Ён тлумачыў насцярогу местачкоўцаў водгуллем яшчэ дарэвалюцыйнай гісторыі. Калісь старавежскія падлеткі пасвілі свіней на гарадзішчы дый заўважылі, што дзёдзя дастала лычом срэбную манетку Ну й пачалі глебу ледзь не зубамі грызці. Уладальнік зямлі, аматар старажытнасцей, даведаўся, што нейкія хамы раскрадаюць гістарычныя каштоўнасці, разюшыўся Жандары тады і малых скарбашукальнікаў адлупцавалі бязлітасна, і бацькам іх дасталося штрафы, допыты, ці не ўтаілі каштоўныя экспанаты Карацей, людзі заракліся праклятае месца чапаць.

А Корвус пра кожную адкапаную рэч расказваў цэлую гісторыю Ягоны твар маладзеў, хударлявая постаць выпроствалася, нібыта з плеч зваліўся жорнаў. Голас гучаў зусім не як у класе ці ў сухіх размовах. Нізкаваты, глыбокі. І вочы светлыя, аж празрыстыя глядзяць проста кудысь у цябе Рэму заўсёды бабуля казала, што ў чараўнікоў вочы чорныя. Гэта яна вочы Люцыяна Станіслававіча ў пэўныя моманты не бачыла. Вось бярэ ў руку іржавую нейкую жалязяку, што Ромкава бабуля на дошку клала, каб сыр адціснуць, і давай казані казаць. Гэта, маўляў, сякера бронзавага веку, якая называецца кельт. Яе прывязвалі да дзяржальна накрыж раменьчыкам. Валодалі такой толькі князі ды войты ўсялякія Бо на Беларусі ў той час не ўмелі такой зброі рабіць, гэта ж тысячу гадоў да нашай эры Таму прывозілі гэткія сякеры здалёк, на лёгкіх стругах, па рэках Гэтую, мабыць, з Дунаю. І аддаў за яе наш далёкі продак дзесяць сабаліных скурак І вось аднойчы напалі ворагі на паселішча, і паспеў стары вой адняць некалькі жыццяў чужынцаў пакуль у сэрца яго не патрапіла страла з бронзавым наканечнікам.

Назад Дальше